Пошук


Для Пана Бога было не так цяжка вывесці ізраільцянаў з Егіпта,
як вывесці Егіпет з сэрцаў ізраільцян.

Адной з найбольш закамуфляваных праблем сучаснага хрысціяніна з’яўляецца сіндром «пустой тачкі». Многія вернікі скардзяцца на тое, што не маюць часу на малітву, Бога, Касцёл. Але калі паназіраць за іх «запрацаванасцю» збоку, то можна заўважыць, што іх актыўнасць часта нагадвае анекдатычнага рабочага, які так заняты беганінай з пустой тачкай у руках, што не мае часу напоўніць яе матэрыялам. Уся праблема такіх людзей у тым, што яны не жадаюць хаця б на хвіліну спыніцца, каб у суцішэнні адкрыць сэнс таго, што робяць.

Суцішэнне — адна з найглыбейшых патрэб чалавечага сэрца. Мы былі створаныя Цішынёй. У сэрцы кожнага чалавека ёсць такая прастора, якую ніхто і нішто на свеце не можа запоўніць. Там, на самых глыбінях душы, спачывае Вялікая Цішыня. Той, каму ўдаецца прабіцца праз тоўшчу ўсяго, што заглушае гэтую Цішыню, вольную ад знешняга шуму, адкрывае ў сабе няспынную Прысутнасць Бога і Яго Слова.

У пошуках Цішыні першае, што чуе нашае сэрца — гэта не Бог, не Яго Слова, але нашыя напружанні. Яны першыя заяўляюць аб сабе тым, хто выйшаў на пошукі Суцішэння. Напружанасць стомленага цела, хаос думак, змены эмоцый, напружанасці чаканняў — усё гэта не глыбіня, а толькі хвалі на паверхні акіяну чалавечай душы.

Як жа голасна на фоне Цішыні пачынаюць крычаць нашыя праблемы, страхі, нявырашаныя канфлікты. Толькі тут, сыходзячы па прыступках сэрца ў глыбіні душы, чалавек пачынае адкрываць усё пекла ўласных, будаваных без Бога, планаў, пачынанняў, спраў, усяго сапсаванага і сарамліва схаванага за дзверы сэрца і так моцна галосячага там ад болю незавершанасці.

Яшчэ мацней лямантуюць у нас нашыя неўпарадкаваныя прывязанасці сэрца. Гэтыя добрыя і дрэнныя прывязанасці крычаць так моцна, што слова, якое кіруе да нас Езус, застаецца непачутым. Як начны матылёк, змучаная цемрай уласнага жыцця, душа гатова кінуцца нават на мімалётны бляск святла. Чым больш яна змучана цемрай граху, тым больш гатова кінуцца на любое святло, нават коштам назаўсёды спаленых крылаў, нават пад пагрозай смерці, нават калі за імгненне святла трэба згадзіцца на вечнае пекла.

Але ніякія галашэнні не параўнаюцца з наймацнейшым лямантам нашай душы — крыкам граху. Гэта ён аж да хрыпаты не перастае крычаць: «Не, не, не!». Гэта грэх перакрэслівае нашыя найбольш светлыя памкненні сэрца, гэта ён перакрыквае ціхую надзею на тое, што ўсё ж такі нешта ўдасца, веру ў перамогу, любоў да сапраўднага. Гэтае адвечнае «не» сатаны рэхам адбіваецца ў кожным чалавечым граху. І ёсць толькі адзін голас, мацнейшы за грэх, — гэта голас шчырай малітвы.

Цішыня — гэта не сцятыя вусны і не затканыя вушы. Суцішэнне — гэта не бяздзеянне, але дынамічнае скіраванне чалавека на тыя звышнатуральныя глыбіні духа, дзе гучыць толькі адзін Голас і адно Слова — Бога. Некаторыя хрысціяне нават велікапосныя практыкі ператвараюць ва ўсё той жа крык, каб Голас Бога заглушыць «пабожнай» беганінай з «пустой тачкай». Для таго ёсць Вялікі пост, каб нарэшце суцішыцца і з Божай дапамогай распачаць Крыжовы шлях да глыбіняў уласнай душы, якая можа стаць месцам сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа