Адказнасць з'яўляецца адным з вельмі важных накірункаў выхавання. Бацькі мараць, каб іх дзеці выраслі адказнымі, самастойнымі людзьмі, якія ўмеюць рабіць выбар, прымаць рашэнні і кіраваць сваім жыццём. На жаль, аднак, вельмі часта мае месца супрацьлеглая карціна: дзеці вырастаюць несамастойнымі, інфантыльнымі, безадказнымі, яны баяцца ці проста не хочуць прымаць ніякіх рашэнняў, займаюць пасіўную пазіцыю, - а ўсе клопаты, звязаныя з іх існаваннем, даручаюць, як і ў дзяцінстве, бацькам. Пераломным момантам у развіцці дзяцей становіцца, як правіла, падлеткавы (пераходны) узрост, падчас якога нават тыя праявы адказнасці, якія ў дзіцяці былі, агрэсіўна разбураюцца бунтуючым маладым чалавекам. У выніку людзі часта скардзяцца псіхолагам ці проста сябрам: «Быў жа залаты хлопчык: у хаце прыбіраў, урокі рабіў, з вуліцы ў час прыходзіў... Стукнула 13 гадоў — як яго падмянілі! Лаецца, пачаў паліць, звязаўся з дрэннай кампаніяй, дома не начуе, школу прагульвае, абмеркаваць сітуацыю не жадае».
Чаму так адбываецца?
На мой погляд, прычына крыецца ў тым, што, на жаль, бацькі не заўсёды слушна разумеюць. што такое адказнасць, і адпаведна выкарыстоўваюць няслушныя і неэфектыўныя спосабы, каб дзяцей адказнасці навучыць. Гэты няслушны погляд на адказнасць у самым агульным выглядзе можна ахарактарызаваць наступным чынам: адказнасць успрымаецца ў ім як набор нейкіх знешніх праяваў, напрыклад, дзеянняў, важнасць і сэнс якіх не знаходзяць унутранага водгуку ў дзіцяці. Так, у вышэйзгаданым прыкладзе бацькі пералічваюць знешнія дзеянні: хлопец рабіў урокі, прыбіраў кватэру, не спазняўся дамоў, - і адносяць іх да праяваў адказнасці. У той жа час пры размове з гэтым хлопцам мы можам высветліць, што ён не мае інтарэсу да вучобы, не разумее, чаму менавіта ён павінен прыбіраць кватэру, саромецца перад сябрамі, што так рана сыходзіць дадому, — і выконвае ўсё гэта толькі са страху пакарання. З цягам часу, аднак, абурэнне і злосць становяцца мацнейшымі за гэты страх — і штучна ўстаноўленыя, пазбаўленыя ў разуменні дзіцяці сэнсу межы разбураюцца. На жаль, разам з імі часта знікаюць давер, паразуменне і цеплыня ў сямейных адносінах.
Сёння мы паразмаўляем аб іншым разуменні адказнасці. Яно прапаноўвае зірнуць на адказнасць як следства фармавання асабістай псіхалагічнай прасторы дзіцяці.
Што такое асабістая псіхалагічная прастора (АПП)?
Калі запытацца, якія асацыяцыі ўзнікаюць у людзей з паняццем «асабістая псіхалагічная прастора», яны часта прыгадваюць месцы, дзе ім утульна і камфортна, дзе яны адчуваюць сябе ў бяспецы, напрыклад, свой пакой, сваю кватэру ці свае асабістыя рэчы — адзенне, камп’ютар, кнігі і г.д.
Безумоўна, і першае, і другое уваходзяць у АПП, аднак імі яна не абмяжоўваецца. Больш за тое, АПП — з'ява дынамічная, яна развіваецца і расце разам з чалавекам. Што ж уваходзіць у яе склад?
Калі чалавек нараджаецца, ён ужо мае пэўную прастору, куды не маюць доступу іншыя людзі. Гаворка ідзе аб ягоным целе, абмежаваным скурай. Відавочна, што, акрамя выпадкаў медыцынскага ўмяшальніцтва, мы не можам патрапіць унутр дзіцяці — наш фізічны кантакт з ім абмяжоўваецца паверхняй ягонага цела. Менавіта яно становіцца той «калыскай», з якой пачынае развівацца наша псіхалагічная прастора. Напачатку ў яе ўваходзяць чыста фізіялагічныя праявы нашай цялеснасці: голад, смага, адчуванне холаду і г.д. У першыя тыдні жыцця немаўля нават не можа іх распазнаць і толькі з цягам часу пачынае суадносіць нейкі свой стан з дзеяннямі маці, якія вядуць да задавальнення патрэбы: мама пакарміла — суцішыўся голад, апранула цяплей — я больш не мерзну, і г.д.
Наступным крокам фармавання АПП з'яўляецца ўсведамленне дзіцём наяўнасці ў яго не толькі фізіялагічных, але і псіхалагічных праяваў — эмоцый (у больш познім узросце да іх далучаюцца думкі, мары, фантазіі), схільнасцяў, здольнасцяў і г.д. Як і з фізіялагічнымі пачуццямі, дзіця не ўмее распазнаваць іх адразу, і, каб навучыцца гэтаму, яму таксама патрэбна дапамога маці і іншых дарослых, аб якой мы паразмаўляем крыху пазней.
Далей у жыцці дзіцяці з'яўляюцца рэчы — цацкі, кніжкі, адзенне, пазней свой куток для цацак, стол, свой пакой і г.д. Рэчы, якія мы называем асабістымі, нашымі, тое, што нам дорага — становяцца як быццам працягам, пашырэннем нашага цела і нашай асабістай псіхалагічнай прасторы. З узростам гэтая сфера можа яшчэ больш пашырацца — на свой дом, краіну, працу, нейкія глабальныя праблемы, да вырашэння якіх чалавек можа падключацца. Зразумела, што мера адказнасці кожнага чалавека ў гэтых сферах розная: я нясу вельмі вялікую адказнасць, напрыклад, за маё здароўе і значна меншую — за праблему глабальнага пацяплення. Аднак і на тое, і на другое я магу ў некаторай ступені ўплываць.
Менавіта наш уплыў на тыя ці іншыя сферы нашага жыцця і з'яўляецца асновай для развіцця нашай адказнасці ў адпаведных сферах.
Як фармуецца адказнасць?
Такім чынам, адказнасць цесна спалучала з нашай асабістай псіхалагічнай прасторай (АПП), якая дынамічна развіваецца разам з чалавекам і ўключае ў сябе:
- фізіялагічныя жаданні (голад, смага, стома...)
- эмоцыі, перажыванні, думкі, мары, фантазіі, здольнасці, схільнасці, інтарэсы — праявы нашай псіхікі
- асабістыя рэчы (адзенне, упрыгожванні, кнігі, цацкі). Сюды ж аднясем час і ўчынкі.
- асабістую фізічную прастору (наш дом, кватэру, пакой, ложак, стол...)
- у больш глабальным сэнсе — нашу радзіму, грамадскія абавязкі і г.д.
Якім жа чынам усе гэтыя кампаненты нараджаюць адказнасць?
Механізмам для гэтага я б назвала два эмацыйныя перажыванні, якія чалавек павінен перажыць у дачыненні да кожнага з вышэйназваных элементаў АПП:
• «Гэта — маё» = «Я магу на гэта ўплываць»
• «Мне гэта падабаецца».
Тут трэба сказаць, што «Гэта - маё» адносіцца да дзейнасці — чалавек адчувае, што можа распараджацца сваімі жаданнямі, думкамі, пачуццямі, рэчамі, часам, учынкамі і г.д., а «Мне гэта падабаецца» - гэта эмацыйны бонус: я не проста кірую сваім жыццём у самых розных яго праявах — мне гэта падабаецца, я адчуваю асалоду, калі дзейнічаю такім чынам. На скрыжаванні гэтых адчуванняў і нараджаецца здаровая адказнасць.
Як жа з'яўляюцца ў нас гэтыя пачуцці?
Давайце прасочым гэты працэс для кожнага з нашых пунктаў.
Фізіялагічныя жаданні - гэта першае, з чым немаўля сутыкаецца, прыходзячы ў наш свет. Напачатку дзіця іх не адрознівае, не ўмее распазнаць голад і адрозніць яго ад стомы, болю ці смагі. Адрозніваць іх дапамагаюць бацькі, у прыватнасці маці, якая, здагадваючыся аб жаданні дзіцяці, задавальняе яго, кормячы, калыхаючы і г.д. З цягам часу дзіця вучыцца суадносіць свае патрэбы і спосабы іх задавальнення і пачынае само іх задавальняць: можа накрыцца коўдрай ці, наадварот, расхінуцца, адчуваючы холад ці спёку, папрасіць паесці ці папіць, папрасіцца на гаршок, паскардзіцца на боль і г.д. Відавочна, што магчымасці самастойнага задавальнення патрэбаў пашыраюцца ў залежнасці ад узросту дзіцяці. Іх рэалізацыя і дае дзіцяці жаданае пачуццё «Гэта — маё»: гэта МАЕ патрэбы, я ўмею іх адрозніваць, ведаю, што рабіць, каб іх задаволіць, і згодна з маімі магчымасцямі гэта раблю. Сюды ж далучаецца пачуццё «Мне гэта падабаецца»: я вялікі, самастойны, шмат чаго ўмею, мама радуецца, тата ганарыцца мной і г.д.
Што слушна рабіць бацькам, каб гэтая прыемная карціна стала рэальнасцю ў вашай сям'і?
Ужо ад нараджэння старайцеся назіраць за дзіцём і паважаць ягоныя жаданні. Напрыклад, не спрабуйце карміць немаўля кожны раз, як яно запішчыць. Прычынамі піску могуць быць і холад, і боль у жывоціку, і г.д. У больш сталым узросце гэтаксама пастарайцеся не карміць дзіця насілу. Канешне, гэта не заўсёды зручна, але лепей, каб дзіця ела тады, калі адчувае голад, а не тады, калі ў мамы ёсць час яго пакарміць.
Чаго рабіць не трэба?
Не замяняйце адчуванняў дзіцяці сваімі адчуваннямі! Напрыклад: мама і дзіця гадоў трох гуляюць на вуліцы. Дзіця бегае па пляцоўцы, актыўна рухаецца — і яму становіцца спякотна. Мама ў гэты час сядзіць на лавачцы і мерзне. Малое падбягае да мамы, хоча зняць куртку:
- Мне спякотна!
- Як гэта спякотна, калі такі холад на вуліцы! Не можа табе быць спякотна! - адказвае мама, і куртка застаецца на дзіцяці.
Справа тут не ў тым, ці трэба было здымаць куртку. Галоўнае — мама адмаўляецца прызнаць рэальнасць, у якой знаходзіцца дзіця: «Не, табе не можа быць спякотна!» І малое атрымлівае сігнал: «Ты не можаш слушна ацаніць тое, што з табой адбываецца! А таму ты не маеш права распараджацца сваім целам, у тым ліку сваім адзеннем! Ад цябе гэта не залежыць, мама ведае лепш!»
Як можна было паступіць маме ў гэтай сітуацыі?
Напрыклад, так:
- Так, табе спякотна, бо ты шмат бегаў. Але калі здымем куртку, ты можаш захварэць. Давай, я цябе пагушкаю на арэлях, а ты за гэты час астынеш?
Тая ж сітуацыя адбываецца, напрыклад, з купаннем: «Што значыць — вада занадта гарачая! Вось тэрмометр — паказвае камфортную! (Сігнал — тэрмометр і мама ведаюць лепш, гарачая вада ці не!)
Асаблівую сітуацыю назірала мая знаёмая ў шпіталі. Там яе дачцэ, 8 месяцаў, двойчы на дзень калолі ўколы антыбіётыка. Дзіця, зразумела, плакала, а медсястра дзівілася: «Мне і самой яго калолі — непрыемна, канешне, але не так ужо, каб так галасіць!»
Эмоцыі і пачуцці, думкі, мары, фантазіі, здольнасці
Як і ў выпадку з фізіялагічнымі жаданнямі, на пачатку жыцця дзіця не адрознівае сваіх эмоцый. На дапамогу зноў прыходзіць мама, якая бярэ на сябе функцыю «адлюстравання» - паўтарае за немаўлём ягоныя ўсмешкі, выразы твару — і каментуе іх, называючы эмоцыі: «Ай, весела табе, - смяешся!», «О, насупіўся — пакрыўдзіўся, мабыць!» і г.д.
З цягам часу задачай бацькоў становіцца не толькі навучыць дзіця адрозніваць эмоцыі, але і «сябраваць» з найбольш непрыемнымі з іх — напрыклад, страхам, гневам, зайздрасцю і г.д. Гэта азначае, што бацькі павінны прызнаць права дзіцяці на такія эмоцыі, у тым ліку скіраваныя супраць саміх бацькоў, паказаць, што яны могуць іх вытрымаць і навучыць дзяцей адэкватна з гэтымі эмоцыямі абыходзіцца.
Напрыклад:
«Я разумею, што ты злуешся за мяне за тое, што я не дазволіла ісці сёння на каток. На тваім месцы я б адчувала тое самае. Гэта нармальна — крыўдаваць, не атрымаўшы жаданае. Я спадзяюся, што ты зможаш зразумець мяне, і нашыя адносіны зноў стануць цёплымі і добрымі» (Замест «Як табе не сорамна — урокі не вывучыў, а ўжо на каток сабраўся! Толькі гульні ў галаве! Хто з цябе вырасце?!»).
«Ты вельмі спужаўся, калі на цябе забрахаў сабака. Сапраўды, ён такі вялікі, у яго такі гучны голас! Кожны б на тваім месцы спалохаўся!» (Замест: «Ну чаго ты равеш паўгадзіны?! Падумаеш, сабака брахнуў! Ён наогул за плотам быў! Які ж ты мужык?!»)
Добры спосаб навучыць дзіця перажываць непрыемныя эмоцыі — гэта шчыра вызнаваць іх у сабе самім. Напрыклад: «Я вельмі злуюся, што ты без дазволу ўзяў грошы з маёй сумкі. Я нават не ведаю, што зараз рабіць і што думаць. Ідзі зараз у свой пакой, мы паразмаўляем, калі я супакоюся». Заўважце, што пры гэтым маці нічога не робіць пад уплывам гневу.
Павага да ўнутранага свету дзіцяці азначае недапушчальнасць у нашых размовах з ім такіх выразаў, як:
«Не смей нават думаць!» (кожны чалавек, незалежна ад узросту, мае поўнае права думаць што заўгодна аб чым заўгодна)
«Як ты можаш + называем эмоцыю» - Як ты можаш радавацца, калі сястрычка ўпала?
«Ну чаго ты сумуеш? Ну што ты равеш па дробязях?» (калі дзіця плача — прычына для яго НЕ дробная!)
«Як ты можаш + жаданне»: «Як табе не сорамна прасіцца ў аквапарк, калі ў нас ледзь хапае грошай табе на школьныя прылады?!» (Жадаць чагосьці прывабнага — нармальна, а фінансавыя праблемы бацькоў дзіцяці не тычацца, тым больш не павінны правакаваць у ім пачуццё віны)
«Ты ж павінен разумець...» - ні дарослы, ні тым больш дзіця НЕ павінны нічога разумець!
«Ты павінен + эмоцыя». Ты ж павінен радавацца, што ў цябе нарадзіўся брацік!
«Што за лухту ты прыдумаў!» - пра нейкія дзіцячыя мары, фантазіі.
«Хто гэта ў тваім узросце аб гэтым думае?!»
«У цябе не атрымаецца»
«Ты няўмёха»
«Рукі з аднаго месца растуць» і г.д.
Гэтаксама важна навучыцца стрымліваць сваю нецярплівасць, калі дзіця засвойвае нейкі новы навык ці гульню. Часта можна назіраць, як малое спрабуе спалучыць, напрыклад, дзве часткі канструктару. Падыходзіць тата - «Не так, дай пакажу!» - і складвае цацку замест дзіцяці.
Рэчы
Асабістыя рэчы, у прыватнасці адзенне, - гэта, як мы казалі, працяг цела дзіцяці.
Таму вельмі важна дапамагчы дзіцяці адчуць у іх дачыненні адчуванне «гэта маё». Якім чынам гэта можна зрабіць?
Ужо маленькаму можна прапанаваць выбар: хочаш у садзік апрануць швэдар з кветачкай ці з караблікам? А пазней можна выслухаць і абмеркаваць і прапановы дзіцяці на гэты конт.
Гэтаксама важна далучаць дзяцей да догляду за вопраткай: ужо ў трохгадовым узросце можна навучыць праць шкарпэткі ці насоўкі. Важна пры гэтым пазбягаць крытыкі, а наадварот — усяляк падтрымліваць спробы дзіцяці, падкрэсліваць, што яно вельмі дапамагае, робіць вельмі важную справу.
Гэты ж падыход працуе і ў дачыненні да іншых працягаў дзіцячага цела: як бы, напрыклад, нам не хацелася навучыць дзіця шчодрасці — нельга прымушаць яго падзяліцца цацкамі з іншымі дзецьмі. Для 2-3 гадовага дзіцяці яны — гэта працяг цела. Вы ж не будзеце настойваць, каб дзіця аддало іншаму, скажам, сваё вочка?
У сям'і частай памылкай з'яўляецца пакупка дзецям агульных цацак, «маўляў, брацік пагуляецца — і ты возьмеш», ці «гуляйцеся разам!». Найчасцей гэта правакуе толькі спрэчкі і скандалы паміж дзецьмі.
З іншага боку, у больш познім узросце дзеці пачынаюць абменьвацца цацкамі. Тут таксама важна даць дзіцяці магчымасць распараджацца імі — а калі неабходныя нейкія абмежаванні (напрыклад, некаторыя цацкі вельмі дарагія), то яны маюць быць абмеркаваны і патлумачаны дзіцяці. Напрыклад: «Вельмі добра, што ты мяняешся цацкамі з Паўлікам. Але давай дамовімся, што японскі робат, што падарыў табе тата, будзе заўсёды жыць у нас. Я разумею, ты б хацеў пагуляцца з ім разам з сябрам. То чаму б не запрасіць Паўліка да нас?»
Недапушчальна перадаваць рэчы, якія належаць дзіцяці, іншым дзецям без яго ведама: «Пакуль ты быў у школе, заходзіла Маня, прасіла тваю кнігу пра драпежных жывелаў, я ёй аддала». Нават калі дзіця і не супраць таго, каб Маня ўзяла кнігу, — тое, што мама забірае яе без ягонага ведама, парушае ягоную асабістую прастору і перадае той самы сігнал: «Гэта не тваё, ад цябе нічога не залежыць!» Слушна ў гэтай сітуацыі было б папрасіць Маню зайсці пазней, калі прыйдзе гаспадар кнігі.
Час
Відавочна, што кожнае дзіця, асабліва школьнага ўзросту, мае свае абавязкі. Аднак тое, як і калі іх выконваць ляжыць у яго сферы адказнасці. Самы лепшы шлях да безадказнасці і пасіўнасці дзіцяці — гэта «стаяць над душой»: рабіць разам з ім урокі (акрамя выпадкаў, калі дзіця прама просіць дапамогі), правяраць, ці выкананы той ці іншы абавязак, і г.д.
Тут важна яскрава бачыць сувязь паміж абавязкамі дзіцяці і сваімі ўласнымі патрэбамі. Так, напрыклад, у тым выпадку, калі маці не можа згатаваць вячэру, пакуль дачка не памые посуд — час выканання гэтага абавязку павінен быць удакладнены раней. Напрыклад:
- Тата вернецца з працы а сёмай. Каб зрабіць вячэру, мне патрэбна адна гадзіна. Калі ласка, памый посуд да шасці гадзін.
І тут важна памятаць, што калі дамова была пра 6 гадзін, то няслушна ўжо ў 4 ці пяць пачынаць сварыцца і злавацца, што посуд не памыты: задача разлічыць час належыць дачцэ!
Што ж рабіць, калі абавязкі не выконваюцца ці выконваюцца не ў час?
Аб гэтым — наступны пункт
Учынкі
Прычынна-следчыя сувязі
Прыгадваю такую гісторыю: на форум звярнулася жанчына — мама 11-гадовага хлопчыка. Хлопец неўпраўляемы — зрывае шторы, усіх перарывае пры размове, не дбае пра знешні воблік: апошнім разам выпэцкаў новую куртку і школьную форму ў гліну, акая амаль не пралася, ламае рэчы і школьныя прылады... Мама скардзіцца: «Я ўжо не маю сілаў усё праць, рамантаваць, купляць новае!..» Зразумела, што гісторыя гэтая мела свае асаблівасці — але тое, на што адразу звярнулі ўвагу спецыялісты, якія каментавалі сітуацыю, было: «А навошта вы рамантуеце, купляеце, мыеце? Гэта ягоныя рэчы, калі ён іх запэцкаў — хай мые сам!» Заўважу, што для хлопчыка гэты варыянт больш спрыяльны, чым сітуацыя, калі мама злуецца, нервуецца — і займаецца ягонымі рэчамі.
У сітуацыі з мыццём посуду, апісанай вышэй, можна было б зрабіць так: «Ты спазнілася, і я не паспею прыгатаваць тое, што хацела. Калі ласка, ідзі ў краму і купі (спіс прадуктаў), каб мы маглі павячэраць». Зразумела, што гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў.
Права на памылку
Часам мы ўсё ж робім першы крок — перадаем дзіцяці магчымасць распараджацца ягонай асабістай прасторай. Аднак часта намі кіруе не шчырае жаданне бачыць сваё дзіця самастойным і адказным, - а жаданне «злавіць» яго на памылках і гэтым даказаць, што «сам па сабе ты нічога не варты», «адказнасць і самастойнасць табе не па зубах». Адбываецца гэта прыкладна так:
Маці і сын — пяцікласнік пасля доўгіх просьбаў апошняга даць яму больш самастойнасці вырашаюць, што маці больш не будзе будзіць сына ў школу, а ён будзе сам заводзіць будзільнік і прачынацца. У першыя пару дзён усё ідзе выдатна, але потым хлопец забываецца завесці будзільнік і адпаведна спазняецца на ўрокі. «А што я табе казала?! - каментуе мама. - У цябе ж галава дзіравая, вечна лётаеш у нябёсах! Вось табе і даросласць, вось табе і адказнасць! Усё! Ад заўтра зноў пачынаю цябе будзіць! Пачакаем, пакуль пасталееш!»
Пры такім падыходзе сын не пасталее ніколі.
Як можна было б?
Мама: Ты сёння спазніўся ў школу? Нешта здарылася?
Сын: Так, я ўчора забыўся завесці будзільнік.
Мама: Шкада... А чаму так атрымалася?
Сын: Пазваніў Гена, мы доўга размаўлялі, і я потым адразу заснуў.
Мама: Напэўна, табе было вельмі непрыемна атрымаць заўвагу за спазненне. Ты ж сам цяпер адказваеш за зборы ў школу і, напэўна, хочаш усё зрабіць як найлепш?
Сын: Так...
Мама: Можаш нешта прыдумаць, каб больш не забывацца завесці будзільнік?
Сын: Можа, выставіць штодзённую прыпаміналку на мабільным? Каб яна званіла якраз перад сном і нагадвала мне праверыць будзільнік.
Мама: Выдатная ідэя!
Вынікам няслушнага падыходу становіцца тое, што дзіця лічыць, што самастойнасць трэба заслужыць, што гэта не нейкая натуральная з'ява — што людзі сталеюць і становяцца самастойнымі, прымаюць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Каб атрымаць права на самастойнасць, трэба даказаць бацькам, што ты не робіш памылак — НІКОЛІ! Што ты выдатна спраўляешся з даручанай табе сферай адказнасці — ЗАЎСЁДЫ, без выключэнняў. Нават калі сфера новая для цябе і кіраваць ёю ты пачаў толькі ўчора. Такі падыход мае бытавую назву «сіндром выдатніка». Як ведаем, ён распаўсюджваецца не толькі на сферу школьных заняткаў. Людзі з «сіндромам выдатніка» імкнуцца вырашыць любую задачу — побытавую, навуковую ці творчую ідэальна з першага разу. Яны не пакідаюць сабе і іншым права на памылку, выматваюць сябе і атачаючых і вельмі часта прыходзяць на візіт да псіхолага і жаляцца на выгаранне, стомленасць, стрэс, успрыняцце жыцця як невыноснага цяжару і г.д..
Гэтыя сферы нашай АПП — фізіялагічныя жаданні, эмоцыі, схільнасці, мары, думкі, рэчы, учынкі і час, - з'яўляюцца, можна сказаць, базавымі. Фармаванне пачуццяў «гэта - маё » і «гэта мне падабаецца» ў адносінах да іх ідзе ад нараджэння да падлеткавага ўзросту. Калі гэты працэс прайшоў без значных парушэнняў, то ў адносінах да іншых пералічаных намі элементаў ён пройдзе ўжо амаль аўтаматычна.
Напрыканцы хацелася б зрабіць адну важную заўвагу: калі мы разважаем аб адказнасці, зыходзячы з пазіцыі АПП, то становіцца відавочным: мы адказваем у першую чаргу за СВАЕ жаданні, пачуцці, учынкі і г.д. Не за жаданні, учынкі і г.д. іншых людзей (зразумела, што гаворка не ідзе пра матэрыяльную і іншыя віды адказнасці, прадугледжаныя заканадаўча). Іншыя людзі адказваюць таксама за СЯБЕ. Разуменне гэтага дазваляе нам пазбегнуць памылак — узяць на сябе адказнасць за тое, за што мы адказваць не павінны. Як, напрыклад, здарылася ў гэтай гісторыі:
На форум звяртаецца жанчына: яе сын, 22 гады, паступіў у каледж і там звязаўся з дрэннай кампаніяй, стаў ужываць наркотыкі, краў з дому каштоўныя рэчы, у тым ліку завушніцы маці, прадаваў, каб купіць «траўку», не працуе, але ўзяў крэдыт на машыну, просіць у маці дапамагчы з выплатамі (машыну адразу ж прадаў за мізэрныя грошы). Адзіны чалавек, які мае нейкі аўтарытэт, — айчым, але мама хавае ад яго ўчынкі сына, баючыся, што айчым выгане яго з дому. Мама просіць парады, як ёй данесці да сыночка, што яна пакутуе ад ягоных дзеянняў, як вярнуць яго на верны шлях? Адказ быў адзіны — не трэба нікому нічога даносіць! Калі хочаце, каб сын быў самастойным — аддайце яму ягонае жыццё! Дазвольце адчуць наступствы ягоных учынкаў! А сябе абараніце ад ягоных выхадак. Інакш сітуацыя будзе толькі пагаршацца, і тады «айчым выгане з дому» будзе найменшай з магчымых непрыемнасцяў.
Жадаю вам, шаноўныя чытачы, у поўнай меры прымаць на сябе адказнасць за вашае жыццё, у поўнай ступені адчуваць у яго дачыненні, што «гэта — маё», і, галоўнае, «мне гэта вельмі падабаецца!».
У артыкуле былі выкарыстаны гісторыі рэальных людзей, у абмеркаванні якіх прымала ўдзел аўтарка. Усе гісторыі былі пададзены ў свабодным доступе. У артыкуле аўтарка толькі паўтарае тое, што было ёю сказана падчас абмеркавання.
Наталля Станкевіч