Гэтай размовай я хацела б пачаць гутарку аб крызісах сямейнага жыцця. Напэўна, вы, шаноўныя чытачы, ужо нешта чулі аб гэтай з’яве: напрыклад, што крызісаў на працягу шлюбу некалькі, што здараюцца яны прыкладна ў адны і тыя ж перыяды ў розных сем’ях, а таксама тое, што крызіс — гэта той час, калі сям’ю спасцігаюць нейкія клопаты, турботы, а таму, на жаль, павялічваецца рызыка сямейных спрэчак, скандалаў, непаразумення і нават разводаў.
У наступных артыкулах мы дэталёва абмяркуем кожны з гэтых крызісаў і тыя цяжкія і непрыемныя моманты, якія ім спадарожнічаюць (нагадваю, што вельмі карыснымі для такой размовы былі б вашы пытанні, бо ў кожнай сям’і можна адшукаць нейкія ўласныя сітуацыі, праблемы, размова пра якія была б дапамогай як для самой сям’і, так і для іншых — як прыклад з жыцця).
Сёння, аднак, я хацела б спыніцца на двух больш агульных пытаннях: па-першае, варта абмеркаваць самую ролю крызісу ў сямейным жыцці; па-другое, добра было б убачыць агульны фундамент усіх крызісаў, паглядзець, чым яны падобныя адзін да аднаго.
Пачнём з першага пытання.
Часта слова «крызіс» успрымаецца людзьмі як нешта негатыўнае. Эканамічны крызіс; крызіс сярэдняга ўзросту; крызіс веры; крызісны стан пры хваробе — усё гэта не пакідае нам ніякага аптымізму. Аднак калі зірнуць на з’яву крызісу з навуковага пункту гледжання, мы даведаемся, што ён уяўляе сабой нейкі пераломны момант развіцця складаных сістэм (а сям’я — гэта, даводжу да вашай свядомасці, вельмі складаная, па-навуковаму кажучы, чалавекапамерная сістэма, і развіццё яе адбываецца па надзвычай шматпамерных, нелінейных і часта непрадказальных законах). Прычым пераломны момант гэты наступае тады, калі рэсурсы, за кошт якіх сістэма існавала дагэтуль, аказваюцца вычарпанымі. У такой сітуацыі сістэма аказваецца літаральна перад шэкспіраўскім «быць альбо не быць»: ці то загінуць, ці то знайсці новыя рэсурсы і новыя спосабы існавання і такім чынам перайсці на іншую ступень развіцця.
З вышэйсказанага можна заўважыць, што крызіс, такім чынам, з’ява хаця і складаная, аднак не цалкам негатыўная. Змяшчаючы сістэму (сям’ю, напрыклад) у цяжкія абставіны, ён, аднак, не абавязкова вядзе за сабою поўны крах. Крызіс, выпрабаванне, дае нам магчымасць выбару, адной з альтэрнатыў якога з’яўляецца не толькі далейшае жыццё, але і ўзрастанне. Усё насамрэч залежыць ад таго, як гэты крызіс годна перажыць і як ім скарыстацца.
Звернемся цяпер да другога пытання. Мы сказалі, што сістэма ўступае ў час крызісу тады, калі вычэрпваюцца рэсурсы, за кошт якіх яна існавала дагэтуль. Што ж з’яўляецца такім рэсурсам існавання ў сямейным жыцці? Як мы толькі што азначылі, сям’я — гэта чалавекапамерная сістэма. Гэта значыць, што цэнтральным яе элементам з’яўляецца чалавек, а дакладней — тыя двое людзей, што стварылі сям’ю. Такім чынам, на першы план у існаванні сям’і выступае тое, што прама звязана з людзьмі: іх жаданні, патрэбы, страхі, перакананні, іх уяўленні аб жыцці, светапогляд, жыццёвы досвед, меркаванні аб тым, як павінна выглядаць добрая сям’я, іх сістэма каштоўнасцяў, і, зразумела, іх пачуцці адно да аднаго.
Заўважце: сярод гэтых рэсурсаў няма нічога, што звычайна становіцца краевугольнымі камянямі — пытаннямі пры заключэнні шлюбу ў нашы дні: ні «колькі ты зарабляеш?», ні «а кватэра ў цябе ёсць?», ні «якой маркі машыну маеш?» і г.д. Варта памятаць: сям’я — гэта ЧАЛАВЕКАпамерная сістэма. А не «КВАТЭРАпамерная», «ЗАРОБКАпамерная», «МЭРСЕДЭСАпамерная» і г.д. Доказам таму могуць служыць шматлікія гісторыі людзей, які шчасліва жылі ці жывуць у аднапакаёвых кватэрах і ездзяць на аўтобусах, — і трагічныя лёсы тых, хто ўступае ў шлюб, як кажуць, «па разліку», прывабленыя грашыма, кватэрамі ці машынамі. Ёсць такая прымаўка: «шлюб можа быць і па разліку — галоўнае, каб разлік быў правільны». Аказваецца, што матэрыяльныя каштоўнасці — гэта «няправільны разлік».
Неяк я глядзела цудоўны расійскі серыял «Спас пад бярозамі». Ён апавядае аб жыцці невялікага праваслаўнага прыходу — аб бацюшку і ягонай сям’і, а таксама аб лёсах прыхажанаў. У адной з серый быў эпізод пра прыхадскі хор, дакладней, пра канфлікт паміж дзвюма харысткамі. Справа была ў тым, што адна з гэтых дзяўчат заўсёды прыязджала на рэпетыцыі на дарагой машыне; іншая, небагатая дзяўчына, вельмі ёй зайздросціла і як магла псавала той жыццё. Калі канфлікт гэты амаль не прывёў да распаду хору, усе ўдзельнікі змаглі паразмаўляць шчыра, і вось што адкрылася. Багатая дзяўчына пачала плакаць і расказала, што выйшла замуж за багатага чалавека «па разліку», без любові. І цяпер яна кажа: «Ты зайздросціш маёй машыне — а яна не мая, гэта машына мужа; дом, дзе я жыву — не мой, а мужа, я не магу нават нічога там зрабіць па свайму густу, бо разлік там толькі на тое, каб усё было вельмі дарагое, а прыгожа гэта ці не, не мае значэння; муж не дае мне магчымасці мець дзяцей, бо ад цяжарнасці я страчу фігуру і не змагу насіць гэтыя дарагія сукенкі…» І гэтак далей. Відаць, нікому б не хацелася апынуцца на месцы гэтай дзяўчыны.
Напэўна, самым відавочным рэсурсам і, можна сказаць, імпульсам да стварэння шлюбу з’яўляюцца нашы пачуцці да абранніка (абранніцы). Але пачуцці, як і сам чалавек, — гэта не нешта статычнае, застылае і пастаяннае. Яны змяняюцца з цягам часу. Адным з напрамкаў гэтых зменаў з’яўляецца тое, што пачуцці страчваюць былую моц. Сапраўды: калі мы закахаліся — гэта як агонь ці вывяржэнне вулкана: усё ўнутры нас грае і спявае, мы лётаем як на крылах, мы цалкам захопленыя нашым пачуццём, а калі яно яшчэ і ўзаемнае — то адчуваем сябе проста на «сёмым небе». Аднак, як не можа вечна працягвацца вывяржэнне вулкана, нават самае моцнае, так і наша жарсць і захапленне праходзяць. Рэсурс заканчваецца; пачынаецца крызіс, які ставіць пытанне «што далей?». Асаблівую страту гэтыя крызісныя з’явы маюць тады, калі пад уплывам пачуццяў пара ўжо аказалася ў шлюбе і адчувае, што проста так спасаваць і збегчы ўжо не атрымаецца. Маладыя ў такой сітуацыі часта адчуваюць сябе падманутымі, расчараванымі, захопленымі ў палон: яны чакалі ад шлюбу чагосьці аднаго, а выйшла зусім па-іншаму, і вось ужо няма таго захаплення, няма бушуючых пачуццяў, асляплення… І чароўны прынц (прынцэса), з якім у адну хвіліну звязалі сваё жыццё, нечакана аказваецца звычайным чалавекам, які мае столькі раздражняючых недахопаў! «І што цяпер?» — пытаюцца маладыя сужэнцы, і мы можам з упэўненасцю казаць, што назіраем першы крызіс сямейнага жыцця — крызіс першага года шлюбу.
На жаль, для вельмі высокага працэнту сем’яў у нашай краіне гэтым крызісам шлюб і заканчваецца. Наступае развод, і два ўжо незалежных адно ад аднаго чалавека ізноў накіроўваюцца на пошук «выбуху эмоцый». Не сышліся характарамі…
Іншы, больш аптымістычны варыянт — калі на падставе шэкспіраўскага «быць альбо не быць?» узнікае пытанне Чарнышэўскага «што рабіць?». Ізноў такі — хачу звярнуць вашу ўвагу: пытанне «што рабіць?», а не «хто вінаваты?». Высвятленне адносінаў па прынцыпу хто каго больш раздражняе не прыносіць нічога, акрамя ўзрастання злосці, нянавісці, і ў выніку хлопец здзіўляецца самому сябе: «як я мог ажаніцца з такой змяёй?!», а дзяўчына плача: «куды я глядзела, што не ўбачыла, за якую пачвару выйшла?!» У такой сітуацыі крызіс прывядзе да разводу, і нікуды болей.
Супрацьлеглая памылка, якую таксама часам робяць маладыя сужэнцы, — гэта рабіць выгляд, што ўсё выдатна, што пачуцці ад моманту шлюбу ні на кропельку не астылі, не змяніліся, і што наогул ніякія праблемы і крызісы шлюбу іх не датыкаюцца: як жылі бесклапотна на сёмым небе, так і жывуць. А крызісы — гэта для тых, хто застаўся на грэшнай зямлі.
Клопат, аднак, у тым, што на нябёсах жывуць анёлы, а звычайныя людзі, нават з самымі моцнымі пачуццямі, вяртаюцца на зямлю, і калі яны хаваюць гэты працэс вяртання — крызіс разгараецца, магчыма, пазней, але не менш жорстка.
Тое ж самае адбываецца і з іншымі крызісамі сямейнага жыцця. Пачуцці змяняюцца пастаянна. Напрыклад, спачатку дамінуе захапленне, потым — проста жаданне быць побач, потым — павага і г.д. Зразумела, што поплеч з імі існуюць і негатыўныя пачуцці: раздражненне, стомленасць, абурэнне і г.д. Гэта вельмі складаная палітра эмоцый, жаданняў, страхаў, надзей і мараў, ілюзій, думак і меркаванняў, і гэтая палітра розная ў кожнага канкрэтнага чалавека. Таму вельмі складана (можна сказаць, немагчыма) даць адну нейкую параду па пераадольванні сямейных крызісаў.
Аднак некаторыя агульныя рэчы ўсё ж можна вылучыць.
Першае. Каб добра перажыць любы крызіс адносінаў, трэба памятаць дзве рэчы: па-першае, ваша любоў і ваш шлюб былі вынікам вашага дабравольнага і свядомага выбару. Таму менавіта захаванне вернасці вашым шлюбным абяцанням варта паставіць на першае месца. Няхай гэта стане для вас канкрэтнай мэтай, якую неабходна дасягнуць, нягледзячы на ўсялякія «мне ўсё надакучыла», «я стаміўся (стамілася)»; «мне гэтага больш не хочацца» і г.д. Вернасць сваім словам, свайму каханню і свайму рашэнню, як мы ўжо сказалі, — гэта прыярытэт нумар 1.
Другое. Калі мы вызначылі наш прыярытэт нумар 1 і вырашылі прытрымлівацца яго, нам ужо не так складана прызнаць, што шлях да гэтай мэты доўгі і няпросты, а магчыма, непасрэдна зараз парос цернямі крызісу. Справа ў тым, што шмат маладых сужонкаў сваёй мэтай ставяць пастаяннае, нязменнае і непраходзячае адчуванне прыемнасці да шлюбнага жыцця. Калі ў шлюбе стала непрыемна — значыць мэта не дасягнута, а як яе дасягнуць, не вельмі зразумела. Значыць, шлюб не апраўдаў чаканняў. А калі так — навошта ён патрэбны? Такім чынам, варта пазбягаць у якасці мэты вызначаць прыемны шлюб, а не шлюб сам па сабе.
Выбраўшы прыярытэтам шлюб, мы можам, як я ўжо казала, з меншым страхам пачынаць абмяркоўваць складанасці нашага шляху да гэтай мэты. Абмеркаванне — гэта адна з самай моцнай зброі ў барацьбе з крызісам.
Што нам патрэбна для таго, каб абмеркаваць са сваім мужам (жонкай) цяжкасці шлюбнага жыцця?
Па-першае, відавочна, уменне і жаданне размаўляць адно з адным і слухаць адно аднаго. Вельмі шмат сямейных пар гэтага зараз рабіць не ўмеюць. Вельмі часта таксама я сустракаю маладых хлопцаў і дзяўчат, якія заўзята цалуюцца хвілінамі без перапынку ў метро ці на лавачках. А ў кароткіх перапынках паміж пацалункамі сядзяць моўчкі… Часам у мяне складаецца ўражанне, што цалуюцца яны проста таму, што ім няма чым сябе заняць: раз прыйшлі на рамантычную сустрэчу, раз сядзім побач — трэба ж нешта рабіць! А няўменне паразмаўляць, пажартаваць, распавесці штосьці адно аднаму, а часам і адсутнасць цікаўнасці да іншага за выключэннем сексуальнага жадання не дазваляе заняцца чымсьці іншым, чым пацалункамі.
Таму — размаўляем адно з адным у шлюбе! Цікавімся, як справы на працы, што цікавага хто прачытаў ці пачуў, іншымі словамі — пазнаем свайго мужа (жонку)! Калі ёсць праблемы з камунікацыяй — гэтаму можна навучыцца! Памятаем: у нас ёсць мэта — захаванне і ўмацаванне нашага шлюбу! Прыкладаем намаганні, каб дасягнуць яе!
Зразумела таксама, што варта абмяркоўваць не толькі знешнія падзеі, але і ўнутраныя станы членаў сям’і. А для гэтага трэба навучыцца разбірацца ў сваіх пачуццях, называць іх па імёнах, каб дакладна перадаць свой стан іншаму чалавеку.
Па-другое, нам патрэбны давер. Трэба навучыцца давяраць свайму сужонку і аказваць яму (ёй) свой давер і падтрымку.
Далей, разам шукае выхад з цяжкасцяў! Не абвінавачваем адно аднаго: «ты гэта зрабіў, а гэтага не зрабіў!», а кожны думае аб сабе: што я зрабіў, каб наш шлюб быў больш трывалым і больш шчаслівым?
І, нарэшце, трэцяе. Існуе вельмі просты спосаб, які зніжае напружанасць у сям’і, не дае ёй моцна ўзрастаць і робіць камунікацыю і наогул узаемадзеянне паміж членамі сям’і больш прыемным для ўсіх. Гэта звычайная ветлівасць. Часта мы ўжываем ветлівыя словы толькі з малазнаёмымі ці наогул незнаёмымі людзьмі: кажам «дзякуй», «калі ласка», «выбачайце»… Але ў сем’ях гэтых словаў часта не чуваць. Як часта, напрыклад, вы кажаце свайму мужу: «Калі ласка, вынесі вядро са смеццем!», а пасля дадаяце: «Дзякуй, любы, ты вельмі дапамог!»? Ці часцей ад вас можна пачуць: «Ты што, не бачыш — смецце ўжо на падлогу валіцца! Хаця б раз вынес без напаміну!»? З іншага боку, ці часта вы дзякуеце сваім жонкам за прыгатаваны абед? За прыбраную кватэру? За папрасаваныя кашулі? Ці, можа, успрымаеце гэта як належнае?
Ветлівасць, такім чынам, — гэта выдатны спосаб паказаць сваю павагу да чалавека, павагу, на якой заснавана сапраўднае каханне.
Далей. Ніхто не казаў, што шлюб не павінен мець радасці. Прыемныя сюрпрызы, нечаканыя кветкі для жонкі ці маленькія карысныя падарункі для мужа, рамантычны вечар у кафэ, выезд на прыроду, прагулка — гэта тыя дробныя хітрасці, якія дапамогуць аднавіць вашы пачуцці і бліжэй пазнаць адно аднаго.
І, напэўна, самае галоўнае. Больш за ўсё шлюб умацоўвае сумесная малітва, святая Імша, прыняцце Камуніі, удзел у сямейных рэкалекцыях — адным словам, багатае духоўнае жыццё. Як кажа нам псальм: «Калі дома Пан Бог не збудуе — дарэмныя высілкі будаўнікоў». Дом, пастаўлены на пяску, не ўстаіць. Дом, пастаўлены на скале, вытрымае буру і застанецца цэлым. Усё, аб чым мы казалі вышэй — павага, вернасць сваім абяцанням, уменне і жаданне слухаць і падтрымліваць адно аднаго, ветлівасць і, нарэшце, бліскучыя ідэі наконт таго, як зрабіць нешта прыемнае для мужа ці жонкі, — усё гэта мае карані ў адной галоўнай Крыніцы Любові — нашым Нябесным Валадару і Айцу.
Наталля Станкевіч