У папярэдняй размове мы адзначылі, што, хаця палавое сталенне не з’яўляецца адзінай праявай наступлення падлеткавага ўзросту, яно, безумоўна, адна з самых яўных яго прыкметаў і ў той жа час — адзін з самых далікатных бакоў развіцця чалавека ў гэты перыяд.
Часам бацькі на пытанне аб тым, ці размаўлялі яны з дзіцём-падлеткам аб палавым сталенні і тым, што з ім звязана: сексе, мастурбацыі, магчымасці цяжарнасці, палавых інфекцыях, адказных паводзінах, аб тым, як сціпла апранацца, — сарамліва апускаюць вочы, чырванеюць і няўпэўнена адказваюць нешта кшталту: «А што, патрэбна?..» Некаторыя дадаюць: «Дык яны і без нас усё ведаюць!» А часам сустракаеш і такую фармулёўку: «Што вы! У нас добрая веруючая сям’я! Як жа можна казаць аб такіх рэчах!..»
Гэтыя бацькоўскія воклічы ілюструюць тры асноўныя праблемы, якія сустракаюцца ў сем’ях у сувязі з палавым сталеннем дзяцей і якія ўмоўна можна назваць так:
1. сцяна маўчання вакол «далікатнай тэмы»;
2. выхаванне вуліцай (тэлевізарам, Інтэрнэтам);
3. «У хрысціянскіх сем’ях сексу няма!»
Першыя дзве з іх цесна звязаныя: калі дома тэма палавога сталення байкатуецца — а для падлеткаў яна адна з найважнейшых! — яны знойдуць інфармацыю ў іншым месцы: у сяброў, у Інтэрнэце, з фільмаў, ток-шоў і г.д. І калі потым бацькі даведаюцца, у якой менавіта форме дзіця пра гэта пачула, — застанецца толькі хапацца за галаву…
Часта маўчанне дарослых з’яўляецца вынікам іх інфантыльнай пазіцыі, заснаванай на аксіёме «секс — гэта дрэнна». А раз дрэнна, брудна — то нельга пра яго размаўляць. Часта бацькам проста сорамна размаўляць з дзецьмі на гэтыя тэмы, і гэты сорам робіць іх бездапаможнымі перад зменамі ў жыцці дзіцяці. Я ўзгадваю эпізод з нейкага фільма, дзе бацька якраз сабраўся паразмаўляць з сынам (гадоў 16) на сексуальную тэму. І вось які атрымаўся дыялог:
Тата: Сынок, ты ведаеш, табе ўжо 16, хутка прыйдзе той час, калі ты ўступіш у той запаведны сад, у якім пазнаеш…
Сын (відавочна нудзіцца): Тата, калі ты пра секс, дык я ўжо ўсё ведаю.
Тата (разгублена): Так?..
Сын (звысоку, як да дзіцятка): Так, тата, так…
Жадаю вам, шаноўныя бацькі, ніколі не апынуцца на месцы гэтага бездапаможнага бацькі!
Спецыфічная сітуацыя часам узнікае ў веруючых сем’ях, дзе аксіёма «секс — гэта дрэнна» нараджаецца не адкуль-небудзь, а з веры, дакладней, з вольнай інтэрпрэтацыі Божага слова канкрэтнымі людзьмі — бацькамі. Часам яны імкнуцца зрабіць выгляд, што ў іх сям’і сексуальных адносінаў няма наогул. Дзецям у адказ на «складаныя» пытанні спачатку апавядаецца байка пра бусла і капусту, а потым на гэтую тэму наогул наступае маўчанне. Бачачы такіх «стэрыльных» бацькоў, дзіця, а потым падлетак, успрымае невербальны «сігнал»: толькі грэшныя, дрэнныя людзі маюць сексуальныя жаданні! І ўсё б нічога, калі б у пэўным узросце тыя самыя жаданні не абрынуліся на самога падлетка, а разам з імі — пачуцці сораму, віны, сваёй грахоўнасці, навязлівыя страхі пекла (бо, канешне ж, Бог не пацерпіць у сваім Валадарстве такога мега-грэшніка!), адзінота (бо, зразумела, гэта я адзін маю такія жаданні!), страх раскрыцця (калі хтосьці даведаецца аб маіх жаданнях — усе адвернуцца ад мяне!), страх і пазбяганне споведзі («як жа я ТАКОЕ раскажу ксяндзу?!») і г.д. Будучы нявырашанымі, усе гэтыя эмоцыі расхістваюць псіхічны свет дзіцяці, які, як мы памятаем з папярэдняй размовы, і так перажывае цяжкія часы, і могуць прыводзіць да неўрозаў, эмацыйных зрываў і іншых хваравітых станаў.
Нельга забывацца, у той жа час, і пра супрацьлеглую тэндэнцыю: калі сям’я аб сексуальнасці маўчыць, то свет аб ёй крычыць, і ў вельмі вычварнай форме, і ад бацькоў залежыць, у якім выглядзе іх дзеці даведаюцца аб гэтым баку жыцця.
Такім чынам, калі падобная размова так ці інакш падаецца неабходнай, было б добра ведаць, якім чынам яе правесці. У гэтым нам могуць дапамагчы некалькі простых парадаў.
Хто павінен размаўляць?
Найлепшы варыянт: з хлопцам — бацька, з дзяўчынай — маці. Калі ў сям’і няма бацькі — маці можа папрасіць аб размове іншага дарослага мужчыну, якому давярае і яна, і дзіця, напрыклад, хроснага бацьку. Сітуацыя, калі маці размаўляе з сынам, — найменей спрыяльная, але калі іначай не атрымліваецца — усё роўна лепей гаварыць аб гэтым, чым абысці маўчаннем.
Як і аб чым размаўляць?
А) Перш за ўсё трэба памятаць, што станаўленне хлопцам (дзяўчынай) — гэта працэс, які ахоплівае болей пытанняў, чым непасрэдна сексуальныя зносіны. Дзіцяці ў раннім падлеткавым узросце важна патлумачыць, якія змены адбываюцца ў ягоным целе. Важна, напрыклад, расказаць дзяўчынцы аб месячных, падкрэсліўшы, што гэта нармальна, што гэта пачатак пераўтварэння яе ў дзяўчыну і што такім чынам арганізм сігналізуе аб тым, што дзяўчына ўжо можа нарадзіць дзіця.
Б) Тэмы сексуальных зносінаў таксама важна не абмінаць, і размаўляць аб гэтым варта шчыра, але і не «размалёўваючы» ўсіх фізіялагічных падрабязнасцяў. Насамрэч, значна больш важным будзе, калі вы шчыра раскажаце свайму сыну (дачцэ) аб сваіх пачуццях, звязаных з ягоным сталеннем, аб сваіх страхах і надзеях. Ю. Б. Гіпенрэйтэр у сваёй кнізе «Працягваем размаўляць з дзіцём. Так?» кажа аб найважнейшай ролі шчырасці ў гэтай размове: калі, напрыклад, вы баіцеся, што дзіця з-за нейкай ракавой памылкі зацяжарыць — скажыце аб гэтым сваім страху! Дзіця ўжо павінна ведаць (калі не ведала дагэтуль!), што секс і нараджэнне дзіцяці сцісла звязаны між сабою. Больш за тое: цяпер, калі дзіця пасталела, і тое, і другое становяцца вынікам ягонага выбару, і гэта вельмі важны момант. Цяпер яно можа і нават павінна абіраць, як яму жыць, і ведаць, што ад гэтага выбару можа залежаць не толькі яго ўласнае жыццё, але і жыццё магчымага дзіцятка.
В) У веруючых сем’ях размова аб сексуальнасці, безумоўна, не можа абмінуць тэму Божых запаведзяў. Менавіта яны з’яўляюцца падмуркам для адказнага, сціплага і чыстага жыцця чалавека. Менавіта яны з’яўляюцца таксама адказам на шматлікія пытанні кшталту «чаму нельга?». Варта казаць дзіцяці аб тым, што ўсе абмежаванні Бог увёў не для таго, каб зрабіць жыццё больш складаным, а наадварот — толькі дзеля бязмежнай любові да нас. Калі б нашая натура не была сапсавана грахом, мы не мелі б патрэбы ў запаведзях: жыццё, згоднае з імі, было б для нас натуральным і не патрабавала б яшчэ і славеснага пацверджання.
Г) Варта памятаць, што найважнейшым спосабам выхавання дзіцяці з’яўляецца прыклад бацькоў. Таму калі тое, што вы будзеце казаць на тэму сексуальнасці, будзе разыходзіцца з тым, што дзіця бачыць у паўсядзённым жыцці, — такая размова прынясе шкоду, а не карысць.
Якой жа павінна быць правільная, дарослая пазіцыя бацькоў у дачыненні да сексуальнасці?
Першае і галоўнае: сексуальнасць і сексуальныя зносіны — гэта вялікі і прыгожы дар, які двое дарослых людзей могуць прынесці адно аднаму. У гэтым няма нічога бруднага ці грахоўнага — гэта акт аддання сябе іншаму, праява даверу і любові.
Па-другое: сексуальным зносінам ёсць сваё месца і час: яны магчымыя і набываюць вышэйапісаную прыгажосць і чыстасць ТОЛЬКІ ў рамках сужэнства, асвечанага Богам. Менавіта Божае благаслаўленне і ласка, якія сыходзяць на сужэнцаў падчас сакрамэнту шлюбу, надаюць сексуальным адносінам іх глыбокі духоўны сэнс і тым адрозніваюць іх ад жывёльнага акту.
Па-трэцяе: сексуальная сфера ў чалавека вельмі паранена (як, зрэшты, і ўся чалавечая прырода пасля першароднага граху). Спакусам супраць запаведзі «не чужалож» і «не пажадай жонкі бліжняга свайго» вельмі цяжка супрацьстаяць, тым больш што яны знаходзяць моцны водгук у нашым целе. Таму д’ябал вельмі часта карыстаецца з нашай слабасці менавіта ў гэтай сферы — а потым яшчэ віртуозна грае на нашым сораме, пачуцці віны, злосці на саміх сябе і г.д. Таму вельмі важна ўдзяляць асаблівую ўвагу чыстасці менавіта ў гэтай сферы і імкнуцца як мага болей пазбягаць тут нагоды да граху.
Чацвёртае (асабліва важна для веруючых бацькоў): нават калі ў дзіцяці-падлетка здарыўся грэх супраць шостай і дзевятай запаведзі, гэта не значыць, што Бог пазбавіў яго сваёй любові! А раз сам Бог не адвярнуўся ад яго — не варта гэтага рабіць і нам. Нашае прыняцце і любоў да дзіцяці будзе тым падмуркам, на якім яно зможа паўстаць з граху. І наадварот — менавіта наш прыклад павінен стаць для дзіцяці адлюстраваннем Божай любові і вернасці: калі бацькі не адвярнуліся ад мяне, то Бог тым больш мне прабачыць. А з такой пазіцыяй значна лягчэй вызнаць свой грэх на споведзі.
Размаўляючы аб падлеткавай сексуальнасці, напэўна, нельга не сказаць некалькі словаў аб мастурбацыі, бо менавіта гэты грэх з’яўляецца найбольш распаўсюджаным сярод падлеткаў.
Пункты гледжання на гэтую з’яву ў хрысціянскім асяроддзі амаль дыяметральна супрацьлеглыя. Так, некаторыя пратэстанцкія канфесіі наогул не лічаць гэта грахом, пры ўмове, што акт мастурбацыі не суправаджаецца грэшнымі думкамі ці праглядам парнаграфіі: у гэтым выпадку, па іх меркаванні, мастурбацыя з’яўляецца чыста фізіялагічнай праявай і становіцца на адзін прыступак з задавальненнем голаду, смагі, стомы і г.д.
Хаця католікі не могуць пагадзіцца з такой пазіцыяй, памятаючы, што ў Каталіцкім Касцёле мастурбацыя лічыцца грахом, усё ж незразумела і іншая крайнасць, якая сустракаецца ў асобных прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Яна складзена з уяўлення аб мастурбацыі не проста як аб граху, а як аб амаль што галоўным і самым страшным граху, які толькі можа здзейсніць чалавек. У выніку да бацькоў-хрысціянаў кіруюцца парады, якія разыходзяцца са здаровым сэнсам, напрыклад, такая (вычытала на адным з пратэстанцкіх сайтаў): «хрысціянскія бацькі маюць абавязак сачыць, каб, пачынаючы ад падлеткавага ўзросту, дзяўчынкі ў іх сем’ях мелі як мага больш доўгія пазногці на руках, бо, маючы доўгія пазногці, немагчыма займацца мастурбацыяй. Найбольш пабожныя бацькі нават выплачваюць дзяўчынкам нейкую суму кішэнных грошай за кожны міліметр даўжыні пазногцяў». Як кажуць, no comment.
Мне падаецца, што да мастурбацыі, як і ў адносінах да іншых грахоў супраць шостай і дзевятай запаведзяў, бацькам можна і нават варта сфарміраваць усё той жа здаровы, дарослы падыход, які выключае як занадта мяккую пазіцыю, так і істэрыку вакол гэтай праблемы.
Гэты падыход мог бы ўключаць такія элементы.
Па-першае, трэба памятаць, што Касцёл лічыць мастурбацыю грахом, і таму менавіта як грэх яна павінна быць прадстаўлена ў размове з падлеткам.
Па-другое, з іншага боку, бацькам (і падлеткам таксама! ) варта ведаць, што навязлівая мастурбацыя (кожны дзень ці па некалькі разоў за дзень) часта з’яўляецца сімптомам псіхалагічнай няўтульнасці чалавека. Памятаеце, калі ў адным з папярэдніх артыкулаў мы разважалі аб дзіцячай мастурбацыі, мы казалі аб тым, што яна нясе вельмі важную псіхалагічную функцыю — супакойваць дзіця, здымаць эмацыйнае напружанне.У падлеткавым узросце да справы далучыліся гармоны і звязаная з імі магчымасць атрымання фізіялагічнай разрадкі, але псіхалагічная сутнасць мастурбацыі застаецца прыкладна той самай: калі падлетак часта займаецца гэтым — гэта сведчанне таго, што ў яго існуюць унутраныя крыніцы трывогі, страха, няўпэўненасці ў сабе ці іншых непрыемных, цяжкіх эмоцый, якія ён не можа разрадзіць іншымі спосабамі — напрыклад, праз шчырую, даверлівую размову з бацькамі.
Разглядаючы сітуацыю з гэтага пункту гледжання, становіцца відавочным, што сарамаціць ці караць падлетка з мэтаю прымусіць яго спыніць заняткі мастурбацыяй — гэта тое ж самае, што тушыць агонь бензінам, дадаючы паліва ў ягонае ўнутранае полымя цяжкіх эмоцый.
І таму — трэці элемент дарослай пазіцыі, які, дарэчы, ужо быў агучаны: ніякае падзенне і ніякі грэх, у тым ліку і мастурбацыя, не можа адкінуць чалавека ад Божай любові пры ўмове, што чалавек імкнецца паўстаць са сваёй слабасці. Бог загадаў нам прабачаць семдзесят сем разоў, а гэта значыць — заўсёды. Менавіта так паступае і Ён сам. Таму нашай задачай з’яўляецца толькі дапамагчы чалавеку не страціць гэтай апоры прыняцця і любові, на якой ён мог бы зноў і зноў уставаць.
Крыху, мабыць, сімвалічна, што гэты артыкул выходзіць на пачатку Вялікага посту — часу асаблівага дзеяння Божай ласкі ў жыцці кожнага чалавека. Кожнага Бог запрашае прыйсці да Яго, кожнаму абяцае сваю моц і дапамогу. Гэта вельмі важны шанец для ўсіх, хто хоча, акрамя іншага, аднавіць сваю чыстасць і тым самым зрабіць яшчэ адзін крок да Міласэрнага Айца.
Наталля Станкевіч