Шэсць пунктаў «Пазітыўнага бацькоўскага плану», як можна заўважыць, з’яўляюцца асновай выхавання дзіцяці любога ўзросту. Што ж асаблівага можна сказаць аб выхаванні дзяцей у перыяд ад нараджэння да школы?
Я б вылучыла некалькі асноўных правілаў.
Для немаўлят:
1. Немаўлятам вельмі важна адчуваць фізічны кантакт з мамай, гэта аказвае станоўчы ўплыў на шматлікія працэсы псіхалагічнага і фізіялагічнага развіцця. Таму немаўлят трэба шмат трымаць на руках, гладзіць, рабіць масажык — адным словам, даваць адчуванне, што мама фізічна побач.
Сярод матуляў існуе такі забабон: нельга трымаць немаўлятка на руках, бо прызвычаіцца і з рук не злезе, «прыручыцца». Насамрэч, гэта пытанне псіхалагічнай раўнавагі маці: чаму яна не хоча трымаць на руках сваё дзіця? Можа, баіцца. Можа, яно для яе агіднае. Можа, яшчэ нешта. Але варта памятаць: дзіцятка, асабліва немаўля, нованароджанае — непараўнальна слабейшае за дарослага, і задавольваць ягоныя патрэбы — наш абавязак. Таму, калі дзіця плача — АБАВЯЗКОВА трэба падысці і хаця б пагладзіць, а лепей узяць на рукі.
Складаная сітуацыя ўзнікае з так званымі «капрызнымі» дзецьмі, якія шмат плачуць. Я не люблю слова «капрызны» ў дачыненні да нованароджаных. Яно нічога не тлумачыць. Больш інфарматыўнае — трывожнае дзіця. Чаму трывожнае? Ёсць дзве магчымыя прычыны: унутраная — дзіцятка часам можа мець аслабленую нервовую сістэму, быць ад нараджэння больш узбуджальным, ранімым, чым іншыя; і знешняя — сітуацыя ў сям’і. Мы будзем яшчэ размаўляць аб гэтым, але варта запомніць важнае правіла: паводзіны дзіцяці — гэта люстра атмасферы ў сям’і. Калі мама нервуецца з-за разводу з татам, калі да сваркі далучаюцца бацькі аднаго з сужэнцаў, якія жывуць разам з імі, калі ў хаце крык, стрэс, крыўда, нецярпімасць, непаразуменні — як дзіця будзе спакойным? Зразумела, ніяк.
Але якія б ні былі прычыны трывожнасці дзіцяці — у нашай адказнасці дапамагчы яму пераадолець гэтыя цяжкасці. Зразумела, гэта часамі вельмі складана і ніколі не атрымаецца на сто працэнтаў. Але варта ведаць, як павінна быць у ідэале, каб бачыць, да чаго імкнуцца.
2. Акрамя фізічнага, дзіцятку неабходны эмацыянальны кантакт. Таму вельмі не рэкамендуецца, напрыклад, карміць дзіця і пры гэтым глядзець тэлевізар, чытаць ці рабіць нешта яшчэ. Матчына малако для дзіцяці — гэта не толькі ежа, гэта быццам само жыццё: любоў, увага, пяшчота… Калі гэтага няма, калі мама абыякавая да дзіцяці ці нават злуецца на яго і адчувае агіду ці страх падчас кармлення, то малако становіцца «мёртвым» у псіхалагічным плане. Замест жыцця яно нясе псіхічную калі не смерць, то траўму, якая тым больш небяспечная, што дзіця ніколі не ўспомніць свядома гэтага досведу.
3. У сувязі з кармленнем часта ўзнікае пытанне: да якога ўзросту карміць грудзьмі? Адказаць можна так: хоць у кожнага дзіцяці свой тэмп развіцця, усё ж пажадана адмовіцца ад кармлення грудзьмі да двух гадоў. Фізіялагічна гэта той узрост, калі матчына малако ўжо не прыносіць карысці для дзіцяці, якое ўжо можа спажываць шмат іншых прадуктаў. Псіхалагічна ж 1,5–2 гады — гэта ўзрост, калі дзіця пачынае працэс псіхалагічнага аддзялення ад маці, фарміруе сваю ўласную асобу і пачынае актыўна пазнаваць свет навокал, і кармленне грудзьмі — гэта ўжо неадэкватны спосаб яго заспакойвання, зніжэння трывогі. Для гэтай мэты можна выкарыстоўваць абдымкі, пацалункі, добрыя словы, ласкавыя погляды — а таксама…
4. …Купіце дзіцяці зайку! Дзіця пачынае аддаляцца ад мамы, парушаючы сімбіёз з ёю. Гэтае аддзяленне бачна няўзброеным вокам: вось дзіця сядзіць на стульчыку побач з мамай… Потым гуляе на іншым канцы пакоя… Потым у іншым пакоі, ведаючы, што мама на кухні…Потым у пясочніцы, бегае па пляцоўцы для гульняў — але заўсёды вяртаецца, каб атрымаць новы «зарад энергіі» ад мамы.
Каб гэты працэс аддзялення быў менш стрэсавым, псіхолагі рэкамендуюць ва ўзросце каля двух гадоў прапанаваць дзіцяці цацку — спадарожніка ў ягоным даследаванні свету. Гэтая цацка становіцца быццам часткаю мамы, якая заўсёды з дзіцяткам. Зразумела, гэта не выключае прысутнасці мамы, якое застаецца абавязковым. Аднак цацка аказвае свой станоўчы ўплыў, псіхалагічна «саграваючы» і падтрымліваючы дзіця.
Якой павінна быць гэтая цацка? Па-першае — абавязкова мяккая, каб яе можна было абдымаць, прытуляць да сябе, мяць… Па-другое — не занадта вялікая і цяжкая, каб дзіця магло свабодна насіць яе з сабою столькі, колькі пажадае.
І галоўнае — гэтая цацка павінна быць падорана мамай з тым пасылам, што гэта новы сябар і спадарожнік дзіцятка — чароўны зайка, які змяшчае маміна цяпло і любоў.
Наконт выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту прывяду толькі адну, але важную практычную параду псіхолагаў: ДАЗВОЛЬЦЕ ДЗЕЦЯМ БЫЦЬ ДЗЕЦЬМІ!
Вельмі часта сёння здараецца сітуацыя, калі дзіцятка амаль што з калыскі аддаюць у групы ранняга развіцця, пачынаюць вучыць іх матэматыцы, англійскай мове ці шмат чаму яшчэ, матывуючы гэта так: «прагрэс ідзе наперад, цяпер без … (англійскай, камп’ютара, танцаў, матэматыкі і г.д.) нікуды. Хай вучыцца ўсяму як мага раней!» Часам яшчэ дадаюць: «А чаго ён будзе швэндацца з вугла ў вугал? Хай будзе пры справе!»
Вельмі жорсткая памылка, заснаваная на неразуменні законаў развіцця дзіцячай псіхікі. Нядаўна мы святкавалі Божае Нараджэнне, таму прывяду прыклад са святочнай ёлкай: канкрэтныя веды (англійскія словы, лічбы і г.д.) — гэта цацкі, якімі ёлку ўпрыгожваюць. Але каб яе ўпрыгожыць, яна павінна спачатку вырасці. Бацькі, якія «ўпіхваюць» у двухгадовага хлопчыка веды, што «два на два — чатыры», наўпрост вешаюць цацку на неіснуючую галінку: у дзіцяці яшчэ не сфармавалася абстрактнага мыслення, фармальна-лагічных аперацый, яно проста не разумее, аб чым гаворка, хоць і можа, як папугай, зацвердзіць фразу, пазбаўленую сэнсу. Вельмі раю вам, шаноўныя чытачы, пазнаёміцца з кнігай-дзённікам А. Звонкіна «Малышы і матэматыка», у якім ён падрабязна і цікава распавядае аб сваіх занятках «вясёлай матэматыкай» са сваімі дзецьмі. Гэтая вельмі цёплая па настроі кніга змяшчае таксама шмат карысных момантаў па інтэлектуальным выхаванні дзяцей.
Адначасова паўстае пытанне аб тым, што розныя кружкі і секцыі — гэта спроба бацькоў пазбавіцца ад дзіцяці: яно «пры справе», а ў нас — вольны час. Час для сябе. Тады, зразумела, пытанне аб выхаванні проста не паўстае: тут няма ні прыняцця, ні любові, ні адказнасці, аб якіх мы разважалі вышэй.
Бацькі пытаюцца: а як быць з кружкамі па маляванні, танцам, рытміцы, творчымі секцыямі, якія развіваюць дзіця?
Можна сказаць так: там не вучаць нічому такому, што б вы не маглі зрабіць з дзіцяткам самі, дома, не ў форме заняткаў з нейкай цёцяй, а ў форме гульні, сумеснага радаснага баўлення часу. Проста на гэта патрэбны час і ваша гатоўнасць ахвяраваць сябе для дзіцяці, а гэтага зараз, на жаль, вельмі мала ў бацькоў.
Асобнае пытанне пра музычныя школы: ці аддаваць туды дзяцей?
Перад тым, як адказаць на гэтае пытанне, адкажыце самі сабе на іншае (толькі шчыра!): чаму я хачу, каб маё дзіця займалася музыкай? Можа, гэта прынята ў маёй сям’і? Ці я думаю, што гэта будзе развіваць маё дзіця? (Сюды адразу ж: як менавіта развіваць? У чым?) Ці я проста хачу, каб дзіця было «пры справе» і менш траплялася на вочы? Ці яшчэ нешта? А яшчэ: а я люблю музыку? Мне будзе цікава тое, чым будзе займацца дзіця? Ці змагу я раздзяліць з ім ягоны інтарэс да вучобы? Як буду матываваць яго, калі яно сустрэнецца з цяжкасцямі?
Наступны крок (хоць насамрэч ён першы і галоўны!) — высветліце, ці хоча дзіця гэтага навучання і ці ёсць у яго адпаведныя здольнасці (можна, напрыклад, схадзіць на праслухванне). На падставе адносінаў да справы дзіцяці і свайго ўласнага стаўлення можна прымаць рашэнне.
Яшчэ адна сітуацыя, якая хвалюе бацькоў, але на самой справе з’яўляецца абсалютна нармальнай: што рабіць, калі дзіця «лянуецца і нічога не робіць». Практычна гэта выглядае так: дзіця глядзіць у акно, ці назірае за чымсьці, ці нават проста нерухома сядзіць пасярод пакою, а думкамі і душою вітае незразумела дзе. Не гуляецца, не робіць нічога «карыснага». Бацькоў часта цягне вывесці дзіця з гэтага незразумелага стану да рэальнасці, пасадзіць яго за цацкі, тэлевізар ці даць якое-небудзь заданне. Яшчэ і зробяць заўвагу: «ну што ты спіш на хаду!» Насамрэч, пад покрывам бяздзейнасці хаваецца магутная ўнутраная праца. Дзіця марыць, углядаецца ў сябе ці назірае за акаляючым светам, і — чаго ўжо амаль не сустракаецца ў дарослых — яно здзіўляецца свету, захапляецца ім. У нейкім сэнсе мы можам назваць гэты стан унутранай малітвай праслаўлення Бога за Ягонае стварэнне. У гэты час душэўнае і духоўнае развіццё дзіцяці ідзе такімі тэмпамі, якіх дарослыя нават не могуць уявіць. Таму важна з павагай ставіцца да такіх станаў, імкнуцца не парушаць іх.
Напрыканцы гэтай размовы я б хацела падбадзёрыць бацькоў. Магчыма, знаёмячыся з усімі гэтымі разважаннямі, вы злавілі сябе на думцы, што выканаць усе парады дасканала проста немагчыма. Гэта сапраўды так. Ніхто з нас ніколі не будзе ідэальным бацькам ці маці — проста таму, што няма на свеце дасканалых людзей. Але варта памятаць, што ёсць над намі Той, хто заклікаў кожнага: «Будзьце дасканалымі, як Я дасканалы». Ён указвае нам шлях — і ў Ягонай волі пераўтварыць усе нашыя промахі і слабасці ў поспехі. І таму, нават калі вашы дзеці ўжо падрастаюць, магчыма, ходзяць у школу, а вы ўбачылі, што штосьці ў іх выхаванні не было дастаткова добрым, — не бойцеся даверыцца Пану Богу! Памятайце, што Ён даў нам каштоўны падарунак — наш зямны час, і, жывучы ў ім, мы з Божай дапамогай можам пераадолець усе цяжкасці і выправіць усе памылкі.
Наталля Станкевіч