Пошук


Назіраючы за «раскручанымі» фільмамі апошніх гадоў, мяне не пакідала адчуванне адной і той жа ідэалогіі, якая стаяла за гэтымі «шэдэўрамі» сучаснасці. «Матрыца», «Гары Потэр», «Хронікі Нарніі», «Шрэк», «Аватар» і інш. Многія скажуць: «гэта проста сучаснае кіно, проста касавы фільм, класныя спецэфекты і графіка». Аднак. Чаму ў гэтых і падобных суперфільмах рэальны свет — зло, а той, які не існуе, — дабро? Чаму людзі — зло, а пачварныя і дэманічныя істоты — дабро? Чаму магія, чараўніцтва, знішчэнне людзей дзеля выратавання міфічных істотаў — дабро, а звычайны (рэальны) чалавек — зло? Можа, выпадкова героі-збаўцы многіх з гэтых твораў носяць імёны язычніцкіх багоў? Ці выпадкова ў фільмах паміраюць героі, імёны якіх звязаны з хрысціянскай сімволікай? Ці незашмат супадзенняў і выпадковасцяў? Ці гэтыя ўсе пытанні — гульня хворага ўяўлення хрысціяніна?

Пасля прагляду новага тварэння Джэймса Кэмерана, фільма «Аватар», які пабіў усе рэкорды праглядаў, мяне не пакідала дваістае адчуванне. З аднаго боку — проста прыгожая сучасная фантастыка-антыўтопія. Аднак калі заглянуць за ўсе формы і звярнуцца да ідэяў і сімвалаў, то пачынае вымалёўвацца даволі сумная ідэалогія сэнсу.


Сюжэт

Сюжэт фільма даволі просты. 2154 год. На дзявоча-райскую планету Пандора ўрываецца чалавецтва, якое задыхаецца на сваёй тэхнагеннай Зямлі, дзеля таго, каб здабыць анабтаніум (літаральна (жарт.): «недостатий») — камерцыйна выключна каштоўны мінерал. Перашкодай на шляху здабытчыкаў становіцца карэннае насельніцтва Пандоры. Адно з плямён абарыгенаў пасялілася над самымі багатымі залежамі мінералу. Для таго, каб іх як-небудзь вывезці адтуль, ваенныя спрабуюць выкарыстоўваць аватараў.

Аватар — гэта гібрыд чалавека з іншапланецянінам. Калі прасцей — цела іншапланецяніна з душой чалавека. Свядомасць (душа) чалавека ўсяляецца ў штучна створанае цела абарыгена пры дапамозе пэўнага апарата. Цела чалавека застаецца ў лабараторыі, затое душа гуляе ў целе туземца-іншапланецяніна ў эдэмскім садзе казачна прыгожай і гарманічнай экасістэмы Пандоры.

Галоўны герой фільма — Джэйк Салі, былы ваенны, атрымлівае заданне пры дапамозе дадзенага яму аватара (цела абарыгена) увайсці ў давер да племені На-ві, каб вывучыць іх і атрымаць неабходную інфармацыю на выпадак вайны. Джэйк-аватар, прабываючы ў племені На-ві, настолькі пранікаецца іх жыццём, што пачынае адкрываць, наколькі гарманічны і цудоўны іх свет еднасці з прыродай і наколькі жахлівы тэхнагенны свет чалавецтва. Ён разумее, што чалавеку няма чаго прапанаваць абарыгенам. Ім не патрэбны высокія тэхналогіі зямлянаў. Яны жывуць у райскім свеце еднасці і гармоніі з прыродай, якая дае ім усё, што неабходна для шчасця. Джэйк пераходзіць на бок абарыгенаў, яго падтрымліваюць некаторыя вучоныя і некалькі салдат. Ваенныя разумеюць, што абарыгены не пакінуць сваёй сялібы, звязанай з Дрэвам Жыцця — Эйвай, якое з’яўляецца для іх богам і расце над самымі залежамі каштоўнага мінералу. Дзеля здабычы анабтаніума зямляне прымаюць рашэнне ваеннага ўмяшальніцтва ў райскі свет племені, іх выгнанне, знішчэнне Дрэва і экасістэмы дзеля здабычы мінералу.

Заключная частка фільма прадказальная. Супраць жорсткага варварства зямлянаў, якія знішчаюць прыроду і спальваюць Дрэва Жыцця, падымаецца ўся экасістэма Пандоры, што нябачна кіруецца багіняй Маці-Прыродай. У бязлітаснай схватцы абарыгенаў з варварамі-зямлянамі багіня падымае на бітву жывы свет. Джэйк-аватар як сапраўдны збаўца, які ведае свет зямлян, дапамагае іх перамагчы. Прырода перамагае тэхніку. Зямляне, якія засталіся ў жывых, выганяюцца паміраць на сваю планету. А душа Джэйка пры дапамозе багіні Маці-Прыроды канчаткова перасяляецца ў цела аватара. Яму не патрэбна зямное цела, тым больш абцяжаранае інваліднасцю. Ён назаўсёды застаецца абарыгенам. Рай экасістэмы Пандоры адноўлены.


Эстэтыка

З пункту гледжання маляўнічасці фільм відовішчны. У падборцы сімвалаў заўважаецца характэрнае для постмадэрнізму антымастацтва (дысгармонія рыс абарыгенаў (традыцыйна зборны вобраз дэмана) падаецца як гармонія і прыгажосць, традыцыйна негатыўныя міфічныя персанажы іграюць пазітыўную ролю). Можна заўважыць мноства антывобразаў, якія ламаюць класічны падыход за мастацтва, заснаваны на гармоніі прапорцый і рэалізме. Гэта характэрны для сучаснасці антыэстэтычны бунт супраць рэальнасці і ўсхваленне іррэалізму.


Соцыум

Фільм цікавы з пункту гледжання сацыяльнага падтэксту. Многія аглядальнікі адразу ж заўважылі ў фільме крытыку сучаснай тэхнагеннай цывілізацыі, ажыццяўленне якой аўтары бачаць у палітыцы ЗША. У фільме можна заўважыць намёкі на лютасць англа-амерыканскіх каланістаў у адносінах да індзейцаў. Ваеннае ўварванне зямлянаў на Пандору было названа «Shock and awe», менавіта так называлася ваенная дактрына амерыканскага ўмяшальніцтва ў Ірак. Знішчэнне непарушнай прыроды дзеля распрацоўкі мінералаў нагадвае амерыканскае нефцяное ўварванне ў Амазонію, прэтэнзіі на распрацоўку месцанараджэнняў у Венесуэле і Нігерыі. У больш шырокім сацыяльным сэнсе фільм накіраваны на бязлітасную крытыку і адназначнае асуджэнне ўсёй сучаснай западнай цывілізацыі, пабудаванай на тэхніцы, знішчэнні прыроды, пагардзе і каланіялізме.


Рэлігія

Яшчэ больш цікавы духоўны падтэкст фільма. Чалавек, які атрымаў знаёмства з рэлігійным светам, адразу ж заўважыць у фільме тыповую для New Age ідэалогію. Гэты рэлігійны рух, які ўзнік у асяроддзі антыхрысціянскі настроенай заходняй інтэлігенцыі, прапаведвае крайні рэлігійны сінкрэтызм (змешванне ўсіх сусветных рэлігій) з акцэнтам на постмадэрнісцкае разуменне індуізму, рэлігійны экалагізм (багіня Маці-Прырода як жывы арганізм, які мае душу і розум, а чалавек як частка гэтай экасістэмы), прапаведуе таксама суб’ектывізм, рэінкарнацыю, рэлятывізм і інш.

Першае, што заўважае глядач у фільме «Аватар», — гэта райскі вобраз Пандоры. Які гэта рай? Гэта поўная гармонія ў прыродзе жывёльнага і расліннага свету. Гэтая гармонія (па фільму) заключаецца ў тым, што людзі (вобраз племені На-ві) не маюць неабходнасці ў тэхніцы, ім дастаткова ўзроўню абарыгенаў. Яны шчаслівыя, навучыліся прыручаць жывёлу (рамантычны вобраз палётаў на прыручаных драконах). Наіўны і казачны па сэнсе вобраз Раю. Утопіі чалавека — заваёўніка прыроды аўтары супрацьстаўляюць чарговую утопію чалавека-жывёліны (ідэалогія Ж. Ж. Русо). Цікава, што ў фільме менавіта жыхары райскай Пандоры называюцца «людзьмі» ў адрозненні ад зямлянаў, якія для жыхароў Раю — «дэманы».

У цэнтры Раю абарыгенаў расце Дрэва Жыцця, якое іх аберагае. Сімвалічнаю з’яўляецца назва Дрэва — Эйва (блізкае біблейскаму «Ева» («жыццё»)). Гэта багаты рэлігійны сімвал, вядомы хрысціянам з апісання Эдэмскага саду ў Бібліі. Дрэва Жыцця — райскае засяроджанне жыцця, пладароднасць, крыніца пазнання і энергіі.

Біблейскія паралелі заўважальныя не толькі ў выкарыстанні самога вобраза Дрэва Жыцця (вядомага і іншым рэлігіям), але таксама ўсёй гісторыі яго знішчэння ў фільме. Пандора становіцца антыгісторыяй грэхападзення біблейскіх Адама і Евы. Дэманы (так абарыгены называюць у фільме зямлянаў) прыходзяць у Рай (Пандора) і хочуць авалодаць Дрэвам Жыцця. У Бібліі Адам і Ева паддаліся спакусе дэмана. У Раі Пандоры людзі (абарыгены) не паддаліся на спакушэнні дэманаў (зямлянаў), якія прапаноўвалі ім даброты тэхнічнай цывілізацыі. І хоць дэманы спрабавалі сілай авалодаць Дрэвам Жыцця, людзей выратавала багіня Маці-Прырода. «Першародны грэх» не адбыўся, людзі Пандоры засталіся ў Раі. Багіня Маці-Прырода — маці багоў і людзей, якая не ведае дабра і зла, бязлітасная да ворагаў экасістэмы. Гэты персаніфіцыраваны вобраз прыроды, вядомы як пакланенне першабытных людзей перад сіламі стыхій, займае цэнтральнае месца ў «тэалогіі» New Age. Нягледзячы на нью-эйджаўскую афарбоўку фільма, аўтары даволі стрымана прадстаўлялі вобраз багіні Прыроды, якая таямнічым чынам захоўвае сябе (экасістэму) і сваіх дзяцей (жывёльны свет (у ім — абарыгенаў)). Вера ў багіню Прыроду, унутрана супярэчлівая і прымітыўная, якая не вытрымлівае крытыкі, прымушае аўтара тушаваць яе вобраз у фільме. Затое ідэалагічна вельмі насычаны вобраз аватара і яго канкрэтызацыі ў вобразе Джэйка (галоўнага героя).

Тэрмін «аватар» быў запазычаны аўтарамі фільма з індуізму, дзе ён азначае інкарнацыю (зямное ўвасабленне) бога ў цела чалавека. Найбольш вядомымі аватарамі лічацца т. зв. дашаватара («дзесяць аватараў») Вішну (сярод іх Крышна і Рама). Вобраз аватара па фільму — гэта адзіны шлях для чалавека праз рэінкарнацыю трапіць у Рай. Аўтары фільма падпітваюць аўтарытэтам навукі вучэння пра рэінкарнацыю як рэальнасць (факт навукі і тэхнікі). Па фільму, рэінкарнацыя — гэта не плод уяўлення або веры, гэта навуковы факт, рэальнасць. Рэінкарнацыя неабходна чалавеку, каб уратавацца ад тэхнагеннай цывілізацыі, якая гіне (вобраз зямлянаў у фільме), і ў новым увасабленні (вобраз аватара) пачаць жыццё ў гармоніі з прыродай (вобраз Пандоры).

Лёс галоўнага героя — гэта праграмная прапанова ідэалогіі «новага часу» для сучаснага чалавека. Па фільму Джэйк-чалавек — гэта інвалід, але з прыгожай душой. Рэінкарнацыя (у цела абарыгена-аватара) — гэта адзіная магчымасць інваліду (сімвалічны вобраз сучаснага чалавека) стаць паўнавартаснай істотай. Джэйк адмаўляецца спачатку ад чалавечай цывілізацыі, затым ад свайго чалавечага цела, каб канчаткова і назаўсёды застацца на Пандоры. Проста квінтэсенцыя індуізму: выратаванне праз рэінкарнацыю, вызваленне ад ненавіснага чалавечага цела, поўная нірвана. Толькі нірвана ў фільме ўжо не індуісцкая (самазнішчэнне чалавечага цела ў асобе, растварэнне ў «нішто»). Гэта казачная нірвана для заходняга самазакаханага постмадэрніста — вяртанне ў прыгожую «цяпліцу» (ідэалізаваны вобраз прыроды). І калі Вы цяпер скептычна ўсміхаецеся, то не ўсміхаюцца сотні тысяч гледачоў па ўсёй планеце, якія пасля прагляду «Аватара» пачынаюць ненавідзець рэальны свет і прагнуць свету мараў — Пандоры.

Заканчэнне фільма — гэта прысуд, падпісаны чалавецтву. «Ідзіце паміраць на сваю планету», — гучыць у спіну пераможаным і адыходзячым зямлянам. Рэальнаму чалавеку ў яго рэальнай плоці няма месца ў Раі Кэмерона. Там могуць жыць толькі аватары, там будзе толькі той, хто ненавідзіць рэальнасць, сучасную цывілізацыю, пакланяецца прыродзе і верыць у рэінкарнацыю. Вельмі сімвалічна, што ў фільме нават тыя людзі, якія перайшлі на бок абарыгенаў, усе да аднаго загінулі. Загінула дабрачынніца прафесар Грэйс (імя перакладаецца як «ласка» — ключавое для хрысціянаў паняцце (збаўленне праз ласку Пана)). Памірае чалавек-Джэйк, каб ва ўсёй паўнаце пачаў жыць аватар-Джэйк. Няма чалавечых цел і вобразаў, нічога не застаецца ад чалавечай цывілізацыі. Пандора адноўлена.

Назіраючы за псіхалагічным эфектам фільма «Аватар», заўважальна, як лёгка сучасная кінаіндустрыя пераўтвараецца ў зброю цывілізаванай (рэлігійнай) схваткі. За ўсёй відовішчнасцю фільмаў у стылі «Матрыца», «Аватар» стаіць глыбокая сэнсавая атака на свядомасць чалавека. Ідэолагі «новага міравога парадку» яшчэ ў XVIII ст. аб’явілі бязлітасную вайну хрысціянству, якое стаіць на стражы рэалізму, рацыяналізму і аб’ектыўнасці. Вырваўшы ў заходняга чалавека хрысціянскі «хрыбет», гэтыя ідэолагі пераўтварылі чалавека нехрысціянскага Захаду ў ідэалагічны «пластылін» — чалавека постмадэрнізму (без прынцыпаў, без логікі і рацыянальнасці, без аб’ектыўнасці і рэалізму). Іронія лёсу заключаецца толькі ў тым, што адарванне хрысціянскай цывілізацыі прыводзіць гэтых людзей у іншую цывілізацыю. Сваральнікі «Аватара» прапануюць нам постмадэрнісцкі індуізм — утопію Пандоры — свету, якога няма і не можа быць.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця