Пошук

08.12.2011 08:07  

1 снежня ва ўсім свеце адзначаецца дзень барацьбы са СНІДам. У сродках масавай інфармацыі у сувязі з гэтай датай з’яўляецца вялікая колькасць інфармацыі на тэму ВІЧ і СНІДу, у школах і ВНУ праходзяць інфармацыйныя сустрэчы, бо ніхто не хоча апынуцца ў ліку тых, хто захварэе на чуму ХХ стагоддзя. Чым жа небяспечная яго прафілактыка? Бо, здавалася б, наадварот, яна павінна служыць добрай справе.

А на самой справе ўсё тлумачыцца вельмі проста. У нашай краіне 20 гадоў таму СНІД у першую чаргу выяўляўся ў наркаманаў альбо пры пераліванні крыві. Але прыйшлі разумныя людзі з міжнародных арганізацый і пачалі гаварыць аб тым, што за мяжой вельмі часта СНІД перадаецца палавым шляхам. У першую чаргу пра гэта гаварылася ў моладзевым асяроддзі, а ў якасці адзінага сродку пазбегнуць заражэння прапаноўваўся прэзерватыў. Пра ўстрыманне да шлюбу і вернасць у сужэнстве гаварылі як бы напаўголасу, ды і нашто пра гэта гаварыць, калі гэта немагчыма рэалізаваць на практыцы. Моладзь прывучылі да прэзерватыва, як да антывірусу Касперскага — галоўнае, карыстайся ім і не бойся ніякіх вірусаў. Пасля лекцый пра СНІД або на дыскатэках падлеткам раздаюць прэзерватывы, а ў адпаведнай рэкламе прапаноўваецца не саромецца мець гэты «сродак» заўсёды з сабою. Фактычна, размова ідзе пра разбэшчванне маладога пакалення, калі паняцце сораму альбо чыстасці лічыцца сярэднявечным перажыткам.

Які ж вынік такой прапаганды?

Колькасць выпадковых сексуальных сувязей узрасла шматкроць, а адначасова ўзрасла і колькасць венерычных захворванняў і падлеткавых абортаў. Колькасць захворванняў СНІДам у параўнанні з 1990 годам зараз узрасла ў сотні разоў, і хутка на самой справе размова будзе ісці пра эпідэмію СНІДу, якую мы самі ж і раскручваем з дапамогай яго так званай «прафілактыкі».

У гэтым годзе з’явілася новая праблема. Як вядома, існуе верагоднасць перадачы віруса ВІЧ ад заражанай цяжарнай маці да яе дзіцяці падчас родаў або кармлення грудзьмі. І, хаця гэтая верагоднасць нікчэмна малая, а сучасная медыцына ведае шмат спосабаў, як зберагчы ні ў чым не вінаватае дзіця ад ВІЧ, тым не менш, менавіта ў гэтым годзе 1 снежня Еўрасаюз прыняў закон, які вызнае за лепшае вырашэнне гэтай сітуацыі аборт. Вось тут і выяўляецца праўдзівы твар усёй прафілактыкі СНІДу і ВІЧ, схаваны за маскай клопату пра нашае здароўе. Цывілізацыя смерці знаходзіць усё новых і новых ахвяраў.

У сувязі з гэтым мне ўспамінаецца адна гісторыя з абартарыя. Аднойчы я размаўляў з маладой жанчынай, якую накіравалі на аборт менавіта з-за таго, што яна заражана ВІЧ. Сцісла яе гісторыя гучыць так: калі яна здавала аналізы на ВІЧ падчас першай цяжарнасці, высветлілася, што яна заражана, прытым што муж — не. Яны вырашаюць нараджаць з дапамогай кесарава сячэння, а потым выкарыстоўваць прэзерватыў для таго, каб муж не заразіўся. Які вынік? Праз пяць месяцаў пасля першых родаў яна зноў зацяжарыла (цікава, што на гэта сказалі б тыя, хто гаворыць пра высокую эфектыўнасць прэзерватыва як сродку кантрацэпцыі?) і зноў апынулася перад выбарам — нараджаць ці не. Рызыка для здароўя вялікая, пра што ёй настойліва гаварылі ўрачы — нядаўна было кесарава, у яе ВІЧ, стомленасць, маленькае дзіця ў сям’і, да таго ж яна яшчэ не ведае, здаровае дзіця ці не, не хапае грошай на жыццё…

І вось мы з ёй гутарым, я прыводжу разнастайныя довады, напрыклад, пра тое, што пасля аборту яе ВІЧ можа перайсці ў СНІД, бо аборт — гэта вельмі сур’ёзны ўдар па здароўю. Нарэшце яна вырашае нараджаць і другое дзіця. Як высветлілася потым, зачацце і нараджэнне гэтага другога дзіцяці стала вялікім цудам. Першае кесарава было зроблена дрэнна і шоў на матцы падчас другой цяжарнасці амаль адразу разышоўся, прычым убачылі гэта толькі падчас другога кесарава сячэння, на УГД гэтага не было бачна. Больш таго, у яе былі яшчэ пашкоджаны маткавыя трубы, а зачацце адбылося нягледзячы на выкарыстанне прэзерватыва. І пры гэтым усім і першае, і другое дзіця нарадзіліся абсалютна здаровымі, бо падчас цяжарнасці кроў дзіцяці і маці не змешваюцца з-за плацэнтарнага бар’еру. Зусім нядаўна мы сустракаліся з гэтай жанчынай, яе мужам і дзецьмі. Бацька атрымаў новую працу, вырашыліся фінансавыя праблемы. Абсалютна нармальная, шчаслівая сям’я, мілыя дзеці. Нават страшна падумаць, што магло быць, калі б тады яна паслухалася ўрачоў.

Калі мы скардзімся на цяжкае жыццё, на тое, што свет навокал нас страшны ці злы — варта падумаць аб тым, што часта мы самі з’яўляемся прычынамі гэтага зла, і ад нас саміх залежыць, каб гэтага зла было менш. Мы самі можам ствараць навокал нас цывілізацыю любові і жыцця замест цывілізацыі нянавісці і смерці.

Уладзіслаў Валаховіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця