Пошук


Назіраючы за духоўным ростам і ўнутранымі змаганнямі розных людзей, можна заўважыць у асновах шматлікіх духоўных праблем амаль што кожнай асобы адну і тую ж з’яву — нелюбоў да сябе.

Павесіўшы на выраз «любоў да сябе» ярлык «эгаізм», многія хрысціяне імкнуцца любіць усіх і ўсё навокал, але баяцца пытання: «Ці ты сябе любіш?». Яшчэ больш многіх вернікаў здзіўляе тэкст Святога Пісання (пар. Mц 22, 37–40), дзе фундаментальная запаведзь любові Бога і бліжняга ставіцца ў залежнасць (!) ад любові чалавека да самога сябе. Іншымі словамі, чалавек любіць Бога і бліжняга так, як самога сябе. Хто не любіць сябе, той не здольны любіць іншых.

Але што значыць любіць сябе? І чым любоў да сябе адрозніваецца ад эгаізму? Любоў — гэта пазітыўнае пачуццё няспыннага адкрывання. Эгаізм — гэта негатыўнае пачуццё няспыннага замыкання. Любоў акрыляе, а эгаізм прыгнятае. Любоў бясстрашна адкрывае далягляды, а эгаізм панічна баіцца азірнуцца навокал. Любоў імкнецца дзяліцца перапаўняючым яе багаццем адкрыванага, а эгаізм баіцца выпусціць з рук тое, за што ўчапіўся. Любові заўсёды спадарожнічае свабода духа, а эгаізму — страх няволі. Гэта настолькі розныя падыходы да жыцця, што немагчыма любіць і быць эгаістам адначасова. Чым больш чалавек узрастае ў любові, тым менш у ім эгаізма. Чым больш мы напоўненыя любоўю, тым больш у нас шансаў па-сапраўднаму любіць Бога і бліжняга.

Яшчэ перад тым, як чалавек пачынае існаваць, ён ужо жаданы і любімы Богам. Створца пажадаў, каб мы пачалі існаваць і так сталася. Бацькі, пасля нараджэння дзіцяці, могуць працягнуць гэты Божы працэс, паказваючы дзіцяці на слове і справе, як яно любімае і жаданае. Але тыя ж бацькі і выхавацелі могуць дэфармаваць любоў, ставячы дзіцяці ўмовы, або ўвогуле заблакаваць душу дзіцяці на любоў. «Будзеш добрым, калі..., будзеш любімым, калі...». У свядомасці дзіцяці фарміруецца пераканне, што яго будуць любіць, калі яно выканае нейкія ўмовы. А калі не ўдаецца выканаць, значыць яно нелюбімае. «Я дрэнны, — думае малы чалавечак, — бо, каб быць добрым, трэба выконваць умовы, а ў мяне не атрымліваецца, я прапашчы». На гэтым механізме няправільнага выхавання ўсю працу злога духа выконваюць выхавацелі, пераконваючы дзіця ў тым, што яго маглі б любіць, калі б яно выконвала нейкія дзеянні, а калі не — яно не вартае любові. Сатана пасля толькі накручвае ў чалавеку гэты механізм, калі пасля кожнай жыццёвай няўдачы ў душы рэхам паўтарае словы бацькоў і выхавацеляў з дзяцінства: «Ты дрэнны, няздольны, у цябе не атрымаецца».

Страх быць нелюбімым і адкінутым у жыцці многіх людзей становіцца ўнутраным маторам іх пакутніцкага шляху. Гэты ўнутраны страх змушае чалавека ўвесь час неўратычна заяўляць аб сабе, зарабляць грошы, рабіць кар’еру, цяжка працаваць, раздуваць сваю маёмасць. Перакананне ў сваёй няякаснасці змушае чалавека да яе колькаснай кампенсацыі. Менавіта ў гэтым жаданні кампенсаваць свой «пакутніцкі лёс» крыецца пачатак многіх грэшных залежнасцяў і схільнасцяў людзей. Пацешыць сябе гарэлкай, ежай, наркотыкамі, сексам. Чым большая нелюбоў да сябе, тым большае жаданне да самасуцяшэння. Чым большая нелюбоў да сябе, тым большая да яго пагарда і жаданне ўцячы ў свет віртуальнай рэальнасці, заглушыць «пакуты» кайфам, дэцыбеламі, дасягненнямі. Але гэтыя колькасныя ўцехі, як бы не паглыбляць іх інтэнсіўнасць, маюць свае межы. Чалавек таксама мае свае межы вытрымкі. Застаюцца дзве магчымасці: або пачаць сябе ратаваць, або пагрузіцца ў вечнае пекла самазнішчэння.

Узыходжанне да паўнаты жыцця чалавека пачынаецца з адкрыцця любові. Не той, дэфармаванай любові, якую чалавек часам адкрывае ў сабе ці ў іншых людзях. Але дасканалай любові Бога, які жадаў, каб ён існаваў, і жадае гэтага няспынна. Калі ў душы хрысціяніна рэхам адгукаюцца не праклёны, але Божае, Айцоўскае: «Ты Мой сын (дачка) узлюбены (-ая)...» (пар. Мц 3, 17), тады ніякія зласлоўі не змогуць усхваляваць яе ўнутраную вартасць. Крыніца любові чалавека да сябе крыецца ў адкрыванні таго сапраўднага «я», якое Пан Бог бачыць і любіць у чалавеку. Парадокс заключаецца ў тым, што ніхто акрамя самога Бога не ведае нас сапраўдных. Маючы дэфармаваны вобраз самога сябе, людзі дазваляюць сябе нелюбіць. А Пан Бог, ведаючы сапраўдны вобраз кожнага чалавека, не перастае яго любіць. Ці не варта было б часта ў малітве пытацца ў Бога: «Пане, што Ты любіш ува мне, бо перад маімі вачыма стаіць толькі мой грэх. Адкрый мне, якім я ёсць сапраўды, таго, у каго Ты не перастаеш верыць і любіць. Дапамажы мне ўмець адрозніваць сябе ад грахоў. Дапамажы мне адрозніць мой ілжывы вобраз сябе ад таго, што ўва мне Тваё і праўдзівае».

Адкрыццё любові Бога да нас, адкрывае любоў да нас саміх. Пераход ад няспыннага пошуку хібаў і параўнанняў з іншымі адкрывае вочы на рэальнае дабро. Пазітыўны рэалізм — гэта пакліканне кожнага хрысціяніна. Многія нехрысціянскія мысліцелі, адкрываючы глыбінную крыніцу чалавечых праблем у негатыўным вобразе самога сябе, прапаноўваюць ствараць пазітыўны вобраз свайго «я». Гэта зноў тупіковы шлях з крайнасці ў крайнасць. Хрысціянства заклікае нас не ствараць, але адкрываць. Пан Бог — адзіны Стварыцель. Ад нас Ён чакае толькі аднаго: каб мы адкінулі ўсе штучныя вобразы і пачалі адкрываць прыгажосць Яго любові, якая ўцелавілася ў кожным чалавеку.

Адкрыццё таямніцы Божай любові ў сваім жыцці дазваляе чалавеку іншымі вачыма паглядзець на сябе і сваю штодзённасць. «Калі Бог так моцна любіць мяне, то што Ён там, ува мне, любіць?». Шчыры пошук Божага і пазітыўнага ў сваім «я» — гэта ўжо першыя крокі адкрыцця, а не замкнёнасці, пошуку рэальнага і якаснага дабра, а не нейкіх штучных і віртуальных замяняльнікаў. Адкрыццё багацця ўласнай асобы напаўняе чалавека пачуццём годнасці і вартасці. Усведамленне каштоўнасці і таямнічасці чалавечай душы, якая можа быць замазаная грэшнымі маскамі, адкрывае шлях да пошуку сапраўднага Божага вобразу ў бліжнім. І тады чалавек не канцэнтруецца на грахах іншай асобы, але шукае шляхоў, як дапамагчы ёй адкрыць багацце яе адмысловага Божага вобразу. І тады яшчэ больш такі чалавек разумее самога Бога, які няспынна імкнецца прабіцца праз тоўшчу нашых страхаў і нелюбові, каб, разарваўшы путы грахоў, адсланіць чалавеку прыгажосць таго, што было задумана і створана Любоўю.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа