Пошук


Для таго, каб быць экзарцыстам, святару не трэба «спецыяльна вучыцца», як гэта было да Другога Ватыканскага Сабору. Кожны святар патэнцыяльна можа здзяйсняць абрад экзарцызму. Аднак чаму так рэдка святары (і не ўсе) займаюцца экзарцызмам? На гэта ёсць некалькі прычын.

Ступень пагрозы. Усведамляючы той факт, што святару, як кожнаму чалавеку, уласціва памыляцца, Касцёл не дазваляе выкарыстоўваць уладу выгнання дэманаў толькі з суб’ектыўных (хоць нават самых добрых) намераў дадзенага святара. Бо ў адкрытай барацьбе з д’яблам памылка роўная смерці. Каб не ставіць святара пад пагрозу, а тым больш «апантанага» чалавека, у Касцёле існуе дысцыплінарны прынцып, паводле якога кожны святар павінен мець дазвол біскупа на правядзенне абраду выгнання нячыстых духаў.

Узровень ведаў. Для таго, каб паспяхова правесці абрад экзарцызму, недастаткова мець моц, агульныя веды, але неабходна ўмець практычна іх выкарыстоўваць. Езус растлумачыў вучням, што для выгнання нячыстых духаў неабходна не толькі малітва, але і пост. Евангелле і двухтысячагадовая практыка Касцёла паказваюць, што выгнанне дэманаў патрабуе не толькі ведаў, але і мудрасці (умення аперыраваць ведамі). У сувязі з гэтым у кожнай касцёльнай правінцыі (напрыклад, дыяцэзіі) біскуп выбірае больш «падыходзячага» святара (мудрага, высокамаральнага), які «спецыялізуецца» ў дадзенай сферы. Атрымаўшы ў духоўнай семінарыі базавыя веды і маючы ўладу экзарцыста на падставе святарства, прызначаны экзарцыст проста паглыбляе свае практычныя веды.

Размежаваць хваробу і апантанасць. Экзарцызм з’яўляецца апошнім сродкам барацьбы і выгнання дэманаў. Часцей за ўсё людзі, якія звяртаюцца да святара з пэўнымі падазрэннямі, маюць справу не з апантанасцю, а са звычайнымі псіхічнымі або саматычнымі расстройствамі. Існуе вялікая праблема правільнай дыягностыкі: апантанасць ці псіхічнае расстройства. Расстройства псіхікі лечыць медыцына, псіхалогія, а ў выпадку апантанасці медыкі і псіхолагі разводзяць рукамі. А псіхічна неўраўнаважаным людзям хочацца быць асаблівымі, нават такім адыёзным чынам, як уяўленне сябе апантаным.

Апошняе, на што я хацеў бы звярнуць увагу, гэта праблема размежавання апантанасці ад «звычайнага» ўплыву нячыстых духаў на чалавека. Экзарцызм існуе для сітуацый апантанасці, г. зн. занявольвання чалавека нячыстымі духамі. Аднак акрамя экзарцызмаў існуюць т. зв. «малітвы аб ацаленні» або «аб вызваленні». Гэтыя малітвы можа чытаць кожны чалавек, хоць ёсць і спецыяльныя, прадугледжаныя толькі для святара. Яны прызначаны для таго, каб даць адпор нападкам або падкопам злых духаў. Самыя простыя экзарцызмы, дасягальныя для кожнага хрысціяніна, — гэта святыя сакрамэнты.

Многія людзі нават не падазраюць, што чалавека цалкам вызваляе ад чараў і падкопаў усялякіх шаманаў і злых духаў шчырае пакаянне і прабачэнне Пана (споведзь). Прыняцце Ахвяры Езуса Хрыста (прыняцце святой Камуніі з чыстым сэрцам) з’яўляецца самым моцным сродкам абароны, бо сам Адкупіцель асаблівым чынам прабывае ў чалавеку. Велізарнай абарончай сілай валодаюць прысвечаныя Богу (асвячоныя) крыжы, вада, соль, над якімі святар чытае спецыяльную малітву, просячы Бога аб абароне ад нячыстых духаў праз гэтыя прадметы, якія з гэтага часу з’яўляюцца выключнай уласнасцю Бога.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця