У сённяшняй размове я хацела б акрэсліць тыя пагрозы, якія ўстаюць на шляху фарміравання мужнасці і жаноцкасці і могуць скрывіць гэты шлях, павярнуць яго ў няправільным накірунку або наогул прыпыніць псіхалагічнае сталенне мужчыны ці жанчыны.
Зразумела, што сумныя наступствы гэтых пагрозаў — тое, што жанчыны з парушанай жаноцкай ідэнтычнасцю з цяжкасцю ствараюць здаровыя, трывалыя сужэнствы, а ў разбітых, няпоўных сем’ях амаль немагчыма выхаваць здаровага псіхалагічна хлопчыка (ды і дзяўчынку таксама). Потым гэтыя траўміраваныя дзеці вырастаюць, ствараюць свае нетрывалыя сем’і — і гісторыя паўтараецца…
Якім жа чынам можа быць парушана наша жаноцкасць ці мужнасць? У размове аб сексуальнасці мы ўзгадвалі, што сфера мужнасці і жаноцкасці (у больш сціслым сэнсе — мужчынскай і жаночай сексуальнасці) фармуецца на скрыжаванні фізіялагічнага і сацыяльна-культурнага фактараў. Іншымі словамі — як уздзейнічае на нас наша ўнутраная структура, канстытуцыя, асаблівасці нашай фізіялогіі, а таксама якое выхаванне мы атрымліваем, якія каштоўнасці засвойваем. І, як ні парадаксальна, калі гэтыя два фактары фармуюць жаноцкасць і мужнасць, то яны ж могуць іх і разбураць.
Што тычыцца фізіялагічнага боку пытання, то найчасцей яно стаіць у цэнтры дыскусій на тэму так званай нетрадыцыйнай арыентацыі — гомасексуальнасці. Вельмі коратка асвятляючы гэтае пытанне, можна сказаць так: сапраўды, у кожнага чалавека свой гарманальны фон, які можа быць павышаным ці паніжаным, што аказвае ўздзеянне, у тым ліку, на ўзровень сексуальнай актыўнасці чалавека. Аднак гарманальны фон можа толькі фармаваць прадвызначанасць да таго ці іншага тыпу. Таму няслушнымі з’яўляюцца, напрыклад, тэорыі аб прыроджаным гомасексуалізме — маўляў, калі ў хлопчыка ад нараджэння нізкі узровень тэстастэрону, ён абавязкова будзе адчуваць імкненне да людзей свайго полу. Тое ж самае датычыцца дзяўчынак. (Больш падрабязна аб гэтым можна прачытаць, напрыклад, у артыкулах «Миф об органической гомосексуальности» (Ч. В. Сокаридес) і «Исследование генетической предрасположенности к гомосексуальности» (Уильям Байн), а таксама ў кнізе «Адносіны любові: норма і паталогія» Отто Кернберга (у рускім перакладзе: Отто Кернберг «Отношения любви: норма и патология»). З іншага боку, крыху занадта аптымістычным з’яўляецца, на мой погляд, разгляд гомасексуальнасці выключна як «ілжывай ідэнтычнасці». Гэтая тэорыя заснавана на слушнай перадумове, што гомасексуальныя схільнасці часта з’яўляюцца толькі спробай задаволіць іншыя патрэбы — любові, абароненасці, прыняцця (ад слова быць прынятым, зразуметым), якія ў свой час не былі задаволеныя бацькамі ці навакольным асяроддзем. На гэтай падставе некаторыя псіхатэрапеўты лічаць, што калі выявіць і адпрацаваць усе сапраўдныя патрэбнасці чалавека з гомасексуальнымі схільнасцямі (напрыклад, падчас псіхатэрапіі), то ён (яна) зробяцца «нармальнымі», гетэрасексуальнымі людзьмі. Насамрэч усё значна больш складана, і хаця псіхатэрапія гомасексуальнасці існуе, яна не з’яўляецца гарантыяй поўнага вылечвання. Вельмі цікавым і змястоўным, на мой погляд, з’яўляецца артыкул па гэтай тэматыцы «Гей как фиктивная идентичность (ложное „я“)» Джозефа Нікаласі.
Я нездарма пачала размову аб пагрозах мужчынскай і жаночай ідэнтычнасці менавіта з праблемы гомасексуальнасці, бо яна з’яўляецца, мабыць найбольш яскравай (і агіднай) праявай разбурэння мужнасці і жаноцкасці. Акрамя фізіялагічнага боку пытання, значную ролю ў фарміраванні гомасексуальнасці адыгрывае культура. Разважаючы ў адным з папярэдніх артыкулаў аб феномене цялеснасці, мы вызначылі, што ўвага сучаснага чалавека канцэнтруецца на дзвюх праявах цялеснага: на агрэсіі і сексуальнасці. Сёння запрашаю вас, шаноўныя чытачы, зрабіць наступны крок і паглядзець, які тып сексуальнасці прапануе сучасная культура, якімі бачыць «ідэальную жанчыну» і «ідэальнага мужчыну».
Зборны вобраз ідэальнай жанчыны выглядае прыкладна так: гэта прыгажуня, якая строга адпавядае параметрам «90-60-90», яна робіць кар’еру, магчыма, вядзе свой бізнес, яна моцная, незалежная, халодная, часам цынічная, не мае ні ў кім патрэбы і па сутнасці жыве ў адзіноце. Часам у яе могуць быць сяброўкі, з якімі яна часцей за ўсё абмяркоўвае нікчэмнасць усяго свету, а асабліва — мужчын.
Разглядаючы гэты персанаж, які ў тым ці іншым выглядзе прадстаўлены нават у мультфільмах, мы бачым жанчыну-мару фемінісцкага руху: яна ва ўсім роўная мужчыне, а па сутнасці, па сваіх псіха-эмацыянальных якасцях яна і ёсць — мужчына. У ёй няма мяккасці, дабрыні, цяпла, душэўнасці — усіх тых рысаў, якімі Бог надзяліў жанчыну. Усё яе жыццё — гэта спаборніцтва, а спаборніцтва, выжыванне, барацьба за месца пад сонцам — гэта мужчынская сфера.
У жыцці такой жанчыны няма месца для дзяцей, і наогул для чагосьці жывога, што не прыносіла б карысці, а проста давала магчымасць радавацца. Як казала гераіня А. Фрэйндліх з фільма «Службовы раман»: «Я нават сабаку не магу завесці, бо з ім няма каму гуляць».
Падаецца, на намаляваны мной тут вобраз можа адгукнуцца цэлы хор жаночых галасоў прыкладна з такой фразай: «А што рабіць, калі мужыкоў нармальных не засталося?!»
Баюся выглядаць песімісткай, але хачу пагадзіцца: мабыць, найбольшы крызіс, які апанаваў практычна ўвесь свет, — гэта крызіс не фінансавы, а крызіс мужнасці. Няма псіхалагічна здаровых мужчын — значыць, няма бацькоў, няма мужоў… І мы зноў прыходзім да крызісу сям’і. Хлопчык, які вырас без бацькі альбо з бацькам-п’яніцам, садыстам ці эмацыянальна халодным, не набывае мужчынскага ідэалу, не вучыцца мужчынскаму тыпу паводзінаў. Дзяўчынка, дачка разведзенай маці, толькі цудам не пачуе ад мамы ўстаноўку, якая можа зруйнаваць усё яе жыццё: «Усе мужчыны — здраднікі, яны заўжды нас (жанчын) пакідаюць, прычыняюць нам боль, таму, калі сустрэнеш у дарослым жыцці мужчыну — не давярай яму ні за што і ніколі, бо ён абавязкова здрадзіць табе, і застанешся як я — адна з немаўлём на руках». Потым дзяўчынка вырастае і пры першай магчымасці хавае свой страх перад мужчынамі, сваю безабароннасць у «браню» «супер-ледзі». Ці выходзіць замуж, можа, нават за добрага чалавека, і гадамі чакае, калі ж ён ёй здрадзіць. Але чакаць болю — гэта значна горш, чым адчуваць боль. І таму жанчына пачынае сама ірваць сувязь з мужам — у форме пастаянных скандалаў, падазронасці, злосці… І калі нарэшце муж не вытрымлівае — пакінутая жонка робіць выснову: «Мама мела рацыю!»
Што ж пагражае фарміраванню мужчынскай ідэнтычнасці? Па-першае, як мы ўжо казалі, гэта няпоўныя сем’і.
Далей, на жаль, сучасная сістэма адукацыі і выхавання, пачынаючы ад дзіцячага садка. У артыкуле «Хлопчыкі і дзяўчынкі» мы размаўлялі аб тым, што дзеці розных палоў — розныя, і хлопчыкі з іх актыўнасцю, жаданнем паўсюль залезці, да усяго дакрануцца, усё самім зразумець у пэўным сэнсе «нязручныя» для садкоў і школ. Там выхавацелькі і настаўніцы (жанчыны!) імкнуцца навязаць ім больш прымальны — жаночы — стыль паводзінаў: «Паглядзі, як Волечка сябе добра паводзіць, а ты?!» Не так даўно, дарэчы, на форум, дзе я кансультую, звярнулася мама, якая аддала свайго сынка (2,2 гады) у групу дашкольнага развіцця. Раілася з прычыны трывогі — хлопчыку не падабаецца сядзець за сталом і ціхенька слухаць выхавацельку, хаця іншыя дзеткі гэта робяць! Ці гэта нармальна? Хтосьці з кансультантаў адказаў ёй, што хутчэй было б ненармальна, калі б яму падабалася ціхенька сядзець. Я запыталася, колькі дзяцей у групе і якога яны полу. Паказальны адказ —10 дзетак, з якіх толькі 2 хлопчыкі! Што і патрабавала доказу.
Класічная сістэма адукацыі, якая існавала да пачатку ХХ ст., была заснаваная на раздзяленні дзяўчынак і хлопчыкаў, і гэта мела свае падставы. Акрамя рознага стылю паводзінаў, ёсць яшчэ адна прычына: для хлопчыка, а асабліва для падлетка-юнака жанчына-настаўніца ніколі не будзе мець дастаткова аўтарытэту. Хлопцу неабходна сфармаваць сваю ідэнтычнасць, а будуе ён яе на адрозненні ад жанчыны, гэта ідэнтычнасць «супраць», а не «за». Таму нават калі ў настаўніцы добра сфарміравана жаночая ідэнтычнасць, яна псіхалагічна сталы чалавек — яна не зможа даць добры прыклад хлопчыку, які будуе сябе «ад супрацьлеглага». А калі яшчэ дома бацька не цікавіцца вучобай сына, а ўрокі яму дапамагае рабіць мама, і яна ж кантралюе гэты працэс, павучае, карае — то хлопчык вельмі хутка прыйдзе да высновы, што вучыцца — гэта «не мужчынская справа», і наогул страціць інтарэс да гэтага занятку. Вельмі падрабязна гэтая сітуацыя апісана ў кнізе В. Ільіна «Археалогія дзяцінства», з якой вельмі раю вам, паважаныя чытачы, пазнаёміцца.
Трэцяй пагрозай для фарміравання мужнасці з’яўляецца наша культура, якая прапануе новыя стылі мужнасці, шырока прапагандуючы іх у часопісах для падлеткаў, тэлеперадачах і г. д. «Юнак ХХІ стагоддзя», як аб тым разважае праваслаўная манахіня-псіхолаг Ніна Крыгіна, мае два «ўвасабленні»: першае — дэманічнае, звязанае з пашырэннем папулярнасці расказаў пра вампіраў і іншых незямных істотаў. Другое — «гламурны хлопец», а дакладней — істота «ніякага полу», «яно», якое завецца на старонках часопісаў «мілашкам», «кіскам» ці неяк яшчэ. Заўважце! «Кіска-мілашка» — зварот не да дзяўчынкі (дарэчы, нават у гэтым выпадку гэта мовэтон), а да хлопца, да мужчыны, будучага бацькі і мужа! На мой погляд, гэта адзін з самых нездаровых шляхоў знішчэння Божага вобразу ў чалавеку, у мужчыне. Бо, як пісаў хрысціянскі пісьменнік і багаслоў К. С. Льюіс, Бог адначасова і настолькі мужны, што ніводны самы маскулінны мужчына з Ім не параўнуецца, і настолькі фемінны, што ніводная жанчына не можа быць болей. Пры гэтым відавочна, што, калі Бог не мае цела, маскуліннасць і феміннасць (мужнасць і жаноцкасць) не падпарадкуюцца выключна цялесным праявам і сваёй паўнаты, мабыць, дасягаюць толькі тады, калі душа пазбаўляецца цела, у Божым Валадарстве, дзе ўсё Божае стварэнне дасягае паўнаты свайго існавання.
Наталля Станкевіч