Пошук


Як і іншыя эмоцыі, страх з’яўляецца карысным падарункам чалавеку ад Бога. У чым гэтая карысць?

Звычайна страх з’яўляецца «папераджальным сігналам» псіхікі, які сведчыць аб небяспецы. Сапраўды, нармальна адчуваць страх, сустракаючы падазроных асобаў у цёмным завулку.

Аднак, як і іншыя эмоцыі, страх бывае здаровым ці паталагічным. Паталагічны страх замаруджвае развіццё чалавечай асобы, яе сталенне. Адкуль жа ён з’яўляецца?

Развіццю паталагічнага страху спрыяюць два фактары. Першы фактар — псіхалагічны. Каб зразумець яго, трэба ведаць некаторыя асаблівасці той часткі псіхічнага свету, якая называецца падсвядомым. Справа ў тым, што падсвядомае існуе выключна ў цяперашнім часе, для яго няма розніцы паміж тым, што адбываецца зараз, адбывалася ў мінулым ці адбудзецца ў будучыні. Больш за тое: для падсвядомага не існуе таксама розніцы паміж рэальнасцю і фантазіяй.

Такім чынам, у дачыненні да страху падсвядомае працуе наступным чынам: можна баяцца паходу да стаматолага, які адбудзецца праз два дні; можна перажываць страх, прыпамінаючы сабе мінулы візіт, а таксама толькі ўяўляючы сабе магчымасць такога «мерапрыемства».

Паталагічны страх праяўляецца нават тады, калі няма ніякай небяспекі: у форме дрэнных прадчуванняў, невытлумачальнай трывожнасці альбо нават цялесных праяваў. Ці бывалі ў вашым жыцці сітуацыі, калі вы павінны былі спускацца па крутой доўгай лесвіцы ці пераходзіць ручай па бервяну? Ці не даводзілася вам у такіх выпадках адчуваць галавакружэнне, слабасць, нават паніку: «я зараз упаду!!»? Гэта і ёсць цялесныя праявы страху. Пры гэтым у спакойным стане вы ведаеце, што пройдзеце і па лесвіцы, і па бервяну, што небяспека ўпасці не такая і значная і ўвогуле не адпавядае эмацыянальнаму накалу. Што ж адбываецца? Адкуль такія моцныя перажыванні?

І тут мы пераходзім да другога фактару, які фарміруе пачуццё паталагічнага страху, — сацыяльнага. І, як зазвычай, «ногі растуць» з дзяцінства. Напэўна, кожны мог назіраць, як маладыя мамы рэагуюць на розныя этапы развіцця маленькіх дзяцей. Вось дзіця кудысьці шпарка бяжыць: на шлях нават не глядзіць, вочы толькі на маму: «Мама, глядзі, як я бегаю!».

Прапаную вам, шаноўныя чытачы, на хвілінку затрымацца ў гэтым месцы і ўявіць ці прыпомніць сабе вашу асабістую рэакцыю ў падобных сітуацыях…

Мамы могуць рэагаваць па-рознаму: падтрымкай альбо асуджэннем, гневам і, нарэшце, страхам. «Мама, глядзі, як я бегаю!», — «Аааах, ты ж зараз павалішся!!»

Дзеці пераймаюць рэакцыю на свае дзеянні ад мамы і пачынаюць баяцца ўласных дасягненняў. Потым, нашмат пазней, яны забудуць аб маміных словах, жэстах ці позірках пры пясочніцы, аднак мамін страх, перайшоўшы ў душу дзіцяці, вельмі моцна там закараніцца.

З духоўнага пункту гледжання паталагічны страх перашкаджае Любові: «хто баіцца, той недасканалы ў любові» (пар. 1 Ян 4,18). Біблія супрацьпастаўляе гэтаму пачуццю боязь Божую. Некаторыя людзі, асабліва няверуючыя, блытаюць гэтыя паняцці і ўяўляюць, што хрысціяне жывуць з пачуццём вечнага страху перад злосным, пераследуючым Богам, які, будучы дасканалым, здаецца, толькі і чакае, каб мы зграшылі, каб тут жа нас пакараць, адпомсціць, падкрэсліць нашую сапсаванасць.

Боязь Божую, такім чынам, прыраўноўваюць да таго, што ў псіхалогіі называюць «трывогай пераследу». Насамрэч жа гаворка ідзе не аб страху пакарання, а аб страху адысці ад Божай любові, закрыцца на Ягоную прысутнасць. Для веруючых людзей гэта абсалютна рэальная і страшная пагроза, і баяцца гэтага — нармальна (як мы сказалі напачатку артыкула, асноўная функцыя здаровага страху — папярэджваць нас аб небяспецы).

Зразумела, што і сярод веруючых ёсць даволі шмат людзей, якія ўспрымаюць Бога перш за ўсё не як Міласэрнага Айца, а як Справядлівага Суддзю, і баяцца Яго помсты і пакарання. Аднак у такіх выпадках страх — гэта толькі сімптом, які ўказвае на некаторыя збоі ў развіцці чалавека, у тым ліку яго адносінах з бацькамі.

Такім чынам, Божая боязь не толькі не аддзяляе нас ад любові Пана Бога, але наадварот, становіцца для нас стымулам, каб набліжацца да Яго, па магчымасці пазбягаючы памылак. Гэта страх, які вядзе да свабоды дзяцей Божых. Прайсці гэты шлях ўсім вам, паважаныя чытачы, і жадаю.

Наталля Станкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.