Пошук


Пачынаючы шэраг размоў пра адносіны паміж людзьмі (інакш кажучы, міжасабовыя адносіны), я б хацела спыніцца на тэме адносінаў чалавека да ягонага цела.

Розныя эпохі і народы па-рознаму вырашалі пытанне стаўлення да ўласнай цялеснасці, і дыяпазон іх поглядаў змяняўся ад амаль поўнага вырачэння ад цела, высновы, што плоць дрэнная, а дух добры, да адваротнай рэакцыі — захаплення прыгажосцю чалавечага цела, якую прадэманстравала, напрыклад, культура эпохі Рэнесансу.

Што ж адбываецца ў адносінах да цялеснасці ў сучаснага чалавека? Адказваючы на гэтае пытанне, можна з упэўненасцю сказаць, што гэтыя адносіны вельмі парадаксальныя, змяшчаюць вельмі шмат супярэчнасцяў, яны вельмі складаныя.

Складанасць і супярэчлівасць нашых адносінаў да ўласнага цела праяўляюцца ў некалькіх аспектах.

Па-першае, ужо той велізарны, можна нават сказаць, хваравіты інтарэс сучаснага чалавека і ўсёй культуры да праяваў цялеснасці не мае папярэднікаў. Можна сказаць, што наша эпоха целацэнтрычная. Цялеснасць становіцца тым «краевугольным каменем», на якім будуецца ўсё сацыяльнае і культурнае наша асяроддзе: рэклама, «індустрыя прыгажосці», мода, спосабы адпачынку, тэматыка друкаваных выданняў, фільмаў, телевізійных перадач, інтэрнэт-сайтаў і г. д. Уся культура пастаянна быццам крычыць чалавеку: «Глядзі, ты маеш цела!!!»

Па-другое. Праявы цялеснасці, якія насамрэч вельмі разнастайныя, часта зводзяцца выключна да праяваў мужчынскай і жаночай сексуальнасці. Часамі нават самыя словы «цялеснасць» і «сексуальнасць» лічаць сінонімамі, што цалкам няслушна. Сексуальнасць — гэта толькі адна з магчымых праяваў цялеснасці. Вельмі добра гэтую тэму асвятліла праваслаўная манахіня-псіхолаг Ніна Крыгіна, калі ў сваіх лекцыях разважала аб кардынальнай розніцы паміж палавым і сексуальным выхаваннем дзяцей.

Іншай праявай цялеснасці, на якой таксама фіксуецца ўвага сучаснага чалавека і культуры, якую ён стварае, — гэта жорсткасць і насілле. Нездарма ў свой час нехта з гумарыстаў сумна жартаваў: «Можа, тэлеканал „Астанкіна“ так завецца таму, што там пастаянна паказваюць чыесьці астанкі?» Паток жорсткасці і насілля, які выліваецца на чалавека, накіроўвае ўвагу гледача на цела, якое можа не толькі даваць асалоду сексуальных зносін, але і быць «машынай разбурэння», праяўляць сілу, знішчаць ці калечыць тое альбо тых, хто навокал. У гэтым сэнсе мы з’яўляемся сапраўднай «цывілізацыяй па Фрэйду»: намі правяць Эрас — імкненне да сексуальнага задавальнення і Танатас — імкненне разбураць, нішчыць.

Сучасная культура, такім чынам, прапагандуе культ цела, ставячы цялеснасць у цэнтр існавання чалавека. Менавіта цела, падаецца, «правіць баль» у сучасным свеце, яно з’яўляецца яго гаспадаром, цялесныя патрэбы кіруюць жыццём людзей.

Аднак не ўсё так проста. Паралельна з тым, што чалавек падпарадкоўваецца свайму целу, зводзіць выключна да яго сваю чалавечую асобу, існуе і іншая, на першы погляд супрацьлеглая і таму вельмі здзіўляючая тэндэнцыя. Гэта — агрэсія чалавека ў дачыненні ўласнага цела, насілле не над кімсьці іншым, але над сабой самім. Як ні дзіўна, гэта таксама прапагадуецца сучаснай культурай: стандарты прыгажосці (90-60-90), якія прыводзяць да таго, што дзяўчыны ў літаральным сэнсе насмерць заморваюць сябе голадам; пірсінгі, тату, якія не толькі балючыя, але і могуць нанесці сур’ёзную шкоду здароўю; мода, якая вымушае дзяўчат-падлеткаў хадзіць узімку напаўраспранутымі, а хлапцоў — вытрымліваць непамерныя нагрузкі ў «качалках» ці прымаць прэпараты, каб нарасціць мускулатуру, выглядаць «крута»; прапаганда пазашлюбных сексуальных зносінаў з іх рызыкай СНІДУ і іншых інфекцый і г. д.

Атрымліваецца, што чалавек, які, з аднаго боку песціць сваё цела, сам жа з’яўляецца для яго ворагам і катам. Як гэта можа быць? Псіхолагі кажуць, што ў сучасную эпоху можна назіраць такую з’яву, як адчужэнне чалавека ад сябе самога: «маё цела — гэта не я сам».

Заўважым, што знешне такі ж погляд характэрны і для людзей, якія маюць вельмі глыбокае духоўнае жыццё: яны таксама адчуваюць, што чалавечая асоба не можа быць прыроўнена выключна да цела, што ёсць яшчэ душа, якая будзе жыць вечна. Вельмі важнае адрозненне, аднак, заключаецца ў адказе на пытанне «калі я — гэта не толькі цела, то хто ж такі Я, і якую ролю адыгрывае мая цялеснасць?». Калі веруючы, духоўны чалавек лічыць, што, маючы несмяротную душу, ён карыстаецца целам для таго, каб у зямным жыцці ісці да Бога, здзяйсняць добрыя ўчынкі, праслаўляць Стварыцеля, то для большасці сучасных людзей сітуацыя прыкладна такая: маё цела — гэта аксесуар, які я магу змяняць, упрыгожваць і карыстацца ім так, як мне таго хочацца. Цела, такім чынам, аказваецца на ўзроўні рэчы і ў той жа час — ідалам, якому пакланяюцца і ад якога патрабуюць ўсё большых прыемнасцяў. Якія наступствы гэта мае для цела — не мае вялікага значэння. Сапраўды, калі, напрыклад, вы набылі новы mp3-плэер і хочаце паслухаць любімую песню, то можаце паставіць яе і 10, і 20 разоў запар. Вы ж не цікавіцеся, ці не стаміўся ваш плэер, ці не зашкодзіць яму тое, што вы робіце... Такім жа чынам шматлікія людзі адносяцца да ўласнага цела, асабліва, падкрэслю, пакуль яно маладое і шмат на што здольнае. Калі ж пара маладосці праходзіць, страчваецца прыгажосць і здароўе — пачынаецца бясконцая гонка за тым, што адышло, у выглядзе дыет, пластычнай хірургіі, татуажу, салярыяў і г. д.

Такім чынам, цела сучаснага чалавека — адначасова ягоны ідал і пляцоўка для эксперыментаў, якія ўжо не ўспрымаюцца як эксперымент над сабой. Мне падаецца, што варта ў сучасным свеце прыпомніць словы св. Францішка з Асізі: «Цела — як брат мой асёл: часам заслугоўвае палкі, часам — морквы».

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця