Пошук


Менавіта з такім пытаннем звярнулася да мяне ў лісце мая чытачка са сваімі сяброўкамі. Пытанне мне падалося вельмі актуальным і цікавым для маладых дзяўчат, таму з задавальненнем паспрабую на яго адказаць.

Распачну свой адказ з такога тэзісу: трэба шукаць не мужа ці хлопца — трэба шукаць Божай волі!

Гэтыя словы часта прыводзяць святары ці сёстры законныя падчас катэхезаў, прысвечаных адносінам паміж мужчынскім і жаночым полам. Часам, пачуўшы іх, дзяўчаты пачынаюць нудзіцца і сумаваць: «Ну вось — настолькі „гарачае“, можна сказаць, набалелае практычнае пытанне з жыцця — а тут ізноў пра Божую волю!... Хаця б яшчэ дакладна сказалі, як і дзе яе шукаць!...».

Насамрэч, пошук Божай волі зусім не выключае ўсталяванне добрых адносінаў з хлопцам, а з цягам часу і шлюб. Валадарства Нябеснае зусім не супрацьпастаўляе сябе нашаму зямному жыццю з ягонымі патрэбамі. Сам Пан Езус кажа нам: «Шукайце найперш Божага Валадарства — усё астатняе будзе дадзена вам... Таму што Пан Бог ведае, у чым маеце патрэбу».

Што ж мы бачым у гэтых словах?

Па-першае, аказваецца, Бог «у курсе» нашага жадання знайсці добрага хлопца, заснаваць трывалую сям’ю, кахаць і быць каханымі. Больш за тое, Ён не мае нічога супраць гэтых жаданняў, бо любоў паміж сужонкамі — гэта правобраз Ягонай любові да Касцёла. Іншымі словамі, у каханні паміж хлопцам і дзяўчынай Бог бачыць святасць. Менавіта як шлях да святасці Ён і стварыў гэтыя адносіны.

Па-другое, Бог падказвае нам, што рабіць, каб прыгажосць адносінаў паміж паламі заквітнела «ў поўную моц». Ён кажа, што найперш трэба шукаць Яго і Ягонага Валадарства, і менавіта на гэтым фундаменце будаваць адносіны з хлопцамі (для хлопцаў — з дзяўчатамі).

Што гэты пошук азначае, і як ён праяўляецца ў нашым паўсядзённым жыцці?

Першая і вельмі важная справа — гэта, безумоўна, малітва. Існуе шмат тэкстаў малітваў аб будучым мужу (жонцы). Кожны можа выбраць на свой густ, і, трываючы ў гэтай малітве, аддаваць у рукі Пана сваю будучыню, сваё каханне і сямейнае шчасце. Такім чынам, калі вы нарэшце сустрэнеце таго чалавека, з якім захочаце правесці ўсё жыццё, і ён, і вашае будучае сужэнства ўжо будуць «прамоленымі», атрымаюць ласку ад Пана.

Але малітва — гэта яшчэ не ўсё. Бог жадае супрацоўнічаць з чалавекам, каб будаваць сваё Валадарства ў сэрцы кожнага. Бог «стаіць на парозе і стукае». Наша справа — адчыніць Яму дзверы нашага жыцця і сэрца. Мы павінны шукаць Божага Валадарства ў сабе саміх.

Мне падаецца, што чалавек ідзе да Божага Валадарства тады, калі ён развіваецца, імкнецца станавіцца лепшым, дасканаліцца ў самых розных напрамках: паглыбляе сваё духоўнае жыццё; узмацняецца ў нейкіх маральных нормах; развіваецца фізічна, інтэлектуальна, прафесійна і г.д. Іншымі словамі, чалавек ідзе да Божага Валадарства, калі намагаецца як мага больш адкрыць у сабе той вобраз Божы, які быў укладзены ў яго Панам.

У выніку мы бачым дарослую, цікавую, разнастайную асобу, якая любіць і паважае саму сабе, якая не баіцца быць сабою і адчувае гонар за тое, што Бог стварыў яе такой, якая яна ёсць, якая паважае і сябе і тых, хто навокал. З такой асобай, незалежна ад таго, хлопец гэта ці дзяўчына, прыемна і цікава размаўляць, з ёю хочацца сябраваць, усталёўваць сталыя адносіны.

У той жа час сталасць мае на ўвазе яшчэ адну рэч — адкрытасць на іншых людзей, на падзеі, адным словам, на само жыццё. У духоўным вымярэнні гэта адкрытасць у дачыненні да Божай волі. Таму чалавек, які сапраўды імкнецца будаваць у сваім сэрцы Божае Валадарства, найчасцей актыўны па жыцці: у яго шмат інтарэсаў, ён шмат дзе бывае, удзельнічае ў розных мерапрыемствах, у тым ліку цікавіцца жыццём сваёй парафіі, магчыма, належыць да нейкіх рухаў і суполак, сустракаецца са шматлікімі людзьмі і г.д. (Зразумела, што апісаны тут тып даволі ўмоўны, без уліку характару, тэмпераменту, схільнасцяў; але агульны вектар прыкладана такі).

Парадаксальна, але для такіх, сапраўды сталых, дарослых людзей закаханасць, каханне, стварэнне сям’і з’яўляецца толькі адным з магчымых шляхоў да шчасця на зямлі і ў вечнасці. Я маю на ўвазе, што для амаль любога чалавека каханне і сямейнае жыццё з’яўляюцца вельмі важнымі. Аднак хачу прадставіць вам іншы тып асобы (найчасцей гэта дзяўчаты), якая знаходзіцца на супрацьлеглым ад даросласці і сталасці полюсе. Мы можам назваць такую дзяўчыну «паляўнічай на хлопца (мужа)». Як гэта выглядае звонку? У «паляўнічай» толькі адна думка, адна мэта: яна шукае «ахвяру» — хлопца. З гэтай мэтай яна імкнецца як мага больш прыцягнуць увагу супрацьлеглага полу: часам праз нясціплае адзенне, паводзіны, размовы і г.д. У касцёльным асяроддзі ў «паляўнічай» можа адсутнічаць разбэшчанасць, але заўсёды ёсць тое, што хлопцы называюць «галодны позірк» — позірк, у якім заўсёды адно пытанне: «ён — не ён?».

Адкрыю вам, дзяўчаты, адзін вялікі сакрэт: хлопцы заўсёды выдатна адчуваюць такое стаўленне да іх, і цярпець яго не могуць. Зрэшты, нікому не прыемна адчуваць сябе ахвярай, на якую вядзецца паляванне. Таму ад «паляўнічак» хлопцы заўсёды імкнуцца ўратавацца пабегам. Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым — карыстаюцца такой пазіцыяй дзяўчыны, заводзяць з ёю стасункі з мэтай, напрыклад, атрымаць сексуальны кантакт, а потым знікаюць, пераўтвараючы «паляўнічую» ў ахвяру.

У «паляўнічай», аднак, ёсць вельмі важная прычына для такіх паводзінаў: без «свайго» хлопца яна не адчувае сябе паўнавартаснай асобай — таму мы і кажам, што гэты тып супрацьлеглы сталасці. У вялікай ступені такое стаўленне да сябе фармуюць мас-медыя, згодна з якімі, калі ў цябе няма хлопца — ты нейкая не такая, непаўнавартасная і г.д. Да мас-медыя часта далучаюцца меркаванні сябровак, знаёмых, а часамі, калі дзяўчына ўжо досыць дарослая, нават стаўленне бацькоў: «Як гэта, табе ўжо 25, а ты не збіраешся замуж? Мы ўжо ўнукаў чакаем!».

Таму першы і самы важны крок, які мы маем зрабіць, каб сустрэць добрага хлопца, — гэта развівацца і сталець самім. Ёсць такая аксіёма ў псіхалогіі: здаровая асоба прыцягвае здаровых асобаў, хворая — хворых. Дададзім: сталая асоба прыцягне сталых, дарослых асобаў, інфантыльная — інфантыльных. А дзве інфантыльныя, недарослыя асобы, якія заключаюць шлюб, — гэта прамы шлях да расчараванняў, болю, здрадаў, і, нарэшце, разбітаму сужэнству і скалечаным лёсам.

Таму правіла першае — яно ж і апошняе: дайце Богу час, каб Ён «вырасціў» вас! Развівайцеся і з Ягонай дапамогай дасягніце сталасці! Маліцеся, каб тыя ж працэсы адбываліся і з тым, каго для вас прызначыў Пан — нават, калі яшчэ не ведаеце яго! Гэта той шлях, які вядзе да шчаслівага кахання, і да сталай сям’і.

Але вось на вашым гарызонце з’явіўся нейкі чалавек, з якім пачалі фармавацца блізкія, цёплыя адносіны. Як даведацца, ці гэта той самы «прынц», якога падрыхтаваў для вас Бог?

Адказ тут насамрэч адначасова і вельмі просты, і вельмі глабальны: параўнайце вашыя сістэмы каштоўнасцяў! Іншымі словамі, адкажыце сабе на пытанне: «Што важна для мяне, і што важна для майго хлопца?». Атрымаць гэты адказ таксама даволі проста: трэба рабіць усяго дзве рэчы: размаўляць і назіраць. Размаўляць азначае, што варта абмяркоўваць з хлопцам нейкія важныя тэмы: сям’ю, веру, чалавечыя якасці, якія ён лічыць найважнейшымі і г.д. Зразумела, варта таксама казаць аб сваёй пазіцыі па тых ці ншых пытаннях.

Але яшчэ больш, чым размова, дае назіранне: словамі можна ілгаць, але дзеянні кажуць самі за сябе. Прыгледзьцеся, што ўчынкі і выказванні хлопца кажуць яб ягоным стаўленні да вас, да іншых дзяўчат і наогул людзей, да сям’і, да Бога і г.д. Калі, напрыклад, хлопец упэўнівае вас, што ён вас любіць і паважае, а сам прыходзіць на сустрэчу са значным спазненнем ды яшчэ падпіты, ці можна казаць аб павазе? Або хлопец кажа вам самыя цудоўныя і прыгожыя словы, і ў той жа час іншую дзяўчыну можа «даслаць» матам... Упэўніваючы вас, што вы для яго найважнейшая, ігнаруе вашыя просьбы не паліць у вашай прысутнасці... Хлопец, які са смехам расказвае вам аб сваім сябры, які адправіў цяжарную ад яго дзяўчыну на аборт, наўрад ці мае здаровыя ўяўленні аб сям’і, чыстасці, вернасці, адказнасці і г.д. Такія дробязі, на якія вельмі часта не звяртаюць увагу, насамрэч кажуць вельмі шмат, і з цягам часу могуць стаць сапраўднымі праблемамі.

Ёсць і пазітыўныя прыклады. Пётр Паўлюкевіч у сваёй кнізе «Давайце пагаворым „пра гэта“ спакойна», прыводзіць гісторыю адной дзяўчыны. Яна сустракалася з хлопцам, але не магла вырашыць, ці выходзіць за яго замуж, ці не. Аднойчы яны ехалі ў метро на эскалатары. Размаўлялі, смяяліся... І раптам хлопец імгненна кудысьці знік. Здзіўленая і нават збянтэжаная, дзяўчына прыехала на платформу, дзе і ўбачыла свайго хлопца з непрытомнай бабулькай на руках: нават размаўляючы з ёю ён не траціў увагі да іншых людзей і паспеў заўважыць, што жанчыне зрабілася дрэнна і падхапіць яе. «У гэты момант я канчаткова вырашыла, што стану ягонай жонкай», — дадае дзяўчына.

Магчыма, нехта з нас мае шанец сустракацца, а пазней выходзіць замуж за ідэальных мужчынаў, у якіх няма недахопаў. Аднак большасць дзяўчат усё ж знаёмяцца і маюць адносіны з хлопцамі, якім трэба яшчэ працаваць над сабою. І тады ў галаву кожнай дзяўчыны закрадваецца пытанне-дылемма: «Выхоўваць — не выхоўваць?». Сапраўды, ці трэба змяняць свайго хлопца да лепшага? Калі так, то як гэта рабіць, і як такое «выхаванне» суадносіцца з тым, каб прымаць чалавека такім, якім ён ёсць, падобна таму, як нас саміх прымае Бог?

Пытанне гэтае мае быццам падвойны адказ: так, выхоўваць трэба. АЛЕ! Тое, як гэта трэба рабіць, цалкам разыходзіцца з агульнапрынятым меркаваннем на гэты конт. Як робяць звычайна? Дзяўчына становіцца для хлопца «другой мамай»: указвае на недахопы, папракае, чытае мараль, прыводзіць довады: «Паліць нельга, гэта шкода для здароўя; глядзець парнаграфію — грэх; лаяцца матам непрыстойна...» і г.д. У адказ хлопец прыводзіць тысячу контрдовадаў, і дыскусія набірае характар бясконцай.

На крок у слушным кірунку прадвінуліся тыя дзяўчаты, якія абгрунтаванне сваіх патрабаванняў базуюць не «дзесьці», а ў сабе саміх: «Не палі ў маёй прысутнасці, бо я не пераношу цыгарэтны дым; Мне не падабаецца, калі ты лаешся матам; Я лічу, што гледзячы парнаграфію, ты здраджваеш мяне». Такія аргументы маюць адзін станоўчы бок: іх нельга абвергнуць нейкімі псеўда-лагічнымі адказамі. Так, на фразу, што паліць шкодна для здароўя, можна прывесці контраргумент, што, маўляў, я палю лёгкія цыгарэты, яны не шкодныя; што палю я няшмат і г.д. А на просьбу «перастань, бо мне непрыемна» няма чаго адказаць: трэба альбо зрабіць тое, што просіць дзяўчына, альбо не.

Аднак шлях дзяўчыны па «выхаванню» хлопца яшчэ не скончаны. Наступны і самы важны крок для яе — гэта ўсведамленне сваёй годнасці і рашэнне паступаць згодна з ёю. Насамрэч, хлопец не мае абавязку рабіць так, як вам падабаецца: кідаць паліць, выпіваць, лаяцца матам ці глядзець порна. Матывацыю да зменаў у ягонае сэрца можа ўкласці толькі Бог, а не вы (тут падкрэслім яшчэ раз каштоўнасць малітвы за будучага мужа, ці за хлопца!). Вы не маеце, такім чынам, прамога кантролю над дзеяннямі вашага хлопца. Але маеце кантроль над сабою. Таму перад тым, як ісці на сустрэчу з хлопцам і прадбачачы нейкія праблемы кшталту апісаных вышэй, падрыхтуйце «План Б»: што вы будзеце рабіць, калі хлопец не чуе вас, ігнаруе вашыя просьбы ці паводзіць сябе так, што вам нязручна быць разам з ім? Зразумела, што змест «Плана Б» цалкам залежыць ад таго, аб чым менавіта ідзе размова. Так, калі вы не пераносіце дым цыгарэтаў, а хлопец не адмаўляецца ад палення ў вашай прысутнасці, вы можаце, напрыклад, перасесці на іншую лавачку ці адысці на некалькі крокаў; калі ж праблема становіцца вельмі вострай для вас, можна проста перарваць сустрэчу і пайсці дадому. У той жа час залежнасць хлопца ад парнаграфіі,  асабліва калі ён не бачыць у гэтым праблемы і лічыць гэта натуральным, мае сэнс, каб дзяўчына паставіла перад сабой пытанне, ці наогул падтрымліваць такія адносіны.

Я б хацела, шаноўныя чытацелькі, каб вы заўважілі адну вельмі важную рэч, якая кранаецца «Плана Б»: вашыя дзеянні — пераход на іншую лавачку, перарыванне сустрэчы і г.д. — не маюць быць пакараннем для хлопца! Вы не караеце яго, вы робіце так, як зручна вам. Іншымі словамі, вы, не абражаючы яго, зыходзіце з пазіцыі павагі да сябе самой. Сваімі дзеяннямі вы не кажаце хлопцу «глядзі, які ты дрэнны!» — вы кажаце толькі «са мною нельга так абыходзіцца!». Такім чынам вашае жаданне, каб хлопец не паліў, не лаяўся ці не глядзеў парнаграфію, пераўтвараецца ў серыю канкрэтных учынкаў, якія маюць мэту змяніць сітуацыю. Вы робіце такім чынам, тое, што залежыць ад вас. А хлопцу дайце магчымасць зрабіць тое, што залежыць ад яго.

Разважаючы аб сістэме каштоўнасцяў, нельга абысці маўчаннем пытанне веры. Дзяўчаты часта пытаюцца: «Мне падабаецца хлопец, але ён не католік (варыянт — няверуючы; належыць да нехрысціянскай канфесіі, напрыклад, мусульманін)». Што рабіць у такой сітуацыі?

Мне падаецца, што розніца ў веры, хаця і вельмі важная, мае ўсё ж другаснае значэнне ў параўнанні з пытаннем: «А як вы і ваш хлопец ставіцеся да гэтай розніцы?». Згадзіцеся, што сітуацыя, калі няверуючы хлопец дзеля сваёй дзяўчыны імкнецца так ці інакш пазнаць Бога, ці хаця б ставіцца з павагай да яе перакананняў, і сітуацыя, калі хлопец наогул лічыць веру глупствам, — зусім розныя. Каб разабрацца, ізноў жа, пакінем у супакоі хлопца і звернемся да самой сябе з пытаннем: «Што для мяне значыць вера, і як я буду будаваць адносіны з хлопцам, які не падзяляе маіх перакананняў?». Трэба адразу ведаць, што шлюб у такім выпадку можа стаць сапраўдным выпрабаваннем для жонкі. Так, вядома шмат гісторый аб тым, калі веруючая жонка прыводзіла свайго мужа да Бога. Але варта памятаць — гэта вельмі складаны і доўгі шлях, гэта ў поўнай меры крыж, які давядзецца ўзяць на свае плечы. Ці вы гатовыя да гэтага? Задайце сабе канкрэтныя пытанні: «Ці хопіць у мяне мужнасці прынамсі ў нядзелю хадзіць да касцёла, нават, калі муж будзе супраць? Ці змагу я ахрысціць і выхоўваць у веры нашых дзяцей?». Гэтыя пытанні, ахінаючы вельмі важныя бакі сужэнскага жыцця, падкажуць вам «памер працы» і дапамогуць рэальна зірнуць на сітуацыю, якая перад вамі.

Адказаўшы на іх, звярніце ўвагу на вашага хлопца. Калі ён веруючы, да якой канфесіі ён належыць? Якія прынцыпы дыктуе яму ягоная вера, і ці супадаюць яны з вашымі? Ці можна іх прымірыць? Калі ж ён няверуючы, то па якіх прычынах? Магчыма, ніхто не казаў яму пра Бога? Ці ён злуецца за штосьці на Пана, расчараваўся ў веры? Хачу падкрэсліць: апошняе — не «дыягназ», што чалавек, які вам сустрэўся, дрэнны. Гэта азначае толькі, што ён моцна паранены, што ягоныя адносіны з Богам складаныя, і на тое, каб выправіць іх, можа спатрэбіцца шмат часу, высілкаў, і галоўнае — жадання з боку хлопца. Сам Бог кажа: «Лепей бы ты быў гарачым ці халодным, але не цёплым». Клайв С. Льюіс, пісьменнік і багаслоў, заўважае: «Тыя, хто ненавідзіць Бога, бліжэй да Яго, чым тыя, хто лічыць, што Ён у іх у кішэні». Бог больш хоча ад нас моцных пачуццяў — хай сабе і негатыўных, чым абыякавасці.

Вось мы і падышлі да самага галоўнага — жадання хлопца пазнаваць Бога. Ці ён хоча ўсталяваць ці аднавіць адносіны з Панам? Ці ён абыякавы і да вашай веры ставіцца як да жаночага глупства? Далей, якія ў яго маральныя нормы, што для яго важна? Часам нехрысціяне жывуць згодна з евангельскімі запаветамі, нават не ведаючы аб гэтым. І ў гэтым выпадку таксама — ці хоча хлопец зрабіць крок наперад, прыйсці да касцёла?

Іншая карціна ўзнікае, калі хлопец веруючы, але не каталік, ці ўвогуле не хрысціянін. Што рабіць у гэтым выпадку? Ізноў жа, ацаніце свае сілы і намеры свайго хлопца. Вы зможаце вытрываць у веры? Ён захоча пайсці вам насустрач у нейкіх пытаннях? У мяне ёсць адна знаёмая, якая выйшла замуж за мусульманіна і нават пакінула Беларусь, паехаўшы на ягоную радзіму. Мужчына быў сапраўдным, веруючым мусульманінам. Улічваючы гэта, мая знаёмая сказала так: «Я не буду рабіць з яго католіка. Але я зраблю з яго думаючага мусульманіна!». І, прачытаўшы і разабраўшыся ў Каране, яна пачала «бамбардаваць» мужа пытаннямі адносна веры: чаму ты робіш такі жэст, калі молішся? Чаму тое і тое?... У выніку муж пачаў рэгулярна хадзіць на кансультацыю да імама, шукаючы адказаў на пытанні, якіх ён раней проста сабе не ставіў. Ягоная вера пачала ўзрастаць. Калі ў іх нарадзіўся сын, мая знаёмая сказала: «Няхай хлопчык будзе ў веры бацькі. Але і ён будзе думаючым мусульманінам! Больш за тое: калі ён будзе дастаткова дарослым, я буду казаць яму аб Хрысце як аб Сыну Божым, а не як аб прароку. Калі стане дарослым, хай абірае сваю веру сам!».

Можна спрачацца аб тым, ці слушны шлях абрала мая знаёмая. Можна шукаць і знаходзіць іншыя шляхі сумеснага жыцця з нехрысціянамі. Але трэба ведаць, што ў любым выпадку гэты шлях будзе складаным.

Якую выснову можна зрабіць з ўсёй гэтай размовы?

Па-першае: адносіны з іншым чалавекам пачынаюцца з адносінаў з сабою. Гарманічная, сталая асоба стварае такія ж адносіны.

Па-другое: гармонія і павага да сябе базуецца на глыбокіх адносінах з Богам. Менавіта Ён фармуе нас і нашага будучага мужа. Менавіта ён заключае наш шлюб на нябёсах. Менавіта ў Ягоныя рукі — перш за ўсё праз малітву — трэба ўкласці нашыя адносіны.

Па-трэцяе: пачынаючы адносіны з хлопцам, размаўляйце і назірайце! Не бойцеся бачыць сітуацыю такой, якая яна ёсць! Не хавайцеся за ружовымі акулярамі і барані вас Божа думаць, што недахопы хлопца самі сабою знікнуць пасля заключэння шлюбу! Пасля шлюбу сітуацыя, над якой вы не працуеце разам, можа толькі пагоршыцца, а ніяк не палепшыцца!

Чацвёртае: выкарыстоўвайце «План Б»! Гэта дапаможа вам, у першую чаргу,  захаваць павагу да сябе і — толькі другасна! — прызвычаіць хлопца да гэтай павагі!

Пятае: памятайце, што падрыхтоўка да адносінаў, як і самі адносіны з хлопцам, у тым ліку і шлюб — гэта таксама поле для вашага ўласнага ўзрастання! У адносінах удзельнічаюць двое недасканалых, але роўных у сваёй годнасці людзей! Пазбягайце глядзець на хлопца «з вышыні»: вось, я такая добрая, зараз цябе, такога недасканалага, навучу жыццю! Адносіны — гэта пастаянны трэнінг пакоры!

І апошняе — тое, з чаго мы пачыналі: каханне і шлюб — гэта правобраз адносінаў Бога і Касцёла. Гэта нешта святое. Гэта вялікае шчасце і адначасова вялікі выклік для вас і для вашага хлопца. Гэта ваш шлях да Неба, да нашага Нябеснага Айца. Ягонага благаслаўлення на вашым шляху вам ад усяго сэрца жадаю.

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.