Пошук


05.07.2011 01:00   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Хто ж ён такі, святар? Ён — абаронца Праўды, ён узносіцца да анёлаў, праслаўляе з арханёламі, прыносіць на алтар ахвярныя дары, удзельнічае ў святарстве Хрыста, перамяняе тварэнне; ён аднаўляе ў тварэнні вобраз Божы, ізноў стварае яго для вышэйшага свету, і — самае важнае, — ён абагаўлёны і той, які абагаўляе» (св. Грыгорый Назіянскі).

Неяк на занятках па рэлігіі я задала дзецям пытанне: «Якім быў бы наш свет, калі б Езус Хрыстус не нарадзіўся? Якім было б нашае жыццё, калі б Хрыстус не адкупіў нас?». Адказы дзяцей уразілі. Часам нам здаецца, што дзеці недальнабачныя. Аднак паглядзіце, які вобраз свету яны ўявілі: моц, грошы, веды і страх — вось уладальнікі свету без Хрыста; дасканалыя тэхналогіі, цынізм, жорсткасць, адсутнасць літасці, міласэрнасці, прабачэння; як у дзікай прыродзе — памылка не даруецца, яна можа каштаваць табе жыцця; у выніку — глабальная катастрофа, якую справакуе сам жа чалавек. І гэта толькі частка вобразу свету, які апісалі дзеці, аднак у ёй мы бачым вет без сэнсу, без мэты, нечалавечы свет. А цяпер хачу задаць пытанне вам, дарагія наведвальнікі: «Якім бы быў наш свет, калі б у ім не было святароў, людзей in persona Christi», гэта значыць, якія «дзейнічаюць ад асобы Хрыста»?

Святарства — не прафесія, гэта стыль жыцця, крыніца якога знаходзіцца ў лоне Найсвяцейшай Тройцы. Пан Бог з мільёнаў мужчынаў выбірае і кліча менавіта тых, каго сам жадае. «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё» (Ян 15, 16). Якія крытэрыі Божага выбару? Не ведае ніхто. Відавочна толькі тое, што Пан Бог не глядзіць так, як глядзіць чалавек, таму што чалавек глядзіць на твар і бачыць знешняе, а Пан глядзіць на сэрца і ўваходзіць у патаемнае. Сэрца — вось крытэрый, па якім выбірае Пан Бог святара.

Паспрабуйце ўзгадаць святароў, якіх вы сустракалі на сваім жыццёвым шляху, і аб’ектыўна ацаніце ролю, якую яны адыгралі ў вашым жыцці. Пра сябе магу сказаць адназначна: калі б я не сустрэла кс. Яна Снежынскага, айца Андрэя, айца Марыяна, айца Актавіё Вільчэс-Ландзіна і многіх іншых святароў, я не была б той, кім я ёсць сёння. Гэта людзі, якія дзейнічалі ў маім жыцці ад асобы Езуса Хрыста. Праз іх служэнне я пазнавала і прымала Праўду, вучылася і да гэтай пары вучуся жыць у Праўдзе, якою ёсць Езус Хрыстус.

Не так даўно нашыя дзядулі і бабулі раскладвалі ў касцёлах літургічную вопратку святароў на алтары і маліліся. Бо святароў не было: адных пазабівалі, іншых саслалі ў Сібір. Людзі старэйшага пакалення ведаюць сапраўдны кошт святару. Яны жадалі прымірыцца з Богам у сакрамэнце споведзі, аднак не было святара… Яны хацелі прыняць Камунію, аднак не было святара… Яны хацелі, каб іх хворыя родныя прынялі сакрамэнт намашчэння, аднак не было святара… Хацелі, каб Пан Бог благаславіў іх шлюб, аднак не было святара… Хацелі па-хрысціянску правесці ў апошні шлях родных, аднак не было святара… Голад Цела і Крыві Хрыстовай, прага Божай Міласэрнасці прымушалі іх пераадольваць дзясяткі, сотні, а некаторых — нават тысячы кіламетраў, каб пазнаць і зведаць Божую Міласэрнасць. Шлях у 10 тысяч кіламетраў пераадолеў мужчына з Уладзівастока ва Украіну, каб на Вялікдзень паспавядацца і прыняць святую Камунію.

Свет без святароў быў бы светам без Божай Міласэрнасці, светам без Цела і Крыві Хрыстовай, нечалавечым светам. Бо менавіта святар працягвае справу адкуплення Езуса Хрыста на зямлі. Ці цэнім мы дар Хрыстовы — сакрамэнт святарства?

Сучаснае грамадства перажывае крызіс аўтарытэтаў, можна падаць у суд нават на Папу Рымскага, смакаваць гучныя, скандальныя выкрывальніцтвы святароў-педафілаў. Аднак давайце задумаемся, да чаго хочуць прывесці нас гэтыя «скандальныя выкрывальніцтвы»? Пан Езус Хрыстус асцерагаў нас ад тых, хто «прыходзіць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя» (пар. Мц 7, 15). Ён казаў пра наймітаў і ілжэпастыраў, якія па сутнасці сваёй з’яўляюцца рабаўнікамі і злачынцамі. Яны прыходзяць толькі для таго, каб «красці, забіваць і нішчыць» (пар. Ян 10, 10).

Чаго дабіваюцца ўсе тыя, хто спрабуе пасеяць семя сумніву і недаверу ў аўтарытэт святарства? Яны імкнуцца адарваць дзяцей і моладзь ад уплыву Касцёла — ад Божага ўплыву. Звычайная статыстыка: штогод ва ўсім свеце падвяргаюцца сексуальнаму насіллю непаўналетнія дзеці, з іх каля 150 мільёнаў дзяўчынак і каля 70 мільёнаў хлопчыкаў. За апошнія 100 гадоў у ЗША былі афіцыйна даказаны 50 выпадкаў педафіліі з боку святароў. А цяпер супастаўце гэтыя лічбы: наколькі мы інфармаваны СМІ пра лёсы 220 мільёнаў дзяцей і колькі крыку, шуму і сенсацыі вакол прыгаршні святароў-педафілаў. Тыя, хто выявіў чорную пляму на белай сцяне Касцёла Хрыстовага, хочуць прымусіць нас забыць пра белізну ўсёй сцяны і казаць толькі пра пляму. Калі я бачу чорныя плямы на Целе Хрыстовым, узгадваю словы цудоўнага чалавека, святара, айца езуіта Актавіё Вільчэс-Ландзіна. Яго ніколі не пужалі чорныя плямы старонкі з жыцця Каталіцкага Касцёла. Праўда, якую ён пазнаваў, не служыла яму нагодай для асуджэння Касцёла і пагарджэння яго служыцелямі. Зло не спакусіла яго. З усёй уласцівай яму прастатой і мудрасцю ён паўтараў: «Сястра Нунэ, і гэта Касцёл, які я люблю». Гэтыя словы тады абяззбройвалі мяне; сёння і я гатова паўтарыць за а. Актавіё: «І гэта Касцёл, які я люблю»…

Такім чынам, пытанне святарства прыводзіць нас да больш глабальнага пытання: «Ці люблю я Касцёл Хрыстовы? Ці ідэнтыфіцырую сябе з містычным Целам Хрыста? Ці, можа, я ганаровы, пабочны назіральнік?».

13 сакавіка 2010 г. у Мексіцы памёр а. Актавіё Вільчэс-Ландзін SJ. Усялякі раз, калі адыходзяць сапраўдныя духоўныя айцы, мы становімся сіротамі… Пры першай сустрэчы з а. Актавіё мяне ўразіла незвычайная лікуючая прыгажосць крыжа, якая адкрылася на сцяне ў яго пакоі. Крыж — сімвал мукі і пакутаў Хрыстовых — выпраменьваў незвычайную цеплыню і дабрыню, увасабляў сабою трыумф жыцця. На першы погляд, на крыжы не хапала фігуры ўкрыжаванага Езуса Хрыста, Яго распасцёртых абдымкаў, якія застылі ў чаканні апошняга грэшніка. Аднак дрэва крыжа ажыло, літаральна расквітнела — на крыжы былі намаляваны яркія кветкі і зялёныя ліяны, якія завіваліся. Я спытала а. Актавіё: «Што гэта за крыж?» Ён адказаў: «Гэта мой любімы велікодны крыж. Крыж уваскрослага Езуса Хрыста!» Менавіта з гэтым крыжом асацыіруецца ў мяне асоба айцом Актавіё. Айцоўская дабрыня, разуменне, тактоўнасць, добразычлівасць, клопат і церпялівасць добрага пастыра, надзейнасць і шчырасць сапраўднага сябра — усё гэта я зведала ў адносінах з айцом Актавіё. Для мяне ён быў і ёсць сапраўдным душпастырам — Божым святаром. Сястра з маёй кангрэгацыі была сведкай таго, як ён напрацягу шасці гадзін спавядаў парафіянаў у касцёле св. Людвіка ў Маскве. Кожныя два тыдні я прыходзіла да яго з пытаннямі, са сваім болем і сумнівамі — ён быў маім духоўным айцом. Па-рознаму выглядалі нашыя сустрэчы. Звычайна ён уважліва выслухоўваў, суцяшаў, давай надзею, развейваў туман маіх сумненняў і спакусаў. Айцец Актавіё ніколі не даваў гатовых рашэнняў і адказаў, ён указваў кірунак, у якім неабходна ісці і дзе трэба шукаць Праўду — Хрыста. Айцец спалучаў у сабе далікатнасць і настойлівасць. Я ўдзячная Пану Богу за тое, што Ён аказаў мне вялікі гонар, паставіўшы на маім жыццёвым шляху айца Актавіё Вільчэс-Ландзіна.

Дарагія наведвальнікі, няхай вашыя сэрцы напоўняцца пачуццём удзячнасці Пану Богу за дар святарства. За тых, хто in persona Christi перамяняюць нашыя зраненыя першародным грахом сэрцы ў святыню Духа Святога.

«Пане, напоўні дарам Духа Святога таго, каго Ты ўзвысіў да святарскай годнасці, каб ён быў годны беззаганна стаяць ля Твайго трону, абвяшчаць Евангелле Валадарства Твайго, здзяйсняць служэнне Твайго слова Праўды, прыносіць Табе духоўныя дары, абнаўляць Твой народ купеллю адраджэння; так, каб сам ён ішоў насустрач нашаму Вялікаму Богу і Збаўцу Езусу Хрысту. Амэн».

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.