«Езус надзяліў Пятра і Дванаццаць вышэйшай уладай у сваім Касцёле, аднак жадаў, каб яны спаўнялі сваю місію з дапамогай супрацоўнікаў». «Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці» (Лк 10, 1).
«Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. І гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай» (1 Ян 1, 1–4).
Калі я чытаю гэты фрагмент Святога Пісання, я разумею абранасць першых апосталаў, якія чулі, бачылі на ўласныя вочы, разглядвалі і дакраналіся сваімі рукамі Слова Жыцця. Яны проста не маглі маўчаць. Як можна маўчаць, калі ты датыкаешся, адчуваеш, бачыш і чуеш Слова Жыцця? Як можна не сведчыць, калі ты маеш зносіны з Айцом і ўваскрослым з памерлых Сынам Яго, Езусам Хрыстом? Перапоўненыя радасцю і верай, яны спяшаюцца даць сведчанне аб Праўдзе ўсяму свету.
«Рукамі апосталаў было ўчынена ў народзе шмат цудаў і знакаў… Усё больш веруючых далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын, так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх. Сыходзілася таксама ў Ерузалем з навакольных мястэчках мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся» (пар. Дз 5, 12–16).
Езус — пасланнік Айца. Ад самага пачатку свайго служэння Ён «паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў (…). І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць» (пар. Мк 3, 13–14). Хто яны такія, тыя, каго Езус Хрыстус выбраў і паслаў прапаведаваць Евангелле?
Калі я задумваюя пра сваё пакліканне, часта задаю пытанне Богу: «Чаму я?», «Чаму менавіта мяне?» Як апостал Пётр, збянтэжаны дотыкам Божай ласкі, я казала Езусу: «Адыдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны і слабы, у мяне не атрымаецца, я так не ўмею і ніколі не змагу». А Езус казаў спакойна і настойліва: «Ідзі за Мною!» Ключавы момант у пакліканні апосталаў — не нейкія іх звышчалавечыя здольнасці ці магчымасці, а простае Езусава: «Ідзі за Мною!»
Апостал для мяне — гэта «эміссар», «прадстаўнік», г.зн. пасланнік, надзелены ўсёю паўнатою ўлады, якая належыць таму, Хто паслаў яго. Дванаццаць апостлаў Ягняці (пар. Ап 21, 14) абраў і паслаў асабіста Езус (Мк 3, 14). Але як «Сын нічога не можа тварыць Сам ад Сябе» (гл. Ян 8, 19. 30), але ўсё атрымлівае ад Айца, які паслаў Яго, так і тыя, каго Езус пасылае, нічога не могуць тварыць без Яго — без Таго, ад каго яны атрымліваюць місіянерскае заданне і сілу спаўняць яго. Кожны апостал багаты — у літаральным сэнсе гэтага слова — Богам. Вельмі сімвалічныя і знамянальныя словы, якія сказаў апостал Пётр чалавеку «кульгаваму ад нараджэння» (гл. Дз 3, 2): «Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі. І ўзяў яго за правую руку, і падняў яго. І адразу ўмацаваліся ногі яго і ступні. Ускочыў, устаў і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога» (Дз 3, 6–8).
«Апосталы ж з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку» (Дз 4, 33).
Асноўная місія Апосталаў заключалася ў іх сведчанні пра Уваскрасенне Езуса Хрыста. Бо менавіта ім Езус аб’явіўся жывым, пасля пакутаў і сваёй смерці. Менавіта Апосталам Ён шматразова на працягу сарака дзён аб’яўляўся, даючы пры гэтым неабвержныя доказы свайго ўваскрасення, ім Ён казаў пра Валадарства Божае. Чаму Апосталы сведчылі «з вялікай моцаю» і «ўсе яны мелі вялікую ласку»? Таму што яны прынялі хрост Духам Святым і кіраваў імі Дух. Ён — Дух Святы, Суцяшальнік — вучыў апосталаў усяму і нагадваў ім пра ўсё, чаму іх вучыў Езус. І для нас становіцца зразумелым фрагмент з Дзеяў Апосталаў, калі пасля малітвы Апосталаў «затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова» (пар. Дз 4, 31).
«Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, што яму належала, але ўсё ў іх было супольнае... Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. І раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай» (Дз 4, 32. 34–37).
«Штодня былі разам у святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца, праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народа. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто збаўляўся» (Дз 2, 46–47).
Апосталы ў жыцці першых хрысціянаў адыгрывалі вельмі важную ролю. Яны карысталіся абсалютным аўтарытэтам у верючых, прычым не толькі ў пытаннях маральнасці і веры, але, як вы заўважылі з вышэйпрыведзеных фрагментаў, апосталы мелі ўплыў на сацыяльную і матэрыяльную сферы жыцця першых хрысціянаў. Як жа гэта актуальна для нас, хрысціянаў трэцяга тысячагоддзя! Мы імкнемся абмежаваць уплыў Касцёла да ўзроўню веры і некаторых пытанняў маральнасці, а потым здзіўляемся: чаму сярод нас няма «аднаго сэрца і адной душы»? Чаму няма радасці, якая праліваецца з нашай веры? Куды знікла «прастата сэрца»? Чаму мы, хрысціяне, не з’яўляемся для свету прыкладам таго, як трэба любіць Бога, бліжніх і сябе? Калі мы жадаем знайсці адказы на гэтыя пытанні, трэба звярнуцца да слова Божага, у прыватнасці, да кнігі Дзеяў Апосталаў, на старонках якой першыя хрысціяне даюць нам урок пабожнага жыцця.
Сярод апосталаў Езус выбраў Пятра, і толькі яму Ён даў новае імя. Чытаючы Евангелле і Дзеі Апосталаў, мы становімся з вамі сведкамі таго, як «Сымон, сын Ёнавы» звяртаецца да апостала Пятра і становіцца камнем, на якім Дух Святы стварае Касцёл Хрыстовы. І тады брамы пякельныя не перамогуць яго, таму што сам Езус Хрыстус маліўся за апостала Пятра, каб не збяднела вера яго; а Пётр у сваю чаргу павінен быў умацоўваць братоў у веры. І ўсё, што звяжа на зямлі, тое будзе звязана на нябёсах, і што дазволіць на зямлі, тое будзе дазволена на нябёсах (пар. Мц 16, 18–19). «Пасі авечак Маіх» — гэтую місію ўсклаў Езус Хрыстус на апостала Пятра.
Людзі заўсёды вялі спрэчку паміж сабою пра тое, хто з іх першы, галоўны, і хто якую ролю хоча і павінен спаўняць… Езус Хрыстус не дае нам мноства рацыянальных аргументаў, чаму менавіта апостал Пётр павінен выконваць тую ці іншую функцыю. Часам нам не хапае прастаты і даверу, бо каму, як не Богу, нашаму Аўтару і Стварыцелю, вядомы нашыя магчымасці, якія служаць нашаму і супольнаму дабру. Аднак ёсць хтосьці, хто падымае пяшчаную буру ў нашых ганарыстых сэрцах, і тады, аслепленыя пылам велічы, мы імкнемся «ўвайсці ў вялікае і для нас недасягальнае» (пар. Пс 131). І што з таго?.. У выніку, глыбіня бездані, у якую мы трапляем, прапарцыянальна міфу пра нашую «веліч».
Калі я рыхтавала ўрок рэлігіі для дзяцей пра Папу Рымскага Бэнэдыкта XVI, мяне зацікавіла пытанне Мацціас Майера, хлопчыка 8 гадоў, якое той задаў прыватнаму сакратару Папы Георгу Генсвайну: «Ёзаф Ратцынгер быў шчаслівы, калі яго абралі Папам Рымскім?»
Гэтае пытанне выражае для мяне адзін з міфаў сучаснага свету — «шчасце ў велічы». Аднак адказ, які я прачытала, кажа сам за сябе: «Святы Айцец аднойчы апісаў, што ён адчуў, калі кардыналы выбралі яго. Ён „убачыў“, як на яго „зваліўся тапор гільяціны“ і, па яго словах, вельмі спужаўся. Аднак потым ён справіўся з сабою і прыняў гэта, як Божую волю». Няпроста быць пераемнікам святога апостала Пятра. Нялёгка «пасвіць авечак» і абараняць іх ад «рыклівага льва, які ходзіць, шукаючы, каго праглынуць» (пар. 1 П 5, 8–9а). Нялёгка «звязваць і дазваляць на зямлі» і ўмацоўваць братоў у веры. Аднак сам Хрыстус устанавіў яго скалою, якая стаіць на цвярдыні зямной, і ніякая аблога, ніякі падкоп не здольныя разбурыць яго.
С. Нунэ Цітаян MSF