Класіка хрысціянскага кіно, фільм Франка Дзэфірэлі «Езус з Назарэта», пастаўлены 31 год таму, застаецца адной з найлепшых экранізацый святой гісторыі. У 1977 г. тэлегледачы ўбачылі стужку, якая і дасюль лічыцца ўзорнай хрысціянскай кінакарцінай. «Езус з Назарэта» Франка Дзэфірэлі — гэта эпічнае, чатырохсерыйнае апавяданне пра жыццё, смерць і ўваскрасенне нашага Збаўцы.
Перад рэжысёрам Франка Дзэфірэлі, якому Ватыкан замовіў карціну, стаяла надзвычай складаная задача. Гледачы прызвычаіліся да дзівоснасцяў ды малімонных гістарычных фільмаў, дзе ўсё магчыма, а трэба было паказаць, што на досвітку нашай эры ў Галілеі быў Езус з Назарэта, напоўніцу чалавек.
І ў той час, калі тэлеэкраны поўніліся хронікай, трэба было засведчыць, што Езус — гэта Хрыстус, напоўніцу Бог. Які быў укрыжаваны за нашыя грахі, памёр — і ўваскрос.
Фільм Дзэфірэлі — біяграфія Хрыста з грунтоўным, дакладным у дэталях, паказам эпохі. Старыя рэчы, яўрэйскае вяселле, рымскія акупанты... Але стужка пазбаўлена і дробнага натуралізму, і опернае раскошы (хаця сам рэжысёр з задавальненнем оперы ставіў). Стрыманасць і дакладнасць працуюць, як факт — «так, гэта было!»
Пры гэтым нават эпізадычныя біблейскія персанажы набылі сваю гісторыю. І хаця мы не ведаем, што гаварыў Юзаф Езусу, як выглядаў Ян Хрысціцель, ці сустракаўся Барабба з Езусам і што Езус казаў Бараббе, пра што гутарылі валхвы — гэтыя аўтарскія дапушчэнні, непазбежныя для шасцігадзіннай стужкі, скіраваныя, з найвялікшай пашанай, да асобы і ахвяры Богачалавека.
Дзэфірэлі надзвычай ахайна паказвае цуды Хрыста. Ён не навязвае іх гледачам, не агаломшвае адмысловымі эфектамі. Цуд — духоўнае сведчанне, якое раскрываецца найперш праз учынкі і пачуцці людзей, якія сталіся яго ўдзельнікамі і сведкамі. Часам Дзэфірэлі занадта асцярожны — і тады Божыя словы пра ўлюбёнага Сына вымаўляюцца вуснамі Яна Хрысціцеля.
Затое сцэна Звеставання не мае роўных па сваёй далікатнай узнёсласці. Дзева Марыя прачынаецца ад святла. Ціхі свет ліецца праз акенца, агортвае Панну, і мы чуем Яе пытанні — і Яе адказ Богу.
Аператары Арманда Нануцы і Дэйвід Уоткін пераканаўча выкарыстоўваюць святло, як знак звышнатуральнай Боскай прысутнасці. Ліецца святло ў сінагозе на галаву рабіна, святло сагравае дзяўчыну, якую ўваскрашае Хрыстус, святлом — трагічным і стрыманым — напоўнена сцэна Апошняй Вячэры. А вось у палацы Ірада зіхаціць штучнае і месячнае святло.
Узнёслыя моманты падкрэслівае музыка Морыса Жара, а падчас зняцця з крыжа — плача дажджом прырода.
У фільме здымаліся найлепшыя сусветныя акцёры. Але мы бачым не Лоўрэнса Аліўе — а Нікадзіма, не Рода Стайгера — а Понція Пілата, не Майкла Ёрка — а Яна Хрысціцеля, не Ральфа Рычардсана — а Сімяона. І хоць у ігравой стужцы, па зразумелых прычынах, немагчыма ўвасобіць Езуса і Дзеву Марыю (бо сыграць можна апосталаў, рымлянаў, але не Збаўцу і Яго Маці) — Роберт Паўэл і Алівія Хасі — самыя прыгожыя Езус і Дзева Марыя за ўсю гісторыю кіно.
Рэжысёра Дзэфірэлі і сцэнарыста Энтані Бэрджэса, вядомага па антыутопіі «Завадны апельсін», часам папракалі, што ў карціне яны адмовіліся ад свайго аўтарскага позірку. Але творцы тактоўна адышлі ўбок, каб гледачы маглі раскрыць сэрца Хрысту.
Езус з Назарэта (Jesus of Nazareth ці Gesù di Nazareth)
Італія — Вялікабрытанія, 1977, каляровы, 371 хв. (4 серыі).
Рэжысёр: Франка Дзэфірэлі.
Ролі выконваюць: Роберт Паўэл, Алівія Хасі, Майкл Ёрк, Джэймс Фарэнціна, Эн Бэнкрафт, Род Стайгер, Лоўрэнс Аліўе, Эрнст Баргіні, Клаўдыя Кардынале, Фернанда Рэй, Дональд Плэзэнс, Ральф Рычардсан, Пітэр Усцінаў, Джэймс Мэйсан, Крыстафер Пламер, Валянціна Картэзэ, Энтані Кўін.
14.11.2008 г. 10:41Аўтар: Никита
15.11.2008 г. 10:03Аўтар: Андрэй Расінскі
15.11.2008 г. 10:04Аўтар: Aляксандар
11.12.2008 г. 12:18Аўтар: Dzianis
21.12.2008 г. 16:59Аўтар: Андрэй