Пошук


У папярэдняй размове мы казалі, што пачуццё віны выклікаецца дрэнным учынкам, грахом. Аднак, хаця тэарэтычна гэта слушна, у жыцці ўсё больш складана. Справа ў тым, што злачынства і пачуццё віны далёка не заўсёды ідуць разам.

Напэўна, кожны чуў гісторыі пра людзей, якія здзяйснялі цяжкія злачынствы — забойствы, гвалты — і не выказвалі ніякага шкадавання ці жалю за тое, што ўчынілі. Такія сітуацыі могуць быць звязаны з асаблівасцямі выхавання гэтых людзей і з парушэннямі іх псіхічнай арганізацыі.

Аднак такіх злачынцаў, дзякаваць Богу, не так шмат. Нашмат болей здзіўляючай, на першы погляд, з’яўляецца адваротная сітуацыя, калі чалавек не зрабіў нічога дрэннага, аднак адчувае сябе вінаватым. За што? А літаральна за ўсё. Агульна кажучы — за тое, што ён ёсць, што ён існуе. Такое пачуццё віны называецца паталагічным. Адкуль жа яно ўзнікае?

Адказ на гэтае пытанне даюць шматлікія аўтары, у тым ліку Джэймс Холіс, які ў сваёй кнізе «Душевные омуты» раскрывае супрацьлеглыя паняцці рэальнай і экзістэнцыяльнай віны.

Паняцце рэальнай віны мы разгледзелі ў папярэднім артыкуле. Яно было цесна звязана з паняццем адказнасці.

Экзістэнцыяльная ж віна — гэта віна за тое, што мы жывём у той час, як існуе смерць. Так, каб жыць, мы забіваем жывёл, а калі адмовімся ад ежы — здзейснім самагубства. У іншым ракурсе — прамысловы росквіт нейкай краіны можа быць заснаваны на беднасці іншых, несправядлівасці, знішчэнні навакольнага асяроддзя…

У паўсядзённым жыцці, на побытавым узроўні таксама існуе шмат прыкладаў, калі чалавек трапляе ў пастку віны за сваё існаванне. Мы можам вылучыць, як найменей, два шляхі, якія вядуць да гэтай пасткі.

Першы шлях вядзе праз сітуацыю, калі маці часта, настойліва, з падрабязнасцямі апісвае дзіцяці свае цяжкасці з цяжарнасцю, родамі, а таксама — клопаты, звязаныя з доглядам немаўлятка. «Калі я цябе насіла, наогул нічога не магла есці з-за таксікозу, і ногі распухалі, як калоды…», «Ой, я ж ледзьве не памерла, цябе нараджаючы, добра, дактары выратавалі…», «Ой, не дай табе Бог такога дзіцятка, якім быў (была) ты! Усю ночку крычала, я нават паўгадзінкі не магла адпачыць!», «Заўсёды табе ўсё лепшае аддавала, самой сабе нічога не пакідала»… Такія, а таксама больш ускосныя фразы якраз і фарміруюць у дзіцяці вышэйзгаданае пачуццё віны за тое, што яно жыве: «як жа шмат пакутаў я прынёс (прынесла) маёй маме!...» Так фарміруецца так званая віна за аддзяленне (сепарацыю) — за тое, што я іншы, асобны, што я — гэта не ты. Гэты від віны разглядалі, у прыватнасці, Дж. Пірс і М. Сінгер у кнізе «Сорам і віна» (арыгінальная назва «Shame and Guilt Springfield: Thomas». PIERS, G. & SINGER, M. B. 1953).

Узнікае пытанне: навошта маме пераказваць дзіцяці гэтыя падрабязнасці? Адказаў можа быць шмат, аднак хацелася б звярнуць увагу на адзін: пачуццё віны — гэта вельмі дзейсны сродак маніпуляцыі. Вернемся да вышэйзгаданых фраз-прыкладаў. У якіх сітуацыях можна іх пачуць у сям’і? Зазвычай — тады, калі дзіця (любога ўзросту) не жадае падпарадкоўвацца маміным жаданням. І тады такія звароты маюць працяг: «Я ўсё для цябе зрабіла, а ты цяпер вось як са мною абыходзішся??!!... (не прыбіраеш цацкі, ідзеш у кіно з сяброўкамі замест таго, каб мне дапамагаць, не раішся са мною, жэнішся (выходзіш замуж) з непрыемным мне чалавекам) і г. д.» Сфармуляваная такім чынам прамова не пакідае чалавеку права адмовіць, зрабіць свой свабодны выбар, бо платай за яго стане пачуццё сваёй пачварнасці і няўдзячнасці.  

Другі шлях, якім нараджаецца паталагічная віна, больш патаемны. Ён цесна звязаны з такой трагедыяй нашага часу, як аборт. Гэтай балючай тэме я б хацела прысвяціць асобную размову, аднак сёння важна прыгадаць, што небяспека паталагічнага пачуцця віны асабліва пагражае дзецям, якія нарадзіліся ў сем’ях, дзе здзяйсняліся аборты, незалежна ад таго, ведаюць яны аб гэтым ці не. Аборт нясе з сабою цяжкія псіхалагічныя наступствы, якія атручваюць клімат сям’і, і дазваляе жывучым дзецям на ўзроўні падсвядомасці ўспрыняць «сігнал»: «я жыву, таму што памерла іншае дзіця, а яно было забіта таму, што нарадзіўся я». Праблема паталагічнай віны членаў сям’і, у якой быў здзейснены аборт, з’яўляецца часткай больш шырокай з’явы, якая называецца «постабортным сіндромам». Апісанняў і тлумачэнняў яго вельмі шмат, аднак я б хацела спаслацца на артыкулы праваслаўнага псіхолага Кацярыны Бурмістравай, якая ўсебакова і вельмі падрабязна разглядае гэтую праблему. Таксама, калі Бог дазволіць, я б хацела прысвяціць гэтай тэме асобны артыкул крыху пазней, калі мы пачнём абмяркоўваць праблемы сямейных адносінаў.

Вызначаць прычыны ўзнікнення паталагічнай віны лепей падчас кансультацыі з псіхолагам альбо з духоўным кіраўніком: у гэтай сітуацыі вельмі важна мець погляд збоку, меркаванне кагосьці, хто знаходзіцца «па-за» праблемай і можа глядзець на яе больш шырока і спакойна.

Аднак што тычыцца здаровага пачуцця віны, звязанага з нейкім дрэнным учынкам, то некалькі крокаў можна прадпрыняць і самастойна. Джэймс Холіс, кнігу якога мы ўзгадвалі на пачатку артыкула, вызначае наступныя стадыі пазбаўлення ад віны:

1. Вызнанне сваёй адказнасці. Тут трэба памятаць, што ў «трохвугольніку», аб якім мы размаўлялі ў папярэднім артыкуле, тры «вяршыні», а ў складаных жыццёвых сітуацыях заўсёды некалькі ўдзельнікаў, і ў «разыгрыванні драмы» задзейнічаны не вы адзін (адна). Таму важна вызначыць СВАЮ долю адказнасці за нейкі выпадак і яго наступствы.

2. Выкупленне — неабходна па магчымасці выправіць наступствы свайго ўчынку: папрасіць прабачэння, вярнуць тое, што вам не належыць, і г. д. Зразумела, гэта далёка не заўсёды магчыма. Таму вельмі важны сэнс Дж. Холіс надае сімвалічнаму выкупленню, у якасці аднаго са спосабаў якога ён прыгадвае сакрамэнт споведзі.

Несумненна, што для веруючых людзей гэты крок з’яўляецца самым галоўным і самым дзейсным у пазбаўленні ад пачуцця віны. Ён азначае яднанне з Богам — міласэрным Айцом, якому таксама балюча ад вашых дзеянняў, але які чакае вас, каб прабачыць і прыняць у свае абдымкі.  

Вынікам двух папярэдніх крокаў становіцца палёгка, калі боль ад пачуцця віны змяншаецца, а сам учынак нарэшце адыходзіць у мінулае. Нагадаем, што пасля споведзі гэтае «мінулае» атрымлівае сэнс не толькі ў часовым жыцці, але і ў вечнасці, бо вызнаны грэх ніколі больш не будзе нам прыгаданы.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.