Пошук


Нетрадыцыйная медыцына

На што гатовы пайсці чалавек, каб вылечыцца ад цяжкай хваробы? Часам ён гатовы аддаць усё, каб толькі вярнуць здароўе. Не знайшоўшы дапамогі ў навуковай медыцыне, людзі пачынаюць шукаць ратунку дзе заўгодна. Яны гатовы пайсці да варажбітоў, шаптух, акультыстаў, чараўнікоў.

Існуе шмат метадаў лячэння, якія адрозніваюцца або наўпрост супярэчаць звычайнай (навуковай) медыцыне. Вось ужо больш за 200 гадоў не сціхаюць дыскусіі вакол такой нетрадыцыйнай медыцыны, як гамеапатыя. Сёння гамеапатыя настолькі ўвайшла ў сучасную культуру, што нікога не здзівіш лекамі ці кабінетам гамеапата. Многія людзі, прынамсі на агульным узроўні, ведаюць, што гамеапатыя — гэта метад нейкага «нетрадыцыйнага лячэння». У той жа час не ўсе ведаюць, што гэтая «медыцына» выклікае вялікую насцярожанасць у асяроддзі вучоных-медыкаў і Касцёла.

Сам тэрмін «гамеапатыя» паходзіць ад грэчаскіх словаў «гомоіос» («падобны») і «патос» («боль»). Сутнасць гэтай тэхнікі заключаецца ў пераканні, што падобнае лечыцца падобным (similia similibus curantur).

Але што канкрэтна ўяўляе сабой гэты спосаб лячэння? Адказ на гэтае пытанне нараджае заклапочанасць нават саміх гамеапатаў. Кожны з іх будзе адказваць па-іншаму. Гэта звязана з тым, што гамеапатыя — гэта не адно вучэнне, а цэлая група разнастайных кірункаў і тэхнікі «лячэння», якія часта супярэчаць адно аднаму. Таму спачатку паспрабуем прыгледзецца, што ж такое гамеапатыя ўвогуле і адкуль яна прыйшла.

Адкуль прыйшла гамеапатыя?

Даследчыкі кажуць, што вытокі гамеапатыі можна заўважыць у старажытнай алхіміі. Непасрэдна ж гэтую методыку лячэння прапанаваў нямецкі ўрач Самуэль Ганеман (Samuel Hahnemann). Асновы свайго вучэння ён апісаў у кнізе «Organem of Rational Healing», выдадзенай у 1810 г. Прыхільнікі гамеапатыі вельмі па-рознаму (у залежнасці ад свайго светапогляду) тлумачаць вучэнне Ганемана.

Найбольш папулярная версія сцвярджае, што ўрач выкарыстаў перакананні алхімікаў у тое, што жывыя арганізмы маюць свой магнетызм (нейкую адмысловую духоўную энергію). Прычыны цялесных хваробаў гэты лекар бачыў менавіта ў пашкоджаннях духоўнай энергіі арганізмаў. Падобную энергію належала лячыць падобнай, зачэрпнутай з такіх жа рэчываў. Таму гамеапатычны лек павінен паходзіць з чагосьці, што звязана з хваробай. Лек павінен унесці ў арганізм неабходную яму духоўную энергію. Як выглядае гэтая энергія і як яе ўносіць у арганізм? Тут шляхі гамеапатаў разыходзяцца.

Сам Ганеман свае веды абапіраў не на навуковых прынцыпах, а на «аб’яўленнях незямных стварэнняў», якія яго навучалі астралагічным ведам, магнетызму і тэхніцы прыгатавання «лекаў». Паслядоўнікі гэтага лекара па сённяшні дзень імкнуцца надаць гамеапатыі нейкае навуковае аблічча. Але за 200 гадоў існавання гэтай нетрадыцыйнай медыцыны так і не змаглі растлумачыць, на чым асноўваецца яе «лячэнне».

Як дзейнічае гамеапатыя?

Як жа ўздзейнічаюць на чалавека гамеапатычныя прэпараты? Адны прыхільнікі гэтай нетрадыцыйнай медыцыны распавядаюць толькі пра фізічнае ўздзеянне гамеасродкаў, другія ж наадварот — падкрэсліваюць толькі духоўнае (энергетычнае) іх дзеянне.

Прыхільнікі фізічнага ўздзеяння гамеапатычных прэпаратаў сцвярджаюць, што хвораму належыць падабраць мінімальную дозу такога сродку, які ў вялікай дозе выклікаў бы сімптомы, што на дадзены момант перажывае хворы. Гамеапатычны лек з мінімальнай дозай такога сродку павінен актывізаваць імунітэт арганізма, каб перамагчы хваробу. Гэты метад лячэння гамеапаты параўноўваюць з вядомым нам спосабам лячэння праз прышчэпкі ў традыцыйнай медыцыне. Як прыклад, яны прыводзяць вядомае прышчэпванне ад грыпу.

У той жа час, крытыкі гамеапатыі даказваюць, што гамеапатычны метад не мае нічога агульнага з навуковай медыцынай. Яны прыводзяць прыклад, як для вылячэння ныркавага каменя гамеапаты прапаноўваюць выпіць раствор з… ныркавым каменем. Гэтыя парадоксы звязаныя з тым, што гамеапаты ўзводзяць да абсалютнага метад лячэння падобнага падобным. Тым самым яны даходзяць да небяспечных абсурдаў. Гамеапаты, імкнучыся даказаць бяспечнасць сваіх лекаў, даводзяць, што іх прэпараты змяшчаюць мінімальныя дозы падобных да хваробы субстанцый.

Вучоныя, даследаваўшы гамеапатычныя прэпараты, заўважылі, што яны змяшчаюць або мікраскапічныя дозы нейкіх старонніх сродкаў, або ўвогуле нічога не маюць акрамя звычайнага воднаспіртавога раствору. На падставе гэтага вучоныя даказваюць, што гамеапатычныя лекі не могуць мець ніякага фізічнага ўздзеяння на арганізм чалавека.

Калі так, то якім чынам яны ўплываюць на самапачуццё пацыентаў? Гамеапатычны адказ на гэтае пытанне дае больш вытанчаная версія гэтага вучэння. Паводле яе, усе рэчывы маюць адмысловую жыццёвую або духоўную энергію. Падрыхтоўка гамеапатычнага прэпарата заключаецца ў расціранні адпаведнага рэчыва да такой ступені, каб яно перадало сваю духоўную энергію воднаму раствору, які з гэтага моманту становіцца лекам. Практычна гэтая «перадача энергіі» заключаецца ў тым, каб максімальна растварыць «лекавы» сродак. Бо чым больш раствараецца прэпарат, тым большая яго энергетычная дзейснасць.

У выніку гатовы раствор можа не мець аніводнай малекулы «лекавага» сродку, але будзе «зараджаны яго энергіяй». Варта пры гэтым памятаць, што гамеапаты гавораць тут не пра фізічную энергію (яе вучоныя маглі б заўважыць), але пра нейкую няўлоўную духоўную моц. Фактычна ж, няма ніякіх доказаў існавання такой энергіі. У сувязі з гэтым няма ніякіх навуковых доказаў фізічнага ўздзеяння лекаў.

У пошуку зразумення папулярнасці гамеапатычных прэпаратаў многія вучоныя схіляюцца да версіі т.зв. эфекту плацэба. Так называюцца прэпараты, якія не маюць ніякіх лекавых уласцівасцяў, але іх пазітыўнае ўздзеянне на арганізм асноўваецца толькі на веры чалавека ў сваё выздараўленне. Своеасаблівае самаўнушэнне пабуджае веру пацыента ў тое, што «лек» яго выратуе. Гэтая вера можа дапамагчы асобе псіхалагічна пабудзіць арганізм да выздараўлення. Аднак методыка прыняцця на веру адкрывае пацыента на небяспеку псіхаманіпуляцый з боку гамеапата. Тым больш ненавуковы падыход яшчэ больш спрыяе таму, што пацыенту нічога не застаецца, як толькі паверыць лекару на слова. У той жа час сам «урач» таксама абапіраецца толькі на веру ў дзейснасць гамеапатыі. Вучоныя таксама звяртаюць увагу на небяспечнасць самога факту спажывання раствору, бяспечнасць якога не пацверджана навуковай медыцынай.

Кс. Андрэй Рылка

Працяг будзе.

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.