Пошук


Пачуццё віны вельмі падобнае да сораму, і таму вельмі часта людзі іх блытаюць. Аднак розніца ёсць, і вельмі значная.

Як і сорам, пачуццё віны не даецца чалавеку ад нараджэння, а ўзнікае на працягу жыцця. Аднак у адрозненні ад сораму, які скіраваны на суцэльную асобу, здаровае пачуццё віны заўсёды звязана з прычыненнем шкоды іншаму чалавеку ці сабе самому: «я ведаю, што паступіў дрэнна, бачу наступствы свайго ўчынку і нясу сваю долю адказнасці за тое, што здарылася». Але калі сорам дадае да гэтага: «я — ніхто і нішто, я брудны, дрэнны», то віна пакідае чалавеку магчымасць захаваць сваю чалавечую годнасць: «учынак быў дрэнны, але я сам не такі». У хрысціянскім сэнсе пачуццё віны звязана са здзяйсненнем граху.

Аднак зграшыць мы можам па-рознаму — думкаю, словам, учынкам ці занядбаннем. Акрамя таго, мы можам зграшыць бяздзеяннем (калі, напрыклад, чуем, як нехта заве на дапамогу, і не рэагуем), а таксама можам служыць прычынай да граху іншых людзей. Гэтаксама і віды віны бываюць розныя.

У сённяшнім артыкуле пагаворым пра тыпы віны ў залежнасці ад «псіхалагічнай ролі» чалавека. У гэтай сувязі трэба прыгадаць вельмі папулярную тэорыю «канфліктнага трохвугольніка», якая апісвае схемы канфліктных адносінаў. Тыя ці іншыя варыянты «канфліктных трохвугольнікаў» узгадваюць шматлікія аўтары. У тым ліку вельмі цікавую канцэпцыю стварыў Эрык Берн, які вылучае ў «трохвугольніку» тры «вяршыні» — Агрэсара, Ахвяру і Выратавальніка. Розныя камбінацыі гэтых роляў, а таксама розныя стылі іх паводзінаў дасканала апісаны ў кнізе Э. Берна «Гульні, у якія гуляюць людзі». У сваім жа артыкуле я хацела б спаслацца на працу Роджэра Бэрана і Дэбары Рычардсон «Агрэсія». У гэтай кнізе яны вылучаюць такія тры «вяршыні трохвугольніка»: Агрэсар, Ахвяра і Назіральнік. На кожным з іх, як ні парадаксальна, ляжыць свая адказнасць за разгаранне канфлікту, і, значыць, — свая доля віны.

Віна агрэсара — самы відавочны і добра зразумелы тып віны. Як вынікае з назвы — якраз той самы выпадак, які мы апісалі на пачатку размовы: адзін чалавек наносіць крыўду другому і ў выніку (калі мае сумленне) адчувае сябе вінаватым.

Аднак нават у гэтай, здавалася б, зусім простай сітуацыі ёсць «падводныя камяні», звязаныя якраз з віной ахвяры. Памятаеце, у размове аб межах мы казалі, што іх наяўнасць ускладае на чалавека адказнасць за ўласную ўнутраную прастору, абавязвае чалавека клапаціцца аб сваім душэўным і духоўным дабрабыце, абараняць сваю душу і жыццё ад знешніх разбураючых уплываў. З парушэння гэтага абавязку і нараджаецца віна ахвяры. Ступень віны ахвяры залежыць ад тых магчымасцяў, якія чалавек меў, каб абараніць сябе перад агрэсарам. Разгледзім такі прыклад.

Жанчына, прыходзячы па кансультацыю, плача і скардзіцца, што муж шмат п’е і вельмі б’е і яе, і дзяцей. Псіхолаг пытаецца:

— Вы звярталіся ў міліцыю, сацыяльныя службы?
— Ой, што вы, не! Міліцыянты нас не абароняць, а службы апекі — я нават не ведаю, што гэта…
—  Кадзіраваць мужа не спрабавалі?
— Ой, гэта ж так дорага, ды ён і не згодзіцца…
— Ці няма ў вас магчымасці жыць паасобку?
— Мы ж вянчаліся, як жа я мужа пакіну…

Псіхолаг тлумачыць, што ў дадзеным выпадку яна не толькі мае на гэта права, але і абавязана так зрабіць, каб абараніць калі не сябе, дык дзяцей.

— Ці маеце, дзе жыць, калі не з мужам?
— У сястры ёсць трохпакаёвая кватэра, яна жыве адна…
— Ну вось!...
— Ой, ды ў нас з ёю адносіны так сабе… Яна можа і пусціць, дык дакараць потым будзе…

І гэтак далей бясконца.

Калі падсумаваць словы кліенткі, атрымліваецца, што ў няшчасці яе і дзяцей вінаваты: муж, міліцыянты, якія не дапамогуць, нябачныя сацыяльныя службы, якія не паведамілі ёй аб сваім існаванні, заработная плата, якой не хапае на лячэнне мужа, Бог, які зрабіў непарушным саюз мужа і жонкі, сястра, якая, магчыма, будзе дакараць… Спіс можна працягваць, але сама пазіцыя цалкам адлюстроўвае паняцце віны ахвяры: жанчына не прымае на сябе адказнасці за свой лёс і лёс сваіх дзяцей і чакае, што хтосьці вырашыць праблемы за яе.

Відавочна, што магчымасці абараніць сябе ў розных людзей розныя. Дзіця амаль не мае шанцаў абараніцца перад раз’юшаным бацькам. Але дарослы чалавек такія магчымасці мае. У сувязі з гэтым трэба звярнуць увагу на іншую праблему, якая таксама закранае тэму віны. Гэта праблема адказнасці і яе размеркавання. Вельмі важна помніць: не бывае так, што ў канфлікце, прычыненні шкоды вінаваты хтосьці адзін. Гэта можна параўнаць са спектаклем: відовішча адбудзецца толькі тады, калі КОЖНЫ персанаж сыграе сваю ролю. У выпадку ж, калі хаця б адзін з удзельнікаў будзе рэагаваць не «па сцэнару» — спектаклю (сваркі, сітуацыі псіхічнага гвалту, прыніжэння) можа і не адбыцца.

Каб завяршыць пытанне аб псіхалагічных ролях і віне, трэба вылучыць яшчэ аднаго «персанажа» — назіральніка. Калі роля яўнага фізічнага ці псіхалагічнага агрэсара, які б’е, наўмысна прыніжае, наносячы цяжкія псіхалагічныя траўмы, усё ж такі не так распаўсюджана, то пазіцыя назіральніка закранае амаль усіх нас. Назіральнік — гэта той, хто бачыць зло, але не рэагуе на яго, не робіць нічога, каб супрацьстаяць яму. Гэта і выхавацелькі ў садках, якія бачаць сляды збіцця на дзіцяці, але не паведамляюць ні доктару, ні службам апекі; суседзі, якія чуюць гукі бойкі, магчыма, крыкі аб дапамозе — і не рэагуюць, бацькі, якія ведаюць, што іх дзеці жывуць без шлюбу, і «не ўмешваюцца»… Мера адказнасці  назіральніка таксама залежыць ад ягонага стану, узросту, фізічнай і псіхічнай сталасці. Як адзначаюць Р. Бэран і Д. Роджэрсан, вядомыя даследчыкі феномена агрэсіі, назіральнік можа спрыяць разгаранню канфлікту толькі адной сваёй прысутнасцю: тады ёсць, напрыклад, да каго скіроўваць драматычныя заклікі кшталту «вы толькі паглядзіце!!», «не, ну вы бачылі??!!...». Гэтыя ж аўтары гавораць аб тым, што Назіральнік можа спрыяць узрастанню канфлікту праз нейкія словы ці дзеянні, можа далучацца да агрэсара ці да ахвяры. У гэтым выпадку мера яго адказнасці, несумненна, большая.

Такім чынам, адказнасць, а значыць і пачуццё віны за свае дзеянні, думкі ці пачуцці, размяркоўваецца ў гэтым «канфліктным трохвугольніку»: агрэсар — ахвяра — назіральнік. Зразумела, колькасць удзельнікаў можа быць большай, чым тры чалавекі, а ролі могуць з цягам часу змяняцца.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа