Пошук


Перыяд завяршэння калядных святкаванняў становіцца для хрысціяніна добрай нагодай, каб пераасэнсаваць значэнне падарункаў, якімі так шчодра ўсе дзяліліся на Божае Нараджэнне. Назіранне за святочнай падарункавай лавінай родзіць у сэрцы шматлікія пытанні. Ці для таго, каб дарыць, дзяліцца дабром і цеплынёй, абавязкова патрэбна нагода? Што ў падарунках «з нагоды» важнейшае: свята ці асоба? А што дзеецца паміж «нагодамі»?

Хрысціянства ведае дзве найбольш распаўсюджаныя формы матэрыяльнага дару — гэта падарунак і міласціна. Святочны дзень (рэлігійны, грамадскі ці асабісты) — гэта нагода выказаць любоў да блізкай асобы ў матэрыяльнай форме канкрэтнага падарунка. Існуе таксама іншы (не ўрачысты і менш асабісты) спосаб дарэння, які выражае любоў да бліжняга ў больш шырокім значэнні. Гэта міласціна — матэрыяльная дапамога чалавеку ў патрэбе. І калі са святочнымі падарункамі нашае (у большасці — хрысціянскае) грамадства не мае праблем, то справа міласціны насцярожвае сваім нехрысціянскім абліччам.

Логіка міласціны ў шэрагу жыхароў Беларусі вельмі простая. Кожны грамадзянін мае магчымасць або зарабіць грошы, або атрымліваць нейкую сацыяльную пенсію. Значыць, без грошай не сядзіць ніхто. Значыць, папрашайкі на вуліцы — гэта ашуканцы, якім не трэба даваць міласціну, бо яны маюць сродкі на жыццё. За такім меркаваннем стаіць простае перакананне: міласціну трэба даваць людзям, якія зусім не маюць сродкаў на выжыванне, каб яны не памерлі з голаду. Логіка гуманная, але не хрысціянская.

Часта логіка «гуманізму» падмацоўваецца драматычнымі фактамі. Хтосьці просіць міласціну, бо прапіў сваю пенсію ці заробак, або па прычыне псіхічных праблем патраціў грошы і не мае за што жыць далей, карміць дзяцей. Часам на слабасці такіх бамжоў, п’яніц, псіхічна неўраўнаважаных, інвалідаў некаторыя злачынныя групы імкнуцца рабіць чорны бізнес, ператвараючы іх у сродак для заробку грошаў праз міласціну. Ствараюцца сеткі папрашайкаў, якіх выкарыстоўваюць для збору міласціны, за што забяспечваюць ім жыццёвы мінімум, пачуццё бяспекі. Аднак яны ведаюць, што «недаходных» папрашаек выганяюць з «камуны», пакідаючы на волю лёсу. Кола страху замыкаецца. Звычайныя мінакі, бачучы ў папрашайцы на вуліцы такога адыёзнага працаўніка ашуканскай групоўкі, пагардліва праходзяць міма.

Прычыны, па якіх чалавек трапляе ў сітуацыю крайняй беднасці вельмі няпростыя і маральна неадназначныя. Гэта цэлае спляценне жыццёвых сітуацый, якія прыводзяць да алкагалізму, самаізаляцыі асобы ад грамадства, розных псіхічных адхіленняў. Існуе таксама катэгорыя беднякоў, якія не самі, але па прычыне сваіх бацькоў (алкаголікаў, бамжоў, псіхічна неўраўнаважаных) прыйшлі на свет ужо ў паталагічнай сітуацыі і з дзяцінства асуджаны на папрашайніцтва, ашуканства і крымінал. Адзіны ратунак, які часта ім падказвае іх убогая рэчаіснасць — гэта дазволіць выкарыстоўваць сябе, сваю боль, сваё цела дзеля таго, каб неяк выжыць. У другім пакаленні папрашайніцтва і ашуканства дзеля выжывання — гэта ўжо свой, родны свет, у адрозненні ад чужога — цывілізаванага.

За той асобай, каля якой часта пагардліва спяшаюцца прайсці мінакі, крыецца жахлівы лёс чалавека, які яшчэ нядаўна быў такім, як яны, а цяпер сядзіць брудны на асфальце з працягнутай рукой. Магчыма, калісьці і ён з такой жа пагардай праходзіў міма просячага бедняка, упэўнены, што з ім такое ніколі не здарыцца. Але рэчаіснасць нашага жыцця непрадказальная.

Многія вернікі, праходзячы каля людзей, просячых міласціну, або маючы абнішчалых суседзяў-алкаголікаў, заўсёды адчуваюць маральны непакой: «даць ці не даць грошы; калі дапамагаць, то наколькі?». Часам родзіцца справядлівае абурэнне, што той бомж ці алкаголік хлусіць у вочы, прыдумваючы цэлую гісторыю пра тое, як яму патрэбны грошы на лекі, на білет, нават можа паказаць адпаведныя паперы. Хочацца гнеўна прагнаць ашуканца. Але ці сапраўды ён ашуквае? А што, калі на гэты раз не хлусіць, а сапраўды патрабуе дапамогі? Заўсёды ў сэрцы ўзнікае маральная дылема: «дапамагчы, калі нават прап’е мае грошы, ці не дапамагчы і пакінуць чалавека на пагібель?».

Большасць маральных дылемаў адносна міласціны нараджаюцца па прычыне не хрысціянскага, але чыста людскага падыходу да справы. Даючы міласціну, чалавек намагаецца ўзважыць, ці сапраўды дадзеная асоба патрабуе дапамогі і на што пойдуць яго грошы. Каб справядліва ўзважыць усе «за» і «супраць», належала б столькі ведаць пра таго просячага, колькі можа ведаць адзін толькі Бог. Таму жаданне базаваць міласціну на справядлівасці заўсёды будзе патанаць у памылковасці і дылемах. Міласціна, міласць, ласка — гэта справа не справядлівасці, але любові! Мы не можам і не павінны нікога судзіць. Суд належыць пакінуць Пану Богу — справядліваму Суддзі. На самой справе даўца міласціны павінен ставіць пытанне: праявіць міласэрнасць да просячага ці не? І, на жаль, для секулярнага свету міласэрнасць, заснаваная на эмоцыях ці матываваная толькі спачуваннем, вельмі павярхоўная. На чалавечым узроўні заўсёды можна слушна апраўдаць сваё нежаданне падаць міласціну.

Хрысціянскае вучэнне аб міласціне абапіраецца не на спачуванне, але на любоў да Бога і бліжняга. Праўда веры аб братэрстве ўсіх людзей у Пану, факт Самаахвяравання за нас Божага Сына — гэта велізарны выклік для кожнага хрысціяніна, каб не на слове, але на справе пацвярджаць любоў да Бога і бліжняга. Таму, дапамагаючы чалавеку ў патрэбе, калі дзеянне па-чалавечы здаецца малаэфектыўным, хрысціяне гэта робяць дзеля Хрыста, які жадае, каб мы вучыліся любіць і быць міласэрнымі бескарысліва, так, як Ён. Пан Бог не змушае нас да міласціны, не вызначае колькасці ахвяраванняў. Ён заклікае нас да таго, каб нашая матывацыя не абмяжоўвалася рахункамі ці літасцю, але высокахрысціянскім прыпадабненнем да Бога, узор якога носіць у сабе кожны чалавек, за якога ахвяраваў сябе Езус. Перад Ім кожны з нас годны літасці і міласэрнасці. Бог аказвае нам міласэрнасць, хоць мы, як тыя папрашайкі і п’яніцы, няспынна марнуем Ягоную нашмат каштоўнейшую за ўсе нашыя ахвяраванні міласціну Жыцця. Ён не змушае, а толькі заклікае нас хоць крышачку, наколькі і калі гэта магчыма, імкнуцца быць падобнымі да Яго не толькі ў справядлівасці, але і ў канкрэтных учынках міласэрнай любові. Тады кожны падарунак будзе жаданым, бо будзе дарам асобы для асобы. Тады кожная дробная міласціна стане бясцэнным скарбам удзелу ў Хрыстовай справе ратавання людзей і яшчэ больш прыпадобіць нас да нашага Нябеснага Айца. А ўдзел ў Хрыстовым дары міласэрнасці можа адкрыць і дарыцелю, і адоранаму дагэтуль неспазнаны шлях вяртання да нармальнага жыцця з Богам.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця