Пошук


Калі разглядаць веру як ахоўны механізм (прыгожыя ўцёкі ад цяжкай рэчаіснасці), то ў такім выпадку ўсе законнікі могуць казацца рэлігійнымі неўротыкамі. Ці так гэта?

Пачнем з апісання. У свядомасці людзей далёкіх ад сур’ёзнага хрысціянства, духоўная асоба — гэта той, хто хутчэй за ўсё «ўцёк у кляштар ад ...». І тут цэлы спіс прычын у залежнасці ад уяўлення таго, хто шукае «рэальную матывацыю». Вы даведаецеся, што, аказваецца, юнак (або дзяўчына) пайшоў у манастыр, таму што яго пакінула дзяўчына або ён перажыў жахлівую трагедыю, таму што ён няўдачнік, інвалід, таму што не было іншай магчымасці рэалізаваць сябе, таму што шукаў бяспечнага жыцця і г.д. Людзі спрабуюць знайсці звычайнае жыццёвае тлумачэнне таму, што цалкам нармальны хлопец або дзяўчына ў іх вачах раптам узялі і саслалі сябе ў манаства. Чаму?

Праўда ў тым, што дадзеныя «бытавыя» прычыны сапраўды суправаджаюць тых, хто ідзе ў манастыр. Аднак наколькі яны вызначаюць іх выбар? Ёсць законнікі, якіх хтосьці пакінуў, але ёсць і тыя, якія з-за манастыра пакінулі не менш любімых і любячых. Ёсць такія, якія не вызначаліся асаблівымі здольнасцямі, але ёсць і тыя, хто на момант прыняцця гэтага рашэння быў на вяршынах кар’еры, славы, бізнеса. Калі прааналізаваць знешнія ўмовы жыцця тых, хто ідзе ў кляштар, то мы не знойдзем ніякай «бытавой» заканамернасці. Ці азначае гэта, што знешнія ўмовы не абумоўліваюць выбар манаства? Хутчэй за ўсё ўплываюць, але не вызначаюць.

Нашмат больш складана знайсці прычыну «ўцёку ў манастыр» у глыбінях «хворай» псіхікі законніка. Тыя плыні псіхалогіі, якія не жадаюць прызнаць існаванне духоўнай сферы ў чалавеку, будуць шукаць прычыну менавіта ў неўрозах, страхах, псіхалагічных траўмах законніка або законніцы. Менавіта тут некаторыя чытачы змясцілі б так званых «залежных ад Бога». Тэарэтычна можна пабудаваць цалкам лагічнае тлумачэнне ўходу ў манастыр як уцёк параненай псіхікі ў ідэальны аазіс манастыра, своеасаблівы маленькі рай на зямлі. Аднак што кажа практыка? Вопыт кажа зноў-такі аб праблемных псіхалагічных перадумовах (як вызначальных) толькі ў некаторых кандыдатаў у манастыр, якія часцей за ўсё адсейваюцца ў першы ж год падрыхтоўкі да манаскага жыцця (у католікаў гэта называецца пастулат, навіцыят). І манастыр — гэта зусім не валадарства «нехачухі», а хутчэй — чысцец на зямлі.

Прыходзячы ў манастыр, чалавек трапляе ў даволі замкнёнае таварыства, якое функцыянуе па сваіх правілах. Само прыйсце ў кляштар звязана з размовамі кандыдата з вопытным духоўнікам і псіхолагамі. Таму трапіць у манастыр з сур’ёзнымі псіхічнымі калецтвамі практычна нерэальна. Нават калі дапусціць, што ў манастыр трапіць кандыдат, які матываваўся неўрозам, то ён не вытрымае рытму манаскіх будняў. Строгі расклад дня, перапоўнены малітвамі, медытацыямі, працай, вучобай не пад сілу нездаровай псіхіцы. Тым больш, «залежны» чалавек паўсюль носіць залежнасць у сабе. Праблемы застаюцца ў чалавеку, іх немагчыма пакінуць за сценамі манастыра. Мноства малітвы, маўчання, медытацый над тэкстамі Святога Пісання, канферэнцый і размоў з духоўнікамі ўжо ў першыя дні манаскага жыцця прывядуць да выбуху нездаровай псіхікі. Практыка паказвае, што людзі нават са здаровай псіхікай перажываюць у манастыры ўнутраную «мясарубку», калі працэс духоўнага росту (які пачынаецца з самапазнання) выкрывае іх заганы, прызвычаенасці, нявырашаныя ўнутраныя канфлікты і г.д. Такое можа вытрымаць толькі той, хто мае настолькі моцную матывацыю, што яна нашмат глыбей бытавых, псіхічных або біялагічных патрэбаў.

Манаскае жыццё становіцца лагічным і зразумелым, калі на яго паглядзець з пункту гледжання хрысціянства. Калі прызнаць факт існавання Бога (з усімі вынікаючымі следствамі), які кліча вызначаных людзей да асаблівай формы дзейнасці, то ў Яго намерах неабходна шукаць прычыну з’яўлення манаства. Бо з пункту гледжання здаровага розуму здзіўляе рашэнне цалкам нармальнага чалавека, які раптам усё кідае і жадае толькі аднаго — Бога, Яго Валадарства. Гэтае «раптам» мае сваю прадгісторыю менавіта ў духоўных перажываннях асобы. Безумоўна, пэўныя бытавыя або псіхічныя перажыванні спрыяюць таму, што чалавек адкрываецца на духоўны ўзровень пазнання свету. Аднак адны і тыя ж перадумовы могуць быць не толькі негатыўнымі, але і цалкам пазітыўнымі (добрае асяроддзе, шчаслівае дзяцінства, выдатныя перспектывы на будучыню ў свецкім жыцці). Аднак калейдаскоп перажыванняў складваецца так, што чалавек раптам адкрывае тое, чаго не бачаць іншыя, і пачынае жадаць таго, да чаго яго блізкія абыякавыя. Яму мала таго, што можа даць гэты свет. Чалавек настолькі адкрывае Бога, Яго Асобу, Задуму адносна свету і свайго лёсу, што гатовы пакінуць усё дзеля таго, каб уступіць у духоўную барацьбу з тым, што стаіць паміж Богам і чалавекам. А гэта ўжо пачатак манаскага жыцця.

У манастве чалавек рашаецца на штосьці, што мацнейшае за інстынкты! Усведамленне аднаго гэтага факту звяргае ўсё прыродазнаўства, усе імкненні матэрыялістаў звесці чалавека да біямасы. Факт існавання манаства звяргае матэрыялістычную псіхалогію, таму што відавочным з’яўляецца небывалы асобасны рост. Аказваецца, можна быць не толькі чалавекам-жывёлінай, але чалавекам-стварэннем, якое выходзіць далёка за межы біялогіі. Язычніцкі вопыт паказвае, што звышнатуральнасць чалавека магчыма. Аднак толькі хрысціянскі вопыт даказвае, што сапраўдны і ўсебаковы рост чалавечай асобы не магчымы без дапамогі і кіраўніцтва з боку Бога. Ён матывуе, Ён адкрывае перспектывы, Ён падказвае правільны кірунак развіцця. Усе альтэрнатыўныя варыянты завяршаюцца калецтвам або разбурэннем чалавечай асобы. Застаюцца дзве магчымасці: ісці, але пад поўным кіраўніцтвам Пана, або ўвогуле не жартаваць са звышнатуральным. Манаскае жыццё, здавалася б, найбольш адарванае ад звычайнага жыцця людзей (закрытыя манастыры), на самой справе існуе толькі таму, што наш свет няправільны, ён патрабуе намаганняў, каб выправіцца. Таму важна памятаць, што ідэал чалавека — гэта не законнік. Бог не задумваў Адама як законніка. Але Ён кліча вызначаных людзей на актыўную працу па выпраўленні скажэнняў гэтага свету, аднаўлення ў ім гармоніі паміж Стварыцелем і стварэннем. Кожны законнік — гэта выклік, кінуты свету. Гэта бачны знак таго, што ёсць людзі, якіх Пан так пацягнуў за сабой, што яны пакідаюць усё і накіроўваюць усе свае сілы на тое, каб адбудаваць Яго Валадарства ў сабе і ў іншых. Сілу манаства мы адкрываем у іх малітоўнай дапамозе, найвялікшым подзвігу духу, звышнатуральнай мудрасці. Сэнс існавання манаства не ва ўцёку ад свету, а ў барацьбе на перадавой са злом гэтага свету. І менавіта найглыбейшы манаскі вопыт дазваляе нам адкрываць падводныя плыні і глыбінныя крыніцы нашых праблем. Гэты вопыт паказвае людзям, што першапрычыны іх бедаў не ў знешнім, не ў псіхіцы і залежнасцях, а ў недахопах духоўнай сферы. Таму што нашае «я» — гэта не кавалак мяса, не клубок перажыванняў, а вечнае стварэнне, накіраванае да Існага. Выпраўленне духоўнай сферы, аднаўленне блізкага і трывалага кантакту з Панам вядзе да ацалення ўсіх знешніх сфер жыццядзейнасці чалавека. Аднак для гэтага неабходны законнікі, якія дасягнулі глыбіняў Бога- і чалавекапазнання і могуць дапамагчы іншым.

Праўда ў тым, што манаства — гэта шлях, працэс. Гэты шлях вымяраецца не гадамі, але інтэнсіўнасцю кантактавання з Богам. Таму незалежна ад узросту ёсць законнікі і законніцы больш глыбокія духоўна, адкрытыя на рэалізацыю Божай задумы збаўлення чалавека праз чалавека. Аднак ёсць тыя, якія заблыталіся ў сваіх або чыіх-небудзь перажываннях, духоўна аслабленыя, якія мала кантактуюць з Богам. Разумеючы, колькі можа зрабіць чалавек, які стаў празрыстаю прыладай у руках Бога, кожны хрысціянін павінен з трапятаннем дапамагаць духоўным воінам выстаяць змаганне. Таму што ад іх поспеху і унікальнага супрацоўніцтва з Панам у многім залежыць лёс гэтага свету.

Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа