Пошук


Размаўляючы аб міжасабовых адносінах, важна з самага пачатку зразумець, што адносіны гэтыя адбываюцца паміж людзьмі, кожны з якіх належыць да жаночага ці мужчынскага полу. Здавалася б, гэта відавочна. Аднак, як ні дзіўна, людзі вельмі часта забываюцца пра тое, што мужчыны і жанчыны па-рознаму бачаць свет, і таму непаразуменні між імі непазбежныя. Пытанне толькі ў тым, што рабіць з гэтымі непаразуменнямі.

У сённяшняй размове мы паглядзім, чым псіхалагічна адрозніваюцца дзеці — хлопчыкі і дзяўчынкі, а ў наступнай звернемся да дарослых мужчын і жанчын.

Назву гэтага артыкула я запазычыла з кнігі «Хлопчыкі і дзяўчынкі — два розныя светы» расійскіх нейрафізіёлагаў В. Д. Ерамеевай і Т. П. Хрызман (арыгінальная назва — «Мальчики и девочки — два разных мира». В. Д. Еремеева, Т. П. Хризман). Гэтая кніга прадстаўляе сабой вельмі дэталёвае і ў той жа час цікавае даследаванне, мэтай якога было растлумачыць адрозненні характараў і асаблівасці развіцця хлопчыкаў і дзяўчынак, сыходячы з асаблівасцяў будовы і функцыянавання мужчынскага і жаночага мозгу. Таксама, рыхтуючы матэрыялы адносна адрознення мужчын і жанчын у дарослым узросце, я карысталася кнігай Джона Грэя «Мужчыны з Марсу, жанчыны з Венеры» (у рускім перакладзе: Джон Грей «Мужчины с Марса, женщины с Венеры»). Гэтая праца з’яўляецца пачаткам цэлага шэрагу кніг таго ж аўтара, і на мой погляд, яна найбольш якасная сярод іх.

Паколькі тэма розніцы паміж мужчынам і жанчынай вельмі шырокая, то раю ўсім чытачам звярнуцца да гэтых выданняў, якія сапраўды змяшчаюць падрабязныя адказы на шматлікія пытанні.

Я ж сёння хацела б закрануць толькі найбольш «вострыя» — канфліктныя і траўміруючыя сітуацыі, якія сустракаюцца ў жыцці кожнага з нас і, па сутнасці, правакуюцца розніцай паміж прадстаўнікамі мужчынскага і жаночага полу.

Пачнём ад самага нараджэння. Уявім сітуацыю, што ў дзвюх суседскіх сем’ях адначасова з’яўляюцца дзеці: у адной сям’і — хлопчык, у другой — дзяўчынка. Праходзіць зусім няшмат часу — і мама хлопчыка з трывогай пачынае заўважаць, што суседская дзяўчынка развіваецца хутчэй. Вось яна ўжо ляпеча, вось упэўнена поўзае — а яе хлапчук, таго ж узросту, гэтага амаль не робіць. Пакуты мамы робяцца ўжо зусім невыноснымі, калі яна чуе, як суседская дзяўчынка ўжо асэнсавана размаўляе, — а яе уласнае дзіця быццам і не здагадваецца аб існаванні мовы. Нярэдка такія сітуацыі штурхаюць мам на паходы да педыятраў, у дзіцячыя развіваючыя цэнтры, на хваравіта-трывожныя кансультацыі на шматлікіх форумах для матуль ці хаця б правакуюць пастаянныя перажыванні («а што, калі ён не такі, як усе, што, калі мой хлопчык дрэнна развіваецца?»). А ў страху, як кажуць, вочы вялікія...

Супакой у сэрца такіх матуль можа прынесці інфармацыя аб тым, што хлопчыкі ў пачатку жыцця сапраўды развіваюцца павольней, чым дзяўчынкі. Асабліва гэта датычыцца маўлення. Таму, калі чытаем у «даведніку для маладой мамы»: «у такім узросце дзіця павінна ўмець тое і тое», — звернем увагу, што размова ідзе аб бясполым, «ніякага роду» дзіцяці, і калі ваш сынок гэтага яшчэ не робіць, то гэта не падстава, каб упадаць у роспач: праз некалькі месяцаў ён дагоніць, а можа, і перагоніць суседскую дзяўчынку.

Нашы дзеці-суседзі падрастаюць, і мама хлопчыка ізноў непакоіцца: у садку яго дысцыпліна «ніякая», увесь час кудысьці лезе, не звяртае ўвагі на заўвагі, — словам, «хлопчык-катастрофа». У той жа час суседская дзяўчынка — прыклад паслухмянасці, заўсёды ўсміхаецца, сябруе з усімі дзеткамі, а з выхавацелькай так пяшчотна і сур’ёзна размаўляе, быццам «маленькая дарослая»! На гарызонце — школа, і мамы хлопцаў ізноў пачынаюць «рэйд» па паліклініках, дзіцячых псіхолагах, форумах у пошуках «леку для хлопчыка-катастрофы».

А «лек» вельмі просты: яго наўпрост няма. Бо нельга вылечыць тое, што здаровае. Фізіёлагі Ерамеева і Хрызман нагадваюць нам, што нават у жывёльным свеце самцы скіраваны на асвойванне свету, а самкі — на дапасаванне да яго. Таму неўтаймавальная энергія хлопчыка — гэта спроба самому «дайсці» да ўсяго, самому зразумець, як «працуе» наш сусвет — разабрацца ва ўсім самому, без тлумачэнняў. Хлопчыку, такім чынам, важна здабыць веды, а не атрымаць іх у гатовым выглядзе. Пры гэтым яны часцей, чым дзяўчынкі, прапаноўваюць арыгінальныя рашэнні задач, а дзяўчынкі вельмі добра ўмець «распрацоўваць» тое ці іншае рашэнне. Напрыклад, у кнізе «Хлопчыкі і дзяўчынкі...» апісваецца наступны эксперымент: у першым класе школы дзецям (хлопчыкам і дзяўчынкам) задаюць пытанне: «Як можна выкарыстаць цагліну?» Лес рук дзяўчынак — і толькі адна рука хлопчыка. Пытаемся ў яго. «З цагліны можна пабудаваць дом». Дзяўчынкі падхопліваюць: «А яшчэ можна пабудаваць плот, хлеў...» Потым адказвае іншы хлопчык: «А я бачыў, як мама клала цагліну на капусту, калі тая кісла». Лес рук дзяўчынак з прапановамі, як можна выкарыстаць цагліну ў якасці грузу...

Акрамя гэтага, трэба звярнуць увагу на тое, што хлопчыкі больш арыентаваныя на дзейнасць, а дзяўчынкі — на адносіны з людзьмі. Таму для нашай дзяўчынкі з садка вельмі важна падтрымліваць эмацыянальны кантакт з выхавацелькай (зразумела, і з бацькамі таксама), чуць ад людзей словы падтрымкі і пахвалы: «Умнічка, цудоўная дзяўчынка» і г. д.

Хлопчыку, зразумела, таксама важная падтрымка, але ў тым ці іншым канкрэтным тыпе дзейнасці. Таму для хлопчыка вельмі важная пахвала за канкрэтны ўчынак: «Маладзец, вельмі акуратна намаляваў».

Вельмі важная рэч: тое ж самае тычыцца заўваг. Часта мамы, выхавацелькі і настаўніцы любяць «прабіць на слязу»: яны чытаюць хлопчыку доўгія эмацыянальныя прамовы за нейкі дрэнны ўчынак — і раптам заўважаюць, што ён іх проста фізічна не чуе. Гэта, зразумела, правакуе новы выбух раздражнення. А на самой справе прычын для злосці няма: хлопчыкам, як і дарослым мужчынам, важна казаць канкрэтна: які ўчынак быў дрэнным і чаму. Інакш эмацыйныя мамы аказваюцца ў сітуацыі, калі дзіця ўжо і не памятае, а можа, і ад пачатку не разумее, аб чым размова.

Праблема тэмпаў развіцця ізноў абвастраецца ў падлеткавым узросце, калі хлопцы і дзяўчаты набліжаюцца да пубертату. У гэтым перыядзе дзяўчынкі зноў абганяюць хлопчыкаў у фізіялагічным развіцці: хлопчыкі яшчэ дзеці, а дзяўчынкі пераўтвараюцца ў дзяўчат. Праз некаторы час гэтыя адрозненні, зразумела, знікаюць.

Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі па-рознаму развіваюцца і па-рознаму сябе паводзяць. Яны розныя, але, зразумела, аднолькава годныя. Разумеючы гэтыя, насамрэч, простыя рэчы, можна пазбегнуць шматлікіх цяжкасцяў у адносінах як з дзецьмі, так і з дарослымі.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа