Менавіта такім голасам я адчуваю сябе, калі знаёмлюся з гісторыямі маіх знаёмых, а таксама перажываючы свой уласны досвед.
…Дзяўчына 28 гадоў прыйшла да ўрача з невялікай пухлінай у грудзях. Падчас агляду гінеколаг заявіў, што прычынай хваробы стала татальная адсутнасць сексуальных зносінаў...
…Такі ж «дыягназ» быў пастаўлены іншай дзяўчыне з гарманальнымі парушэннямі...
...Педыятр расхвальвае вакцыну, якой трэба зрабіць прышчэпку трохмесячнаму дзіцяці. На пытанне, ці не з’яўляецца вакцына эмбрыянальнай (некаторыя вакцыны вырошчваюцца на абартаваных чалавечых эмбрыёнах) — глядзіць на маму-хрысціянку як на іншапланецяніна і наогул не разумее, у чым тая бачыць праблему...
...На псіхалагічны (!) форум звяртаецца чалавек з цягай да людзей свайго полу, просіць дапамогі ў пераадоленні гэтых схільнасцяў. Хор рэспандэнтаў на ўсе галасы пачынае «спяваць»: «гэта нармальна!», «Вы проста даследуеце сябе», «у гэтым няма нічога дрэннага!», «як гэта Вы так доўга пратрымаліся?!»... Хлопец у выніку напісаў, што вырашыў паспрабаваць і ўжо знайшоў партнёра...
…Іншая жанчына пасля 30 гадоў у шлюбе развялася і цяпер цікавіцца на тым жа форуме, ці не зашкодзяць яе здароўю заняткі мастурбацыяй пры адсутнасці «здаровага сексу»? Той жа «хор» пачынае тлумачыць, што не, канешне, не зашкодзяць: гэтак яна «падрыхтуецца» да сустрэчы з новым каханым, а яе арганізм яшчэ і «падзякуе» за асалоду і добры настрой...
90 працэнтаў тэм на форуме, дзе я кансультую, звязаны з адносінамі «мужчына-жанчына». Найчасцей чытаеш у іх пра «разлюбіла», «разводжуся», «каго з двух хлопцаў абраць», «ён мяне не разумее», «яна не адказвае на мае смс» і г.д. Чытаеш — і ўпэўніваешся, што НІВОДНАЙ з гэтых тэмаў бы не існавала, калі б людзі былі — нават не хрысціянамі! — проста па-чалавечы сталымі. Калі б мелі крыху больш уяўленняў аб адказнасці; вернасці; умелі элементарна слухаць адзін аднаго; паважалі сябе і іншых; былі б больш паслядоўнымі; не баяліся цяжкасцяў і г.д. А калі б не было гэтых тэмаў — значыць, і людзі, якія іх стварылі, былі б больш шчаслівымі і не мелі неабходнасці звяртацца да псіхолагаў.
Мяркую, што такая сітуацыя складваецца таму, што мы імкнёмся задаволіць выключна нашае цела (зрэдку — пачуцці: нам не падабаецца сумаваць, адчуваць дакоры сумлення і іншыя непрыемныя эмоцыі). Мы намагаемся любым коштам аддаліць ад сябе ўсё непрыемнае і цяжкае.
Узнікае пытанне аб сваёй унутранай паставе, аб тым, як ставіцца да такіх сітуацый, як былі апісаны вышэй, і падобных да іх. Калі вы апынуліся ў сітуацыі «адзін супраць усіх» — гэта злуе; часам пужае; узнікае спакуса «звярнуць убок»: змаўчаць, не супярэчыць «хору»; часам нават закрадваюцца сумненні кшталту «гэта я адзін звар’яцеў ці ўсе астатнія?!»... Такія сітуацыі, адным словам, становяцца для нас пераломнымі — у які бок мы пойдзем?
Не так даўно, шпацыруючы з дачушкай, я зайшла ў пратэстанцкую царкву, дзе якраз ішла малітва. Пастар казаў, што нашае жыццё поўнае Т-відных скрыжаванняў з аднабаковым рухам. Кіроўцы ведаюць, што на такіх скрыжаваннях трэба быць вельмі ўважлівым, каб абраць адпаведны кірунак, бо павярнуць будзе ўжо немагчыма. У сітуацыі, калі спецыяліст (урач, псіхолаг ці яшчэ нехта) сваім прафесійным аўтарытэтам імкнецца навязаць нам рашэнні, несумяшчальныя з нашым светапоглядам, супраціўляцца гэтаму вельмі складана. Апроч усяго іншага, нам цяжка прыняць адказнасць за сваё здароўе ці здароўе блізкіх людзей. Дапамагчы ў гэтым можа, па-першае, павага да сябе, якая спараджае гатоўнасць да крытыкі і непрыняцця вашай пазіцыі. А па-другое, зразумела, можа дапамагчы малітва, каб сам Пан Езус умацаваў нас на шляху адстойвання праўды. Няхай нам служыць падтрымкай фраза з Евангелля: «Калі скончыў Езус настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведваць у іхніх гарадах» (пар. Мц 11, 1). Будзем рабіць, што ў нашых сілах, ведаючы, што Ён зробіць усё астатняе.
Наталля Станкевіч