«Ні ў чым чалавек так не мае патрэбу, як у Божай Міласэрнасці, — Яго любоў пяшчотная, спачуваючая, узвышаючая чалавека над яго слабасцю, узнімаючая да бясконцых вышыняў святасці Бога» (Ян Павел ІІ).
Гэта здарылася ў горадзе Баранавічы. У той час я працавала з людзьмі, якіх у нашым грамадстве прынята называць сацыяльна неўладкаванымі. Апынуўшыся «на дне» жыцця, яны адчайна шукалі дапамогі. У нашым кляштары была сталовая, куды яны прыходзілі штодзень за гарачым супам і хлебам. Бяздомныя мыліся ў нас, мылі сваё адзенне, хворым мы аказвалі дапамогу медыкаментамі. А самае галоўнае — маліліся з імі, шукалі згубленыя сляды Бога ў іх жыцці. Сумесна ўжо ў каторы раз мы намагаліся знайсці шляхі выйсця з сітуацыі, якая склалася. Для мяне гэтыя шляхі выйсця былі відавочныя, а для маіх падапечных яны здаваліся неверагоднымі… Але з дня ў дзень мы разам рабілі некалькі крокаў насустрач Богу і жыццю. Праца складаная, няўдзячная, але высакародная і неабходная.
Аднойчы здарылася цікавая сустрэча. Пажылая жанчына, наша парафіянка, прывіталася са мной хрысціянскім прывітаннем (мы з ёю не былі знаёмыя асабіста) і без уступаў і тлумачэнняў сказала мне наступнае: «Сястра, вы ніколі не збавіцеся, таму што корміце гэтых алкаголікаў, бамжоў і зэкаў». І, паглядзеўшы на мяне ўважлівым позіркам, упэўнена дадала: «Сястра, вы дакладна ніколі не збавіцеся!» Я была ашаломлена. Яе словы гучалі як несправядлівы прысуд, які толькі што прывялі ў выкананне. Дзіўна, я нават не пратэставала. Тон, упэўненасць і спакой, з якім гэтыя словы былі прамоўлены, не пакінулі мне нават шанец штосьці тлумачыць. Было ясна адно: калі я паспрабую растлумачыць, яна не захоча зразумець і ўспрыме гэта як апраўданне. А я не адчувала сябе вінаватай, каб апраўдвацца. Таму з павагай і шанаваннем да яе старасці я аджартавалася: «Дзякуй Богу, што Вы не Пан Бог!» Мне нічога не вядома пра лёс гэтай пажылой парафіянкі, можа быць, яна ўсё жыццё пакутавала ад алкагольнай залежнасці блізкага і роднага ёй чалавека. А можа, яе прыніжалі, абражалі або, што яшчэ страшней, падымалі на яе руку? Не ведаю… Але думаю, што, нават будучы ахвярай грахоў нашых бліжніх, нельга нам заставацца з пачуццём нянавісці і пагарды, якія з часам перарастаюць у душэўную чэрствасць і апраўданую жорсткасць. А, дарэчы, ці хочам мы навяртання нашых бліжніх, асабліва тых, ад якіх ужо напакутаваліся?
Тая сустрэча дапамагла мне зразумець, што слова «міласэрнасць» многім людзям далёкае і чужое. Можна сказаць, што часам яно нават незразумелае для самых «бліжніх Пана». Міласэрнасць не папулярная сярод людзей і ўспрымаецца як праява слабасці, для многіх яно як быццам неэфектыўнае. Не памылюся, калі скажу, што Пан Бог адчувае слабасць да нас, да кожнага чалавека. Ён — Міласэрны Айцец, які ведае ўсё аб нашай грахоўнасці і слабасці. Ён вельмі шмат зрабіў і працягвае рабіць для таго, каб выратаваць нас. Душа кожнага чалавека дарагога каштуе. Не верыце? Паглядзіце на Крыж… Грэх з’яўляецца для чалавека смертаносным бедствам. Калі міласэрнасць не эфектыўная, то давайце зададзім сабе пытанне: «Што можа скрушыць сэрца грэшніка?»… Гучнае скандальнае выкрыццё? Асуджэнне? А можа быць, грэбаванне, грамадскае пагарджэнне, публічнае асуджэнне, справядлівае пакаранне, і, у рэшце рэшт, адкідванне? «Што можа скрушыць маё і тваё сэрца?»… Мой адказ: «Міласэрнасць Божая, міласэрная любоў!» У чым заключаецца Міласэрнасць Божая? У тым, што Пан Бог настолькі палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Не паслаў Пан Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет выратаваны быў праз Яго (пар. Ян 3, 16–17). Наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрадзея, за яго, быць можа, хтосьці і рашыцца памерці. Але Бог сваю любоў да нас даказвае тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі (пар. Рым 5, 7–8). Вось мера Міласэрнасці Божай, мера міласэрнай любові! Цудоўна раскрыў глыбіню меры міласэрнай любові Божай невядомы аўтар старажытнай пропаведзі на Вялікую суботу:
«Абудзіся, той, хто спіць!.. Паўстань з памерлых… Дзеля цябе, чалавека, зрабіўся чалавекам бездапаможным, але свабодным сярод мёртвых. Дзеля цябе, пакінуўшага райскі сад, Я быў у садзе аддадзены юдэям і ў садзе ж укрыжаваны. Узглянь на Мой твар, апляваны дзеля цябе, каб мог Я вярнуць табе дух, што некалі ўдыхнуў у цябе. Узглянь: на твары Маім сляды ўдараў, якія я вынес, каб вярнуць Мой вобраз твайму сапсаванаму твару. Паглядзі на Мае плечы, якія перанеслі бічаванне, што Я сцярпеў, каб зняць цяжар грахоў з тваіх плеч. Узглянь на рукі Мае, жорстка прыбітыя да Дрэва крыжовага дзеля цябе, які працягнуў некалі рукі свае да дрэва зла. Сканаў Я на Крыжы і кап’ё скрушыла Мой бок дзеля цябе, які заснуў у раі і стварыў са свайго рабра Еву. Бок Мой ацаліў рану, кананне Маё вывела цябе са смяротнага сну, кап’ё Маё зруйнавала кап’ё, накіраванае ў цябе. Устань, хадзем адсюль. Сатана вывеў цябе з райскай зямлі, Я ж вяду цябе ўжо не ў рай, але сесці разам на пасадзе нябесным. Забаронена табе падступаць да дрэва, якое было вобразам жыцця, бо Я сам, які ёсць жыццё, зараз разам з табой. Быў пастаўлены анёл, які ахоўваў цябе як слуга; зараз жа будуць аддаваць табе пашану, якая належыць Богу, усе анёлы. Ужо падрыхтаваны пасад нябесны, гатовы слугі, узведзены шлюбны палац, расстаўлены пачастункі, падрыхтавана жыллё вечнае, скарбніца дабротаў адкрыта, і брамы Валадарства Нябеснага, падрыхтаванага табе ад стварэння свету, адкрыты». Брамы раю адкрыты… Але мы пакуль яшчэ жывём на зямлі і вучымся быць міласэрнымі. Як навучыцца не асуджаць, не рабіцца жорсткім, прабачаць, разумець, не баяцца спачуваць, быць міласэрным і дарыць любоў?
У Міласэрнага Айца было два сыны — старэйшы і малодшы. Старэйшы сын шмат гадоў служыў Айцу і ніколі не пераступаў Яго загадаў. Цікава, чаму? Напэўна, моцна любіў Айца? А можа, яму было проста выгодна жыць з Айцом: бяспечна, надзейна і спакойна. Але ў глыбіні душы ён быў незадаволены Айцом, яму не хапала куражу. Хацелася павесяліцца з сябрамі, а Айцец сам не здагадваўся даць яму казляня. Цікава, чаму сын сам не захацеў аб гэтым Яго папрасіць, бо як кажа Айцец: «Сын мой! Ты заўсёды са мной, і ўсё маё тваё!»… Можа быць, старэйшы сын хоча паказаць Айцу, што ён не такі, як малодшы брат? Ён заслугоўвае большай павагі і даверу з боку Айца? Бо гэты малодшы проста разгільдзяй! Якая дзёрзкасць — запатрабаваў сваю частку спадчыны! Жыў разбэшчана, як душа жадае, пакуль не прамарнаваў з распусніцамі ўсю сваю маёмасць. А цяпер, ці бачыце, вярнуўся. І калі ён быў яшчэ далёка, Айцец, убачыўшы яго, зжаліўся і, пабегшы, упаў яму на шыю і цалаваў яго. Апрануў яго ў лепшае адзенне, падарыў яму персцень і, закалоўшы для яго адкормленае цяля, наладзіў баляванне. Прыпавесць не скончана… Што зробіць старэйшы сын? Ці ўвойдзе ў дом свайго Айца? Ці зразумее значэнне слоў Айца «Брат твой быў мёртвы, і ажыў, прападаў, а цяпер ён знайшоўся», ці застанецца ў ліку тых, якія «не маюць патрэбы ў пакаянні». Ці асвоіць ён урок міласэрнасці, які выкладае яму Айцец?
Чым нашы браты і сёстры, якія апынуліся «на дне» жыцця, часам прамарнавалі не толькі маёмасць, але і сваю чалавечую годнасць, не падобныя да малодшага сына?.. Дзіўныя мы дзеці ў Бога. Калі мы побач з Ім, не цэнім гэтага і нам пастаянна чагосьці не хапае, а калі мы аддаляемся ад Яго, пачынаем адчайна разумець, наколькі ў Ім маем патрэбу. Прыпавесць нашага жыцця яшчэ не скончана. У любым выпадку мы — то старэйшы сын, то яго малодшы брат… Толькі адно застаецца нязменным — гэта Міласэрнасць Божая. Незразумелая для нас, людзей, гатоўнасць Бога прабачаць і вяртаць нас да жыцця…