Пошук


r

Эмоцыі з’яўляюцца значнай часткай унутранага свету чалавечай асобы. Разам з душою яны падараваны нам Богам, і гэта вельмі каштоўны падарунак. Са Святога Пісання мы ведаем, што Езус Хрыстус сумуе і плача над памерлым Лазарам, адчувае страх у садзе Аліўным, называе сябрамі сваіх Апосталаў…  Эмоцыі, такім чынам, не супрацьстаяць Божай натуры, але наадварот — ствараюць яе гарманічную частку.

І ўсё ж часам здараецца так, што эмоцыі ствараюць перашкоду ў адносінах чалавека з Богам, а таксама ў адносінах паміж людзьмі. У якіх выпадках гэта адбываецца?

У пачатку сваёй кнігі «Лісты Баламута» англійскі пісьменнік-хрысціянін К.С. Льюіс напісаў: «Ёсць дзве раўназначныя і супрацьлеглыя памылкі адносна д’яблаў. Адны не вераць у іх, іншыя вераць і адчуваюць да іх непатрэбную і нездаровую цікаўнасць» (калі браць пад увагу вучэнне Каталіцкага Касцёла, то ў гэтым выказванні правільна выкарыстаць не слова «верыць», а прызнаваць існаванне сатаны). Гэтае параўнанне можна выкарыстаць і ў дачыненні да эмоцый: людзі могуць або ігнараваць іх, адмаўляючы іх наяўнасць, або, наадварот, падпарадкоўваць ім усё сваё жыццё, усе свае стасункі з Богам і людзьмі.

Прычынай ігнаравання эмоцый, як ні дзіўна, выступае таксама эмоцыя — страх: людзям часта здаецца, што, выказваючы свае эмоцыі, яны зробяцца безабароннымі, слабымі і хтосьці парушыць іх душэўны, а магчыма, і матэрыяльны камфорт. Таму часта можна пачуць такія выразы: «Я жыву галавою. А ўсе гэтыя пачуцці — адно глупства!», «не такі я дурны, каб паказваць камусьці, што ў мяне ўнутры: ты душу адкрыеш, а табе туды бруду накідаюць», «каб весці бізнес, сэрца не патрэбна» і г.д.

Зразумела, што такая пазіцыя звязана з выхаваннем: страхі перадаюцца ад бацькоў да дзяцей. Таксама бацькі часам проста не вучаць дзяцей называць тыя ці іншыя эмоцыі. Маленькае дзіця не ведае, што гнеў завецца гневам, страх — страхам, сорам — сорамам… Калі бацькі не ідэнтыфікуюць эмоцыі для яго («табе зараз страшна», «ты злуешся», «табе сорамна»), то пачуцці назаўжды застануцца незразумелымі, «ананімнымі», і чалавеку будзе цяжка іх агучыць і нават успрыняць іх існаванне. Таму вельмі важна, каб бацькі называлі дзіцяці тыя эмоцыі, якія яно зараз адчувае.

Адваротная, але таксама не вельмі спрыяльная для развіцця асобы сітуацыя складваецца, калі чалавек прыслухоўваецца толькі да свайго эмацыйнага стану, кіруе сваім жыццём пад уплывам уласных «хочацца — не хочацца», «прыемна — непрыемна», «люблю — не люблю». Такую захопленасць эмоцыямі часта даводзіцца бачыць, напрыклад, у людзей, якія нядаўна прыйшлі да веры, ці ў закаханых. Зразумела, тое, што чалавек не пакідае свае эмоцыі без увагі — не так дрэнна. Аднак чым больш моцныя перажыванні мае чалавек, тым большая небяспека пачаць кіравацца выключна імі. Калі гэтая небяспека здараецца, чалавек аказваецца бездапаможным у такія моманты жыцця, дзе патрабуецца нешта большае, чым адпаведны эмацыянальны настрой. У духоўным жыцці такім момантам можна назваць «цёмную ноч душы», «духоўную пустыню», калі не застаецца ніякіх эмоцый, а малітва і выкананне Божых загадаў становяцца сухім цяжкім абавязкам. Калі дагэтуль нехта меркаваў аб сваім духоўным стане ў залежнасці ад таго, наколькі ўзнёсла ён адчуваў сябе на малітве, то зараз ён можа пачаць абвінавачваць сябе за адсутнасць эмоцый, палохацца, што адышоў ад Бога, што Пан больш не любіць яго… Між тым, вопыт шматлікіх святых сведчыць, што духоўная пустыня — гэта адзін з найважнейшых крокаў да святасці. Галоўным тут з’яўляюцца не пачуцці, якія вельмі залежаць ад шматлікіх фізічных і фізіялагічных фактараў, а вытрымка, вернасць і імкненне ісці за Богам.

Тое ж можна сказаць і пра закаханасць. Трэба памятаць, што гэта хоць і моцнае, але недаўгавечнае пачуццё, якое можа ці знікнуць, ці ператварыцца ў каханне, якое грунтуецца, перш за ўсё, на рашучым імкненні заставацца менавіта з гэтым чалавекам на ўсё жыццё. На першы план, такім чынам, выходзяць не пачуцці, а высілкі волі чалавека, скіраваныя на дасягненне той ці іншай мэты, ягоная адказнасць за сваё жыццё.

Узнікае пытанне: якое ж месца павінны займаць для нас эмоцыі? Мы сказалі, што і ігнараваць іх нельга, і кіравацца выключна імі не вельмі добра. Дзе ж тая «залатая сярэдзіна»?

Падказкай можа быць невялікі дыялог, які нядаўна я ўбачыла, перачытваючы кнігу Толкіена «Уладар пярсцёнкаў». Вартаўнікі Пярсцёнка Усемагутнасці павінны вырашыць, ці ісці ім вельмі складаным і небяспечным шляхам. Адзін за адным яны выказваюць сваё нежаданне: «Я не хачу, я таксама не хачу…». Нарэшце кіраўнік адказаў ім так: «Я разумею, што ніхто НЕ ЖАДАЕ ісці гэтым шляхам. Але, паколькі гэта наш адзіны шлях, нам застаецца ці ісці па ім, ці вызнаць, што мы прайгралі. Таму я пытаюся не хто ХОЧА, але хто ЗГОДНЫ пайсці». У гэтым адказе мы бачым дзве вельмі важныя рысы. Па-першае, кіраўнік ПРЫЗНАЕ наяўнасць нейкіх эмоцый (страха, нежадання) у сваіх спадарожнікаў і за павагай ставіцца да іх пачуццяў. Затым, аднак, ён пераводзіць размову ад эмоцый да нейкага валявога акту — хто ЗГОДНЫ ісці, нават калі гэта небяспечна і страшна? Менавіта выбар тых ці іншых мэтаў і згода на іх дасягненне, нягледзячы на цяжкасці, ёсць адным з найважнейшых паказальнікаў духоўнай і душэўнай сталасці чалавека. Найважнейшай жа мэтай хрысціяніна з’яўляецца Божае Валадарства. Калі яно становіцца таксама асабістым выбарам канкрэтнага чалавека, ён будзе менш палохацца спакусаў «ночы душы», бо імкнецца не да хвіліннага душэўнага задавальнення, а да вечнай духоўнай спадчыны. На тым жа падмурку будуецца вернасць у сужэнстве.

Напрыканцы хацела б прыгадаць яшчэ адзін, магчыма, найпрыгажэйшы прыклад суаднясення пачуццяў і волі. Езус Хрыстус, відавочна, не быў у захапленні ад перспектывы пакутаў і ўкрыжавання. У садзе Аліўным Ён выказвае свой страх і просіць Айца: «Калі магчыма, аддалі ад Мяне гэты келіх». Аднак, ведаючы, якую каштоўнасць мае Ягоны крыж, Ён працягвае: «Але не Мая, а Твая воля няхай станецца», тым самым прымаючы тое, што павінен выканаць. Няхай жа Ягоны прыклад падтрымлівае нас усіх на шляхах да Неба.

Наталля Станкевіч 

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа