Пошук


Гэты вокліч стаўся лейтматывам маёй нядаўняй размовы з адной жанчынай. Цікава, што суразмоўца мая была ўжо пенсійнага ўзросту і скардзілася на сваю маці, жанчыну, відавочна, вельмі сталага веку.

Сітуацыя іх адносінаў выглядала наступным чынам: што б ні рабіла дачка — мама незадаволена, прычым не па нейкіх аб’ектыўных прычынах, а наогул — таму, што лічыць, што дачка чалавек «прапашчы», нічога ў яе па жыцці не атрымаецца, і ўвогуле, што без яе (маці) дачка проста «прападзе». Гэтыя свае меркаванні мама рэгулярна агучвае маёй суразмоўцы. У выніку жанчына перажывае істэрычныя выбухі, пасля якіх маці прыходзіць да высновы што «з ёю немагчыма размаўляць, яна проста немагчыма агрэсіўная».

Мяркую, што, на жаль, шмат хто з чытачоў ведае на сваім уласным досведзе гэтую нялёгкую сітуацыю, калі бацькі не цэняць, не разумеюць і не хочуць прыняць дасягненняў сваіх дзяцей.

Усім нам вядома жаданне, каб нас пахвалілі, падтрымалі, далі адчуць, што мы шмат на што здольныя, каштоўныя ў нашай чалавечай годнасці. Натуральна таксама, што словы падтрымкі і любові мы хочам чуць ад блізкіх нам людзей, ад тых, чыё меркаванне для нас важна. З самага пачатку нашага жыцця такімі людзьмі з’яўляюцца нашы бацькі. Для маленькіх дзяцей слова бацькоў мае нават чароўную сілу: калі мама ці тата сказалі, што я добры — я такім і буду; сказалі, што ў мяне ўсё атрымаецца, выказалі веру ў мяне — я і горы звярну... А калі наадварот — насварыліся, выказалі пагарду, сказалі, што я нічога не варты — мне не застаецца нічога іншага, як такім і быць.

Сталеючы, мы аддзяляемся ад бацькоў, робімся незалежнымі ад іх фізічна, фінансава, матэрыяльна і г.д. Часам, аднак, застаецца залежнасць псіхалагічная — гэта мы і назіраем у выпадку маёй суразмоўцы. Насамрэч, вельмі часта бацькі не даюць нам дастаткова пазітыўных «інвестыцый» у дзяцінстве. Шмат калі мы сутыкаемся з непаразуменнем, непрыняццем бацькамі нашых учынкаў, жаданняў, намераў. Для дзяцей гэта становіцца сапраўднай трагедыяй, бо яны нічога не могуць супрацьпаставіць бацькоўскай волі. І часам дарослыя людзі застаюцца ў гэтай пазіцыі: гэтаксама як у дзяцінстве, яны ўспрымаюць слова бацькоў як загад: «у цябе нічога не атрымаецца», «ты ніхто», «ты нічога не ўмееш», «прападзеш без маёй падтрымкі». Такія словы-загады, зразумела, прычыняюць вельмі моцны боль.

Я запыталася ў сваёй суразмоўцы: «Марыя (імя зменена), вы ж разумееце, што не ўсе людзі рэагавалі б на словы вашай маці так, як вы — лездь не да сардэчнага прыступу. Чаму ж менавіта вас яны так „чапляюць“?». Жанчына адказала: «Але ж мне крыўдна, што яна ніколі не цаніла мяне. Я так хачу дабіцца яе пахвалы!» Сапраўды, боль непрызнання тым мацнейшы, чым большая жыве ў нас надзея аднойчы дабіцца бацькоўскага пазітыўнага ўспрыняцця нас саміх. Калі гэтая надзея не спраўджваецца гадамі і дзесяцігоддзямі — мы ўпадаем у роспач, трацім веру ў саміх сябе, расчароўваемся ў нашых марах і планах.

Узнікае пытанне: што рабіць у такім становішчы? Што рабіць, калі мы не адчуваем падтрымкі бацькоў, на якую так спадзяемся? Калі праз усё жыццё нясем пачуццё, што мы іх расчаравалі, і не маем магчымасці гэта паправіць?

Адказ можа прагучаць жорстка, але: выйсце ў тым, каб перастаць спадзявацца. Дзіця не мае магчымасці не чакаць бацькоўскай пахвалы. Але дарослы — можа. Больш за тое — мае права не будаваць сваё жыццё ў залежнасці ад задавальнення ці незадавальнення бацькоў.

Хацелася б, аднак, звярнуць увагу на такі момант. Гэтая парада можа камусьці падацца вельмі простай: вось зараз я перастану прыслухоўвацца да сваіх бацькоў, магчыма, наогул перарву сувязі з імі — і пачну рабіць, што хачу. Але гэта не так проста. Нялёгка ўбраць з сэрца надзею, якая жыла там гадамі. Гэты працэс чымсьці нагадвае перажыванне жалобы, ён патрабуе аплаквання. Вы сапраўды будзеце хаваць тое дзіця, якое верыла, што бацькі могуць пахваліць і ацаніць яго, якое спадзявалася і чакала... Гэта вельмі балюча — сказаць самому сабе — і паверыць у гэта — адно кароткае слова: «ніколі». Калі маці ўжо больш за 80 гадоў — гэта значыць, што яна ніколі не пераменіць свайго бачання дачкі. Калі бацька гадамі не прабачае сыну, што той абраў іншую кар’еру, чым бацька хацеў, — ён, вельмі верагодна, ніколі не прабачыць. Зразумела, што можна і нават неабходна маліцца аб прымірэнні і паразуменні — але не варта будаваць сваё жыццё вакол марных чаканняў. Таму мусіць прайсці час, каб чалавек пасталеў, насамрэч аддзяліўся ад бацькоў, прыняў адказнасць за сваё жыццё і набраўся сіл, каб самастойна кіраваць ім.

У гэтым працэсе сталення нам варта памятаць дзве рэчы. Па-першае, галоўны чалавек, які мусіць мець добрае стаўленне да нас, — гэта мы самі. Пазітыўная самаацэнка дапамагае не так балюча ўспрымаць крытыку з боку іншых людзей, у тым ліку бацькоў: калі я ведаю аб сабе, што я, напрыклад, разумны, то нават калі хтосьці мне скажа, што я дурны, — я проста не звярну ўвагі. Дарэчы, старэйшая сястра маёй суразмоўцы, на якую маці таксама звяртала сваю незадаволенасць, адмахвалася ад яе маналогаў, кажучы: «А мне якая справа да тваіх словаў? Я ведаю, што раблю слушна!»

Па-другое, трэба акружыць сябе людзьмі, якія могуць нас падтрымаць, падзяляюць наш светапогляд, разумеюць нас. Тады пасля сутычкі з бацькамі мы не застанемся самотнымі, а знойдзем разуменне і спагаду.

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што страта надзеі на пахвалу бацькоў не азначае разрыў сувязяў з імі. Больш за тое: нашы адносіны могуць стаць больш спакойнымі і гарманічнымі, калі мы перастанем «выбухаць» на словы мамы ці бацькі. Бацькі застануцца часткай нашага жыцця, але зоймуць больш гарманічнае месца ў ім. Мы ж здабудзем сапраўдную свабоду дарослых людзей.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.