Пошук


Не так даўно мы разважалі аб асаблівасцях адносінаў паміж калегамі на працы. Ужо пасля выхаду гэтага матэрыялу мне на вочы трапілі назвы дзвюх з’яваў, якія сустракаюцца ў гэтых адносінах і зараз становяцца прадметам даследавання ў псіхалогіі адносінаў, сацыялогіі і г.д.

У чым сутнасць гэтых з’яваў?

Абедзве яны азначаюць тую непрыемную сітуацыю, калі аднаго з членаў калектыву пачынаюць «выжываць» з ягонага месца. Калі гэта робіць адзін чалавек — гэта мае назву булінг (ад англійскага bull — бык), калі ж некалькі чалавек ці ўвесь калектыў разам — гэта мобінг (ад англійскага mob — натоўп).

Праявы мобінгу і булінгу могуць быць больш ці менш выразнымі, а значыць — больш ці менш траўматычнымі. Звычайна булінг, які арганізоўваецца толькі праз аднаго чалавека, менш траўматычны, чым мобінг, калі ажыццяўляецца прынцып «усе на аднаго». Рознымі могуць быць і прычыны такіх з’яваў: ад банальнай зайздрасці да разнастайных «паддыванных» інтрыг, якія пачаліся, магчыма, яшчэ да таго, як вы пераступілі парог новай працы.

Калі супраць вас ажыццяўляецца мобінг ці булінг — гэта нагода, каб задумацца аб тым, ці патрэбна вам праца ў такім калектыве, ці сапраўды выгоды ад працы пераважваюць стаўленне да вас з боку калегаў.

Калі ж на гэтае пытанне вы адказваеце станоўча, вырашаючы застацца на гэтай працы, то варта засвоіць некалькі спосабаў спыняць скіраваную на вас агрэсію.

Парада, якую часта агучваюць у разважаннях на гэтую тэму, гучыць так: «Не маўчы!» Калі цябе ці тваю працу абражаюць — не варта з гэтым мірыцца. Гэта слушна. Аднак хацелася б дадаць невялікі нюанс: у падобных выпадках гаварыце аб сабе, а не аб суразмоўцы. Гэта значыць, што не варта выкрываць палітыку булінгу, заўважаючы: «Вы мне зайздросціце, вы намагаецеся мяне выжыць з гэтай працы!» Ваш крыўдзіцель знойдзе тысячу аргументаў на карысць таго, што ягоныя каментары цалкам слушныя, што з дапамогай іх ён імкнецца дапамагчы вам у прафесійным развіцці, зрабіць вашу працу больш якаснай, а вы, няўдзячны, яшчэ маеце штосьці супраць.

Гэтаксама не варта адстойваць сваю пазіцыю, даказваючы, што праца зроблена добра. Даказвае той, хто ў чымсьці не ўпэўнены.

Варта казаць аб сабе: «Мне не падабаецца, калі са мной размаўляюць такім тонам. Мне непрыемна, і калі вы не перастанеце, я выйду з пакою».  І калі суразмоўца не спыняецца —  выходзьце! Зразумела, што яму гэта не спадабаецца. Але калі супраць вас арганізаваны булінг ці тым больш мобінг — гэта сведчанне таго, што вас і так не надта любяць. Перарываючы вашага субяседніка, вы абараняеце сябе перад ягонай агрэсіяй і адначасова даяце зразумець: вы не збіраецеся выслухоўваць абразы.

Другім крокам можа стаць спроба знайсці ў вашым калектыве людзей, якія ставяцца да вас станоўча ці нейтральна. Пры гэтым не навязвайце ім удзел у канфлікце на вашым баку! Проста праводзьце час разам, падтрымлівайце больш-менш добрыя адносіны — гэта зможа дапамагчы вам перажыць неспрыяльную атмасферу ў калектыве.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця