Пошук


Многія людзі любяць гаварыць аб праўдзе, але найчасцей не любяць з ёю сустракацца. Яны з лёгкасцю гавораць праўду пра іншых, але з вялікай цяжкасцю — пра сябе. А калі нават нехта памкнецца і стане на парозе адкрыцця праўды — баіцца зрабіць рашаючы крок насустрач неспазнанаму.


Кожны чалавек у большай ці меншай ступені баіцца памыліцца, баіцца, што разваляцца так доўга і цяжка збіраныя пазлы яго «праўды». Можна доўгі час хаваць гэты непакой, не прызнавацца нават перад самім сабой, захапляючыся працэсам канструявання. Але раней ці пазней прыходзіць сумненне ў праўдзівасці «праўды». Некаторым для гэтага дастаткова крыху пахіснуцца. Іншым неабходна стаць перад руінай, каб усвядоміць, што ягоная «праўда» была ўсяго толькі ўласнай канструкцыяй. Хоць знойдуцца і такія, якія нават разбурэнне будуць называць будаваннем. Але ўсе гэтыя праблемы вымушаюць задумацца: калі ж праўда сапраўдная? Калі прыгажосць — не ілюзія? Калі рэчаіснасць рэальная?

На шляху веры кожнаму чалавеку прыходзіцца прайсці даліну сумненняў, выпрабаванне праўдзівасцю. З гэтай даліны можна выйсці знявераным, расчараваным у Богу, свеце і ў самім сабе. А можна выйсці, нарэшце спазнаўшы горка-салодкі смак праўды, якую ўжо ніякі хмель хлусні не зможа замяніць. Пасля гэтай даліны чалавек інакш ведае, інакш верыць, інакш любіць. Гэта даліна, у якой Бог дазваляе чалавеку сустрэцца са сваім сапраўдным абліччам, іншымі вачамі паглядзець на рэчы, якіх раней не заўважаў. Гэта пераход ад веры ў існаванне Бога да веры Самому Богу, Яго слову. На гэтай даліне чалавек нарэшце сустракае Таго, пра каго раней ведаў толькі тое, што Ён ёсць. Тут адкрываецца магчымасць не толькі сустрэць Яго, пазнаёміцца, але пазнаць у Ім свайго Тату і адгэтуль пачаць давяраць толькі Яму. У гэтай драматычнай даліне надыходзіць ачышчэнне душы, якое неабходна кожнаму, хто сапраўды жадае сустрэцца з Жывым Панам. У сур’ёзны кантакт з Богам сапраўдным можа ўвасці толькі сапраўдны чалавек. Таму раней ці пазней на шляху веры Ён прапаноўвае кожнаму перайсці ад веры, мадэратарам якой з’яўляецца чалавек, да веры, мадэратарам якой з’яўляецца Бог.

Спадчына духоўных пошукаў Айцоў Касцёла адкрывае нам праўду аб розных узроўнях чалавечага жыцця, якія могуць быць месцам спаткання з Панам. Кожны з гэтых узроўняў знаходзіцца ў небяспецы, бо чалавек можа наглуха зачыніць яго не толькі перад Богам, але нават перад самім сабой, так і не спазнаўшы багацця сваёй душы і багацця адносін з Панам. Святыя Айцы выкарыстоўвалі розныя вобразы, апісваючы гэтыя ўзроўні чалавечага жыцця. Некаторыя з іх параўновалі чалавека з «храмам», які мае «фасад», «цень» і «санктуарый» (святое святых). Гэта вобразы трох сфер чалавека, у якіх ён перажывае сустрэчу са сваім «я», з іншымі людзьмі і з Богам.

«Фасад» — гэта ўсё, што знешняе ў нашым жыцці, наш выгляд, паводзіны, мова, рытуалы, дзеянні. Як фасад будынка можа быць прыгожа аздоблены і прыцягальны, так і чалавек можа доўгі час жыць толькі на ўзроўні «фасада», дбаючы толькі аб ім, паказваючы сабе і іншым толькі знешнюю прыгажосць, не ўпускаючы нікога ўнутр. Драматычнасць знешняга жыцця ў тым, што асоба можа нават саму сябе не пускаць у «дом», жывучы толькі «на ганку», пераконваючы сябе, што акрамя «фасаду» ў яе нічога няма. Таксама і адносіны з Богам такі чалавек будзе апіраць і вычэрпваць толькі тым, што мае на «фасадзе»: багацце знешняга і заблакаванасць унутранага.

«Цень» — гэта ўсё тое, што чалавек хацеў бы ў сабе схаваць, чаго ў сабе саромеецца. Гэта будуць нейкія слабасці, недахопы, болі, сціснутыя і глыбока схаваныя абразы, зайздрасці, мары. Гэта той бок чалавека, куды найменш хочацца заглядваць самому, а тым больш — пускаць туды іншых людзей, а таксама — Бога. Людзі, заблакаваныя ў гэтай сферы, імкнуцца рабіць выгляд, што іх — «дом» не мае «ценю». Але кожны ведае, што на зямлі заўсёды ёсць цень. Чым далей дом ад сонца, тым цень даўжэйшы. І чым бліжэй да сонца — тым цень карацейшы. Але гэтыя людзі імкнуцца пераканаць сябе, іншых, Бога, што ў іх няма «ценю». Некаторыя з іх часам адважваюцца (або вымушаны) сустрэцца са сваім «ценем». Гэта бласлаўлёны момант ісціны, калі на тэрыторыю, пакрытую ценем, можна ўпусціць «святло». Аднак некаторыя, ад страху або нявер’я ў магчымасці «Сонца», імкнуцца адвярнуцца ад «ценю» свайго «храма», каб яго не бачыць і забыць.

«Санктуарый» — гэта тое, што найглыбейшае і найбольш сапраўднае ў чалавеку. Гэта тая сфера, дзе схаваныя ўсе самыя чыстыя, добрыя і вольныя памкненні нашага «я». Для большасці людзей гэтая частка іх душы застаецца моцна закрытай нават для іх саміх. Асоба здагадваецца, што там яна сапраўдная — добрая і праўдзівая. Але страх перад бруднасцю і жорсткасцю знешняга свету змушае яе наглуха трымаць «санктуарый» закрытым, каб не паламаць і не забрудзіць найбольш асабістае. Многія людзі зусім не здагадваюцца, што яны не ведаюць свайго «санктуарыя». А там схаваны патэнцыял іх моцы, сапраўднасці, месца сустрэчы з Жывым Богам. Без адкрыцця і выкарыстання дароў «санктуарыя», таго, што ад Бога, чалавек асуджае сябе на вечную турму нераскрытасці, жыцця ў ілюзіі шчасця. Ён часта баіцца зайсці ў святая святых сваёй душы, бо яму здаецца, што схаваная там туга па чысціні, дабры і справядлівасці нерэалізуемая ў гэтым брудным свеце. Чалавек настолькі можа баяцца ўпусціць у свой «санктуарый» іншую асобу, што нават не адважваецца адкрыць яго перад Богам. Нават веруючы чалавек можа не верыць, што толькі Ён здольны зрабіць святло нашага «санктуарыя» настолькі моцным, што пераменіцца «фасад» і адступіць «цень».

Узгаданыя вышэй вобразы галоўных сфер нашага жыцця нагадваюць аб вялікай праўдзе пра Бога і чалавека. Умова адкрыцця багацця гэтых сфер — пошук праўды разам з Богам. Жыццё ў праўдзе пачынаецца тады, калі асоба заклікае Пана, каб Ён дапамог ёй перамагчы страх і прайсці даліну ачышчэння ад хлусні праз пазнанне праўды пра «фасад», «цень» і «санктуарый». Гэта дарога адкрыцця горкай праўды аб чалавечай сапсаванасці і салодкай праўды аб Божым «магу і хачу» збаўлення таго ж чалавека. Калі асоба пойдзе гэтай далінай пазнання сама, то будзе ведаць толькі негатыўную палову праўды, памяць аб тым, што было, і страх перад неспазнанай будучыняй. Толькі разам з Панам і Збаўцам можна пачаць пазнаваць тую другую, пазітыўную і найважнейшую частку праўды, якая адкрывае перапектывы, магчымасці, дае шанец на звышнатуральную дапамогу Божай ласкі. Кожнаму чалавеку Пан прапаноўвае шлях вызваляючай і збаўляючай праўды. Жывы і сапраўдны Бог жадае гаварыць з жывым і сапраўдным чалавекам. Яго Любоў не хоча задавольвацца толькі сузіраннем штучных «фасадаў», якія дрыжаць перад ценем і стаяць перад вечна замкнёным «санктуарыем» душаў. Ён жадае кантакту з цэлым чалавекам і жадае дапамагчы чалавеку знайсці яго ўнікальную цэласнасць і сапраўдную паўнату Жыцця.

Кс. Андрэй Рылка
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.