r
«Пан сказаў яму: Устань і ідзі» (пар. Дз 9, 11).
Лета сталася ў Беларусі традыцыйнай парой, калі ў шлях выбіраюцца пілігрымы, накіроўваючыся да святых месцаў беларускай зямлі. Будслаў, Тракелі, Гудагай... Сюды штогод збіраюцца людзі, каб падзяліцца з Маці Божай найбольш важным у сваім жыцці: хтосьці хоча перапрасіць за нешта, хтосьці ідзе са словамі падзякі, хтосьці прадстаўляе Найсвяцейшай Панне свае просьбы. Пілігрымка мае вельмі глыбокі духоўны сэнс: з’яўляецца каштоўнай магчымасцю аднавіць ці яшчэ больш узмоцніць сувязь чалавека з Богам.
Паразважаем пра псіхалагічны бок пілігрымавання, паглядзім, як Пан Бог дакранаецца да душы чалавека праз пілігрымкаўскую штодзённасць. У сваіх разважаннях я закрану менавіта пешыя пілігрымкі.
Найбольш відавочным, што нясе ўдзел у пілігрымцы, з’яўляецца кардынальная змена абстаноўкі і роду дзейнасці. Людзі пакідаюць свае дамы, месцы працы і трапляюць, можна сказаць, у зусім іншую рэальнасць, якая патрабуе вырашэння абсалютна нязвыклых для сучаснага чалавека пытанняў: як апрануцца, каб не з’явіліся мазалі? Як не спазніцца на кухню і не застацца без абеду? Дзе лепей спаць: у намёце ці на падлозе дзесьці ў школе? Як папрасіцца да кагосьці пераначаваць?
Усе гэтыя, а таксама шмат іншых побытавых пытанняў змушаюць чалавека зусім па-іншаму думаць, камунікаваць, іначай глядзець на свет і на сябе самога. Трэба заўважыць, што, нягледзячы на відавочныя фізічныя цяжкасці, звязаныя з пешай пілігрымкай, поўная змена асяроддзя і роду заняткаў з’яўляюцца падмуркам для добрага паўнавартаснага адпачынку.
Іншай асаблівасцю пілігрымкі з’яўляецца неабходнасць знаходзіць паразуменне са шматлікімі людзьмі, якія пастаянна знаходзяцца побач з табою, нягледзячы на стому, раздражнёнасць і г.д.
І нарэшце, пілігрымка з’яўляецца цудоўнай нагодай да вяртання чалавека .... у ягонае цела! Сучасныя людзі ўсё менш займаюцца актыўнымі фізічнымі справамі, асабліва не ў якасці забавы (пагуляць у футбол, зрабіць прабежку), а па неабходнаці. Чалавек усё больш заглыбляецца ў «віртуальную прастору», працуючы і бавячыся з дапамогай камп’ютара, тэлевізара, Інтэрнэта, ездзячы на аўтамабіле... У такіх умовах ён быццам «забывае» пра тое, што ў яго ёсць цела, не выкарыстоўвае свае фізічныя магчымасці. У пілігрымцы ж цела заўсёды нагадвае пра сябе: стомаю, болем, але і радасцю руху, пачуццём задаволенасці, калі ўсё новыя кіламетры застаюцца ззаду і знаходзяцца новыя сілы, каб ісці далей.
Напрыканцы хацелася б павіншаваць усіх, хто сёлета ўдзельнічаў у гэтай вялікай прыгодзе пад назвай «пілігрымка», і пажадаць, каб усе вашыя добрыя прагненні і мары здейсніліся.
Наталля Станкевіч