Пошук

11.09.2011 11:51   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Чалавек пакліканы ўзяць лёс ва ўласныя рукі. У гэтым праяўляецца яго веліч, і з гэтым звязана яго вельмі вялікая адказнасць. Але што ён павінен рабіць, каб ажыццявіць пакліканне і дасягнуць шчасця, якое Бог для яго падрыхтаваў?

«Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку» (Ян 10, 10). «Глядзі! Я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё» (пар. Дрг 30, 19).

Кожны дзень Пан Бог кажа нам «Глядзі!» і прапануе здзейсніць выбар: жыццё, дабро, благаслаўленне або смерць, зло, пракляцце. Што выбіраем? Здавалася б, гэта так відавочна і банальна — канешне ж, жыццё. А што такое «жыццё»? Аб якім «жыцці» кажа Пан Бог, а якое наша ўяўленне аб «жыцці»?

«Жыць — значыць ператвараць сябе ў твор мастацтва» (Ф. Дастаеўскі).

Цудоўна, проста і захапляльна! У глыбіні душы мы разумеем сэнс гэтага выслоўя, нават больш за тое, сумуем па яго ажыццяўленні. Але ў сапраўднасці нас мучыць пытанне: «Як можна практычна гэта ажыццявіць?»

Свет нам прапануе свае шляхі і сродкі, але яны кароткатэрміновыя і не эфектыўныя. Гордасць жыццёвая — нездаровая амбіцыя, пажадлівасць цела і пажадлівасць вачэй, ненасытная сквапнасць — вось прапановы свету, яны тояць у сабе пагрозу, зло цягне да сябе і наводзіць на чалавека пракляцце і смерць. Пасля грэхападзення свет стаў крывым люстэркам для чалавека. І тое, што ён прапануе, гэта, хутчэй за ўсё, ілюзія, міраж, стварэнне выгляду, а не рэальнасць. Гэта як пасля пластычнай аперацыі: ты напханы сіліконам, у цябе віртуальна змяніўся знешні выгляд. Але глыбока ўнутры ты разумееш, што рэальна ў табе няма ніякіх зменаў. Бо «ты» — гэта не толькі знешняя абалонка, «ты» — гэта ўнутраны змест. Непрыняцце сябе яшчэ больш узмацнілася. Адзіная змена — ты набыў «таварны» выгляд. Цяпер табе стала нашмат прасцей «прадаваць» сябе. Ты карыстаешся «попытам»? Ці ў гэтым сэнс чалавечага жыцця?

«Каштоўнасць чалавечага жыцця вымяраецца не яго працягласцю, а яго якасцю» (Марцін Лютэр Кінг).

З чаго, як правіла, складаецца чалавечае жыццё? З барацьбы: людзі толькі і робяць, што змагаюцца, чагосьці дабіваюцца. Вялікае супрацьстаянне. Людзі называюць гэта выжываннем, развіццём, прагрэсам. Але супрацьстаянне — гэта не жыццё. Жыццё нашмат больш разнастайнае, чым гэтая дробязь, якая засела стрэмкай у вашым мозгу. Нехта калісьці сказаў: «Жыццё — гэта тое, што адбываецца з намі, калі мы складаем планы».

«Жыць, існаваць — гэта, перш за ўсё, знайсці сябе і стварыць» (а. П’ер Тэяр дэ Шардэн ОІ).

Самае цяжкае ў гэтым свеце — чуць і бачыць рэальнасць. Мы не жадаем бачыць, таму што той, хто бачыць, можа захацець зменаў. Калі мне было дваццаць гадоў, пачаўся выратавальны, самы балючы крызіс у маім жыцці. Я вучылася на трэцім курсе Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымлівала ленінскую стыпендыю 70 рублёў, тады як мой бацька зарабляў 120 рублёў. Апраналася модна і дорага, прызнанне аднакурснікаў, адным словам, было ўсё, аб чым магла марыць дваццацігадовая дзяўчына. Дасягнула многага, але ў глыбіні душы была пустата, велічынёй з чорную дзірку. Ува мне штосьці ныла, сумавала, не давала спакою. Памятаю сябе ў той час: «прынясі тое, не ведаю што, ідзі туды, не ведаю куды, падай тое, не ведаю што». Імкнулася заваяваць свет, а ў гэтай гонцы ледзь не згубіла душу. І тады я зразумела: «Жыццё неабходна напоўніць сэнсам — рэальнасцю больш даўгавечнай, чым я». Так пачаліся мае духоўныя шуканні «жыцця ў паўнаце». Гэтыя пошукі прывялі мяне да Пана Бога.

«Жыццё — гэта змена» (Антуан дэ Сэнт-Экзюперы).

Гатоўнасць пазнаваць нешта новае, мысліць непрывычнымі катэгорыямі, глядзець і не захацець авалодаць, адмовіцца ад празмернай апекі бліжнімі — гэта элементы новага сапраўднага жыцця. Думка аб новым перш за ўсё нас шакіруе. Баімся мы зусім не новага. Таго, чаго не ведаеш, баяцца немагчыма. Невядомае нікому не можа ўнушыць страх. Людзі баяцца згубіць вядомае. Вось чаго палохаецца кожны з нас. Лепш прывычнае, хоць часам ужо невыноснае, звычайнае, але вядомае, чым «новае». Трэба плысці разам з жыццём. Калі мы хапаемся за штосьці мёртвай хваткай, мы гэтым самым ламаем сабе жыццё; калі мы занадта моцна за штосьці чапляемся, жыццё папросту спыняецца. Гэтая думка чырвонай ніткай праходзіць праз усе Евангеллі. І чалавек здольны яе зразумець.

Езус кажа аб новым небе і аб новай зямлі, кожны з нас атрымае ад Пана белы камень, на якім будзе напісана наша новае імя. Адзінае, што нам патрэбна, — гэта гатоўнасць пазнаваць і прымаць новае. Пераўтварэнне праз «абнаўленне розуму» — так называе гэта святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў. «Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая» (Рым 12, 2). У Каталіцкім Касцёле існуе такі шчаслівы перыяд у літургічным годзе, калі хрысціянін пад уздзеяннем ласкі Божай пераўтвараецца абнаўленнем розуму, каб спасцігаць дасканалае — волю Божую. Гэта — час Вялікага посту. Бог дае чалавеку новае сэрца, звернутае да Бога. «І дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці» (Эзх 36, 26).

Падчас Вялікага посту мы павінны зрабіць пераацэнку нашых жыццёвых каштоўнасцяў. Ведаю многіх хрысціян, якія ставяцца да посту фармальна. Мне кажуць: «Падчас посту я адмаўляюся ад салодкага або ад мясных страваў, не буду глядзець тэлевізар, не буду гуляць у кам’ютарныя гульні, не буду хадзіць на дыскатэкі…» Гэта цудоўна і пахвальна, што «не будзеш» — а што «будзеш»? Тады я пытаюся: «Што ты збіраешся зрабіць з грашыма, якія зэканоміў ад салодкага або ад мясных страваў? Што ты зробіш з тым часам, які ў цябе з’явіцца?» Мне звычайна адказваюць: «Не ведаю, нічога». Пост — для посту? Устрыманне — для ўстрымання?

«Жыццё — гэта той час, калі мы можам рэалізаваць наша патэнцыяльнае багацце і садзейнічаць агульнаму прагрэсу чалавецтва. Гэта час, дадзены нам, каб ажыццяўляць у сабе і ў гісторыі каштоўнасці любові, дабрыні і радасці, справядлівасці і міру, па якіх сумуе кожны чалавек» (Ян Павел ІІ).

Зэканомленыя ад постаў сродкі можна аддаць на міласціну. Час, які ў нас з’явіўся, неабходна прысвяціць Пану Богу і бліжнім. «Выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Пана Бога твайго, і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё» (пар. Дрг 30, 19–20). Малітва, чытанне Святога Пісання, удзел у велікапосных набажэнствах — вось чаму трэба прысвяціць наш час. Адчыніце, калі ласка, малітоўнік «Ойча наш» на стар. 36, прачытайце «Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга» і «Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга». Раздрукуйце іх і павесьце на бачным месцы. Паглядзіце, якая шырокая перспектыва адкрыта перад намі, гэта ўсё мы можам зрабіць для нашых бліжніх. І «тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. (…) І ты будзеш, як арошаны сад і як невычарпальная крыніца вады» (Іс 58, 8. 11).

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа