Пошук


Што б гэта азначала, што ваш сын ці дачка-падлетак раптоўна фарбуе валасы ў чорны колер і за скошанай грыўкай хавае адно вока? Ці раптам у іх з’яўляюцца шакіруючыя іракезы, ці адзенне, у якім металу больш, чым тканіны?

І што б тое азначала, што ваш сын ці дачка раптам пачынаюць «запоем» глядзець мульцікі, свае негатыўныя эмоцыі выражаць незразумелым словам-гукам «ксо-о-о», а станоўчыя — не больш зразумелым «ня-а-а»? І ўжо зусім таямнічым часам падаецца, што б азначала жаданне хлопца ці нават дзяўчыны цішком прыцягнуць у свой пакой вялізны двуручны меч з дзюралю? (Дзюраль — сплаў на аснове алюмінія, з якога робяцца мячы для ролевых гульняў і гістарычных рэканструкцый, яны значна лягчэйшыя, чым іх сталёвыя аналагі).

Сёння мы пагаворым аб моладзевых субкультурах, прыналежнасць да якіх тлумачыць такія дзіўныя паводзіны падлеткаў і моладзі.

Свет моладзевай субкультуры — шматлікіх груповак, рухаў і напрамкаў — насамрэч вельмі разнастайны і вялікі. Мэтай гэтай размовы не з’яўляецца дэталёвае вывучэнне кожнага з іх — мы хутчэй паспрабуем паразважаць над тым, што агульнага ў псіхалагічным сэнсе гэтыя напрамкі маюць між сабой, а таксама чаму падлеткі, моладзь, а часам і дарослыя людзі да іх далучаюцца.

Сёння мы пагаворым аб сямі моладзевых субкультурах: рэперах, панках, металістах, эма, готах, ралевіках і анімэшніках. Напачатку крыху даведачнай інфармацыі.

 

Рэперы

Як выглядаюць?

Носяць шырокае, на некалькі памераў большае, чым трэба, адзенне, спартыўны абутак, бейсболкі казырком назад. Як хлопцы, так і дзяўчаты ўжываюць завушніцы і значкі ў якасці ўпрыгажэння.

Што робяць?

Слухаюць музыку ў стылі рэп (для недасведчаных: рэп — гэта манера выканання спеваў, калі тэкст рытмічна начытваецца пад музыку); танцуюць брэйк-данс (сумесь танцу і акрабатыкі), любяць маляваць графіці (малюнкі на сценах дамоў, платах і г.д., выконваюцца звычайна з дапамогай балончыкаў фарбы); часта захапляюцца экстрэмальнымі відамі спорту.

У чым сэнс?

Субкультура рэпу пабудавана вакол адпаведнай музычнай плыні. Разам захапляцца ёю, ствараць фан-клубы, пераймаць манеры вядомых рэп-выканаўцаў — у гэтым асноўны сэнс рэперскай моладзевай субкультуры. У той жа час можна дадаць, што тэксты спеваў часта закранаюць сацыяльна балючыя тэмы: войны, насілле, адзіноту чалавека ў натоўпе, сацыяльную несправядлівасць, што можна назваць своеасаблівай пратэстнай рэакцыяй супраць гэтых з’яваў.

Ці гэта небяспечна?

Як правіла, рэперы неагрэсіўныя, за выключэннем тых, хто адносіць сябе да плыні «Гангста». Аднак у рэперскім асяродку даволі часта ўжываюцца цяжкія наркотыкі.

 

Панкі

Як выглядаюць?

Вобраз панка атаясамліваецца з іракезам — прычоскай-грабянём, часта вельмі яркіх ненатуральных колераў. Акрамя гэтага элементу іміджу, характэрнага, аднак, больш для маладога пакалення панкаў, можна вызначыць чорнае адзенне: футболкі, курткі, джынсы, кеды ці цяжкія бацінкі. Адзенне можа быць рваным, у дзяўчат часам сексуальна правакуючым. У якасці аксесуараў ужываюцца ланцужкі, шпількі, напульснікі з металічнымі шыпамі, вельмі папулярны таксама пірсінг.

Што робяць?

Слухаюць панк-рок.

У чым сэнс?

Філасофія панка — гэта разбурэнне стэрэатыпаў і супрацьпастаўленне сябе нормам і рамкам грамадства, жыццё для сябе, індывідуалізм, нонканфармізм.

Ці гэта небяспечна?

Так, часта панкі даволі агрэсіўныя, у іх асяродку распаўсюджана ўжыванне наркотыкаў, алкаголю, насілле.

 

Металісты

Як выглядаюць?

У мужчын доўгія валасы, чорнае адзенне: скураныя матацыклетныя курткі, камізэлькі, пальчаткі без пальцаў, банданы, напульснікі з заклёпкамі ці шыпамі, рамяні з заклёпкамі, ланцужкі на джынсах. Субкультура металістаў блізкая да байкераў, і хаця цалкам атаясамліваць іх нельга, да вобразу металіста можна дадаць таксама магутны матацыкл.

Што робяць?

Слухаюць «цяжкую», «металічную» музыку.

У чым сэнс?

Металісты прапагандуюць культ незалежнасці, моцы, самастойнасці. Некаторыя музычныя групы гэтага напрамку засяроджваюць увагу на негатыўных баках сучаснай цывілізацыі — тэрарызме, насіллі і г.д., перасцерагаючы супраць гэтых з’яваў. Некаторыя напрамкі металу, напрыклад, пэган- і блэк-мэтал носяць антыхрысціянскі характар, іх прыхільнікі называюць сябе сатаністамі. Існуе таксама прапаганда нацызму.

Ці гэта небяспечна?

Як правіла, у асяродку металістаў менш распаўсюджана ўжыванне наркотыкаў, аддаецца перавага спіртным напоям, асабліва піву. Прадстаўнікі асобных напрамкаў могуць быць агрэсіўнымі.

 

Эма

Як выглядаюць?

Пераважная большасць гэтай адносна новай моладзевай субкультуры — падлеткі. У знешнім выглядзе характэрны пафарбаваныя чорным валасы, касыя грыўкі, якія хаваюць адно вока, часам у дзяўчат сустракаюцца смешныя ці дзіцячыя прычоскі: хвосцікі, банцікі, дзіцячыя заколачкі. Адзенне ў ружова-чорных колерах, часта з шашачным узорам. Аксесуары — вялікія сумкі праз плячо (як у паштальёна), вялікія акуляры, значкі, яркія каралі, бранзалеты. Папулярны пірсінг, «танэлі» (вялікія дзіркі ў вушах). Сімвалам эма з’яўляецца сэрца, разбірае напалам.

У чым сэнс?

Сутнасць субкультуры эма — дэпрэсія, увага не да знешніх падзей, а да свайго ўнутранага стану, рамантызм, чаканне ўзвышанага, прыгожага кахання.

Ці гэта небяспечна?

Так, небяспечна з пункту гледжання аўтаагрэсіі — агрэсіі, скіраванай на самога сябе: аўтаагрэсіўныя і аўтадэструктыўныя паводзіны, ажно да суіцыду, — характэрная прыкмета эма.

 

Готы

Як выглядаюць?

Чорнае адзенне, спецыфічная сімволіка: анхі (крыж з пяцелькай зверху), чэрапы, крыжы, кажаны, пентаграмы. Спецыфічны макіяж — выбелены твар і цёмны контур вакол вачэй (ужываецца часцей для канцэртаў і вечарын у гатычных клубах). Пірсінг. Характэрны змрочны, дэпрэсіўны выгляд. Ужыванне элементаў моды XVIII–XIX стагоддзяў — цыліндры, пышныя спадніцы, карункавыя пальчаткі і г.д. У дзяўчат адзенне часта мае падкрэслена эратычны характар.

Што робяць?

Субкультура готаў сфарміравалася вакол музычнага напрамку готык-рок, а таксама вакол захаплення гатычнай літаратурай XIX ст., у прыватнасці містычнымі раманамі Эдгара По, Брэма Стокера і інш., зацікаўленасці рознымі гістарычнымі эпохамі, перадусім Сярэдневечча і віктарыянскай эпохі ў Англіі.

У чым сэнс?

Гатычная субкультура — гэта форма своеасаблівага пратэсту супраць пустой «гламурнай» культуры. Гэта спроба стварыць паралельную культуру, заснаваную на цёмнай эстэтыцы і рамантызме. Мэтай яе з’яўляецца імкненне да эмацыйнай глыбіні, напоўненасці існавання, пазбягання аднамернасці, прымітывізму ў стаўленні да чалавечай асобы. Адным з прынцыпаў готаў з’яўляецца вядомы слоган «carpe diem», які азначае, што кожны дзень жыцця трэба пражываць так, як быццам ён апошні. Готы засяроджваюцца на змрочных, дэпрэсіўных і балючых перажываннях, звязаных з гэтым дэвізам.

Ці гэта небяспечна?    

Як і ў эма, характэрнай рысай готаў з’яўляецца дэпрэсіўнасць. Часам іх абвінавачваюць у прапагандзе самагубства (з-за зместу песень некаторых готык-груп). Часам готаў атаясамліваюць з сатаністамі і паклоннікамі д’ябла (перадусім з-за любові некаторых прадстаўнікоў гэтага руху да начных прагулак па могілках), аднак прамой сувязі паміж гэтымі рухамі няма. Сама гатычная субкультура звычайна неагрэсіўная.

 

Ралевікі (прыхільнікі ролевых гульняў)

Як выглядаюць?

У звычайным жыцці — часта як звычайныя людзі. Прыкметнымі рысамі могуць быць доўгія валасы ў мужчын і жанчын, стужкі вакол галавы, пярсцёнкі ці іншыя ўпрыгажэнні з ўжываннем славянскай ці скандынаўскай сімволікі, напрыклад, рунаў ці арнаментаў.

Падчас трэніровак ці непасрэдна гульні выгляд змяняецца ў залежнасці ад персанажа. Ужываецца гістарычнае стылізаванае адзенне ці фантастычныя вопраткі, можа таксама ўжывацца гістарычная зброя (мячы, лукі і г.д.).

Што робяць?

Захапляюцца фэнтазі, асабліва Дж. Толкіенам, а таксама гісторыяй. Падчас гульняў ствараюць сюжэт, які разгортваецца ў гістарычнай мінуўшчыне ці ў фэнтазійных прасторах.

Акрамя ралевікоў, трэба вылучыць рэканструктараў — яны аддаюць перавагу рэальным мінулым гістарычным эпохам, намагаючыся як мага больш поўна адрадзіць (рэканструяваць) іх. Таму займаюцца вывучэннем старажытнай зброі, адзення і г.д. і іх ствараюць.

У чым сэнс?

Сэнс у рамантыцы стварэння паралельнага фантазійнага вымярэння, якое існуе незалежна ад рэальнасці і завецца гульнёй. У тым, каб пераўтварыцца ў кагосьці іншага — свайго персанажа і перажыць неверагодныя прыгоды. Сэнс у тым, каб гуляць.

Ці гэта небяспечна?

Гэта даволі бяспечна, калі не страціць сувязь з рэальнасцю.

 

Анімэшнікі

Як выглядаюць?

Часам могуць зрабіць сабе касцюм ці прычоску як у любімага персанажа анімэ (японскага мультфільма). Але часцей знешне не адрозніваюцца ад іншых людзей. У сваім асяроддзі могуць ужываць японскія словы.

Што робяць?

Глядзяць анімэ — японскія мультфільмы, цікавяцца гісторыяй і механізмам іх стварэння, а таксама культурай і гісторыяй Японіі. Часам самі ствараюць новыя сюжэты для анімэ, малююць персанажаў. Некаторыя сур’ёзна вывучаюць японскую мову.

У чым сэнс?

Як і ў ралевікоў — у стварэнні паралельнай прасторы, у палёце фантазіі.

Ці гэта небяспечна?

Асноўных небяспекі тут дзве: каб захапленне анімэ не парушала функцыянавання ў рэальным свеце; змест некаторых анімэ з’яўляецца вельмі жорсткім, а таксама — эратычным і нават парнаграфічным.

 

Для чаго ж утвараюцца моладзевыя субкультуры і чаму яны настолькі прыцягальныя для падлеткаў і моладзі?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, варта прыгадаць адну з нашых папярэдніх размоваў, калі мы разважалі аб тым, што ў чалавека ёсць цела, душа (эмацыянальная сфера, нашы ідэалы, мары, светапогляд) і дух, які яднае нас з Богам. Чалавек, а таксама і цэлая культура, можа ставіць на першае месца ў гэтай іерархіі розныя элементы, але шчаслівым і «напоўненым» чалавек будзе толькі тады, калі на першае месца паставіць дух — той вобраз і падабенства Божае, якое ўкладзена ў нас.

Сучасная ж культура на першае месца ставіць цела, якое асацыіруецца, з аднаго боку, з сексуальнай разбэшчанасцю, а з другога — з насіллем, агрэсіяй. Сучасная масавая культура, у выніку, становіцца пустой, яна не можа даць адказы на важныя экзістэнцыйныя пытанні, якія стаяць перад любым чалавекам: хто я? навошта я жыву? што ёсць дабро, а што зло?

Чалавеку навязваюць, што ўсё, на што ён прыдатны, — гэта на добрую бойку ці оргію. Аднак, як мы зазначалі, чалавек заўсёды будзе шукаць духоўнасці, чагосьці, што ўзнімала б яго па-над шэрай рэальнасцю. Моладзевыя субкультуры — гэта адна са спробаў знайсці гэтую духоўнасць. Вельмі паказальна таму, што ў аснове кожнай з плыняў, аб якіх мы казалі, ляжыць адно і тое ж — пратэст. Ён можа быць скіраваны на асобныя аспекты рэальнасці — войны, тэрарызм, абыякавасць чалавека да іншых, адзіноту… Можа выражацца ў дзіўных, а часам нават дэструктыўных і самадэструктыўных формах — знешнім выглядзе, ужыванні наркотыкаў, спіртнога, здзяйсненні самагубстваў, прапагандзе насілля, але сутнасць заўсёды тая самая — немагчымасць існаваць на ўзроўні жывёлы.

Вельмі паказальнай у гэтым сэнсе мне падалася адна фраза, вычытаная на сайце, прысвечаным готам: «Гатычная культура падобная да веры ў Бога». Зразумела, аўтар няверуючы і не можа ўбачыць сутнаснай розніцы паміж тым і другім. Аднак рацыянальнае зерне ў гэтай фразе ёсць: і вера, і субкультура нясуць чалавеку абяцанне вызвалення. Толькі вера дае яго насамрэч, а субкультура толькі стварае бачнасць.

Такім чынам, можна сказаць, што субкультура — гэта «дзіця» нашай культуры.

Але ў той жа час — гэта і дзіця нашых сем’яў.

І тут варта падкрэсліць адзін нюанс. Насамрэч, наяўнасць субкультур і прыналежнасць да адной з іх падлетка ці маладога чалавека яшчэ не з’яўляецца злом. Справа ў тым, што ў падлеткавым узросце чалавек вельмі патрабуе сацыялізацыі, якая магчыма толькі ў асяродку равеснікаў. Таму ў гэты час сябры становяцца для яго больш востра неабходнымі, чым сям’я, якая выходзіць з полю непасрэднага інтарэсу падлетка. Зразумела, гэта не азначае, што яму больш не патрэбны бацькі — патрэбны і нават вельмі! Але падлетак не адчувае востра гэтай патрэбы, і ягоная ўвага канцэнтруецца вакол знешняга свету, сяброў, захапленняў, хобі, якія могуць супадаць з адной з плыняў моладзевай субкультуры.

Іншая справа — якія мэты і ідэалы субкультуры, да якой далучаецца падлетак. Яны могуць быць, як мы ўбачылі, вельмі рознымі. І калі, напрыклад, захапленне гістарычнай мінуўшчынай у руху рэканструктараў ці ў рыцарскім клубе не нясе вялікай пагрозы і можа нават з цягам часу стаць прафесіяй, то наркотыкі, суіцыды, спажыванне алкаголю, якія з’яўляюцца часткамі некаторых субкультур, могуць быць вельмі небяспечнымі як для самога падлетка, так і для атачаючых яго людзей.

Паказальна, што да субкультур часта далучаюцца падлеткі і моладзь, на якіх не звяртаюць увагі дома, якія не адчуваюць сябе любімымі, прынятымі, важнымі; тыя, хто перажыў ці перажывае насілле ва ўласнай сям’і. Пры гэтым чым больш паранены падлетак, тым больш агрэсіўную плынь ён абярэ.

Што ж рабіць, калі вы заўважаеце, што ваш сын ці дачка далучыліся да адной з моладзевай субкультур?

Перш за ўсё — не панікуйце! Значок на сумцы, прычоска ці адзенне яшчэ не гавораць аб тым, што заўтра вашае дзіця прыме наркотык ці скокне з даху. Але і ігнараваць гэтага нельга. Варта спакойна і добразычліва цікавіцца тым, што адбываецца з дзіцём: «А што гэта за сімвал? А чаму ты робіш такі жэст?» І г.д. Чытаць натацыі, лаяцца, забараняць — супрацьпаказана! Зрэшты, калі ў сям’і наладжаны добры кантакт паміж бацькамі і дзецьмі, праблема прыналежнасці да субкультуры, асабліва агрэсіўнай ці небяспечнай, не паўстане. А калі яна паўстала, то сваім крыкам вы толькі «даламаеце» тыя рэшткі даверу, якія яшчэ ў вас захаваліся.

Варта таксама задумацца аб тым, якую альтэрнатыву вы можаце прапанаваць падлетку, чым зацікавіць яго, каб ён аддаў перавагу сям’і, а не субкультуры.

Напрыканцы хацелася б некалькі словаў сказаць аб суадносінах субкультуры і хрысціянскай веры.

Як мы вызначылі, некаторыя субкультуры маюць антыхрысціянскі, язычніцкі ці сатанісцкі характар. Калі ваша дзіця, якое выхоўвалася ў веруючай сям’і, раптам далучаецца да такога руху — значыць, у выхаванні, у тым ліку рэлігійным, былі дапушчаны, на жаль, вельмі вялікія памылкі. Варта звярнуць увагу на тое, ці жывяце вы самі па тых прынцыпах, якім навучаеце ваша дзіця. І, будучы бацькамі, які вобраз Бога вы заклалі ў дзіця, што, пасталеўшы, яно адвярнулася ад Яго?

Каб такая сітуацыя ніколі не адбылася, і асабліва калі яна ўсё ж здарылася, важна вельмі шмат маліцца за сябе і за дзіця. Споведзь, Камунія, удзел у святой Імшы, рэлігійныя практыкі — гэта тыя лекі, якія дапамогуць вярнуць дзіця з багны граху.

Што ж тычыцца іншых напрамкаў, якія не маюць выражанага рэлігійнага вымярэння, — усё залежыць ад таго, наколькі глыбока ўвайшла вера ў сэрца вашага дзіцяці ў папярэднія гады. Калі яно вырасла ў шчыра веруючым, любячым асяродку, то захапленні той ці іншай субкультурай не будуць сталымі ці не прынясуць шкоды, бо дзіця ніколі не паставіць іх на месца Бога.

Наталля Станкевіч

У падрыхтоўцы артыкула выкарыстоўваліся матэрыялы з Інтэрнэту.

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця