Пошук


Ёсць у нас такія грахі, якія мала нам баляць, але моцна баляць Пану Богу; і ёсць у нас такія грахі, якія нам моцна баляць, але зусім не баляць Пану Богу.

Пану Богу баліць кожны грэх, але сапраўдны грэх. Зразумець гэты боль можа той, хто ведае, што такое каханне. Яму балюча глядзець на любімую душу, якая ідзе на пагібель (чыніць грэх) і не жадае паслухаць перасцярог Любімага. Няма большай пакуты, як быць сведкам смерці каханай.

Але любячага Бога засмучае і тое, што Яго ўзлюбленая душа зацыкліваецца на дробязях, называючы іх галоўнымі перашкодамі да шчасця. Ён ведае, што гэтыя дробязі зусім не істотныя. Чалавек часта ўцякае ад вырашэння сапраўдных праблем, займаючыся тысячамі малапатрэбных спраў. Сатана нястомна спакушае нас бегчы за ілюзіяй праблемы, каб адцягнуць нашую ўвагу ад сапраўднай пагрозы. Чалавечую свядомасць часам паралізуе прадчуванне балючага моманту агалення вялікай раны, сарвання прысохлых бінтоў, якія гадамі накладваліся на рану, што загнівае. Страх перад болем сарвання прысохлых бінтоў штурхае душу да таго, каб шукаць чарговага «прыкладвання» да раны. «А можа, дапаможа бінт, вата. Толькі не кранайце рану. Асцярожна, не кранайце старыя слаі бінту, бо будзе балець».

З-за страху перад болем душа імкнецца пераключыцца на іншыя справы, заняцца маленькімі драпінамі, перабіць водар загнівання дарагімі парфумамі, схаваць рану пад прыгожай тканінай. Каб яшчэ больш уцячы ад праблемы і лепш схаваць яе ад акружэння, душа пачынае ўсім расказваць, што яна не можа падабраць тканіну такога колеру, які б ёй падабаўся. Усе пачынаюць абмяркоўваць гэтыя «тканіны» і «парфумы».

Рану бачыць толькі Кахаючы. Ад позірку Узлюбленага не схаваеш штучныя ўсмешкі хваравітага твару, не схаваеш пад залатой фатой ракавую пухліну душы. Яму не баліць твая «праблема», твой «грэх» няправільна падабранай маскі. Яму баліць твой праўдзівы боль.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа