Папярэдняя гутарка была прысвечана складанасцям, з якімі сутыкаюцца сужонкі, што пакутуюць ад няплоднасці. Мы разважалі аб тым, якія існуюць слушныя і няслушныя шляхі выхаду з гэтага цяжкага становішча.
У той жа час ёсць шмат сем’яў, дзе адбываецца іншая трагедыя: зачатае дзіцятка па нейкіх прычынах не дажывае да нараджэння, памірае ва ўлонні маці. У наступным артыкуле мы падрабязна разгледзім праблему абортаў, а сёння ў фокусе нашай размовы апынецца сітуацыя, калі смерць ненароджанага дзіцяці не залежыць ад жадання ці дзеянняў ягоных бацькоў. Найчасцей яна адбываецца ў форме выкідышаў і цяжарнасцяў, якія не развіваюцца. Фізіялагічная сутнасць гэтых з’яваў заключаецца ў тым, што дзіця альбо раптоўна памірае, альбо перастае развівацца і з цягам часу таксама траціць жыццё. На жаль, такія здарэнні могуць мець месца як на малых, так і на вялікіх тэрмінах цяжарнасці, аднак большасць з іх прыпадае на першыя 12 тыдняў — тэрмін, добра вядомы сярод маладых маці як вельмі рызыкоўны.
Як выглядае псіхалагічны бок гэтай трагедыі?
Трэба адзначыць, што пачуцці жанчын, якія страцілі дзіця, вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад тэрміну, на якім гэта здарылася. Справа ў тым, што, калі смерць дзіцятка наступіла на малым тэрміне цяжарнасці — да 12 тыдняў, — жанчына часта яшчэ не паспявае цалкам усвядоміць сваю цяжарнасць. Яна не адчувае рухаў маленькага, у яе яшчэ няма жывата — адным словам, яе жыццё яшчэ не вельмі змяняецца. (Часам, калі дзіця, напрыклад, з самага пачатку было слабенькім і не вельмі актыўна развівалася, у жанчыны нават не наступае таксікозу. Рэмарка: шаноўныя мае чытачкі, якія знаходзяцца ў благаслаўлёным стане! Памятайце, што прычынаў адсутнасці таксікозу можа быць шмат! Таму не рабіце, калі ласка, з маіх словаў выснову, што калі вас не ванітуе — значыць нешта дрэннае адбываецца з дзіцяткам, і не панікуйце!)
Адсутнасць фізічных праяваў цяжарнасці, з аднаго боку, робіць больш лёгкім стан жанчыны пры страце: быццам бы нічога і не здарылася. З іншага боку, такія жанчыны часта трапляюць у псіхалагічную пастку: эмацыйна яны не адчуваюць гора і жалобы па сваёй страце — але розумам усведамляюць, што гэтая страта адбылася. Што з гэтага вынікае? «Я — бяздушная?»; «мне не шкада майго дзіцятка?»; «я пачвара, якую не закранае смерць маленькага?» — такімі пытаннямі жанчыны пачынаюць катаваць саміх сябе, спрабуючы часам наўмысна выклікаць у сябе «правільныя» пачуцці страты, гора, перажыванні, слёзы і г.д. Мая знаёмая, якая страціла дзіцятка на 9-м тыдні цяжарнасці, звярнулася нават да псіхатэрапеўта з такімі словамі: «Я не адчуваю гора. Шчыра кажучы, я наогул нічога не адчуваю. Мне неяк усё роўна. Мабыць, я пачвара».
У такой сітуацыі неабходна памятаць пра дзве рэчы. Па-першае, калі жанчына кажа, што не адчувае гора ці наогул, як мая знаёмая, нічога не адчувае — гэта не значыць, што так сапраўды і ёсць. Зразумела, што жанчына не хлусіць; аднак яе эмоцыі вельмі часта аказваюцца падаўленымі шокавай рэакцыяй псіхікі на перажытае. З’яўленне прыкметаў небяспекі, «хуткая», шпіталь, усялякія працэдуры, стан невядомасці, разгубленасці і, нарэшце, навіна аб тым, што дзіця больш не жыве, і наступная аперацыя — гэта велізарны стрэс для жанчыны, незалежна ад таго, адчувае яна яго ці не. Здараецца нават так, што, трапіўшы пад уплыў такога стрэсу, псіхіка адказвае адваротнай рэакцыяй: усё тая ж мая знаёмая здзіўляла сваіх суседак па палаце абсалютным знешнім спакоем, а пасля аперацыі нават радавалася, што ўсё ўжо скончылася і хутка можна будзе вярнуцца дадому. У сувязі з гэтым — другое, што трэба памятаць: калі паводзіны жанчыны падаюцца неадпаведнымі, бяздушнымі і нават неадэкватнымі — гэта не значыць, што яна не пакутуе! Наадварот — значыць, пакутуе так моцна, што сама не можа гэтага ўсвядоміць, псіхалагічна наблізіцца да сваіх перажыванняў. А калі не можа — то ні ёй самой, ні яе блізкім і родным не варта штурхаць яе ў гэты бок! Час — найлепшы лекар, — кажа прыказка. Жанчыне трэба адысці ад сваіх перажыванняў, аддаліцца ад іх, і тады, як ні парадаксальна, яна зможа мацней перажываць іх вонкава. Калі ж жанчына пачынае іх перажываць, аплакваць дзіцятка, акаляючым вельмі важна таксама не перашкаджаць ёй у гэтым. Псіхіка жанчыны, у адрозненні ад мужчынскай, функцыянуе так, што, каб вырашыць праблему, жанчыне неабходна яе прагаварыць, і, магчыма, не адзін і не два разы. Таму блізкім, асабліва мужу, трэба запасціся цярплівасцю, каб на працягу нейкага часу выслухоўваць жанчыну на гэтую тэму: з усё новымі падрабязнасцямі, яе думкамі, разважаннямі, страхамі і надзеямі...
Вельмі важна таксама не перапыняць жанчыну, калі яна выказвае страхі за будучых дзяцей: «а раптам такое здарыцца ізноў? Што, калі я нейкая непаўнавартасная?» Паверце, запэўніванне «што ты, што ты, усё будзе добра» гучыць вельмі ілжыва. Насамрэч, вы не ведаеце, будзе добра ці не (хаця гісторыі шматлікіх сем’яў, дзе зараз па трое — чацвёра дзяцей, пачыналіся менавіта з перарывання першай цяжарнасці). А таму лепей падзяліце з жанчынай яе страхі, падтрымайце яе і проста паабяцайце сваю дапамогу і патрымку, што б ні здарылася. Гэта значна больш праўдзіва.
Іншая, але гэткая ж балючая сітуацыя складваецца ў жанчын, якія страчваюць дзіця на вялікіх тэрмінах цяжарнасці. У гэтай сітуацыі больш выразным становіцца пачуццё гора і страты: дзіцятка ўжо варушылася, адчувалася, магчыма, бацькі ўжо ведалі, хлопчык гэта ці дзяўчынка, і г.д.
Падчас перажывання гэтага перыяду важна прытрымлівацца тых правілаў, якія мы абмеркавалі вышэй. Вельмі важна ў абедзвюх сітуацыях перажыць развітанне з дзіцяткам. Адным з крокаў да гэтага можа, напрыклад, стаць наданне яму імені. Зрабіць гэта важна, незалежна ад таго, ці ведалі вы пол дзіцяці. Звычайна маці неяк інтуітыўна схіляюцца да таго ці іншага варыянту. Напрыклад, мая знаёмая, якая страціла дзіця, адчувала, што гэта быў хлопчык, і яны з мужам далі яму імя. Прыгожым хрысціянскім звычаем, як мне падаецца, можа стаць малітва за дзіцятка, паданне яго імені на «выпамінкі». Можна таксама зрабіць асаблівым днём памяці дзень магчымага нараджэння дзіцяці (хаця б прыкладны).
Часта жанчын клапоціць пытанне: ці казаць іншым дзецям аб тым, што ў іх ёсць памерлы брацік ці сястрычка? Мне падаецца, што варта гэта зрабіць, зразумела, калі дзеці ўжо крыху пасталелі і разумеюць, што такое смерць. Распавесці дзецям аб гэтым варта спакойна, без залішняга «нагнятання» ці містыкі. Смерць — гэта частка нашага жыцця, і дзіця, асабліва ў хрысціянскай сям’і, павінна аб гэтым ведаць. Напрыклад, у маці св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус было чатыры выкідышы перад нараджэннем Тэрэзы і яе сясцёр. Святая прыгадвала ў сваім дзённіку «Аповед аб адной душы» пра «чатырох анёлкаў», якія разам з яе спачылай маці былі ў небе.
Калі ж з існавання памерлага дзіцяці робіцца таямніца — незалежна, свядома ці несвядома, — гэтае памерлае дзіця рызыкуе стаць для іншых дзяцей не анёлкам, а прывідам. Часта дзеці з такіх сем’яў пачынаюць расказваць гісторыі аб «хлопчыку» ці «дзяўчынцы», якія прыходзяць да іх па начах, гуляюць з імі ці, наадварот, пужаюць.
Можна задацца пытаннем: які ж шлях перажывання страты дзіцяці можна лічыць найлепшым? Напэўна, для мяне адказам можа стаць — «шлях з Богам». У кожнага ён будзе свой. Кожная маці па-рознаму будзе ўспрымаць гэтую трагедыю, але толькі трыванне ў Богу, даручэнне сябе Божай волі можа даць дастаткова сіл, каб жыць далей, мець надзею і не губляць любові.
Наталля Станкевіч