Пошук


Напэўна, няма ў свеце чалавека, які б ніколі нікому не зайздросціў, і кожны ведае, якое гэта цяжкае і, мякка кажучы, непрыемнае пачуццё. Зайздрасць, адзін з сямі галоўных грахоў, накіравана на разбурэнне ўсялякага дабра. Сапраўды, зайздросціць можна чаму заўгодна: матэрыяльнаму дабрабыту іншага чалавека, ягонаму здароўю, нейкім здольнасцям, і зрэшты — адносінам бліжняга з Богам. Вядомы дзіцячы псіхааналітык Мэлані Кляйн піша таксама, што зайздрасць перашкаджае развіццю такога неабходнага і важнага пачуцця, як удзячнасць, і такім чынам дысгарманізуе адносіны паміж людзьмі.

Аднак ці заўжды зайздрасць з’яўляецца нездаровым пачуццём, якое перашкаджае нам спакойна жыць і паўстае паміж намі і Божай ласкай? Здавалася б, пачытаўшы папярэднія артыкулы, адказаць на гэтае пытанне нескладана: калі зайздрасць — гэта спантанная эмоцыя, якая не залежыць ад нашай волі, то яна не добрая і не дрэнная — усё залежыць ад таго, што мы робім з нашымі пачуццямі, ці стараемся іх кантраляваць. Несумненна, такі адказ слушны. Аднак сама з’ява зайздрасці не такая адназначная, як падаецца на першы погляд, і таму нашае разважанне неабходна зрабіць больш шырокім.

Напэўна, кожны ведае, што «зайздрасцяў» быццам бы дзве — белая і чорная. І калі нам кажуць: «Ой, які ж ты маладзец, па-беламу табе зайздрошчу!», то слова «зайздрошчу» тут і не ўспрымаецца ў літаральным сэнсе, прычым ні гаворачым, ні слухачом. Чалавек проста сцвярджае, што мы зрабілі нешта вельмі добра, і пачуцці, якія ён укладае ў гэтае выказванне — гэта хутчэй радасць за нас, захапленне, і — у нейкай ступені — своеасаблівы стымул для сябе самога: «калі ў майго сябра атрымалася, то і я на нешта здольны і магу сябе паказаць!»

Чорная ж зайздрасць накіравана на знішчэнне таго, чаму зайздросцяць, на пажаданне зла таму, хто мае нешта такое, чаго няма ў нас — у матэрыяльным ці духоўным сэнсе.

Абодва віды зайздрасці звязаны з пачуццём уласнасці: «ёсць нешта, што мне належыць». У дзяцей гэтае пачуццё развіта асабліва моцна і можа быць прынята за сквапнасць. Але гэта толькі вонкавае падабенства. Да пэўнага ўзросту (2–2,5 гады) дзіця ўспрымае свае рэчы, напрыклад, цацкі, як працяг сябе самога. Таму, як бы не парадаксальна гэта выглядала, нельга крытыкаваць, а тым больш сароміць дзіця за тое, што яно не хоча падзяліцца цацкай з іншымі: як бы вы сябе адчувалі, калі б нехта вам сказаў: «Ну дай хлопчыку сваё вока — ён пагуляе і аддасць!» А потым працяг: «Ой, як сорамна быць такім сквапным — не хоча ўжо нават вока аддаць!..» Падобныя выказванні вельмі спрыяюць фармаванню і сквапнасці, і скупасці, і зайздрасці, прычым калі ў маленстве гэта былі неўсведамляльныя, інстынктыўныя пачуцці — то з узростам яны стануць свядомымі.

Зайздрасць мае два шляхі фармавання: здаровы і паталагічны. Заўважце, наогул пазбегнуць развіцця гэтага пачуцця дзіця не можа, таму важна скіраваць яго на здаровы шлях. Які ж ён? Уявім такую гісторыю.

Хлопчык Ваня заўважыў у хлопчыка Пеці прыгожую машынку, і першае, што зрабіў — гэтую машынку ў Пеці адабраў. Крыкі, плач, з’яўляюцца мамы, крыўдзіцелю тлумачаць, што нельга забіраць машынкі, цацку вяртаюць Пецю, плач становіцца двухгалосным, і Ваня ўсведамляе, што сілай машынку здабыць нельга. Наступным разам Ваня прыносіць дамоў тую самую машынку, расказваючы, што «яна ляжала ў пясочніцы адна і нікому-нікому не была патрэбна». Машынку забіраюць, адносяць Пецю, а Ваню тлумачаць, што нельга патаемна браць чужыя рэчы, нават калі яны «нікому-нікому не патрэбныя». У дадатак Ваню кажуць, што, калі ён больш не будзе так рабіць, тата купіць яму машынку таксама, і яшчэ лепшую, чым у Пеці. Цяпер у Вані з’яўляецца стымул: у яго ёсць шанец атрымаць скарб, прыклаўшы намаганні, добра сябе паводзячы. Што ён у меру дзіцячых магчымасцяў і робіць. Такім чынам у Вані фармуецца асноўная інтэнцыя белай зайздрасці — імкненне атрымліваць нешта, што яму падабаецца, сваімі намаганнямі. Пасталеўшы, ён можа вырашыць, што яму і не патрэбна тое, што ёсць у Пеці, што ў іх розныя арыенціры па жыцці, розныя мэты. Аднак паталагічная зайздрасць, якая падштурхоўвае чалавека да бясконцай гонкі за іншымі, не будзе над ім панаваць.

Што ж здараецца на хваравітым шляху?

Уявім, што калі Ваня ў першы раз узяў машынку Пеці, яму не толькі патлумачылі, што так нельга і забралі цацку, але і стварылі грандыёзны скандал з крыкамі, мамінымі слязьмі («Хто ж з яго вырасце??!!») і бацькавым рэмнем. Калі падобная сітуацыя паўторыцца і пасля прынясення машынкі дадому, Ваня можа абраць трэці шлях — употай разламаць тую машынку па прынцыпе «дык не даставайся ж ты нікому!». З-за гневу і сораму, які на яго ўсклалі, ён не адчувае сябе здольным ні атрымаць, ні зрабіць нешта добрае, і тады дабро саступае месца злу.

Пасталеўшы, Ваня будзе такім жа чынам «знішчаць» не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя, псіхічныя дасягненні акаляючых. У псіхалогіі гэты працэс называецца «пазбаўленнем вартасці» (рус. обесценивание). «Падумаеш, які разумнік!..», «Ой, знайшлася тут прыгажуня!..», «Табе што, больш за ўсіх трэба?!», «Скажыце, калі ласка, які пабожны!...»…

Такім чынам, зайздрасць, як і іншыя эмоцыі, не аднастайная, ёсць у ёй розныя бакі. Варта прасіць Бога аб тым, каб Ён даваў мудрасць адрозніваць іх адно ад аднаго і кіравацца да дабра.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа