Пошук

27.05.2011 15:57   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Чаргаванне працы і адпачынку, характэрнае для чалавечай прыроды, адпавядае волі самога Бога, як паказвае гісторыя стварэння, запісаная ў Кнізе Быцця (пар. Быц 2, 2–3; Зых 20, 8–11): адпачынак — гэта нешта „святое“, бо дзякуючы яму чалавек аддаляецца ад часам празмерна патрабавальнай чарады зямных спраў, каб абнавіць сваё ўсведамленне таго, што ўсё з’яўляецца стварэннем Божым. Існуе небяспека, што велізарная ўлада над стварэннем, якую Бог даў чалавеку, можа прывесці яго да забыцця таго, што Бог — Стварыцель, ад якога ўсё залежыць. Усё больш настойліва неабходна прызнаць гэтую залежнасць у наш час, калі навука і тэхніка так неверагодна памножылі ўладу, якую чалавек праяўляе праз сваю працу». (DIES DOMINI («Дзень Панскі»), Апостальскае пасланне папы Яна Паўла II)

Лета… Пара доўгачаканых адпачынкаў, час адпачынку ад паўсядзённых клопатаў і жыцейскай руціны. Як Пан Бог адносіцца да адпачынку? Што Ён думае адносна нашых адпачынкаў?

Паводле пятай Божай запаведзі кожны чалавек мае права на адпачынак. Праца і адпачынак — гэта два бакі адной рэальнасці, яны не супрацьстаяць і не супярэчаць адзін аднаму, але ўзаемна дапаўняюцца. Хто не ўмее правільна адпачываць, той не можа плённа працаваць. Стомлены чалавек звычайна неадэкватны. Хваравітая, хранічная стомленасць прыводзіць да таго, што чалавек прадпрымае мноства непатрэбных, бессэнсоўных, а часам і неразумных дзеянняў. Такому чалавеку неабходна параіць, каб ён неадкладна перастаў працаваць і добра адпачыў, таму што праца з’яўляецца плёнам добрага адпачынку. Калі хтосцьці сцвярджае, што ў яго няма часу на адпачынак, то ў яго, напэўна, няма часу і на працу… Праца сама па сабе не мае сэнсу — нашу працу надзяляе сэнсам Пан Бог. І не чалавек існуе для працы, а праца для чалавека. У гэтым нескладана ўбачыць ахову, якая прапануецца самому чалавеку, які, такім чынам, вызваляецца ад магчымай формы рабства.

Нам трэба шчыра прызнацца ў тым, што мы асэнсавана, па-сапраўднаму яшчэ не навучыліся і не ўмеем адпачываць. З чым асацыіруецца ў нас паняцце «адпачынак»? Якія пачуцці ўзнікаюць у нас пры слове «адпачынак»? У некаторых людзей, на жаль, ён асацыіруецца з пустым правядзеннем часу, бяздзейнасцю, гультайствам або, што яшчэ горш — п’янкай ці распустай.

Летняй раніцай мы з моладдзю шлі па вуліцы і ўбачылі пьянага чалавека, які ляжаў на зямлі. Моладзь з іронія пракаменціравала: «З раніцы ўстаў і вырашыў адпачыць». Больна… Сумна… Такія ж пачуцці выклікае ў мяне словазлучэнне «курортны раман»… Таксама вельмі сумна…

Калі мы пачынаем адпачываць, нам здаецца, што вось-вось з’явіцца «цудоўны» адпачынак і ахіне нас сваёю пяшчотнаю лёгкасцю. Аднак з глыбіняў нашага сэрца паволі выходзіць велізарная і непад’ёмная стомленасць. Гэта наша першая сустрэча з ёю. Працуючы, мы адчуваем стомленасць, аднак толькі падчас адпачынку яна прыходзіць да нас ва ўсёй паўнаце і з прыгнятальнай моцай. Нас гэта бянтэжыць. Якая наша першая рэакцыя? Што мы робім са сваёю стомленасцю? Баімся ў гэтым сабе прызнацца? А вось акурат пачуцця стомленасці не трэба саромецца, як і не трэба прымаць яго за негатыўную з’яву, якая выкрывае нашую слабасць. Стомленасць кажа аб добра выкананай працы. Яна можа быць інтэгрыруючай, можа згуртоўваць (калі наша праца мае сэнс), прыносіць карысць бліжнім, напаўняць нас радасцю і задавальненнем. Стомленасць дэзінтэгрыруючая, якая разбэшчвае чалавека, узнікае ў тых выпадках, калі праца не мае сэнсу, намаганні не прыносяць жаданага выніку, або ў працэсе працы выявілася прафесійная неадпаведнасць, непрыдатнасць. Пры дэзінтэгрыруючай стомленасці чалавеку неабходна змяніць род дзейнасці і ўладкавацца на работу, якая адпавядае яго здольнасцям і магчымасцям.

А як мы прымаем анёла стомленасці? Можа, спрабуем ігнараваць яго ці адпіхнуць? Заліць стомленасць алкаголем, уключыць для яе бесперапыннае радыё, заглушыць тэлевізарам, «разрадзіць» яе сексам, насіллем? Тады яна ўвогуле стане для нас дэманам. Самае галоўнае, што неабходна зрабіць, — прыняць сваю стомленасць, зрабіць яе словамі сваёй малітвы. Быць з ёю тэт-а-тэт настолькі, наколькі неабходна ёй; адчуць і выслухаць яе, парадавацца ёй, таму што яна з’яўляецца знакам нашай працы; нармальныя людзі заўсёды стамляюцца ад працы. Неабходна заставацца, «сядзець» са сваёю стомленасцю так доўга, пакуль яна сама не адыйдзе… І не спрабуйце затушаваць стомленасць дурнотай і чым прыйдзецца, таму што ў такім стане яна становіцца небяспечнай, здольна загубіць і знішчыць вас. Узгадаем учынкі, якія мы здзейснілі пад уздзеяннем стомленасці… Раздражнёныя, неадэкватныя, нецерпялівыя, агрэсіўныя… Вось чаму Езус кажа стомленым вучням: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце» (Мк 6, 31).

І ты спыніся… Не бойся сваёй стомленасці… Няхай вашая стомленасць пасля цяжкага дня, месяца, года працы спявае гімн удзячнасці Пану Богу… І, нарэшце, сам адпачні ў Богу… Ён дае працу, дае і адпачынак. Калі мы не навучымся адпачываць у Пану Богу, то не зможам адпачыць нават на Карыбах. Самы дарагі атэль або пансіянат не зможа вярнуць нам стан душэўнага супакою. Ён не зможа даць нам матывацыю, дзеля чаго мы павінны ізноў вярнуцца да працы. Сэнс мы знаходзім у Бога, таму што толькі Ён з’яўляецца крыніцаю сэнсу. Толькі адпачываючы духоўна чалавек набывае сэнс і натхененне. Многія людзі адмаўляюць духоўны бок адпачынку. А якімі яны вяртаюцца пасля сваіх адпачынкаў? Якімі вяртаюцца сужэнцы ў сям’ю пасля «курортнага рамана»? Злы дух можа назваць нам 101 тлумачэнне-апраўданне нашага граху, аднак пасля грэхападзення ў яго застанецца 101 прычына, якая будзе падкрэсліваць нашую мізэрнасць. І з гэтым пачуццём віны, са страхам, «адпачыўшыя» людзі вяртаюцца ў сваю рэальнасць?..

Я не з’яўляюся экспертам па адпачынку, але існуе шэраг карысных парадаў для добрага адпачынку, якія хацелася б назваць.

  1. Неабходна змяніць прывычнае асяроддзе. Паехаць…
  2. Стварыць так званыя «сцены для адпачынку», адарвацца ад працы, адключыць тэлефон, Інтэрнэт і г.д
  3. Высыпацца.
  4. Падчас адпачынку не размаўляць аб працы і не высвятляць адносіны.
  5. Будаваць сяброўскія адносіны.
  6. Змяніць палярна род дзейнасці. Калі ты настаўнік, то падчас адпачынку нікога не спрабуй вучыць і дазволь прыродзе вучыць цябе.
  7. Арганізаваць для сябе крэатыўны, творчы адпачынак. Рабіць што-небудзь сваімі рукамі, што не напружвае і адпавядае вашым здольнасцям.
  8. Ствараць свята і святкаваць. Хто не ўмее святкаваць, не ўмее адпачываць.
  9. Шмат, вельмі шмат маліцца.

Адпачыўшыя, гарманічныя, зараджаныя Божай энергіяй, вяртайцеся ў сваю паўсядзённасць!

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця