Пошук

07.06.2011 07:00   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Яе называюць «ласкавая», «ласкі поўная». Якую ласку дае нам Марыя? Адназначна, Марыя заўсёды дае нам Езуса, дзе Сын — там і Маці. Самае цудоўнае ў жанчыне — мацярынства. Сам Бог акцэнтуе гэты факт. Марыя — Маці Божая. Таямніца ўцелаўлення Езуса Хрыста сведчыць аб вялікім даверы Бога да жанчыны.

У Бэтлееме Езус, адкрыўшы вочы, першай убачыў Маці. На Галгофе Яго вочы закрыліся, калі Ён глядзеў на Маці. Маці была першай і апошняй у Яго думках і клопатах, у Яго любові і апецы.

«Раптам Марыям выпрасталася, падняла галаву, раскінула рукі. У гэтую хвіліну Яна нагадвала першасвятара, які прыносіць ахвяру і чакае, калі зверху сыдзе агонь, каб паглынуць яе. Яна штосьці ціха казала. Мы спынілі малітву і, як зачараваныя, глядзелі на Яе. І тады… Нешта мільганула паміж намі. Нешта абрынулася на нас зверху: нябачная субстанцыя моцы і жару…

Ён абрынуўся на нас гарачым ветрам, аднак стрымліваў сваю моц, каб не спаліць нас. Гэта быў нехта міласэрны, хто помніў аб нашай слабасці. Ён уляцеў у пакой падобна вялізнай птушцы, крылы якой дакраналіся да нашых твараў і стваралі грозны шум, але чый палёт быў спакойны і ўпэўнены. Яна апісвала над намі нябачныя кругі, усё ніжэй і ніжэй, пакуль, нарэшце, не апусцілася нам на галовы. Яна магла б расплюшчыць нас, мы ясна гэта адчувалі, але не расплюшчыла. Яна лёгка дакраналася да нас, і ў гэтым дакрананні была любоў» (Ян Дабрачынскі, «Лісты Нікадзіма»).

Я вельмі часта гляджу на Найсвяцейшую Панну Марыю і разумею, што аб Яе заслугах трэба казаць — гэта справядліва, — але перш за ўсё трэба навучыцца наследаваць Яе прыклад. Калі я задумваюся аб жыцці і асобе Найсвяцейшай Панны Марыі, мае думкі вядуць мяне да Езуса Хрыста. Яна заўсёды з Сынам, Яна ўведзена ў Яго місію, удзельнічае ў Яго пакуце, трывозе і болю. Я думаю, што Найсвяцейшая Панна Марыя не заўсёды разумела свайго Сына, але Яна ніколі не пераставала верыць у Яго, нават тады, калі казалі аб Ім: «Ён выйшаў з сябе», «Ён мае ў сабе вельзевула і выганяе злых духаў моцаю д’ябальскага князя». Яна ніколі не спакусілася ў Ім. Яна верыла Яму. Мы шукаем разумення, але не ўсведамляем, што яно прыходзіць пасля таго, як мы паверым. Вера нараджаецца са слухання. Як слухала Марыя? «Маці Яго захоўвала гэтыя словы ў сэрцы сваім». Месца словам — у сэрцы чалавечым… Як гэта актуальна для нас, сучасных людзей. Інфармаванасць і разуменне… Розум і вера… Толькі вера і ўсведамленне здольныя змяніць якасць нашага жыцця. Калі мы толькі інфармаваныя, што нам гэта дае? Адам і Ева ў раі былі цудоўна інфармаваныя, і што з гэтага? Яны сумняваліся, не верылі, у выніку, не маглі зразумець, чаму «не еш ад яго»… І як вынік нявер’я — «вялікае падзенне».

Калі я вучылася ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, у нас быў выкладчык, які на экзамене прапаноўваў нам задаваць адно пытанне па сваім прадмеце, і на аснове гэтага пытання выстаўляў нам адзнаку. Калі ты ўважліва слухаў яго лекцыі, мог задаць яму вельмі глыбокае і цікавае пытанне. Само пытанне казала аб тваіх ведах, дакладней, аб тваім разуменні. А зараз прапаную вам па гэтай жа схеме паспрабаваць ацаніць Еву, якая не задавала пытанняў, Захарыю, які спытаў Анёла: «Па чым я даведаюся аб гэтым? Бо я стары, і жонка мая ў пажылых гадах», і Марыю, якая сказала Анёлу: «Як будзе гэта, калі Я мужа не ведаю?»… Марыя вельмі ўважлівая ў сваім слуханні Бога, Яна не баіцца задаваць пытанні. А мы? Як мы слухаем Бога?

«Усю раніцу Яна самотна малілася, а потым пайшла разам з удовамі раздаваць хлеб жабракам і прыслужваць хворым. Гэтая Жанчына, якая магла б правесці рэштку жыцця, агорнутая пашанай, і нават ужо ні да чаго не прыкладаць рук, ні на секунду не пераставала працаваць. Яна рабіла нават больш, чым любая з сясцёр. Можа, яна не магла забыць Яго словаў: „Мая маці і Мае браты — тыя, хто выконваюць волю Айца Майго“. Не было чалавека больш працавітага, больш гатовага да самаахвяравання, чым Яна, таму людзі заўсёды Яе больш за ўсіх чакалі… Яна не проста давала, Яна давала так, што яны радаваліся, калі маглі прыняць з Яе рук… Яна вучыла асабістым прыкладам таму, як трэба даваць» (Ян Дабрачынскі, «Лісты Нікадзіма»).

Яе называюць «ласкавая», «ласкі поўная». Якую ласку дае нам Марыя? Адназначна, Марыя заўсёды дае нам Езуса: дзе Сын — там і Маці. Самае цудоўнае ў жанчыне — мацярынства. Сам Бог акцэнтуе гэты факт. Марыя — Маці Божая. Таямніца ўцелаўлення Хрыста сведчыць аб вялікім даверы Бога жанчыне. Мацярынскае ўлонне, чулыя рукі, любячае і адданае сэрца — усё гэта годна ацаніў Бог. «Благаслаўлёная маці, якая нарадзіла і ўскарміла Цябе!» — так казалі жанчыны, якія бачылі цуды і чулі словы Езуса. А Марыя вучыць нас: «Рабіце ўсё, як Ён скажа вам!» Колькі радыкальнасці ў гэтых словах! Яна — верная сведка таго, што «для Бога няма нічога немагчымага»… І тады мы пачуем словы: «Благаслаўлёная, якая паверыла, што споўніцца сказанае ёй Панам!» Нядаўна мне прыйшла думка, што кожная жанчына нараджаецца Евай, каб станавіцца Марыяй. Гэта вельмі доўгі, цікавы і цяжкі шлях, і не кожная жанчына дасягае мэты. Бо некаторыя з нас нават не ўяўляюць, да чаго трэба імкнуцца, што робіць жанчыну па-сапраўднаму жанчынай. Унутраная прыгажосць, якая з’яўляецца адлюстраваннем вобразу Бога, мае патрэбу ў тым, каб яе разглядзелі і пастаянна раскрывалі. Мы носім у сабе адбітак вечнасці. Але ў сучаснага грамадства свае крытэрыі. Мір прад’яўляе нам пастаянна новыя патрабаванні, а ўзамен, як узнагароду, прапаноўвае нам крыху акцэптацыі, перадыху, але не надоўга. Здавалася б, вельмі шырокія прасторы і перспектывы адкрываюцца перад жанчынай. Але гэта чарговая ілюзія. Гэтыя прасторы не даюць напрамку… Мы пастаянна імкнёмся адпавядаць чаканням, але гэтыя чаканні ўвесь час растуць і змяняюцца, і да чаго гэта нас прыводзіць? Мы дэзарыентаваны. Большасць сваіх дрэнных звычак жанчына набывае менавіта тады, калі не адчувае сябе каханай, адзінай, незаменнай і непаўторнай. Бо гаворка ідзе не аб тым, каб дапамагчы жанчыне раскрыць яе ўнутраную прыгажосць, а каб зрабіць яе больш «паспяховай у кар’еры і асабістым жыцці», моцнай, каб «в горящую избу» і г. д.

Марыя ведала, кім Яна была, адкуль Яна з’явілася і куды накіроўваецца. Яна ведала, навошта прыйшла ў гэты свет, і таму, апранутая ў ласку і любоў, пакорна і свабодна прысвяціла сябе служэнню. Яна выканала сваё прызначэнне. Бог хоча, каб мы ведалі аб тым, хто мы. Ён хоча, каб мы разумелі, навошта жывём на гэтай зямлі, адкуль мы з’явіліся і куды накіроўваемся… Мы павінны раскрываць свету любоў, таямніцу і прыгажосць Бога, Яго жаданне блізкіх адносінаў. Гэты свет чакае нашага духоўнага абуджэння, чакае, калі мы ўсвядомім свае жаданні і мары, укладзеныя ў нас Панам, каб мы маглі выканаць прызначаную нам ролю. Мы павінны следаваць вядзенню Езуса, упрыгожваючы свет сваёй пакорай, і тады Езус прыгарне нас да сябе, каб затым разам з намі ўвайсці ў гэты свет, які Ён палюбіў. Вось што азначае для мяне нарадзіцца Евай, каб станавіцца Марыяй.

«У гэты вечар Яна была такой, якім бы нам хацелася калі-небудзь убачыць чалавека, які праз імгненне адыдзе — і адыдзе надоўга…

Раптам Яна сказала:

— Дзеці Мае, хоць Мяне і не будзе, я не пайду ад вас...

Мы хутка ўзнялі галовы…

— Не бойцеся, — працягвала Яна спакойна. — Я не стану далей ад вас, Я буду нават бліжэй. З кожным днём, з кожнай гадзінай Я буду ўсё глыбей пранікаць у вашыя сэрцы. Я застануся з вамі…

Мы не разумелі, аб чым Яна гаворыць.

— Я нарадзіла Надзею тым, хто чакае, і Я зноў прынясу вам Міласэрнасць… Я ўтрымаю руку, якая пагражае вам… Вы можаце ва ўсім пакладацца на мяне… Можаце аб усім прасіць… Я — тая лесвіца, якую праайцец Якуб убачыў у сне, па якой спускаліся і ўзнімаліся анёлы…» (Ян Дабрачынскі, «Лісты Нікадзіма»).

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа