У папярэдняй размове мы разважалі аб тым, як змяняецца жыццё сямейнай пары са з’яўленнем першага дзіцяці. Мы заўважылі, што гэтая падзея, хаця і радасная, становіцца сапраўдным выпрабаваннем для маладых бацькоў. У той жа час, аднак, можна сказаць, што нараджэнне дзяцей у шлюбе з’яўляецца падзеяй натуральнай: такую паслядоўнасць нам дыктуе жыццё.
Але часам складваюцца сітуацыі, калі па нейкіх прычынах дзеці ў сем’ях не нараджаюцца. У сённяшнім артыкуле мы звернем увагу на адну з магчымых прычын гэтага: няплоднасць аднаго ці абодвух сужонкаў.
Па статыстыцы, бяда няплоднасці закранае кожную шостую беларускую сям’ю. Прычын гэтаму спецыялісты знаходзяць шмат: дрэнная экалогія, адсутнасць здаровага ладу жыцця, разнастайныя захворванні і г.д. З псіхалагічнага пункту гледжання можна адзначыць, што часам прычыны сексуальных дысфункцый, якія вядуць да няплоднасці, знаходзяцца «ў галаве» жанчыны ці мужчыны. Разам з тым трэба заўважыць, што псіхалагічныя прычыны няплоднасці рэдка выступаюць «у чыстым выглядзе»: часцей мы маем справу з так званымі псіхасаматычнымі станамі (псіхасаматыка — сфера псіхалогіі, якая вывучае сувязь і ўзаемны ўплыў псіхалагічных і фізічных складнікаў самаадчування чалавека). Такім чынам, пры пастаноўцы дыягназу «няплоднасць» вельмі важнымі з’яўляюцца не толькі наведванні псіхатэрапеўта, але і дасканальнае медыцынскае даследаванне.
Няплоднасць з’яўляецца сапраўднай бядой не толькі з-за сваёй распаўсюджанасці, але і з прычыны таго ўрону, які яна наносіць сем’ям. Кажуць, што душэўныя пакуты чалавека, якому паставілі гэты дыягназ, суразмерныя з тым, што адчувае чалавек, які даведваецца, што ў яго рак.
Псіхалагічны боль часта штурхае людзей на ўчынкі, аб якіх яны самі потым шкадуюць. Таму часта балючыя перажыванні з-за стану здароўя яшчэ больш пагаршаюцца няслушным перажываннем гэтага болю ў сям’і. Менавіта гэтае няслушнае перажыванне, а не сама няплоднасць, на мой погляд, становіцца прычынай распаду шматлікіх сем’яў, якія высветлілі, што не змогуць мець дзяцей.
Якія ж памылкі робяць сужэнцы, даведаўшыся аб цяжкім дыягназе?
Узаемныя абвінавачванні. «Калі б ты ў падлеткавым узросце не паліла...»; «калі б у цябе не было жанчын да мяне...» — гэтыя і падобныя фразы муж і жонка часта адрасуюць адно аднаму. Пры гэтым абвінавачванні могуць быць і абгрунтаванымі: сапраўды, паленне ў падлеткавым узросце, аборты, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, — гэта магчымыя прычыны няплоднасці. І ўсё ж абвінавачванні — гэта няслушны крок. Чаму? Таму, што на той момант, калі сітуацыя ўжо склалася — няплоднасць устаноўлена, — яны проста не маюць сэнсу. Усё ўжо здарылася. Цяпер трэба шукаць выйсце са становішча, глядзець наперад, а не назад. Абвінавачванні ж толькі нараджаюць снежны ком агрэсіі і злосці: «Калі б ты не зрабіў таго — а ты не зрабіла гэтага...» Такое «высвятленне адносінаў» можа доўжыцца да бясконцасці і прывядзе толькі да разрыву гэтых адносінаў. Насамрэч такое «перакідванне» віны мае толькі адну мэту: зняць гэтую віну з сябе, падзяліць свет на чорнае і белае: я добры — ты дрэнная, ці наадварот: я такая адказная, з такой увагай ставілася да свайго магчымага мацярынства — а ты ўсё сапсаваў!
Побач з узаемнымі абвінавачваннямі знаходзяцца самаабвінавачванні. Гэта сітуацыя, калі няплодны сужонак сам «пасыпае галаву попелам», сам бярэ на сябе ўсю віну і адказнасць за тое, што здарылася, сам абвінавачвае сябе. «Як я магла паліць, калі мне было 13 гадоў! Мне ж мама казала, што ад гэтага можа не быць дзяцей!» Істэрыка вакол сітуацыі нагнятаецца, раздаюцца крыкі: «Лепей бы ты са мной развёўся, я сапсавала табе жыццё!» і г.д. Мэта такіх паводзінаў ярка вынікае з рэакцыі другога сужонка. Што можна адказаць, калі жонка ў такім цяжкім стане, так сябе дакарае, так перажывае? «Ну што ты, ты ні ў чым не вінаватая, проста так склалася, я не развядуся з табою, бо я цябе кахаю...» Мэта дасягнута: з «ахвяры» знята ўсялякая адказнасць за стан яе здароўя, ёй цвёрда паабяцана, што ўсё будзе добра. Больш за тое: добра будзе, хутчэй за ўсё, намаганнямі другога сужонка: што ж можа жанчына зрабіць, калі яна перажыла такое гора? (Заўважым, што самаабвінавачванні выкарыстоўваюцца і мужчынамі.)
Аднак акрамя гэтай знешняй мазахісцкай пазіцыі («я сам нападу на сябе, і тады вы не зможаце напасці на мяне»), у самаабвінавачванняў ёсць і другі, унутраны бок. Часам чалавек насамрэч адчувае вельмі моцную віну. Напрыклад, калі жанчына зрабіла аборт у юнацтве і з гэтай прычыны цяпер не можа мець дзяцей. Але гэтая віна часам аказваецца «непад’ёмнай»: яе нельга вытрымаць, яна занадта вялікая і страшная для чалавека. І тады чалавек абвінавачвае сябе ў тысячы іншых рэчаў, больш дробных: «Ой, я паліла ў сёмым класе; ой, я аднойчы ў кароткай куртачцы ўзімку прайшла...» — а ўсё дзеля таго, каб заглушыць голас адной, сапраўднай вялікай віны.
У адным радку з самаабвінавачваннямі стаіць вышукванне прычынаў бяды. Хацела б патлумачыць гэтую невялічкую гульню словаў: прычыны няплоднасці (фізічныя, псіхалагічныя, духоўныя) высветліць неабходна. Хаця б таму, што гэты стан часта паддаецца лячэнню, і сямейная пара можа ізноў атрымаць шанс нарадзіць дзіцятка. Але часам пошук прычын няплоднасці і адначасова спосабаў лячэння становіцца для пары прадметам сапраўднай апантанасці, а нараджэння дзіцяці — самамэтай. У ход ідуць любыя метады — ад урачоў, ЭКО да бабак-шаманак. Людзі перастаюць лічыцца з любымі расходамі — фінансавымі, псіхалагічнымі, маральнымі — і нібы ў асляпленні гатовыя зрабіць што заўгодна, абы дзіця нарадзілася.
Мне падаецца, будзе справядліва сказаць, што духоўным коранем такога стаўлення з’яўляецца адсутнасць пакоры. Зразумела, нельга разумець пакору як пасіўнасць: усё неабходнае дзеля таго, каб дзіця магло нарадзіцца, павінна быць зроблена. Аднак існуюць сітуацыі, калі застаецца толькі сказаць Пану Богу: «Будзь воля Твая» — і пачаць будаваць сваё жыццё, зыходзячы з існуючых рэалій. (Заўважым пры гэтым, што тое, што немагчыма ў чалавека, магчыма ў Бога, і таму перадача ў Ягоныя рукі сітуацыі, якая склалася, магчыма, будзе самым прамым і простым шляхам да здзяйснення мары маладой пары.)
На супрацьлеглым ад вышуквання прычынаў полюсе знаходзіцца замоўчванне праблемы няплоднасці. Гэтая тэма становіцца табу, слова «няплоднасць» і ўсё, што з ім звязана, выключаецца з ужытку маладой пары. Сужонкі робяць выгляд, што ўсё ў парадку, што сітуацыя няплоднасці не правакуе ў іх ніякіх негатыўных пачуццяў — ды і наогул, самой сітуацыі быццам бы і няма. Такі падыход прадстаўляе сабой «бомбу замаруджанага дзеяння» па той простай прычыне, што насамрэч ні сама сітуацыя, ні звязаныя з ёй перажыванні нікуды не знікаюць. Пазбаўленыя выйсця, яны «атручваюць» сужонкаў знутры: страх, пачуццё віны, гнеў, неспакой і іншыя адмоўныя эмоцыі, звязаныя з няплоднасцю, павінны кудысьці выйсці. І калі няма магчымасці выражаць іх наўпрост — абмяркоўваючы, дзелячыся сваімі перажываннямі, — то яны будуць шукаць «ускосныя» шляхі і прарывацца ў сітуацыях, якія, здавалася б, ніякага дачынення да стану здароўя не маюць. Тады і ўзнікаюць узаемныя абвінавачванні кшталту: «Я ёй і слова не сказаў — а яна як звар’яцела, накінулася!..»; «я толькі запыталася, калі ён будзе вячэраць, а ён...» і г.д.
Як жа годна і па магчымасці псіхалагічна камфортна перажываць няплоднасць?
Перш за ўсё трэба адмовіцца ад паняцця «віна» ў дачыненні да сужонка і да сябе: у няплоднасці ніхто не вінаваты. Аднак варта зразумець і ацаніць сваю адказнасць за тое, што адбылося: высветліць прычыны захворвання, вызначыць, ці звязаныя яны з нейкімі вашымі дзеяннямі (паленнем, абортамі ці інш.), і ўзяць сваю меру адказнасці. Аплакаць яе. У духоўным вымярэнні размова абавязкова будзе ісці таксама аб пакаянні, споведзі і паяднанні з Богам, аб перапрашэнні перад Ім, а таксама перад бліжнім (у першую чаргу сужонкам) і перад самім сабою за ўчыненае.
Межы адказнасці, якія мы вызначаем для сябе, маюць як бы два бакі: мы пачынаем лепш разумець, за што мы адказныя, але таксама і тое, за што мы не адказваем. Напрыклад: высветліўшы, што жонка няплодная, муж у гневе і расчараванні здрадзіў ёй з іншай жанчынай. У гэтым выпадку асноўная адказнасць за здраду ляжыць менавіта на мужчыну: ніякія дрэнныя эмоцыі не з’яўляюцца падставай для здрады.
Менавіта паняцце адказнасці дазваляе нам не асуджаць і не абвінавачваць адно аднаго ў сітуацыі, якая склалася. Аднак адсутнасць абвінавачванняў не азначае, што на чалавеку няма ніякай адказнасці.
З другога боку, калі мы не асуджаем іншага, гэта не значыць, што мы не адчуваем болю і не можам аб ім казаць. Якраз наадварот. Але варта казаць аб сваім болю, сваіх перажываннях. Вельмі дапамагаюць у гэтым так званыя «Я-выказванні». Выкарыстоўваючы іх, мы распавядаем аб сабе, а не аб суразмоўцы. Так, замест «Як ты магла зрабіць аборт у 16 гадоў! Бачыш, да чаго гэта прывяло?! Што зараз рабіць?!» — можна сказаць: «Мне вельмі балюча, што з-за таго аборту мы зараз маем праблемы з нараджэннем дзяцей. Я б хацеў, каб той сітуацыі ў тваім жыцці ніколі не было. Мне вельмі цяжка прыняць наступствы гэтага. Я разгублены, не ведаю, што рабіць. Але я спадзяюся, што мы зможам пераадолець гэтую сітуацыю». Такое шчырае і адначасова не абражаючае суразмоўцу вызнанне сваіх пачуццяў можа стаць адным з найлепшых сродкаў пераадолення цяжкай сітуацыі, звязанай з няплоднасцю.
Духоўным жа падмуркам у гэтай сітуацыі, як мне падаецца, з’яўляецца пакора, прыняцце свайго сужонка, а зрэшты — сапраўднае каханне. Кожны чалавек робіць памылкі, некаторыя з якіх каштуюць потым вельмі дорага. Аднак той, хто не зрабіў гэтых памылак, можа хутчэй дзякаваць за гэта Богу, а не песціць пыху, звысоку паглядаючы на свайго бліжняга. Варта таксама прыгадаць, што, калі мы бралі шлюб, то абяцалі вернаць адно адному ў здароўі і хваробе. Мы абіралі адно аднаго, каб з Божай дапамогай і ў Божай ласцы развіваць сваё каханне. Дзеці становяцца цудоўным плодам гэтага кахання, плодам, у стварэнні якога галоўную ролю іграюць нават не бацькі, а Бог, які дае дзіцяці несмяротную душу. Дзеці — гэта дар Бога, аднак Ён не абавязаны спасылаць гэты дар. Магчыма, хоць чалавек часта гэтага не разумее, якраз няплоднасць становіцца дарам Божай міласэрнасці для сямейнай пары. А паколькі паўната праўды схавана ад чалавечага разумення, варта імкнуцца ажыццяўляць нават у самых складаных сітуацыях прынцып «Будзь воля Твая!».
Наталля Станкевіч