Аллелюя! Хрыстус уваскрос! У гэты радасны перыяд, калі разам святкуем Уваскрасенне нашага Збаўцы, мы праслаўляем Ягоную перамогу над смерцю фізічнай і грахом, які з’яўляецца прычынай смерці духоўнай, вечнай. Мы радуемся і напаўняемся надзеяй, што, памёршы тут, на зямлі, зможам увайсці ў Божае Валадарства, на месца, якое Ён сам нам падрыхтаваў, і раздзяліць з Езусам Ягоную хвалу.
Мне падаецца, што гэтая велічная таямніца нашага паяднання не была б магчымай без аднаго важнага элементу — Божага прабачэння для нас усіх. Напэўна, кожны чалавек здзейсніў шмат зла ў дачыненні да Езуса. Кожны наш грэх і занядбанне ранілі Ягонае Цела, дадавалі пакутаў. Сапраўды, Ён павінен быў шмат нам прабачыць. І тады словы, якія вымавіў Збаўца падчас укрыжавання, — «Пане, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» — справядліва было б аднесці не толькі да Ягоных катаў, але і да кожнага з нас, да кожнага чалавека, які жыў, жыве ці яшчэ будзе жыць на зямлі.
Гэты ўзнёслы прыклад прабачэння становіцца для чалавека сапраўдным выклікам, бо, напэўна, прабачыць свайму крыўдзіцелю — адна з самых нялёгкіх спраў у свеце. Акрамя таго, вакол прабачэння існуе нямала міфаў, якія яшчэ больш ускладняюць гэты працэс.
У сённяшняй размове мы пагаворым аб прабачэнні, аб тым, што перашкаджае нам прабачаць нашым крыўдзіцелям, а таксама аб тым, што нясе прабачэнне нам самім. Я буду абапірацца на кнігу а. У. А. Менінджара OCSO «Шлях да прабачэння» (о. Уильям А. Менинджер «Путь к прощению»), якую, дарэчы, вельмі рэкамендую прачытаць, а таксама на ўласныя разважанні.
Свае разважанні я б хацела пачаць з тэзісу з кнігі «Шлях да прабачэння» аб тым, што прабачэнне — гэта не нейкі аднаразовы акт, які мы здзяйсняем, а працэс, які расцягнуты ў часе і складаецца з некалькіх этапаў. Больш за тое, прабачэнне — гэта нават не працэс, які робім мы, а працэс, які адбываецца з намі. Дакладней можна сказаць, гэта тое, што Бог робіць з намі. Гэта Ён дае нам магчымасць прабачаць. З гэтага мы можам зрабіць адну важную выснову: мы памятаем з папярэдніх размоваў, што чалавек мае цела, душу, і дух, і існуе, такім чынам, быццам у трох вымярэннях: цялесным, пачуццёва-эмацыянальным і духоўным. Калі мы кажам, што прабачэнне — гэта працэс, які Бог здзяйсняе ў чалавеку, то з гэтага вынікае, што прабачэнне адбываецца не на цялесным узроўні, і нават — парадокс! — не на ўзроўні нашых эмоцый. Прабачэнне — гэта такая «справа», якая вырашаецца на ўзроўні духу, на ўзроўні нашай глыбокай містычнай сувязі з Панам Богам.
Такі падыход дазваляе нам пазбегнуць шматлікіх перашкодаў, якія стаяць на шляху да прабачэння. Большасць гэтых перашкодаў схаваны менавіта ў пачуццях чалавека, яго ўяўленні аб сабе і іншых людзях, у ягоным светапоглядзе. Што ж гэта за перашкоды?
Напэўна, адной з асноўных з’яўляецца пачуццё нейкай ілжывасці, крывадушнасці, якія, як часта падаецца чалавеку, ляжаць у аснове прабачэння. Чалавек часта ўяўляе сабе, што прабачэнне вымусіць яго адрачыся ад свайго болю, зрабіць выгляд, што ніхто яго насамрэч не крыўдзіў ці шкода была не такая і значная. Ён разважае прыкладна так: «Гэты чалавек так моцна мяне пакрыўдзіў, прычыніў такі страшны боль — а я зараз буду вымушаны яму ўсміхацца, размаўляць з ім і рабіць выгляд, што ён такі белы і пухнаты і нічога дрэннага мне не зрабіў!» Не дзіўна, што, разважаючы такім чынам, чалавек не адважваецца на прабачэнне.
Аднак у такім поглядзе на прабачэнне хаваецца значная памылка. Бог не падтрымлівае ілжы, не вымушае нас адрачыся ад нашага болю. Наадварот — Ён заклікае нас стаць у праўдзе перад Ім і перад сабою. Што гэта азначае? У дачыненні да нашых разважанняў гэта азначае, што рэальнае, сапраўднае прабачэнне магчыма толькі ў дачыненні да рэальнай, сапраўднай віны. Менавіта таму першым крокам да прабачэння з’яўляецца своеасаблівае «састаўленне рахунку»: выяўленне сапраўднага памеру шкоды, якую вам нанеслі. Варта сумленна зірнуць на сваё жыццё, на сябе самога і сказаць: «Дрэнны ўчынак таго чалавека параніў мяне вось тут і тут. У маім жыцці адбыліся вось такія і такія негатыўныя змены…» і г.д. Пры гэтым варта памятаць, што, як піша а. Менінджар, вашае прабачэнне не азначае зняцце адказнасці з крыўдзіцеля: ён застанецца адказным перад Богам, магчыма, перад законам і перад вамі за тое, што ўчыніў.
«Падвядзенне рахунку», аднак, не такі просты працэс, як можа падацца на першы погляд. Ён мае як быццам два супрацьлеглыя накірункі. Мы не толькі падлічваем шкоду — мы павінны таксама ўстанавіць меру адказнасці крыўдзіцеля за нанесеныя нам раны. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што мы павінны высветліць не толькі тое, у чым іншы чалавек вінаваты перад намі, але і тое, у чым ён не вінаваты. Прывяду такі прыклад: нейкая дзяўчына была вельмі моцна расчаравана ў сваім першым каханні: хлопец здрадзіў ёй з яе лепшай сяброўкай. Безумоўна, вельмі балючая сітуацыя. Але ішлі гады, а дзяўчына ўсё не магла адпусціць гэты эпізод свайго жыцця, пакінуць яго ў мінулым і жыць далей. Яна так і працягвала ўсім апавядаць аб сваім няўдалым каханні і здрадзе. Яна страціла давер да людзей, у яе не засталося сябровак і яна так і не выйшла замуж. Застаўшыся самотнай старой дзевай, яна так і працягвала абвінавачваць таго хлопца ва ўсіх сваіх бедах.
На гэтым прыкладзе яскрава бачна яшчэ адна перашкода, якая часта не дае людзям прабачыць. Калі прабачэнне пачынаецца з устанаўлення рэальнай віны крыўдзіцеля, выяўляючы межы ягонай адказнасці, то на наступным кроку людзі часта сутыкаюцца з вельмі непрыемнай праўдай: па-за межамі адказнасці крыўдзіцеля ляжыць мая ўласная адказнасць. Памятаеце, калісьці даўно мы вялі гаворку аб межах і прыводзілі такі прыклад: калі на двор вашага прыватнага дома нейкі хуліган накідаў смецця, то прыбірацца давядзецца вам, як гаспадару гэтага дома. Вы можаце, канешне, злавацца на хулігана, шукаць яго, намагацца адпомсціць — але, калі вы засяродзіце сваю ўвагу выключна на гэтым, смецце ад гэтага нікуды не падзенецца. Яно так і будзе ляжаць на вашым двары і псаваць знешні выгляд і ваш настрой. У прыкладзе з дзяўчынай яе сапраўды пакрыўдзілі, нанеслі рану. Але дарослы чалавек, бачачы, што ягонае жыццё, як кажуць, «ідзе пад адхіл», мусіць шукаць выйсце з гэтага становішча — прыбіраць смецце. Можна звярнуцца да сяброў, да псіхолага, да духоўнага кіраўніка, можна заняцца самаадукацыяй, пачытаць літаратуру, прысвечаную пераадоленню траўмы… Варыянтаў сапраўды шмат. Але часам людзям лягчэй да таго смецця, якое кінуў хуліган, далучаць усё сваё ўласнае смецце і, гледзячы на вялізную гару, так і вінаваціць ва ўсім хулігана. Такім чынам, другая перашкода да прабачэння — гэта выгада ад ролі ахвяры, якая заўсёды мае пры сабе «казла адпушчэння», на якога вельмі зручна вешаць усю адказнасць.
Трэцяй вельмі важнай перашкодай з’яўляецца страх. У кнізе аднаго праваслаўнага псіхатэрапеўта я прачытала такое меркаванне наконт прабачэння: «Прабачыць — азначае забыцца на прычыненае зло і ўстанавіць з крыўдзіцелем такія ж адносіны, якія былі да крыўды, жыць так, быццам нічога не здарылася». Пры ўсёй маёй павазе да праваслаўнага калегі і яшчэ большай павазе да меркавання ўсходніх Айцоў Касцёла, на якіх ён спасылаецца, я не магу пагадзіцца з такім пунктам гледжання. Я лічу, што менавіта такі погляд з’яўляецца моцнай перашкодай для прабачэння, палохаючы чалавека: калі я ізноў зраблю майго крыўдзіцеля блізкім мне — як я магу быць абаронены перад паўтарэннем крыўды?
А. Менінджар, разважаючы аб гэтым, кажа: «Лозунг „прабач і забудзься“ часта неажыццяўляльны. Насамрэч, прабачэнне — гэта нешта супрацьлеглае, гэта памяць аб тым, што здарылася, і выяўленне рэальнага ўплыву гэтага здарэння на нашае жыццё». Такім чынам, прабачэнне не азначае, што прабачаны крыўдзіцель ізноў стане нам блізкім чалавекам і зможа ізноў нас раніць. Насамрэч, гэта магчыма, бо бываюць розныя абставіны. Людзі часам крыўдзяць адзін аднаго не па сваёй злой волі, а па слабасці, непаразуменню ці з прычыны нейкіх абставінаў. Прабачэнне дасць вам выбар — дапусціць чалавека ізноў да сябе ці не. Але гэта выбар, а не абавязак.
Страх часта хаваецца за гневам. Каб не дапусціць крыўдзіцеля ў сваё жыццё, мы не размаўляем з ім, кідаем на яго змрочныя позіркі, выходзім з пакою, дзе ён знаходзіцца, — адным словам, усімі сіламі пасылаем яму сігнал: «не намагайся наблізіцца да мяне!» Нам падаецца, што без нашага гневу мы будзем безабароннымі.
Часам людзі маюць таксама такую ілюзію: «Як гэта: я яго прабачу — і ён будзе недзе там спакойна жыць?!» Ілюзія ў тым, што нашы негатыўныя пачуцці ці нават праклёны неяк уздзейнічаюць на крыўдзіцеля. Насамрэч ёсць толькі адзін чалавек, на якога яны рэальна ўздзейнічаюць, — гэта мы самі. МЫ руйнуем сваю нервовую сістэму, пазбаўляем сябе радасці жыцця, разбураем нашу сям’ю і атачэнне — і такім чынам граем на руку крыўдзіцелю, павялічваючы шкоду, якую ён нам прычыніў.
З вышэйсказанага можна зрабіць яшчэ адну вельмі важную выснову: прабачэнне патрэбна не вашаму ворагу — яно патрэбна вам. Плёны з яго дастануцца не крыўдзіцелю — яны дастануцца вам. Якія ж гэта плёны? Першы і галоўны — гэта свабода. Свабода быць гаспадаром свайго жыцця, прымаць рашэнні не на падставе крыўды, а на падставе свайго выбару. Свабода не трымацца за мінулае. Свабода не верадзіць свае раны. Свабода пазбавіцца ад болю. Прабачэнне азначае, такім чынам, што ў вашым жыцці ёсць нешта больш каштоўнае, чым крыўда, што вы глядзіце наперад, а не назад, што вы дазваляеце сабе радавацца. Прабачэнне азначае проста, што вы любіце самога сябе. Што вы не ўспрымаеце сябе як бездапаможную ахвяру, а як дарослага моцнага чалавека, які можа ў рэшце рэшт выкінуць смецце са свайго двара і пасадзіць на гэтым месцы куст цудоўных ружаў.
Напрыканцы хацелася б таксама сказаць аб асаблівасцях пачуццяў на працягу нашага шляху да прабачэння. Часта людзям падаецца, што прабачыць — гэта перастаць злавацца на свайго ворага, перастаць адчуваць боль. Але, як мы казалі напачатку, прабачэнне ідзе на больш глыбокім узроўні, чым пачуцці. Таму яно не выключае таго, што вы будзеце гневацца на крыўдзіцеля, асабліва на пачатку гэтага працэсу. У гэтым сэнсе мне вельмі спадабаўся хрысціянскі фільм «Прабачэнне амішаў» («Прощение амишей»). Гэта гісторыя аб тым, як некалькі дзяцей былі расстраляны ў школе маньякам. Гэта гісторыя аб тым, як сем’і гэтых дзяцей ішлі да прабачэння забойцы. У нейкі момант адна з галоўных гераінь, якая страціла дзвюх дачок, кажа: «Кожную раніцу я прачынаюся, чакаючы пачуць спеў маіх дачушак, а потым усведамляю, што яны ўжо ніколі не будуць спяваць. І тады мяне ахоплівае такі гнеў, што я амаль не магу дыхаць. Я задыхаюся ад гневу, і таму намагаюся аддаць яго Богу. Але, аддаючы мой гнеў Пану зараз, я ведаю, што буду вымушана зрабіць гэта ізноў праз гадзіну… І яшчэ праз гадзіну… І яшчэ… І ізноў, і ізноў… Але без гэтага я не ведаю, як наогул змагла б дыхаць».
Існаванне духоўнага вымярэння чалавека дае нам магчымасць зразумець, што нашы пачуцці — гэта яшчэ не ўся рэальнасць. Яны не могуць патапіць нас, калі толькі мы самі не захочам захлынуцца ў іх. Мы не заўсёды можам самі кіраваць нашымі эмоцыямі — але Бог гэтага і не патрабуе. Ён кажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе абцяжараныя, і Я супакою вас». Магчыма, нам давядзецца, як той маці, кожную гадзіну прыносіць Богу наш гнеў, боль, страх, слабасць — але мы не адны. Разам з намі той, хто нас стварыў, хто памёр за нас на крыжы і хто абяцаў нам уваскрашэнне ад цемры, граху і болю.
Наталля Станкевіч