Сёння я б хацела абмеркаваць з вамі, паважаныя чытачы, некалькі практычных пытанняў аб выхаванні дзяцей-дашкольнікаў, якія найбольш часта задаюць бацькі падчас псіхалагічных кансультацый. Спадзяюся, што гэтая інфармацыя будзе для вас карыснай.
Што рабіць, калі дзіця робіць, што хоча, і не звяртае ўвагі на забароны?
Пытанне адносна нашай «любімай тэмы» — межаў. Як мы ўжо ведаем, наяўнасць межаў аўтаматычна вядзе за сабой наяўнасць забаронаў: мы абмяжоўваем дзіцятка, кажучы: «так нельга!» Але забароны маюць на ўвазе і яшчэ нешта — пакаранне за іх парушэнне. Аб пакаранні мы пагаворым у іншым артыкуле, але зараз адзначым: вельмі важная выхаваўчая рыса пакарання — яно абавязкова здзяйсняецца ў выпадку парушэння забаронаў. Абавязкова — значыць нягледзячы на плач, крыкі, абяцанні «больш так не буду!» і г.д. Такая абавязковасць дае дзіцяці разуменне прычынна-выніковай сувязі: калі я вось так зраблю — будзе тое і тое. Гэта не значыць, што дзіця стане ідэальным і ніколі не будзе парушаць забароны. Будзе, і гэта нармальна: межы трэба «праверыць на трываласць». Таму першы крок з непаслухмяным дзіцяткам — дакладныя абмежаванні і ясна акрэсленыя пакаранні за іх, такія «правілы гульні»: «Калі будзеш біць маму — будзеш паўгадзіны стаяць у кутку» — напрыклад, вось так.
Акрамя гэтага, пастарайцеся зразумець матывы дзіцяці: чаму яно паводзіць сябе менавіта так? Адзін псіхолаг прыводзіў у сваёй кнізе такі прыклад: «Мая жонка паехала ў камандзіроўку, а я застаўся з нашай трохгадовай дачкой. Раніцай нам трэба было збірацца ў садок. Я спяшаўся, але малая хадзіла па дому, збіралася вельмі павольна і як магла цягнула час. Я ўжо пачаў раздражняцца, але раптам падумаў: „А калі б гэта быў хтосьці з маіх пацыентаў — што б яму сказаў?“ Я падышоў да дачкі. „Ты сумуеш па маме, любая?“ Яна зірнула на мяне, заплакала і кіўнула. Я абняў яе, яна хутка супакоілася, і мы без праблем пайшлі ў садок».
І яшчэ адно вельмі важнае правіла: ацэньвайце ўчынак, а не чалавека. У якасці прыкладу прывяду дзве гісторыі з жыцця. Адну з іх распавядала ўдзельніца форуму: «Назірала аднойчы агідную сцэну: мама з дачкой гадоў чатырох зайшлі ў краму. Каля касы дзяўчынка ўзяла з вітрыны цукерку і паспрабавала непрыкметна схаваць яе ў кішэню, але мама гэта заўважыла. Яна схапіла дзяўчынку, адабрала цукерку і стала лупцаваць дзіця па твары, крычучы на ўсю краму: „Ты што робіш?! Ды хто ж з цябе вырасце?!“ У выніку істэрыка была ў мамы, дачкі, а дрэнны настрой — ува ўсіх, хто гэта назіраў».
Супрацьлеглая сітуацыя адбылася з маёй знаёмай, якая працуе няняй у сям’і з дзяўчынкай 3,2 гадоў. Дзея таксама адбывалася ў краме. Дзяўчынка на хвілінку знікла і вярнулася да выхавацелькі з тварам, перапэцканым салодкім крэмам з пірожнага. Адначасова ўзняўся крык: «Глядзіце, дзіця адкусіла пірожнае і паклала назад! Куды маці глядзіць?!». Мая знаёмая пытаецца ў дзяўчынкі:
— Маша (імя зменена), што ты зрабіла?
— Нічога.
— А чаму твар у крэме?
Маўчанне. Выхавацелька з дзіцём кіруецца да прылаўка, забірае надкусанае пірожнае і пад змрочнымі поглядамі гандлярак выходзіць. Далейшая гутарка па дарозе дадому:
— Маша, ты зрабіла вельмі дрэнную рэч. Я ўжо казала табе, што нельга нічога чапаць у краме. Таму я маю цябе пакараць, бо інакш не магу. Калі прыйдзем дадому, будзеш стаяць у кутку.
Дзяўчынка з вачамі, поўнымі слёз, ідзе за ёю.
Вяртаюцца дамоў, распранаюцца, Маша становіцца ў куток. Праз некаторы час:
— Я больш так не буду!
— Што менавіта ты не будзеш?
— Чапаць тавары ў краме! Прабач мяне!
— Добра, я цябе на гэты раз прабачу, але болей так не рабі!
Найважнейшы момант гэтай гісторыі адбыўся праз некалькі дзён. Маша пытаецца:
— А памятаеш, як я узяла пірожнае ў краме?
— Памятаю, Маша!
— А я думала, што ты будзеш злавацца і крычаць на мяне — а ты зусім не злавалася!
— Так, я не злавалася на цябе. Але ты ж ведаеш, што гэта быў дрэнны ўчынак?
— Так, канешне, ведаю!
Гэты маленькі прыклад бліскуча ілюструе пазіцыю дарослага чалавека, які сустрэўся з непаслухмянасцю дзіцяці: выхавацелька не паддаецца раздражненню, пачуццю нялоўкасці, не апраўдваецца («не-не, я не мама, я няня!»). У размове з дзіцём яна ацэньвае ўчынак: «Ты паступіла вельмі дрэнна. Я табе ўжо казала, што так нельга». Яна не прыніжае дзіця, не зрывае на ім злосць, але адразу прызначае пакаранне: «Будзеш стаяць у кутку». І галоўнае — што засталося ў памяці дзіцяці? «Я думала, ты будзеш злавацца і крычаць на мяне — а ты зусім не злавалася»: дрэнны ўчынак не разбурыў любові і даверу паміж дарослым і дзіцём.
Што рабіць, калі дзіця «закатвае істэрыкі»?
Мабыць, адна з найбольш траўматычных сітуацый для бацькоў: на іх спробы абмежаваць дзіцятка, у чымсьці яму адмовіць пачынаецца віск, плач, вар’яцкі крык, дзіця валіцца на падлогу (добра, калі не ў лужыну!) — і дарослыя цалкам губляюць кантроль над сітуацыяй.
Што рабіць? Як размаўляць з дзіцём? Што і як казаць?
Пачнём з таго, што калі істэрыка ўжо пачалася — казаць і рабіць што-небудзь бескарысна. Дзіця вас не чуе і не ўспрымае, ахопленае сваімі эмоцыямі. Таму варыянт адзін — «пакінуць поле бою». Калі вы ў кватэры — выйсці з пакоя і зачыніць за сабой дзверы. Калі на вуліцы ці, напрыклад, у краме — трэба моцна ўзяць дзіця «ў замок», каб абмежаваць ягоныя рухі, і моўчкі і пажадана без раздражнення перанесці яго ў ізаляванае месца (дадому, у машыну). Пасля чаго — пункт першы: знікнуць з поля бачання. Істэрыка заўсёды арыентавана на публіку. Чым менш «удзячнай публікі» — тым хутчэй яна завяршаецца.
Толькі калі дзіця супакоіцца, можна вяртацца да дыялога.
Як прадухіліць істэрыкі?
Істэрычныя выбухі кажуць аб тым, што дзіця не навучылася валодаць сваімі эмоцыямі. Таму першы крок па прадухіленні істэрык — гэта навучанне дзіцяці валодаць сваімі пачуццямі. Як гэтаму навучыць? Першы крок: эмоцыі неабходна называць. Дзіця ад нараджэння не ведае, што гэтае пачуццё — страх, гэтае — гнеў, гэтае — радасць і г.д. Задача бацькоў — даць эмоцыям імёны. Гэта падобна да сцэны з Кнігі Быцця, калі Бог стварыў усіх жывёл і загадаў чалавеку назваць іх. Імёны дае гаспадар. Калі мы даём эмоцыям імёны — мы становімся іх гаспадарамі. Працу па наданні імён эмоцыям трэба пачынаць як мага раней, з першых месяцаў жыцця дзіцяці.
Акрамя таго, важна памятаць, што не бывае дрэнных і добрых эмоцый. Эмоцыі натуральныя. Часам у сям’і можа існаваць забарона на якія-небудзь эмоцыі, напрыклад, на злосць. Як толькі дзіця выказвае раздражненне — яму адразу ж: «Ты што робіш?! Зараз жа перастань!», і дзіця хавае гнеў унутры, ён накопліваецца — і потым выбухае.
Вельмі важна таксама ведаць: паводзіны дзіцяці — гэта люстэрка сітуацыі ў сям’і. Прыгледзьцеся да дзіцяці, да таго, калі яно «істэрыкуе», якія эмоцыі выражае, — гэта можа шмат чаго высветліць. І ў сувязі з гэтым: прычына і нагода да істэрыкі — гэта розныя рэчы! Напрыклад, нагодай можа быць адмова купіць цукерку, а прычынай — алкагалізм бацькі і невыносная сітуацыя, з гэтым звязаная.
Як зразумець эмоцыі дзіцяці падчас істэрычнага прыпадку? Вельмі проста: прыслухайцеся да сябе. Што вы адчуваеце ў гэтую хвіліну? Гнеў? Сорам? Бездапаможнасць? Ці яшчэ нешта? Гэта менавіта тое, што адчувае дзіця, яно як бы «перадае», паказвае вам свае эмоцыі.
Кароткатэрміновай прафілактыкай істэрык (пры ўмове, што дзіця ўжо хаця б трохі ведае назвы сваіх эмоцый) можа быць прагаворванне тых ці іншых сітуацый, якія пагражаюць істэрычным выбухам, і ясная забарона на такія паводзіны. Напрыклад: «Ваня, мы зараз пойдзем у краму. Грошай у нас няшмат, і таму я не змагу купіць табе шакаладку. Я разумею, што табе будзе вельмі яе хацецца, і ты вельмі пакрыўдзішся, калі я адмоўлю табе. Я разумею твае пачуцці і дазваляю табе мне пра іх шчыра сказаць, калі іх адчуеш. Але калі ты пачнеш крычаць і падаць на падлогу, мы адразу ж вернемся дадому, і ты не будзеш увечары глядзець мульцікі».
Шмат пытанняў датычыцца ўзаемаадносінаў дзяцей з братамі і сёстрамі, аднак аб гэтым мы пагаворым у артыкулах, прысвечаных выхаванню ў шматдзетных сем’ях.
Што пачытаць па тэме выхавання?
Кніг сапраўды вельмі шмат, пазнаёмлю вас, шаноўныя чытачы, толькі з тымі, што чытала сама.
Робин Скиннер, Джон Клииз «Семья и как в ней уцелеть» — вельмі сістэмная, навукова абгрунтаваная і ў той жа час цікавая размова аб тым, як будуюцца адносіны ў сям’і і якія небяспекі чакаюць нас на шляху сямейнага жыцця. Адзіны недахоп: аўтары — няверуючыя, і іх выказванні адносна Бібліі не заўсёды адпавядаюць хрысціянскаму разуменню.
Д. В. Винникотт «Разговор с родителями» — выдадзены ў якасці кнігі шэраг радыёразмоваў славутага псіхатэрапеўта Д. В. Вінікота на тэму выхавання дзяцей. З іх маці з палёгкай даведаюцца аб тым, што зусім не абавязкова быць дасканалымі.
Джош Макдауэлл, Дик Дей «Как стать героем в глазах ребенка» — кніга аб бацькоўскім аўтарытэце, адказнасці і любові ў сям’і.
В. Ильин «Археология детства» — вельмі ўдалая кніга аўтара-хрысціяніна (праваслаўнага) аб выхаванні дзяцей. Змяшчае мноства практычных парадаў, а таксама іх абгрунтаванні: чаму трэба рабіць менавіта так, а не інакш.
Ю. Б. Гиппенрейтер «Общаться с ребенком. Как?» и «Продолжаем общаться с ребенком. Так?» — дзве вельмі карысныя і цікавыя кнігі, амаль цалкам складзеныя з практычных парадаў. Шмат увагі ўдзяляецца навыкам камунікацыі з дзецьмі розных узростаў, у першай кнізе ёсць рубрыка «мамы пытаюцца», а напрыканцы — проста ўнікальны ліст чытачкі аб яе вопыце выхавання «складанага падлетка».
Г. Клауд «Дети: границы, границы» (а таксама іншыя кнігі таго ж аўтара) — тэорыя і практыка выхавання ў хрысціянскіх сем’ях.
А. Звонкин «Малыши и математика» — вельмі цёплая, пяшчотная кніга, назіранні аб прынцыпах інтэлектуальнага выхавання дзяцей. Тут і практычныя парады, і апісанні гульняў, і моманты для разважання і ўсмешкі.
Таксама я б вельмі хацела параіць вам, паважаныя чытачы, тры фільмы на тэму выхавання дзяцей. Гэта «Испанский английский» (Spanglish) — фільм аб сямейных каштоўнасцях, а таксама аб «памылках, якія нельга рабіць, калі ў цябе ёсць дзеці».
«Звездочки на земле» — нетыповы індыйскі фільм, гісторыя аб прыняцці дзіцяці з парушэннямі псіхічнага развіцця; выклікае і смех, і слёзы…
«Хористы» (Les choristes) — аб працы таленавітага хормайстра ў школе для складаных падлеткаў. Аб тым, як дзякуючы любові, увазе да асобы дзіцяці шалёныя падлеткі пераўтвараюцца ў цудоўную капэлу…
Наталля Станкевіч