Пошук


Падлеткавы ўзрост — тэма асобных разважанняў сярод псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў. Даследчыкі гэтага этапу сталення дзіцяці амаль аднагалосна апісваюць яго ў «каляваеннай» тэрміналогіі: «выбухованебяспечны ўзрост», «узрост бунту», «траўматычны ўзрост», «ранімы ўзрост» і г.д.

«Ваенныя дзеянні», сапраўды, пачынаюць разгортвацца ў сямейным асяроддзі: падаецца, зусім нядаўна дзіця было мяккім, лагодным чалавечкам — і раптам робіцца калючым, непакорным падлеткам.

Фізіялагічна перыяд падлеткавага і ранняга юнацкага ўзросту пачынаецца ад пачатку палюцый у хлопцаў і менструацый у дзяўчат і доўжыцца прыкладна да 20 гадоў — узросту, калі больш-менш завяршаецца фарміраванне нервовай сістэмы, а псіха-фізіялагічныя працэсы набываюць сталы характар.

У сацыяльна-псіхалагічным вымярэнні падлеткавы ўзрост, як адзначае праваслаўны псіхолаг манахіня Ніна Крыгіна, — гэта час «праверкі на трываласць» для ўсёй сям’і. Гэта своеасаблівы тэст на давер паміж бацькамі і дзецьмі, на іх узаемную павагу, любоў і прыняцце. Гэта таксама выпрабаванне для бацькоўскага аўтарытэту: бацькам важна не страціць яго і ў той жа час — дапамагаць дзіцяці сталець, паступова перадаючы яму ўсё больш і больш адказнасці за ягонае жыццё.

Гэты ўзрост з’яўляецца таксама вельмі траўматычным для дзіцяці, і гэтая траўматычнасць нават двайная: з аднаго боку, тыя фізіялагічныя і псіхічныя працэсы, з якімі сутыкаецца дзіця ў падлеткавым узросце, адбываюцца вельмі хутка і маюць вельмі шырокі характар. Змяняецца практычна ўсё: цела, якое пачынае хутка расці і набывае шэраг новых функцый, перш за ўсё звязаных з працягам роду; псіхіка — перад падлеткам узнікаюць шматлікія пытанні, звязаныя з ягонай ідэнтычнасцю і тым месцам, якое ён займае. «Хто я такі?», «Якая мэта майго жыцця?»,  «Я добры ці дрэнны?», «Што цікавіць мяне ў жыцці?»… Змяняецца таксама сацыяльны статус падлетка: у яго з’яўляюцца новыя сябры, асяроддзе равеснікаў пачынае адыгрываць усё большую ролю ў ягоным жыцці; ён больш часу праводзіць па-за домам і сямейным акружэннем і так ці інакш пазнае «вялікі свет»; перад ім таксама ўзнікаюць пытанні аб яго прафесійным пакліканні, самавызначэнні і г.д.

З іншага боку, бурлівы і складаны характар гэтых пераменаў робіць падлетка ўразлівым перад вонкавымі траўматычнымі падзеямі. Ён ужо не можа, як раней, «трымаць удар»: усе механізмы псіхічнай абароны, якія дагэтуль дапамагалі дзіцяці адаптавацца ў сваім асяроддзі, перажываюць каласальныя змены і таму часткова губляюць сваю працаздольнасць. Адсюль шматлікія прыклады ранімасці, далікатнасці падлеткаў. Часта бацькі дзівяцца: «Падаецца — ну нічога ж дрэнна не сказаў! — а дзіця надзьмулася на цэлы тыдзень».

Грэчаскі псіхатэрапеўт Дзімітрыс Анастасопулас у артыкуле «Падлеткавая псіхічная траўма і звязаныя з ёй расстройствы» выдзяляе наступныя характарыстыкі падлеткавага ўзросту:

1) узмацненне сексуальных і агрэсіўных інстынктаў;
2) рэгрэсія да больш ранніх фазаў псіхаэмацыйнага развіцця;
3) вяртанне не вырашаных раней канфліктаў;
4) узмацненне нарцысізму і фантазій аб усемагутнасці;
5) размытасць адчування сваіх межаў і свайго Я-вобразу;
6) пошук ідэнтычнасці;
7) перажыванні, звязаныя з разбурэннем дзіцячых уяўленняў аб сабе самім і залежнасці ад бацькоў.

Напраўду, мова гэтага артыкула падаецца даволі складанай? Аднак насамрэч аўтар паказвае нам тыя асноўныя канфлікты, якія перапаўняюць падлетка і могуць, пры няправільным абыходжанні з ім, траўміраваць яго.

Разгледзім кожны з гэтых пунктаў больш падрабязна — і пераканаемся ў тым, што кожны з іх мае свае праявы ў рэальным паўсядзённым жыцці.

Узмацненне сексуальнасці і агрэсіўнасці

Пубертат, ці палавое сталенне, часта разглядаецца навукоўцамі як адна з найважнейшых праяваў падлеткавага ўзросту. Некаторыя даследчыкі нават вылучаюць гэты фактар у якасці адзінай прычыны псіхалагічных траўм у гэты перыяд развіцця, аднак гэта падаецца некалькі нацягнутай высновай. У любым выпадку, пераход ад дзяцінства да фізіялагічнай даросласці з’яўляецца для падлетка адным са значных і найбольш «пякучых» выклікаў. Ён мусіць не больш не менш як па-новаму ўспрыняць сваё цела, свой вобраз, прызвычаіцца да таго, што зараз яно працуе зусім інакш, па іншых законах, і да гэтага неабходна прыстасавацца. Можам параўнаць гэта з тым, як бы мы адчувалі сябе, калі б у нас раптам вырасла трэцяя рука ці нага, і мы б ведалі, што так і павінна быць, і цяпер прыйдзецца неяк па-новаму дзейнічаць і па-новаму ўспрымаць сваё цела.

У фарміраванні сексуальнасці і агрэсіўнасці не малую ролю адыгрываюць таксама гармоны. Іх вялізная актыўнасць у гэты перыяд часта робіць паводзіны падлетка незразумелымі і нават неадэкватнымі з пункту гледжання дарослых: ён грубіць, невядома чаго саромеецца, то імкнецца наблізіцца да бацькоў, то наадварот — бяжыць ад іх, як ад агню… То ён шчаслівы і задаволены — то раптам жыццё, здаецца, губляе для яго ўсялякі сэнс…

Часам у гэты перыяд бацькі заўважаюць, што падлетак нібыта вяртаецца ў дзяцінства: ягоныя рэакцыі, сам спосаб мыслення робяцца больш інфантыльнымі. Часам ад бацькоў можна пачуць: «Яму (ёй) ужо 12 (13,14) гадоў — а ён паводзіць сябе як малое дзіця! Быццам не сталее, а наадварот — змяншаецца!»  Гэты рэгрэс, які Анастасопулас называе   «рэгрэсіяй да больш ранніх фазаў псіхаэмацыянальнага развіцця», з’яўляецца, аднак, нормаю для падлеткавага ўзросту. Ён ўяўляе сабою паўторнае, але на іншым узроўні, перажыванне крызісу «трох год», ці крызісу «не!» — крызісу аддзялення дзіцяці ад бацькоў, набывання ім большай самастойнасці.

Аднак такое «пагружэнне» падлетка ў дзяцінства нясе з сабою і небяспеку: усе тыя ўнутраныя канфлікты, якія не былі цалкам вырашаны ў дзяцінстве, ізноў становяцца актуальнымі. Асабліва гэта тычыцца так званага «эдыпавага комплексу», які шчыльна звязаны з фарміраваннем мужнасці і жаноцкасці. Карціна сябе як хлопчыка ці дзяўчынкі, якая сфарміравалася ў дзіцяці да трохгадовага ўзросту, павінна атрымаць зусім новае вымярэнне ў падлеткавым узросце, калі падлетак пачынае адчуваць сваю сексуальнасць. Гэта таксама вельмі складаны і балючы псіхічны працэс. Вырашэнне яго цалкам засяроджвае падлетка на самім сабе: ён робіцца менш камунікатыўным, больш паглыбляецца ў свае думкі і адчуванні, засяроджваецца на сабе, быццам прыслухоўваючыся. У гэты перыяд падлетак можа імкнуцца да адзіноты, стварэння сваёй асабістай прасторы, ён шмат марыць, ці, як падаецца часам бацькам «бессэнсоўна валяецца на канапе». Дарэчы, гэты стан «бессэнсоўнага завісання» мы бачылі і ў дзяцінстве і казалі аб ім, што гэта вельмі важныя моманты ў жыцці дзіцяці, калі працэсы ягонага духоўнага і псіхалагічнага ўзрастання ідуць поўным ходам. Важна таму імкнуцца па магчымасці паважаць гэты стан і ў падлеткавым узросце. Часам матуль ён палохае, і яны пачынаюць дапытвацца ў дзіцяці: «А ў цябе нічога не баліць? А ты ні з кім не пасварыўся? А чаму ў цябе дрэнны настрой? А можа — да доктара?» Таму важна ведаць, што такі стан апатыі нармальны для падлетка, які адчувае вельмі моцныя псіхалагічныя, гарманальныя і фізічныя нагрузкі, якія яму «падкідваюць» цела і псіхіка, што хутка змяняюцца. Лепшае, што тут можна зрабіць — пакінуць падлетка ў спакоі.

У той жа час падлетак, як немаўля, пачынае ізноў фантазіраваць аб уласнай усемагутнасці. Часта гэта праяўляецца, на жаль, у небяспечнай памылковай выснове, што «я не магу памерці, і што б я не рабіў, са мною нічога дрэннага не адбудзецца».  Таму падлеткі часта цікавяцца «экстрэмальнымі» відамі забаваў, напрыклад, паркурам — бегам па няскончаных будоўлях, і г.д. На жаль, на гэтай жа ілюзіі пабудаваны ў цяжкіх выпадках і падлеткавыя самагубствы: падлетак не атаясамлівае гэты акт і смерць, як поўны канец жыцця. Часта фантазіі яго пра самагубства выглядаюць прыкладна так: «Вось памру, і будзе маё цела ляжаць у труне, а навокал — сябры, родныя… Вось тады пашкадуеце, што крыўдзілі мяне! А я буду стаяць сабе ціхенька побач і назіраць за вамі, вось і даведаюся, хто мяне больш любіць!» Як бачым, смерці як такой у гэтых фантазіях няма: падлетак фантазіруе, што будзе стаяць побач, слухаць размовы… Цікава, што далей моманту пахавання гэтыя фантазіі, як правіла, не распасціраюцца, бо гэта абавязкова паставіла б падлетка перад фактам «канчатковасці» смерці.

Не менш важныя працэсы адбываюцца і ў вонкавым жыцці падлетка. Працэсы, аб якіх мы зараз казалі, правакуюць у яго інтэнсіўны пошук сябе самога, стварэнне ўласнай ідэнтычнасці. Часам гэтыя пошукі выліваюцца ў знешні выгляд: дзіўныя прычоскі, адзенне, захапленне разнастайнымі музычнымі напрамкамі і г.д.

У той жа час, як мы ўжо казалі, ажыццяўляецца перабудова адносінаў падлетка з бацькамі. Зразумела, гэты працэс ідзе пастаянна, па меры таго, як дзіця сталее, аднак менавіта ў падлеткавым узросце змены адбываюцца ў «выбухованебяспечнай» атмасферы, нагадваючы часам вайну за незалежнасць з боку дзіцяці і спробы ўціхамірыць бунтуючыя калоніі з боку бацькоў.

Часам бацькі задаюць пытанне: ці можна перажыць падлеткавы ўзрост дзіцяці без усіх гэтых катаклізмаў?

Вядома, што так. Нават калі зусім пазбегнуць складаных сітуацый не атрымаецца — можна паспрабаваць звесці іх да мінімуму. Першай умовай для гэтага я лічу малітву і глыбокае духоўнае жыццё ў сям’і, шчырую гатоўнасць бацькоў падпарадкавацца Божай волі і іх імкненне як мага лепей выканаць свае абавязкі ў дачыненні да дзяцей. Мы памятаем, што выхаванне ідзе не з дапамогай словаў, а з дапамогай прыкладаў. Калі дзіця будзе бачыць, што бацькі сапраўды шчыра любяць яго, жадаюць яму дабра, а дабро, у сваю чаргу, непадзельна звязана для іх з Богам, — вытрымаць націск падлеткавага ўзросту будзе прасцей.

Змякчыць «ваенныя дзеянні» можа дапамагчы таксама ўжо прыгаданы намі ў папярэдніх размовах «Пазітыўны бацькоўскі план»: любоў да дзіцяці, прыняцце яго, павага да ягонай асобы і бацькоўскі аўтарытэт.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.