Пошук


Роля, якую адыгрываюць бацькі на працягу першых гадоў жыцця дзіцяці, вельмі значная. Найперш у духоўным плане, бо бацькі павінны сфарміраваць для дзіцяці вобраз Бога, а значыць навучыць яго быць не толькі добрым сынам ці дачкою, але і набыць вартасць Божага дзіцяці.

rЯкія ж найбольш яскравыя рысы ў «партрэце» Пана, які складваецца для дзіцяці ў бацькоў? Па-першае, гэта ўсемагутнасць. Немаўля лічыць усемагутным спачатку сябе, потым бацькоў, і толькі значна пазней, пры правільным выхаванні, вучыцца без страху жыць у свеце, дзе ніхто не ўсемагутны, акрамя Бога. Па прыкладу бацькоў дзіця вучыцца спадзявацца на Пана, «якога не бачыць», а не на бліжніх, «якіх бачыць».

Па-другое, у Пана ёсць справядлівасць і ласка. Справядлівасць Ягоная ў тым, што за дрэнныя ўчынкі Ён карае, а за добрыя — узнагароджвае. Але калі б Пан быў толькі справядлівым, ніхто не змог бы быць з Ім у раі, бо «ніхто з тых, хто жыве, не справядлівы перад Ім». Таму Бог дае нам таксама сваю любоў і ласку, сваю пяшчоту. Дарэчы, калі заўважалі, на карціне Рубенса «Вяртанне марнатраўнага сына» ў айца (Бога) адна рука мужчынская, а другая жаночая, што сімвалізуе менавіта спалучэнне мужчынскай справядлівасці і жаночай міласэрнасці.

Гэтыя два бакі Божай існасці прадстаўлены для дзіцяці двума людзьмі — Татам і Мамай. Мама — гэта першы чалавек, якога сустракае дзіця, прыходзячы на свет, і даволі доўга менавіта яна з’яўляецца цэнтральнай фігурай у свеце малога.

Перад мамай у першыя гады жыцця дзіцяці стаіць дзве задачы, вырашаючы якія, яна стварае ва ўяўленні малога вобраз Бога Міласэрнага. Першая задача — псіхалагічна выжыць, асабліва калі дзіцятка праяўляе агрэсію, злосць, намагаецца ўкусіць, брыкнуць і г. д. Пазней дзіця навучыцца стрымліваць свой гнеў з любові да маці. Аднак да таго моманту мама рызыкуе замацаваць агрэсіўны стыль паводзінаў дзіцяці, адказваючы яму агрэсіяй на агрэсію. Вельмі ўзнёслы прыклад не адказваць злом на зло даў нам Хрыстус, без віны ўкрыжаваны. Для Яго, напэўна, усе каты былі нібы маленькімі дзецьмі, якія «не ведаюць, што робяць». Варта, каб гэты вобраз кожная маці захоўвала ў сэрцы, церпячы злосць свайго дзіцятка. Супакой мамы адкрывае для малога яшчэ адну Божую рысу: Бог — верны. Ён не пакідае нас, калі мы гневаемся на Яго, нават без прычыны, але працягвае любіць нас і падтрымліваць.

Наступная складаная задача ўзнікае перад маці, калі дзіця пачынае актыўна даследаваць навакольны свет і прыбягае да яе за падтрымкай. Гэты этап вельмі часта звязаны для яе з узрастаннем страхаў за дзіця.  Зразумела, яно яшчэ такое маленькае — а ужо так шмат адкрывае для сябе!.. Пачынаюцца яслі, дзіцячы садок… Іншыя дзеці, дарослыя, новыя сувязі паміж людзьмі…

З-за свайго непакою маці можа свядома ці падсвядома затрымліваць дзіця пры сабе, абмяжоўваць ягоныя магчымасці для пазнання свету. У выніку дзіця можа вырасці баязлівым, не ведаць свет, не навучыцца наладжваць адносіны з іншымі людзьмі, застанецца пры «мамінай спадніцы».

Другая крайнасць — калі мама занадта аддаляе ад сябе дзіцятка, не аказвае яму падтрымкі. Тады дзіця не навучыцца спраўляцца са сваімі страхамі, будзе жыць у варожым, страшным свеце, не маючы ў душы «падтрымліваючай мамы».

Як жа ў падобных сітуацыях ставіцца да нас Пан Бог? Ён з радасцю і любоўю прымае нас падчас хросту, у часе святой Імшы, у сакрамэнце пакаяння… Аднак Ён не патрабуе, каб мы ўсё жыццё правялі ў касцёле. Ён яднаецца з намі падчас Эўхарыстыі і такім чынам застаецца з намі на працы, на вуліцы, дома… Ён любіць нас заўсёды, і заўсёды з намі Ягоная ласка. Ён заўсёды гатовы суцешыць нас, калі мы ўпадзем і паб’емся, але не стрымлівае нашай свабоды. Ці ж не гэта вобраз ідэальнай маці?

Аднак на гэтым этапе задачу мамы падзяляе таксама Тата — вобраз Бога справядлівага. Асноўная роля таты — усталяванне межаў і правілаў жыцця. Менавіта ад таты дзіця пазнае паўнавартаснае значэнне слова НЕ альбо НЕЛЬГА. Мама таксама можа штосьці забараняць, аднак часта адбываецца так: калі мама кажа «не», — гэта яшчэ, можа, «не», а можа, і «так». А калі «не» кажа бацька — гэта ўжо станоўчае «не».

Аб ролі межаў у жыцці дзяцей і дарослых мы распавядзём у наступных размовах, аднак сёння яшчэ адзначым, што межы найперш робяць свет зразумелым і бяспечным для дзіцяці. Уявіце сабе сляпога чалавека, які знаходзіцца ў доме, дзе ўсе рэчы знаходзяцца на пастаянных месцах: сталы, канапы, шафы і г. д. Спачатку чалавек будзе, напэўна, натыкацца на розныя прадметы, але потым вывучыць іх месцы знаходжання і зможа існаваць. А калі ўявіць, што мэбля пастаянна перасоўваецца на іншыя месцы?..

Таму вельмі важна, каб межы былі пастаяннымі: «не» сёння павінна заставацца «не» і заўтра. «Не» бацькі павінна таксама быць і «не» маці. Гэтак жа і Пан Бог пакінуў нам дзесяць запаведзяў, якія дзейсныя і сёння, і заўтра, і заўсёды, і для усіх. Заўважце, што Бог дае нам свае запаведзі толькі таму, што любіць нас і не хоча, каб нам было дрэнна. Гэта — адзіная прычына, па якой і бацькі павінны ставіць межы свайму дзіцяці, і менавіта тады ў гэтых межах з’яднаюцца справядлівасць і міласэрнасць нашага Пана.

Наталля Станкевіч 

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа