Пошук


Апошнім часам узнікае нямала дыскусій на тэму ўвядзення ў школах прадмету рэлігійнай культуры. Можна з разуменнем аднесціся да дыскусіі на тэму відавочных праблем, звязаных з тым, хто і як можа выкладаць гэты прадмет. Аднак варты ўвагі сам спосаб дыскусіі праціўнікаў увядзення ў школах рэлігійнай адукацыі. Варта звярнуць увагу на іх уяўленні аб хрысціянстве і прасачыць, на чым грунтуецца аргументацыя супраць рэлігійнай адукацыі ў школе.

На самым пачатку варта засяродзіцца на фундаментальнай праблеме, якая незаўважна крыецца за ўсімі дыскусіямі на тэму прысутнасці рэлігіі ў школе. Гэта пытанне аб канцэптуальным разуменні ролі школы: інфармаванне ці выхаванне? У залежнасці ад адказу на гэтае пытанне разыходзяцца шляхі дыскусіі.

Існуе пазіцыя, што школа павінна адыгрываць толькі інфармуючую ролю і не займацца выхаваннем. Прыхільнікі такога погляду перакананыя, што можа існаваць школа, якая не будзе фарміраваць нейкі канкрэтны светапогляд вучня, будзе вольнай ад ідэалогій. Сфера выхавання ў такой сітуацыі перакладаецца на пазашкольнае асяроддзе (сям’я, Царква, іншыя грамадскія інстытуты). За такі тып школы заўсёды будуць змагацца прыхільнікі ідэалогіі індывідуалізму, лібералізму, секулярызму. Яны вераць, што веды не выхоўваюць, што школа можа даваць нейтральную інфармацыю аб свеце, вольную ад якіх-небудзь перакананняў. Парадаксальна, але прапанова такой мадэлі школы — гэта ўжо светапогляд, гэта ўжо выхаванне ў пэўным кірунку.

Канцэпцыя інфармуючай школы рассыпаецца пры сустрэчы з рэальным светам. Па-першае, кожная інфармацыя фарміруе (выхоўвае) светапогляд чалавека. Па-другое, кожны настаўнік падае вучням інфармацыю праз фільтр свайго светапогляду, магчымасцей і жадання. Па-трэцяе, няма нейкай адной ідэальнай навукі ў цэлым, аднак кожны вучоны зыходзіць з выбранай тэорыі. Выбар тэорыі (пункт выйсця навукі) залежыць ад светапогляду навукоўцаў, а ў сферы адукацыі — ад тых, хто стварае школьныя праграмы і падручнікі. Нават ва ўмовах дыверсіфікацыі школьных праграм і падручнікаў усё роўна трэба прыйсці да нейкага кансенсуса, згадзіцца з адной праграмай і адным падручнікам, каб была магчымая праца ў групе. Кожны выбар будзе азначаць адмову ад альтэрнатыўнай магчымасці, селекцыю інфармацыі.

Другая канцэпцыя, якую мы назавём выхаваўчай школай, зыходзіць з пераканання, што адукацыя адыгрывае велізарную ролю ў фарміраванні светапогляду вучня. Таму сярод безлічы магчымых адукацыйных праграм належыць выбраць (або стварыць) найбольш аптымальную для дадзенага грамадства. Як бачым, усё ў канечным выніку залежыць ад таго, па якіх крытэрыях будзе стварацца адукацыйная праграма. А выбар крытэрыяў, у сваю чаргу, залежыць ад мэты, якую ставіць перад сабой творца канцэпцыі адукацыі. А мэта залежыць ад адказу на пытанне: які чалавек прыходзіць у школу і які павінен з яе выйсці? І тут мы даходзім да праблемы канцэпцыі чалавека ўвогуле. Уцячы ад прыняцця нейкага бачання чалавека немагчыма. Кожны варыянт (або яго адсутнасць) будзе ўжо выбарам пазіцыі, светапогляду, адказам на пытанне аб натуры, мэце і сэнсе існавання чалавека.

Савецкая адукацыйная сістэма была створаная з мэтай фарміравання штучнага тыпу чалавека — «homo sovieticus». Мэтай гэтай сістэмы была ідэалагічная стэрылізацыя грамадства (знішчыць т. зв. традыцыйнае грамадства), каб сфарміраваць новую «ідэальную» супольнасць людзей, дзе індывідуум быў бы толькі функцыяй (інструментам) групы, а дакладней — яе лідэраў. У выніку мэтай адукацыйнай сістэмы стала не развіццё (раскрыццё патэнцыялу і перспектыў) канкрэтнага чалавека як асобы, а мадэляванне чалавека-функцыі для рэалізацыі мэты — фарміравання ідэальнага механічнага грамадства.

Пасля фіяска камуністычнай утопіі пачаўся працэс карэкціроўкі сістэмы адукацыі. І дыскусіі вакол дэкамунізацыі гэтай сістэмы, вяртання ў школу рэлігійнага навучання з’яўляюцца паказчыкам таго, што адказныя людзі разумеюць неабходнасць карэкціроўкі састарэлай антыасабовай сістэмы. Аднак існуюць і антыцаркоўныя тэзісы. Прыгледзімся да некаторых з іх.

1) Тэзіс аб супярэчлівасці Бібліі. Разам з тым існуе цэлая група навук (!) па даследаванню Святога Пісання. Метады гэтых дысцыплін адпавядаюць усім патрабаванням, якія ставяцца перад кожнай навукай (аб’ектыўнасць, лагічнасць, правяральнасць і інш.). Калі б Біблія была наборам супярэчлівых выказванняў, то яна не вытрымала б навуковай крытыкі.

2) Тэзіс аб канфлікце паміж навукай і рэлігіяй. Канфлікт па сутнасці не можа існаваць, бо навука і рэлігія — дзве зусім розныя сферы жыццядзейнасці чалавека. Мэта навуковага пазнання — пошук зразумення свету, даступнага вопыту і розуму. Мэта рэлігіі — дапамагчы чалавеку паяднацца з Богам. Канфлікт мог бы быць толькі ў сітуацыі ўзаемавыключальнасці мэтаў. Але, як бачым, пазнанне натуры не супярэчыць пазнанню звышнатуральнага, а наадварот — гэтыя тыпы пазнання могуць узаемадапаўняцца і ўзаемаабагачацца. Найлепшым прыкладам гэтага з’яўляецца тэалогія.

На працягу гісторыі канфлікты паміж Касцёлам і вучонымі ўзнікалі не на ўзроўні навукі, але ў межах рэлігійнай або касцёльнай дыскусіі. Яскравым прыкладам гэтага можа быць вядомая постаць Джардано Бруно, канфлікт якога з Касцёлам меў не навуковы, але рэлігійны характар. Гэты чалавек прапагандаваў пантэізм (усё ёсць Богам), заклікаючы людзей да абвяржэння хрысціянства, якое стаіць на пазіцыях тэізму (прырода — не Бог). Думаю, не трэба працягваць тэму ўсіх магчымых грамадскіх наступстваў канфлікту і яго вырашэнняў у часы Сярэднявечча. Пытанні аб сацыяльна важных рэлігійных канфліктах і спосабах іх вырашэння належаць не да сферы навукі і рэлігіі, але палітыкі.

3) Тэзіс аб вузка палітычных мэтах існавання рэлігіі. Паводле веры матэрыяліста, не можа існаваць ніякіх іншых мэтаў, сэнсаў, матывацый у чалавека па-за фізічнай прасторай яго жыцця, бо іншая (звышнатуральная) — проста не існуе. Зыходзячы з такога погляду, кожны атэіст будзе глядзець на рэлігійны і маральны кодэкс хрысціяніна або як на наіўнае вар’яцтва, або як на хітрую прагматыку. Калі няма Бога і нічога звышнатуральнага, то трэба неяк растлумачыць існаванне Касцёла. Адкінуўшы варыянт, што ўсе вернікі — зборышча вар’ятаў, трэба прыняць альтэрнатыўны варыянт, што Касцёл уяўляе сабой хітрае сацыяльнае ўтварэнне, якое мае тыповыя для кожнага грамадскага інстытута палітычныя мэты. Адказ знойдзены. Мазаіка атэіста склалася. Праверыць памылковасць тэзісу можа толькі гісторыя і моманты, калі Касцёл яскрава засведчыў, што шкала яго мэтаў і каштоўнасцяў сягае па-за межы натуральных (зямных) інтарэсаў. Здаецца, у гісторыі было шмат прыкладаў, калі Касцёл прайграваў у сацыяльна-палітычных пытаннях з-за сваіх звышнатуральных прынцыпаў. Але гэтыя факты трэба жадаць бачыць. Усё залежыць ад добрай волі даследчыка.

4) Тэзіс аб гуманнасці атэізацыі і шкоднасці хрысціянізацыі. Змагары з рэлігійнасцю часта выкарыстоўваюць любую нагоду, каб пераканаць грамадства ў шкоднасці хрысціянства. Атэіст згаджаецца толькі на вузка прыватны, маргінальны характар веры і Касцёла. А вызваленую ад рэлігіі прастору павінен заняць атэізм, калі не тэарэтычны (свядомы), то прынамсі практычны (несвядомы). Аднак гісторыя Еўропы, дзе ў апошнія стагоддзі актыўна рэалізуецца праект дэхрысціянізацыі, яскрава паказвае дэструктыўны характар атэістычнай (секулярнай) сістэмы, якая ўжо цяпер пагражае гуманітарнай катастрофай для еўрапейцаў.

Прычыны ж рэальнай небяспечнасці атэістычнага мыслення крыюцца ў яго фундаменце. Вось некаторыя з асноўных прынцыпаў, на якіх трымаецца светапогляд сучасных атэістаў:

1) Вера ў тое, што чалавек — гэта добрая і разумнейшая за іншыя жывёлы разнавіднасць малпы, якая для шчасця патрабуе толькі заспакаення матэрыяльных (жывёльных) патрэбаў.

2) Вера ў натуральную дабрыню і дасканаласць чалавека, якія псуюцца ў працэсе «выхаваўчага насілля» (лозунг індывідуалізму), ад якога можна вызваліць кожную асобу, калі заняцца стварэннем ідэальнага грамадства (розныя формы сацыялізму).

3) Вера ў магчымасць нематываванай маральнасці (грамадства можна пабудаваць на тым, што ўсе будуць высокамаральнымі проста так). Увогуле, атэістычная прапаганда часта базуецца на «аргуменце», што ўсё існуе «проста так» (беспрычыннасць усяго). Нягледзячы на прымітыўнасць і інфантылізм такога тыпу мыслення, яно даволі распаўсюджана нават сярод сучасных навуковых дзеячаў. Гэта звязана з тым, што выбар альтэрнатыўнага варыянту (усё мае сваю прычыну) прымусіў бы вучонага-атэіста прыняць (на моцы логікі) існаванне першапрычыны і згадзіцца з тэізмам, прызнаць большую рацыянальнасць рэлігіі, чым атэізму. Атрымліваецца абсурдная сітуацыя, калі ў імя ідэалогіі атэізма вучоны абмяжоўвае сваё мысленне і навуковы патэнцыял. Яшчэ горшая сітуацыя — калі гэтая рэдуктыўная ідэалогія выдаецца за навуковую.

4) Вера ў абсурднасць чалавечага існавання (чалавек нараджаецца, каб памерці). Гэтая вера генерыруе розныя формы нігілізму, песімізму, пагарды да чалавека, апатыі і нежадання развівацца (бо няма матывацыі, сэнсу, персанальнай мэты). У больш прымітыўнай форме гэтая «вера» выражаецца ў агнастыцызме (уцёках ад пытанняў аб сутнасці, мэце, прычынах), які з-за сваёй ідэйнай бясплоднасці і тупіковасці зноў жа сканчваецца экзістэнцыяльным крызісам і прыводзіць да дэградацыі чалавека.

Можна было б прыводзіць іншыя прыклады схемы матэрыялістычна-антыхрысціянскага мыслення. Але, каб не стамляць чытача, пяройдзем да цэнтральнай праблемы, якая часта замоўчваецца ў выступленнях супраць прысутнасці хрысціянскай культуры ў школе. У сваёй аргументацыі змагары з рэлігіяй у школе не жадаюць заўважаць, што існуючая ў Беларусі сістэма адукацыі не мае нейтральнага характару. Савецкая школа асноўваецца на ідэалогіі атэізму і матэрыялізму. Рэдуктыўны падыход гэтага светапогляду, а таксама яго дэструктыўныя наступствы нясуць у сабе небяспеку дэградацыі грамадства. Заклікаючы не дапускаць хрысціянства ў школу, антыцаркоўна настроеныя асобы не заўважаюць, што дзеці абсалютнай хрысціянскай большасці нашага грамадства знаходзяцца пад моцным прэсінгам атэістычнай ідэалогіі, якая па сённяшні дзень пануе ў многіх школьных падручніках. Калі абаронцы ранейшай сістэмы адукацыі імкнуцца бараніць прынцыпы справядлівасці, захавання свабоды выбару, вольнасці ад ідэалогій, то варта было б у першую чаргу дастасаваць гэтыя аргументы да любай ім ідэалогіі матэрыялізму і атэізму, якая ўжо паўстагоддзі таму апанавала сістэму адукацыі. Гэтак жа хрысціянаў можа непакоіць і прымусовая атэізацыя іх дзяцей праз школу. Калі нельга дапускаць у навучанне тэізм, то таксама не павінна быць і атэізму. Калі ж у сістэме адукацыі прысутнічае атэізм, то чаму не можа быць тэізму?

Патрэба здаровай рэлігійнай адукацыі здаецца настолькі зразумелай для фарміравання сапраўды адукаванай і развітай асобы, што размовы аб адваротным проста не маюць сэнсу. Хацелася б таксама звярнуць увагу на тое, што ў дыскусіі важна не зыходзіць у рэчышча псеўдапраблем і псеўдадыспутаў, калі замест сумеснага пошуку рацыі адбываецца толькі абмен суб’ектыўнымі меркаваннямі. Неабходнасць і роля рэлігійнай адукацыі ў беларускай сістэме навучання і выхавання патрабуе сур’ёзнага і канструктыўнага абмеркавання. Больш карысці было б з абмеркавання спосабаў выкладання рэлігійнай культуры, абароны грамадскай свядомасці ад псеўдарэлігійнасці і інструменталізацыі хрысціянства. Такая дыскусія патрэбная сучаснаму беларускаму грамадству. Ад яе сур’ёзнасці ў многім залежыць, у якім кірунку будзе ісці працэс дэкамунізацыі і рэхрысціянізацыі не толькі школы, але і ўсяго нашага грамадства.

Кс. Андрэй Рылка
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця