Сустракаючы дзесьці ў Беларусі жанчыну па імені Ядзвіга, Тэрэса або Агнешка, адразу здагадваешся — каталічка. Ужо цяжэй вызначыць канфесійную прыналежнасць, калі яе клічуць Ганнай, Марыяй або Аленай. Гэтыя імёны сустракаюцца як у каталіцкай, так і ў праваслаўнай традыцыі.
Да нядаўняга часу не было праблем з вызначэннем канфесійнай прыналежнасці жанчын з іменем Таццяна, Вольга або Святлана, якія асацыяваліся з прыналежнасцю да ўсходняй хрысціянскай традыцыі. Аднак дастаткова зазірнуць у сучасныя касцёльныя кнігі хростаў або проста спытацца ў каталічак, якія імёны яны носяць, каб пераканацца, што ў сучаснай Беларусі цяжка ўжо вызначыць канфесійную прыналежнасць асобы па імені.
Сярод прадстаўнікоў розных традыцый не сціхаюць дыскусіі і мары аб даўнейшых часах, калі бацькі імкнуліся падкрэсліць канфесійную прыналежнасць, надаючы дзіцяці імя, якога няма ў альтэрнатыўнай традыцыі. У сувязі з гэтым у Беларусі ўзнікалі шматлікія парадоксы. Якіясьці «праваслаўныя» імёны браліся са старадаўняй каталіцкай мінуўшчыны. І наадварот, «каталіцкія» імёны мелі далёка не каталіцкае паходжанне.Прыкладам такога парадоксу з’яўляецца імя святой, якая ўзгадваецца ў календары Каталіцкага Касцёла 12 студзеня. У Беларусі гэтае імя асацыюецца адназначна з усходняй (праваслаўнай, рускай) хрысціянскай традыцыяй. Аднак карані як імені, так і святой звязаны непасрэдна з сэрцам каталіцкага свету — Рымам. Імя святой — Таццяна.
Яна нарадзілася ў Рыме ў вельмі багатай і знатнай сям’і. Бацька быў рымскім консулам, вяльможам. Нягледзячы на тое, што яе бацька быў хрысціянінам і ў гэтай веры выхаваў дачку, сваю рэлігійную прыналежнасць ён хаваў. За гэта можна было страціць не толькі кар’еру, але і жыццё. Можна толькі здагадвацца, у якой узнёслай атмасферы ўзрастала Таццяна, што яе не вабіла ні раскоша рымскіх багаццяў, ні лёс вяльможаў. Яна захаплялася ідэаламі хрысціянскага жыцця, без рэшты адданага Богу і бліжняму. Доказам цнатлівасці і руплівасці Таццяны стала тое, што яна была абрана ў шэрагі дыяканіс. Так у тыя часы называлі жанчын, якія служылі ў Касцёле, дбаючы аб справах міласэрнасці, дапамагаючы хворым і патрабуючым, клапоцячыся аб парадку ў святынях.
Падчас адной з аблаваў на хрысціян у 226 г. асабліва жорстка вышуквалі тых асобаў, якія маглі аказаць значны ўплыў на грамадскую свядомасць: вяльможаў, багатых, грамадскіх дзеячаў. Так пад пераслед трапіў рымскі чыноўнік са сваёй дачкой Таццянай. Перад абліччам смерці ён публічна прызнаўся ў сваёй веры і быў за гэта закатаваны. Мучаніцкая смерць напаткала і Таццяну. Паводле шматлікіх паданняў, са смерцю св. Таццяны былі звязаны цуды. Разбушавалася прыродная стыхія, ад якой абрынуліся язычніцкія святыні Апалона і Дыяны. Менавіта ў гэтых месцах з найбольшай лютасцю катавалі хрысціян. Калі ж дзяўчыну кінулі на пажыранне львам, то зверы рахмана ляглі ля яе ног. Тое самае зрабілі і жаўнеры. Урэшце, пасля шэрагу няўдалых спробаў забойства катавальнікі засеклі яе мячом.
Гэтая рымская святая паходзіць са знакамітага лацінскага роду Тацыяў (Tatius). Яна малавядомая ў лацінскім Касцёле і вельмі шанаваная ў нелацінскай і далёкай ад Рыма Царкве. Парадокс скрыжавання традыцый у хрысціянстве. Пазнанне гэтых парадоксаў адкрывае новыя гарызонты на шляху прымірэння канфесій і традыцый. Аказваецца, імёны святых могуць быць не прычынай падзелаў, але яднання. І знакаміты прыклад гэтага — імя святой Таццяны Рымскай.
Кс. Андрэй Рылка