Пошук


Тэма аборту ў наш час становіцца ўсё больш актуальнай і, калі можна так сказаць, усё больш балючай. Гучаць галасы як «за», так і «супраць» гэтага акту, дэбаты становяцца ўсё больш вострымі.

Каталіцкі Касцёл рашуча асуджае аборт, бо згодна з хрысціянскім вучэннем жыццё чалавека пачынаецца ад зачацця, таму аборт з’яўляецца забойствам, і забойствам тым больш жорсткім, што здзяйсняецца яно ў дачыненні да найбольш бездапаможнай істоты — ненароджанага дзіцяці.

Псіхалагічныя наступствы аборту выяўляюцца ў вельмі складаным наборы сімптомаў, які называецца «постабортны сіндром» (ПАС). Да яго звычайна адносяць пачуццё віны, якое з цягам часу можа перайсці ў агрэсію на сябе ці іншых (бацьку дзіцяці, урача, родных), пачуццё крыўды, дэпрэсію, думкі аб самагубстве, парушэнні ў сексуальнай і псіхаэмацыянальнай сферы і г.д.

Складанасць і разнастайнасць сімптомаў, якія звычайна адносяць да ПАС, тлумачыцца, па-першае, тым, што гэтая трагедыя закранае не толькі дзіцятка: яе ахвярамі становяцца таксама маці забітага дзіцяці, ягоны бацька, іх родныя, а таксама іх будучыя дзеці, якія народзяцца пазней, а па-другое — тым, што пералічаныя сімптомы могуць праяўляцца ў самых розных формах і працягвацца вельмі доўгі час. Насамрэч, без адпаведнай дапамогі (як псіхалагічнай, так і духоўнай) яны цалкам не праходзяць ніколі — іншая справа, што жанчына можа хаваць наяўнасць пералічаных пачуццяў і думак ад тых, хто навокал, і ад самой сябе.

Часта думка аб тым, што ўсе гэтыя людзі, акрамя дзіцятка, з’яўляюцца менавіта ахвярамі, а не забойцамі, выклікае неразуменне з боку іншых людзей. Падаецца, што такая віна не можа быць ні прабачана, ні забыта. Аднак сітуацыя значна больш складаная. Фізічна знішчаючы жыццё дзіцяці, аборт разбурае жыццё і іншых удзельнікаў гэтай трагедыі — жыццё як псіхічнае, так і духоўнае. З’яўляючыся, безумоўна, вельмі цяжкім грахом, ён разбурае сувязь чалавека з Богам, а пачуцці віны, сораму, агрэсіі, адзіноты, безвыходнасці вельмі ўскладняюць вяртанне чалавека да Бога, — а таксама і да сябе самога, да сапраўднага супакою ў душы, да ўласнай чалавечнасці. Акрамя таго, аборт нясе, безумоўна, і фізічныя наступствы, разбураючы здароўе жанчыны, часта пазбаўляючы яе магчымасці пазней нараджаць дзяцей.

Значная частка пачуцця віны кладзецца таксама на партнёра жанчыны, які, стаўшы бацькам, не змог захаваць сваё дзіця. Неяк мне давялося каментаваць на адным форуме запыт адной дзяўчыны. Яна зацяжарала ад хлопца, і, хаця той прапаноўваў ёй шлюб, пацвярджаў сваё бацькоўства і хацеў, каб дзіця нарадзілася, зрабіла аборт. А пазней звярталася да псіхолагаў з пытаннем: чаму адносіны з хлопцам разбураюцца, чаму ён больш не звяртае на яе ўвагі і наогул, як кажуць, ведаць яе не хоча? Аборт разбурае сувязі...

Мне б хацелася, аднак, звярнуць увагу на тое, якія пачуцці ляжаць у аснове аборту, вымушаючы жанчыну забіць сваё дзіця.

Мне падаецца, што галоўным пачуццём тут з’яўляецца страх. Прычым не той страх, які перажывае дарослы чалавек у момант небяспекі, — але вельмі глыбокі, дзіцячы страх перад жыццём. Малому дзіцятку жыццё і навакольны свет часта бачацца незразумелымі, палохаючымі, таму што яно не можа ўплываць на іх, яшчэ не ведае законаў, па якіх сусвет «працуе». Таму, трапіўшы ў цяжкае становішча, дзіця губляецца, не спрабуючы нават паспрабаваць знайсці выхад з яго.

Паколькі «хваробай» нашага грамадства з’яўляецца вельмі шырока распаўсюджаны інфантылізм — калі людзі, сталеючы фізічна, не ўзрастаюць маральна, духоўна, — гэты страх, страх нязнанага, пранізвае іх, паралізуе. Прывяду такі прыклад. Нядаўна мая знаёмая сутыкнулася з наступнай сітуацыяй (на шчасце, не такой драматычнай, як аборт). Знаёмай трэба было прыстроіць котку ў добрыя рукі. Аднымі з магчымых варыянтаў былі бацькі гэтай дзяўчыны. Але яны адмовіліся. Маці дзяўчыны ўсклікнула (мне падаецца, што гэтая фраза якраз з’яўляецца вельмі яскравым выразам гэтага паралізуючага страху): «А што, калі яна захварэе?!» У гэтым воклічы і хаваецца той інфантыльны страх перад незразумелым жыццём. Заўважце — гэта не пытанне. Гэта вокліч «у бясконцасць сусвету». На яго нельга адказаць. Нельга нешта параіць (бо чалавек не просіць парады). Такія «воклічы да сусвету» паралізуюць нашую волю, жаданне і магчымасці нешта рабіць.

Маладыя жанчыны, сутыкнуўшыся з нечаканай цяжарнасцю, часта трапляюць у палон такіх унутраных воклічаў: усё падаецца «такім страшным, такім страшным», што нават немагчыма паставіць перад сабой канкрэтныя пытанні аб гэтай сітуацыі. Аднак менавіта канкрэтныя пытанні дапамагаюць нам знайсці выхад з сітуацыі, «авалодаць жыццём». Напрыклад, вокліч «як жа я давучуся?!» можа стаць канкрэтным пытаннем: «Калі я хачу давучыцца, якія спосабы я маю ў маёй сітуацыі? Што я павінна зрабіць?» А ўжо на гэта можна шукаць канкрэтныя — часам нялёгкія, але рэальныя! — адказы. Тое самае можна сказаць аб іншых праблемах: пераўтварыўшы, напрыклад, вокліч «на якія грошы я буду жыць?!» у канкрэтнае  пытанне, можна знайсці крыніцы дапамогі. Іншымі словамі, варта раздзяліць складаную сітуацыю на дробныя. Паўтаруся: гэта не значыць, што ад гэтага сітуацыя спросціцца і сама сабою ўладкуецца. Але яна перастане быць неабсяжнай, стане канкрэтнай і таму — вырашальнай.

Зразумела, канешне, што асноўнай апорай у складаных сітуацыях з’яўляецца для нас дапамога Духа Святога, які падтрымлівае нас і дае нам сілы, калі мы імкнёмся, нягледзячы на цяжкасці і страхі, ісці Божымі шляхамі.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа