Пошук


Не паспелі адгрымець навальніцы першага года сямейнага жыцця, як на гарызонце з’яўляецца новы складаны перыяд: за плячыма маладых сужонкаў засталіся першыя тры гады сужэнства. Гэты крызіс звязаны, аднак, не столькі з колькасцю пражытых разам гадоў, колькі з адной вельмі важнай падзеяй — з’яўленнем у сям’і першага дзіцятка. Таму часам можна сустрэць і такую назву: «Крызіс першага дзіцяці».

Здавалася б, такая радасная падзея — які ж крызіс можа быць з ёю звязаны? Аднак успомнім азначэнне крызісу, якое мы разглядалі ў папярэдней размове: крызіс — гэта кропка павароту, момант, пасля якога сістэма ўжо не можа функцыянаваць так, як рабіла дагэтуль. З’яўленне новага жыцця радыкальна змяняе жыццё сужонкаў, якія цяпер становяцца не толькі мужам і жонкай, але таксама мамай і татам. Гэтыя новыя ролі патрабуюць ад іх вельмі шмат высілкаў, прыняцця новых рашэнняў, адным словам, прапануюць ім адчуць сябе абсалютна новымі людзьмі. Змяняюцца іх адносіны паміж сабою, у іх пару ўступае нехта трэці — дзіцятка са сваімі патрэбамі, клопатамі і радасцямі. Гэта сапраўдны выклік для сужонкаў, а таму мы можам назваць гэты перыяд крызісным.

Такім чынам, сёння мы паразмаўляем пра тое, як з’яўленне дзіцяці ўплывае на сямейнае жыццё. Уплыў гэты пачынаецца насамрэч задоўга да нараджэння маленькага. Калі сужонкі адказна ставяцца да цяжарнасці, то ўжо працэс падрыхтоўкі да яе ўнясе ў сямейнае жыццё новыя, нязвыклыя моманты: наведванне дактароў, своечасовае выкананне прышчэпак і іншых неабходных працэдур, праверка стану здароўя мужа і жонкі і г.д.

Сама ж цяжарнасць надае гэтаму працэсу вельмі яскравае псіхалагічнае вымярэнне, і ў гэтым працэсе мужчына і жанчына займаюць вельмі розныя пазіцыі. Перш за ўсё справа тут у тым, што цяжарнасць адбываецца толькі ў жаночым целе. Мужчына, нават калі ён вельмі імкнецца зразумець і падтрымаць жонку, фізічна не зможа падзяліць з ёю яе стан і звязаныя з ім адчуванні. Адначасова і жонка не можа зірнуць на сітуацыю вачыма мужа, бо яна вельмі глыбока «ўцягнута» ў гэты працэс, які для яе становіцца не знешнім, а ўнутраным.

Наконт спецыфічнага эмацыйнага стану цяжарнай жанчыны напісана вельмі шмат. Адзначаюць яе непрадказальнасць, эмацыйнасць, частыя змены настрою і г.д. Мне хацелася б звярнуць увагу на больш глыбокі ўзровень эмацыянальнасці цяжарных: справа ў тым, што цяжарнасць, роды і маленства дзіцятка — гэта для жанчыны час псіхалагічнага вяртання ў яе ўласнае дзяцінства. Працэс гэты неабходны таму, што інакш жанчына проста не змагла б усталяваць псіхалагічную сувязь са сваім немаўляткам, разумець яго жаданні і патрэбы. Без гэтага немагчымы якасны сімбіёз — з’яднанне маці і дзіцятка быццам у адну жывую істоту; гэты стан пачынаецца, калі жанчына толькі носіць дзіця пад сэрцам, але працягваецца і некаторы час пасля родаў.

Разам з тым вяртанне ў дзяцінства мае і свае адмоўныя бакі: ажываюць усялякія дзіцячыя страхі, трывогі, пачуцці, аб якіх жанчына, магчыма, не памятала ўжо доўгія гады. Гэтыя «візіцёры» з дзяцінства настолькі моцныя, што часам робяць паводзіны жанчыны неадэкватнымі, апускаючы яе на адну прыступку з маленькай дзяўчынкай.

Напрыклад, адна мая знаёмая якраз зараз перажывае пачатак цяжарнасці і трапіла ў шпіталь на захаванне, дзе і правяла даволі шмат часу. У дзяцінстве ў яе быў вельмі траўматычны досвед, звязаны са шпіталямі, бо яе пакідалі там адну, хаця яна была яшчэ маленькім дзіцяткам. І вось на другі тыдзень яе знаходжання ў шпіталі, нягледзячы на тое, што пагроза перарывання цяжарнасці знікла і аб’ектыўна сітуацыя была даволі спрыяльнай, у маёй знаёмай пачалося каласальнае адчуванне сваёй пакінутасці і адзіноты, страху за сябе. Гэтыя пачуцці былі настолькі моцнымі, што правакавалі нават навязлівыя думкі аб самагубстве. На шчасце, яе хутка выпісалі, і гэты стан знік.

Фізічны стан цяжарнай жанчыны часта спрыяе развіццю такіх страхаў і навязлівых пачуццяў. Цяжарнасць — гэта вельмі маштабны працэс — фізічны, фізіялагічны, гарманальны — і, зразумела, ён не можа праходзіць без усялякіх фізічных праяваў. Таму цяжарная жанчына пастаянна прыслухоўваецца да сябе, адзначае змены ў сваім стане: то штосьці ўкалола, то забалела, то нешта яшчэ... Зразумела, што калі гэтыя змены накладуцца на павышаную трывожнасць самой жанчыны, гэта можа стаць прычынай пастаяннага стрэсу для яе. А калі ўжо, барані Божа, пачынаюцца сапраўдныя складанасці — моцныя болі, з’яўляецца кроў, — гэта сапраўдны шок для жанчыны.

Што ж у гэтай сітуацыі застаецца рабіць мужчыну?

Мае спачуванні — вы можаце толькі перажыць гэта, як стыхійнае бедства!

Пры гэтым важна памятаць, што ў той час, калі жанчыну катуюць негатыўныя праявы цяжарнасці, мужчына — гэта той, хто павінен захаваць «цвярозую галаву» і менавіта ў гэтыя цяжкія моманты быць яшчэ большай падтрымкай і апорай для жонкі. Гэтая падтрымка можа выяўляцца ў самых розных рэчах — ад элементарнага выканання дамашніх спраў, у выпадку, калі жанчына не можа сама даць ім рады, да цвёрдага мужчынскага «ўсё будзе добра» ў такіх страшных сітуацыях, калі, напрыклад, асяроддзе жанчыны па нейкіх прычынах штурхае яе на аборт.

Але вось цяжкасці і радасці цяжарнасці і народзінаў засталіся ў мінулым. Дома ў маладой пары з’яўляецца новая маленькая істота, якая цалкам пераварочвае жыццё дарослых. Што адбываецца ў псіхалагічнай прасторы сям’і ў час маленства дзіцяці?

Маці цалкам «пагружаецца» ў мацярынства — сваю новую ролю. Дзіця літаральна становіцца для яе цэнтрам сусвету, ад якога залежаць усе яе дзеянні, усе думкі і пачуцці. Першая ўсмешка, першы крок — усё гэта выклікае захапленне ў маці, захапленне настолькі моцнае, што часта яна не бачыць нічога і нікога навокал...

...Уключаючы ўласнага мужа.

Муж адыходзіць быццам на другі план: так, ён ёсць дзесьці на гарызонце, штосьці кажа, дзейнічае, часам дапамагае з дзіцём, — але гэта толькі цьмяны цень, а не жывы чалавек.

Уяўляеце, як даводзіцца адчуваць сябе мужу? Нічога прыемнага, ці не праўда?

Зразумела, з аднаго боку такое стаўленне жанчыны абгрунтавана: яна фізічна аддае ўсе сілы немаўляці. У выніку — хоць бы паспаць падолей, дзе ж там час на мужа?

Аднак бываюць сітуацыі, калі жанчыны нават не падпускаюць тату да немаўлятка, вядуць сябе агрэсіўна, не дазваляюць трымаць маленькага  на руках, прымаць удзел у клопатах аб ім. Такім чынам, тата «выганяецца» з сімбіятычных адносінаў «маці-дзіця» і адчувае сябе пакінутым, бездапаможным і непатрэбным.

Аднак і ў гэтай няпростай сітуацыі мужчыну адведзена вельмі важная роля. Відавочна, што дыяда «маці-немаўля» не можа існаваць вечна. Дзіця падрастае, ягоныя патрэбы змяняюцца і значна пашыраюцца: цяпер яму мала толькі таго, што мама корміць, мяняе пялюшкі — адным словам, задавольвае ягоныя фізічныя жаданні. У дзіцяці прачынаецца цікаўнасць да навакольнага свету, поле ягонага ўспрымання пашыраецца, ён пачынае аддаляцца ад мамы — і вось тут на сцэну ўступае тата. Менавіта мужчына становіцца тым трэцім, хто разбівае сузалежныя адносіны мамы і дзіцяці. Раней мы ўжо распавядалі аб працэсе сепарацыі і наогул аб тых стадыях псіхалагічнага развіцця, праз якія праходзіць дзіця. Зараз паглядзім на разбурэнне сімбіёзу маці і дзіцяці з пункту гледжання адносінаў паміж сужонкамі.

Праваслаўная манахіня, псіхолаг Ніна Крыгіна ў сваіх лекцыях па сямейнай псіхалогіі адзначала, што сучасныя сем’і, усе як адна, хворыя на «востры педацэнтрызм». Гэтая «хвароба» выражаецца ў тым, што цэнтрам увагі сям’і амаль заўсёды з’яўляюцца дзеці.  Узнікае пытанне: што ж у гэтым дрэннага? Хіба не трэба звяртаць на дзяцей увагу, любіць іх? А што датычыцца фізічных патрэбаў дзіцяці, то задавольваць іх — гэта бацькоўскі абавязак.

Усё сапраўды так. Зразумела, што нельга абыходзіць дзяцей увагай, любоўю, пакідаць іх без неабходнай дапамогі. Гаворка ідзе аб адносінах. Вельмі часта пасля нараджэння дзіцяці яно становіцца для маці галоўным чалавекам у свеце. Часта можна, напрыклад, бачыць, як мама, абдымаючы маленькага сына, кажа: «Вось галоўны мужчына майго жыцця!» Але — прабачце. Галоўны мужчына для жанчыны — гэта яе муж, чалавек, якога яна сама абрала сабе спадарожнікам па жыцці. Якая ж роля застаецца яму? «Ай, — кажуць жанчыны, — у мяне муж — гэта яшчэ адно дзіцятка!» Адчуваеце? Муж — дзіцятка, а галоўны мужчына — сын. Якая падмена роляў! Падаецца — гэта ж любоў да дзіцяці, аднак нічога супольнага з любоўю такая сітуацыя не мае. Пазней сын вырастае, яму трэба пачынаць сваё жыццё, у тым ліку шукаць будучую жонку — а ён па-ранейшаму галоўны мужчына для мамы! Калі нават сітуацыя дзяцінства пройдзе для яго без псіхалагічнай траўмы — ён усё роўна не пазбегне пачуцця віны за тое, што пакідае сваю матулю, аддзяляецца ад яе, пакідае яе — з кім? З чалавекам, якога яна не паважае, які не служыць для яе апорай і, па-сутнасці, за гэтыя гады паспеў стаць абсалютна чужым і нецікавым (калі зусім не пакінуў сям’ю).

Таму і настолькі важная функцыя таты, тая роля, якую ён адыгрывае, пакуль дзіця яшчэ зусім маленькае: ягоная задача — вярнуць сабе жонку, па-ранейшаму займаць ролю галоўнага мужчыны і чалавека для яе. Гэта — аснова здаровай сямейнай іерархіі: галоўны — тата, потым мама, потым дзеці (безумоўна, любімыя, але не галоўныя). Такая іерархія мае вельмі шмат праяваў. Ніна Крыгіна, напрыклад, задае сваім слухачам такое пытанне: «Вы прынеслі дамоў нешта смачненькае. Каму вы дасьце першы кавалак?» Задумайцеся, паважаныя чытачы, і вы над гэтым пытаннем... Мне падаецца, што значная большасць адказала б: «Дзецям!» — прычым ні секунды не вагаючыся. І як пры гэтым патлумачыць дзіцяці, што галоўны ў сям’і — тата?..

Такім чынам, мужчына павінен мець дастаткова рашучасці, каб ізноў заняць галоўную пазіцыю ў жыцці жанчыны. Зразумела, што не варта дабівацца гэтага енкамі і стогнамі «ты мяне зусім пакінула!». Пастарайцеся «мякка, але цвёрда» ўвайсці ў адносіны мамы і дзіцяці — праз дапамогу, падтрымку, жаданне прыняць удзел: «Давай дапамагу пакупаць маленькага». — «Не, ты што, ты яго ўроніш, не падыходзь, я сама!» — «Не, я ўсё ж дапамагу. Ты мая жонка, гэта маё дзіцятка. Я таксама хачу ўдзельнічаць у ягоным выхаванні». Такіх прыкладаў можна прывесці шмат.

Яшчэ некалькі словаў аб любові. Некалі мы казалі, што пачуццё любові складаецца з дзвюх частак — пяшчоты і жарсці. Гэтыя два складнікі ёсць у любым пачуцці любові — да мужа, жонкі, дзяцей, Радзімы, бацькоў, сваёй справы і г.д. Але відавочна, што прапорцыі гэтых складнікаў розныя. Так, мужа, жонку мы любім больш жарсна, хоць і пяшчоту праяўляем. А дзяцей — наадварот: пяшчотна.

Але калі нараджаецца дзіцятка, жанчына перажывае такі выбух пачуццяў, што яе адносіны да малога становяцца жарснымі (не блытаць з сексуальнымі!). Жанчына не проста любіць дзіцятка, а ТАК ЛЮБІЦЬ, НУ ПРОСТА — ТАК ЛЮБІЦЬ, што не надыхаецца на яго, проста так бы і з’ела!

Задача мужчыны, такім чынам — вярнуць сабе жарсць сваёй жонкі, адвесці яе ад асляплення любоўю да дзіцяці, павярнуць пачуцці ў здаровае рэчышча.

На заканчэнне трэба адзначыць, што цяжкасці, звязаныя са з’яўленнем першага дзіцяці, сустрэнуцца на шляху сям’і і з нараджэннем кожнага наступнага. Але чым больш вопытнымі становяцца бацькі, чым больш мудрасці атрымліваюць, тым спакайнейшымі будуць гэтыя сітуацыі.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа