Пошук


Шаноўныя наведвальнікі, на нашым партале стартуе новая аўтарская рубрыка. Наталля Станкевіч у сваіх матэрыялах будзе прадстаўляць псіхалагічны бок адносін паміж людзьмі, а таксама іх адносін з Богам.

 

rЧаста мае знаёмыя задаюць пытанне: «Ці не грэх, калі хрысціянін звяртаецца да паслугаў псіхатэрапеўта? Вера ж вучыць нас абапірацца на Бога ў вырашэнні нашых праблем. Якую ролю ў гэтым можа адыгрываць псіхолаг? І, з іншага боку, як ты, з’яўляючыся практыкуючай хрысціянкай, вучышся ды яшчэ і аказваеш паслугі псіхатэрапеўта?»

Жартуючы, на гэтае пытанне можна адказаць: «Так, мы павінны давяраць Богу. Аднак, калі вы зламаеце нагу, ці не выклічаце вы „Хуткую дапамогу“?»

Менавіта не гэтае пытанне я хачу адказаць у нашай першай размове. Чым жа займаецца псіхатэрапія і пра што гэтая навука — псіхалогія?

Нашае жыццё складаецца са знешняга і ўнутранага бакоў. Вонкавыя праявы жыцця — гэта тое, як мы сябе паводзім, выглядаем, гаворым, узаемадзейнічаем з іншымі людзьмі ў сям’і, на працы, са знаёмымі і незнаёмымі, сябрамі і ворагамі. Унутраны бок нашага жыцця ўкрыты ад бачання іншых. Гэта нашыя пачуцці, эмоцыі, думкі, уражанні ад таго, што адбываецца вакол нас, нашыя мары, сімпатыі і антыпатыі, наогул, нашыя ўяўленні пра саміх сабе, аб жыцці, аб іншых людзях і, зрэшты, аб Богу. Менавіта гэты, унутраны свет, які для кожнага чалавека асабісты, з’яўляецца нібы «маторам», які «дае штуршок» вонкаваму жыццю, настройвае нас на тое, каб паводзіць сябе так, а не іначай. Напрыклад, зразумела, што чалавек, якому ўвесь свет здаецца страшным і варожым, будзе паводзіць сябе цалкам іначай, чым той, хто ўспрымае жыццё лагодным, цікавым, а людзей бачыць добразычлівымі і прыемнымі.

З якіх складальнікаў утвараецца ўнутраны свет, прастора нашай душы? Першы складальнік — гэта той план, тыя задаткі, здольнасці, схільнасці, якімі ад нараджэння адорвае нас Пан Бог. Усе, напэўна, бачылі, як адно дзіцятка больш імкнецца да канструктару, іншага цікавіць маляванне, хтосьці ж цягнецца да жывёлы і птушак і г.д. Гэта найбольш просты прыклад. Калі ж угледзецца глыбей, то заўважым, што і характары ў яшчэ зусім маленькіх дзетак розныя: хто больш сціплы, хто плаксівы, хто ўпарты, хто баязлівы, хто больш гневаецца, хто больш энергічны і г.д. Хачу падкрэсліць, што ўсе гэтыя рысы — гэта падарункі для дзіцяці ад Бога, той «пачатковы капітал», з якога пачынаецца старт дзіцяці ў жыццё.

Пытанне толькі ў тым, што робіць маленькі чалавек са сваім унутраным светам, і (што вельмі важна!) што з ягоным унутраным светам робяць акружаючыя яго людзі: спачатку бацькі, а калі дзіцё падрастае — выхавацелі, настаўнікі, сябры, знаёмыя і ўвогуле грамадства. І вось тут мы знаходзім іншы выток, які фарміруе наш унутраны свет, — нашае асяроддзе. Які ж уплыў яно можа на нас аказваць?

Першы варыянт. Бацькі бачаць у дзіцяці новага маленькага чалавека, магчыма, у чымсьці непадобнага да іх, лічаць ягоную чалавечую самабытнасць найбольш каштоўнай. Яны прыглядаюцца да схільнасцяў дзіцяці, паважаюць яго ўнутраны свет і імкнуцца зрабіць так, каб дзіцё развівалася менавіта ў тых накірунках, якія падрыхтаваў для яго Бог. Гэта і ёсць першы крок да таго, каб дзіця, пасталеўшы, магло вызначыць сваё пакліканне і адказаць на яго.

Менавіта так, дарэчы, ставіцца да нас Пан Бог. Ён любіць нас не за тое, што мы прыгожыя, добрыя, адукаваныя, моцныя, смелыя, а проста за тое, што мы Ягоныя дзеці. А каб паставіць рамкі для нашых нядобрых схільнасцяў, Ён даў нам дзесяць запаведзяў.

Іншая сітуацыя складаецца, калі бацькі не прыслухоўваюцца да патрэбаў і схільнасцяў дзіцяці, а выкарыстоўваюць маленькага чалавека для таго, каб рэалізаваць свае ўласныя памкненні, намеры і мары. Напрыклад, бацька калісьці хацеў стаць футбалістам, але ягоная мара з нейкай прычыны не здзейснілася. Таму, калі ў яго нарадзіўся сын, ён тут жа вырашыў, што сын будзе футбалістам, незалежна ад таго, ці ёсць у хлопчыка да гэтага схільнасці ці няма. У выніку дзіця развіваецца не так, як прадвызначыў Бог, а так, як хочуць людзі. На жаль, такія дзеці ў будучым могуць стаць кліентамі псіхатэрапеўтаў.

Цяпер мы можам падысці да адказу на пытанне, якое паставілі напачатку размовы: ці дапасоўваюцца псіхалогія і хрысціянская вера, і калі так, то якім чынам?

Для мяне адказ на гэтае пытанне часткова станоўчы: так, псіхалогія і псіхатэрапія дапасуюцца да хрысціянскай веры. АЛЕ: не ўсё тое, што сёння называецца псіхалогіяй, ёю з’яўляецца!

Калі вам кажуць: «Прыходзьце на наш псіхалагічны трэнінг, мы вас навучым адзіна правільнаму жыццю, зробім вас шчаслівым, багатым, ды яшчэ прапусцім праз вас шэра-бура-малінавыя энергетычныя патокі» — бяжыце! Падобныя рэчы — шарлатанства, якое нічога не зменіць у вашым жыцці (гэта ў лепшым выпадку) або разбурыць псіхіку пад корань. Нядаўна, дарэчы, чула праўдзівую гісторыю пра дзяўчыну з Мінска, якая пасля гэтых трэнінгаў трапіла «прамою дарогаю» ў псіхіатрычную бальніцу ў Навінках. Таму як псіхолаг вельмі прашу не жартаваць з гэтым. А як хрысціянка, лічу (гэта маё асабістае меркаванне), што наведванне такіх трэнінгаў з’яўляецца грахом, таксама як і хаджэнне па «бабках», «шаптухах», «спадчынных чараўніцах» і г.д.

Варта памятаць, што псіхалогія, і псіхатэрапія ніколі не накіраваны на змяненне чалавечай асобы. Іх мэтаю з’яўляецца толькі лепшае разуменне чалавекам самога сябе. Псіхатэрапія стварае ў гэтым сэнсе «бяспечную прастору», каб чалавек мог без страху, што яго адкінуць, без сораму і пачуцця віны разабрацца ў сабе, перажыць нейкія траўмы, навучыцца, калі неабходна, як быць з тымі схільнасцямі і рысамі характару, якія перашкаджаюць весці жыццё, годнае Божага дзіцяці. Таму і псіхолаг альбо псіхатэрапеўт выступаюць тут у якасці «Божай рыдлёўкі»: дапамагаюць адкопваць тыя першасныя схільнасці чалавека, скарбы, якімі Бог надзяліў чалавека.

Наогул, каб пазнаць, ці згодны з хрысціянскай верай той ці іншы від псіхатэрапіі, трэба прытрымлівацца двух простых правіл.

Па-першае, псіхатэрапія — гэта не вера, гэта навука! Яна ніколі не можа прысвойваць ролю рэлігіі ці нейкага містычнага светапогляду, прэтэндаваць на абсалютную ісціну. Псіхалогія, як мы высветлілі, паклікана дапамагаць чалавеку сфармаваць ягоны светапогляд, а не навязваць свой уласны. Таму, калі чуеце, што прыехаў нейкі экзатычны гуру-псіхатэрапеўт-акадэмік-усіх-магчымых-акадэмій, які навучае жыць, нават не набліжайцеся да яго.

Па-другое, проста прыслухоўвайцеся да сябе, да сваіх пачуццяў. Калі прыйшлі на кансультацыю ці на псіхатэрапеўтычны сеанс і адчуваеце, што нешта вам як хрысціяніну не падабаецца, узнікае супрацьдзеянне, не бойцеся казаць аб гэтым. Псіхатэрапеўт абавязаны стварыць для вас камфортную атмасферу, ён павінен таксама суадносіць свае метады з вашай сістэмай каштоўнасцяў. Таму не саромцеся выказаць свае сумнівы. Прафесіянал пралье святло на ўсю сітуацыю і, калі трэба, зменіць метады працы. У крайнім выпадку, можна знайсці іншага тэрапеўта.

У наступных размовах я раскажу аб асноўных псіхалагічных прынцыпах выхавання дзяцей, адносін паміж людзьмі, а таксама закрану найбольш частыя праблемы ў псіхалагічнай сферы, не абыходзячы пры гэтым таксама духоўныя аспекты.

Наталля Станкевіч 

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця