Пошук


Першыя гады ў жыцці дзіцяці з’яўляюцца вельмі важным перыядам, калі фарміруецца ягоная асоба, засвойваюцца нормы і правілы паводзінаў, фарміруецца чалавечая індывідуальнасць. Гэта складаны і вельмі адказны перыяд для бацькоў, бо менавіта ў гэты час яны закладаюць асновы будучага шчасця ці няшчасця сваіх дзяцей.

Менавіта ў гэты перыяд дзіцятка прызвычайваецца да жыцця ў свеце, а бацькі — да жыцця з дзіцяткам, адзіным ці чарговым.

У сваіх артыкулах я ўжо крыху распавяла аб этапах развіцця дзіцяці і фарміраванні ягоных адносінаў з бацькамі. Разважалі мы таксама аб асаблівасцях выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама аб тым, якую ролю кожны з бацькоў адыгрывае ў станаўленні мужнасці і жаноцкасці дзіцяці.

Сёння мы пазнаёмімся з асноўнымі прынцыпамі пабудовы адносінаў з дзецьмі, якія ствараюць падмурак для выхавання, а таксама ўбачым некалькі простых практычных парадаў.

Можна сказаць, што выхаванне дзяцей падобна да лодкі, якая праплывае па вузкім канале паміж вельмі небяспечнымі «берагамі»: любоўю і абмежаваннямі (якія насамрэч таксама з’яўляюцца праявай любові, але дзеці ўспрымаюць іх зусім іначай). Калі наша «лодка» занадта блізка падыдзе да «берага любові» — мы рызыкуем быць уцягнутымі ў багну ўсёдазволенасці, разбэшчанасці дзяцей, будзем назіраць карціны дзіцячых істэрык, кідання на падлогу, калі ў адказ на бацькоўскае «не» будзе раздавацца «не не, а так!», «а я ўсё роўна буду!» і г.д.

У той жа час «бераг абмежаванняў» нам пагражае скаламі адчужэння паміж бацькамі і дзецьмі, страхам дзяцей перад бацькамі і бацькоўскай жорсткасцю, і, у выніку, зруйнаванымі адносінамі. Відавочна, што празмерна набліжацца да яго, забываючыся пра любоў, таксама нельга.

Як жа плыць па рацэ выхавання? Своеасаблівым «компасам» для нас могуць служыць 6 прынцыпаў выхавання, вызначаныя амерыканскімі псіхолагамі Джошам Макдаўэлам і Дзікам Дэем у кнізе «Як стаць героем для дзіцяці» (Д. Макдауэлл,  Д. Дей «Как стать героем в глазах ребенка»). Вельмі раю вам, шаноўныя чытачы, з гэтай кнігай пазнаёміцца, яна ёсць бясплатна ў сеціве.

«Пазітыўны бацькоўскі план» Макдаўэла-Дэя ўключае наступныя пункты: прыняцце, прызнанне, любоў, даступнасць, адказнасць і аўтарытэт.

Гэта менавіта тыя асноўныя прынцыпы, якія дапамогуць нам выхаваць дзіцятка гарманічным,  шчаслівым і адказным чалавекам. Разгледзім іх больш падрабязна (я буду тут сумяшчаць як разуменне аўтараў кнігі, так і свае ўласныя разважанні, а таксама некаторыя погляды іншых псіхолагаў).

Прыняцце  азначае, што дзіцятка любяць не «за штосьці», а таму, што яно проста ёсць, за тое, што яно — чалавек. Сюды ж уваходзіць разуменне таго, што, як кожны чалавек, дзіцятка мае недахопы, можа памыляцца, весці сябе неадэкватна — але ўсё роўна не можа быць пазбаўлена нашай любові. З гэтага пункту — першае практычнае правіла: НІКОЛІ не кажыце дзецям (нават жартоўна): «Усё, я цябе больш не люблю», «я з табой не сябрую», «калі будзеш так рабіць — перастану цябе любіць» і г.д. Варта памятаць: маленькія дзеці не разумеюць жартаў. Прынамсі, такіх жартаў. Для іх гэта рэальная пагроза пазбаўлення вашай любові — а гэта самае важнае, што яны маюць. Гэта ўсё роўна, што сказаць: «Будзеш дрэнна сябе паводзіць — заткну табе нос і рот, і не зможаш дыхаць». Гэта пагроза забойства.

Прызнанне. «Ты не толькі прыняты мною разам з усімі недахопамі — ты для мяне каштоўнасць. Ты вельмі важны для мяне, ты — добры для мяне, нават, калі не слухаешся. У цябе ёсць свая чалавечая годнасць, якую я паважаю. Я  шчаслівы, што ты ёсць у мяне», — аб гэтым нам кажа Прызнанне.

Якія фразы разбураюць Прызнанне, пазбаўляюць дзіця вартасці, годнасці? «Ты дурны». «Ты гультай». «Гора ты маё!» «Навошта я цябе нараджала?!» «Ты мне жыццё сапсаваў» і інш. НІКОЛІ не кажыце іх сваім дзецям. Напэўна, кожны ведае жыццёвую мудрасць: як вы лодку назавеце, так яна і паплыве. Калі ўвесь час называць сына дурнем — ён дурнем і будзе.

Любоў. Без абмежаванняў, нягледзячы ні на што, любоў у дачыненні да рэальнай асобы свайго дзіцяці, а не да таго, якім бы вы хацелі яго бачыць.

Практычная парада: АБАВЯЗКОВА выражаць сваю любоў услых — папросту казаць дзецям: «Я люблю цябе». А таксама абдымаць (псіхолагі рэкамендуюць не меней 8 абдымкаў у дзень для дзяцей да падлеткавага ўзросту), праводзіць час разам, цікавіцца жыццём сваіх дзяцей.

Часам мамы задаюць пытанне: а што рабіць, калі я не люблю сваіх дзяцей? Мне з імі цяжка, я стамляюся, раздражняюся… Я не магу сказаць, што люблю іх.

Адказаць можна так: любіце. Але не маеце пачуцця любві. Гэта вельмі розныя станы. Мы ўжо размаўлялі аб тым, што любоў — гэта не пачуцце. Бо пачуцці змяняюцца вельмі хутка, а любоў застаецца. Таму, калі вы адчуваеце не любоў, а стому і раздражнёнасць — гэта значыць толькі тое, што, любячы сваіх дзяцей, вы зараз адчуваеце стому і раздражнёнасць. А заўтра, можа, адчуеце радасць. Ці страх за дзіця. Ці крыўду. Ці трывогу. Ці віну. Гэта нічога не змяняе, і, зразумела, для вас дзейнічаюць усе практычныя парады, аб якіх мы вядзём размову.

Даступнасць бацькоў для дзяцей — сапраўдная праблема для сучасных сем’яў. Як часта мне даводзіцца чуць фразу: «Так, тата ў нас ёсць… толькі ён шмат працуе, і з дзіцём камунікуе толькі па выходных». Дзесьці не так даўно прачытала фразу: «Праблема вельмі занятых людзей — гэта толькі пытанне прыярытэтаў». Што больш важна: быць з дзіцём, з сям’ёй ці зарабляць шмат грошай? Напэўна, і без грошай нельга, але да ўсяго трэба падыходзіць разумна. Сам Пан Бог кажа нам: «Нельга служыць двум гаспадарам». Вельмі прыгожы прыклад такога абачлівага, мудрага стаўлення бацькі да сям’і паказаны ў фільме «Іспанскі англійскі» («Spanglish»). Там бацька валодае рэстаранам, якому прысвойваюць трэцюю зорачку. Зразумела, рэстаран стаў больш вядомым, знакамітым — і пачаў забіраць занадта шмат часу. Тады мужчына прадаў палову сваёй долі свайму сябру, матывуючы гэта менавіта так: «Калі б я гэтага не зрабіў, у мяне не засталося б часу на маю сям’ю». Вельмі раю вам, шаноўныя чытачы, паглядзець гэты фільм, там ёсць і іншыя, вельмі цікавыя жыццёвыя ўрокі.

Акрамя фізічнай адсутнасці бацькоў існуе адсутнасць псіхалагічная, калі бацькі не цікавяцца дзецьмі, не камунікуюць з імі, а проста суіснуюць разам, выконваючы выключна побытавыя абавязкі. Такія бацькі лічаць, што калі дзіця накормлена, апранута і вывучыла ўрокі — выхаванне ўдалося.

Практычная парада: як ні складана гэта, варта праводзіць час з дзецьмі, камунікаваць з імі. Хачу падкрэсліць: «сядзець» над дзіцём, кантралюючы выконванне дамашняга задання, — гэта НЕ камунікацыя. Камунікацыя — гэта супольныя гульні, размовы, сумесны прагляд фільмаў і АБАВЯЗКОВАЕ іх абмеркаванне, чытанне ўслых, прагулкі, выезды на прыроду, паходы ў цырк, арганізацыя святаў і г.д. Гэта час вашай супольнай радасці ад прабывання разам. Хтосьці, падаецца, з класікаў рускай філасофіі, заўважыў, што «нішто так не выхоўвае дзіця, як шчаслівыя ўспаміны дзяцінства». Варта паклапаціцца аб тым, каб яны ў дзіцятка былі.

Адказнасць. Аб гэтым варта паразмаўляць больш дэталёва. Перш за ўсё трэба высветліць пытанні: адказнасць чыя і за што? За што — мабыць, зразумела: за жыццё і дабрабыт дзіцяці. Але чыя гэта адказнасць? Дональд Віннікот, славуты псіхатэрапеўт, піша, што працэс выхавання — гэта працэс перадачы адказнасці за жыццё і дабрабыт дзіцяці ад бацькоў самому дзіцяці. Ён доўжыцца, пакуль дзіця не стане дарослым. На пачатку жыцця дзіця не нясе за сябе ніякай адказнасці, яно цалкам бездапаможнае, і бацькі маюць абавязак задавальняць ягоныя патрэбы, акружаць клопатамі, бяспекай і г.д.

Але дзіця расце — і ягоная адказнасць расце разам з ім. Не так даўно я была ў гасцях у адной маладой сям’і, дзе ёсць хлопчык, крыху старэйшы за год. Мы пілі гарбату на кухні, і малы хацеў адчыніць духавую шафу. Тата адразу прыпомніў яму: «Ты аб чым учора дамаўляўся з мамай? Што не будзеш адчыняць духоўку?» «Так!» — радасна адказаў хлопчык (ён яшчэ не ведае слова «не» і, наогул, «так» — адно з нешматлікіх словаў, якія ён гаворыць). «Тады, — працягвае тата, — ты ведаеш, што духоўку адчыняць нельга. Ты дамовіўся з мамай!» «Так!» — І хлопчык пабег па сваіх справах.

На гэтым яскравым прыкладзе мы можам заўважыць некалькі важных дэталяў. Па-першае — з сынам размаўляе тата, а тата, як мы памятаем, мае прамую функцыю ўстанаўлення межаў дазволенага і недазволенага для дзіцяці.

Па-другое, тата размаўляе спакойна, без страху, што дзіця патрапіць у духоўку, без злосці («Ізноў ты лезеш да духоўкі!!!»).

Па-трэцяе, ён падкрэслівае годнасць хлопчыка: нагадвае яму, што гэта ён сам дамовіўся з мамай, — і не выказвае сумненняў адносна таго, што хлопчык можа стрымаць абяцанне.

У выніку дзіця, якое яшчэ нават не размаўляе, бярэ на сябе крупінку адказнасці: я дамовіўся з мамай і таму не магу палезці ў духоўку!

Адказнасць дзіцяці, як бачым, пачынаецца з выканання забаронаў і абмежаванняў. Чым меншае дзіцятка, тым іх павінна быць меней, але ўсе яны павінны быць важнымі і абавязкова выконвацца. Дональд Віннікот у серыі сваіх радыёразмоваў «Размова з бацькамі» (Д. В. Винникотт «Разговор с родителями») прыгадвае такі прыклад забаронаў у сям’і з дзіцяткам прыкладна аднаго года: «У нашай гасцёўні ёсць кветкі — мы не хацелі, каб хлопчык іх чапаў. Таксама, паколькі мы толькі што пераехалі, у нас быў рамонт, і былі бачныя электрычныя дроты — іх таксама нельга было кранаць».

З цягам часу колькасць забаронаў можа расці, але заўсёды заставацца разважнай і быць скіраванай на бяспеку дзіцяці.

Бацькоўскі аўтарытэт мае на ўвазе наяўнасць сямейнай іерархіі: галоўныя бацькі, потым — дзеці. Напэўна, некаторыя людзі, прачытаўшы гэта, не згодзяцца: «Як гэта так, ці ж не дзеці павінны стаяць у цэнтры сям’і?» Часам чую і такую фразу: «Я свайму дзіцятку ўсё жыццё аддала!» Ці гэта не слушна? Не. Няслушна. Зразумела, што мы любім нашым дзяцей, зразумела, што яны вельмі важныя для нас і мы шмат ад чаго адмаўляемся, каб добра іх выхаваць, даць ім усё неабходнае. Але наша жыццё — гэта НАША жыццё, а жыццё дзяцей — гэта жыццё ДЗЯЦЕЙ. Калі мы «аддалі ўсё жыццё дзіцяці», то ці не будзем пазней, калі яно вырасце, патрабаваць, каб узамен яно цяпер аддало нам сваё? Гэтую сітуацыю мы ўжо абмяркоўвалі і пагаворым аб гэтым пазней, калі будзем разважаць пра адносіны бацькоў з дарослымі дзецьмі.

Іерархія насамрэч не прыносіць дзецям пакутаў. Канешне, яна накладае абмежаванні. Але адначасова дае пачуццё бяспекі: «мае бацькі ведаюць, што рабіць, яны разумныя і моцныя, яны мяне абароняць». Гэта вельмі каштоўны досвед для дзіцяці.

Нават сам Бог, хоць і паставіў чалавека над усім стварэннем, не зрабіў яго вышэй за сябе: «Я — Пан Бог, і не май іншага». Насамрэч, Ён, можна сказаць, таксама «карыстаецца» пазітыўным бацькоўскім планам: любіць нас бязмерна, прымае нас, нягледзячы на нашы слабасці, памылкі і грахі, Ён заўсёды даступны для кожнага праз сакрамэнты і на малітве, кожны з нас — каштоўнасць для Яго, і, нарэшце, Ён — наш Пан, наш нябесны Айцец, Ён непараўнальна вышэйшы за нас. Гэты боскі ідэал і ёсць той прыклад, да якога кожны бацька і маці павінны імкнуцца. Няхай усіх нас Ён благаславіць на гэты шлях!

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця