Крызіс, які апошнім часам закрануў беларускае грамадства, многія зводзяць толькі да эканамічных праблем. Гэта тое, што ў першую чаргу кідаецца ў вочы. Праблемы з набыццём валюты, рост цэнаў, ажыятаж вакол пакупкі розных тавараў яшчэ па старых цэнах. Няўпэўненасць у заўтрашнім дні і безабароннасць перад наступствамі крызісу яшчэ больш накручваюць страхі, недавер і агрэсію.
Узрастаючая сацыяльна-эканамічная напружанасць у беларускім грамадстве нясе ў сабе небяспеку выбуху найбольш нізкіх праяўленняў нецярпімасці паміж людзьмі. Калі ў стане недаверу, страху і няўпэўненасці асоба не мае маральнай або духоўнай апоры, яна можа пайсці на самыя неадэкватныя дзеянні, прыносячы шкоду сабе, сваёй сям’і і акружэнню.
Здаецца, менавіта на гэтую пагрозу звярнуў увагу ў сваім апошнім звароце Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі арцыпастыр звярнуўся да розных прадстаўнікоў грамадства з заклікам «пры вырашэнні нялёгкіх сучасных праблем кіравацца ўзаемнай любоўю і пашанай як грамадзянам адной краіны, якая павінна быць нашым супольным домам, прымаць пад увагу маральныя нормы і прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла, каб у нашай Бацькаўшчыне мы сапраўды маглі будаваць цывілізацыю жыцця, справядлівасці і любові». Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, каб асабліва ў крызісныя для грамадства моманты не забываць пра маральныя нормы і выцякаючыя з іх прынцыпы паводзін. Вельмі лёгка ў сітуацыі агульнай незадаволенасці зысці на ўзровень лаянкі, узаемных абвінавачванняў і агрэсіі. У няпростай грамадскай сітуацыі надзвычай важнай становіцца салідарнасць у духу праўды, узаемнай падтрымкі і павагі.
Яшчэ ў 2009 г. папа Бэнэдыкт XVI ў энцыкліцы «Caritas in veritate», прысвечанай сучасным сацыяльным праблемам, звярнуў увагу на дзве небяспечныя крайнасці, якія могуць пагражаць кожнаму грамадству. Першая крайнасць — гэта калі ў сацыяльных працэсах акцэнтуецца праўда і справядлівасць пры адначасовым выключэнні прынцыпу міласэрнай любові. Другая крайнасць — гэта засяроджанне грамадства на прынцыпе любові (міласэрнасці, гуманізму) пры адначасовым адцясненні праўды і справядлівасці (Caritas in veritate, 2).
Калі аднесці перасцярогі Пантыфіка да сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў нашым грамадстве, можна заўважыць, наколькі яны важныя і актуальныя для Беларусі. Разгляд крызіснай сітуацыі, у якой апынулася нашае грамадства, толькі з пункту гледжання праўды, можа скончыцца яшчэ большымі падзеламі грамадства і ўзрастаннем узаемнай варожасці і нянавісці. Калі ж пайсці шляхам толькі міласэрнай любові, абмінаючы праўду, то гэта будзе крывадушнасць, якая яшчэ больш будзе нагнятаць напружанасць у краіне. Патрэбна любоў у праўдзе, заснаваная на ўзаемнай павазе і салідарнасці.
Можна лёгка паддацца спакусе ўзаемнага абвінавачвання, пошуку ворага і «казла адпушчэння». І ўсё гэта можна тлумачыць тым, што «праўда найважнейшая». Праўда без маралі, без павагі і любові можа стацца інструментам калі не фізічнага, то, напэўна, маральнага ўзаемавынішчэння людзей і грамадства. Гэта асабліва актуальна ва ўмовах нізкай палітычнай культуры, калі грамадзянам нельга апускацца па прыкладзе амаральных выказванняў ці паводзінаў паасобных палітыкаў. Гэта шлях у нікуды. У той жа час, калі будзе дапускацца вялікая сацыяльная несправядлівасць і татальны падман, апраўданы дбаннем аб міры і дабры, то такая «любоў» скончыцца небяспечным выбухам грамадскай агрэсіі. Таму варта, прынамсі хрысціянам, імкнуцца да таго, каб кіравацца прынцыпамі праўды і міласэрнай любові, не аддзяляючы іх адно ад другога. Салідарнасць у добрым і непрыманне зла, чым бы яно не імкнулася апраўдацца, можа стаць шанцам на хутчэйшае выздараўленне нашага грамадства. Благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ перасцерагаў, што «дэмакратыя без каштоўнасцей можа ператварыцца ў яўны або закамуфляваны таталітарызм» (Centesimus annus, 46). Сучасны крызісны момант — гэта выклік для нашага грамадства. Можна пайсці шляхам эскалацыі найгоршых праяваў амаральнасці. Аднак Касцёл заклікае выбраць іншы шлях, заснаваны на духоўных і маральных каштоўнасцях, каб чалавек не перастаў быць чалавекам нават у няпростых умовах крызісу.