Многія хрысціяне нярэдка перажываюць вельмі востры канфлікт паміж матэрыяльнымі выклікамі сучаснай штодзённасці і патрабаваннямі веры. Амаль што на кожным кроку прыходзіцца здзяйсняць выбар. На жаль, не заўсёды гэты выбар схіляецца ў бок вучэння Касцёла, што тлумачыцца канкрэтнымі прычынамі.
Спачатку варта было б адзначыць фарміраванне небяспечнай тэндэнцыі ў сучасным беларускім грамадстве: у большасці выпадкаў наведвальнікамі храмаў становяцца толькі дзеці і пенсіянеры. Сярэдняе пакаленне знаходзіцца пад уплывам моцнай спакусы пакінуць духоўнае жыццё «на пасля», «на іншую нагоду». Асобы сярэдняга ўзросту — гэта найбольш прадуктыўная, але і найбольш заблытаная ў сэнсе жыццёвага і маральнага выбару катэгорыя грамадства. Ім даводзіцца прымаць найбольш складаныя рашэнні не толькі адносна сябе, але і адносна іншых. Адсутнасць разумення і строгага размежавання паміж тым, што з’яўляецца важнейшым, а што — менш важным, нярэдка прыводзіць гэтую ўзроставую катэгорыю да памылковага выбару і яго драматычных наступстваў у асабістым і грамадскім жыцці.
Яшчэ сярэднявечныя тэолагі (у прыватнасці, св. Тамаш Аквінскі) надавалі вялікую ўвагу пытанню аб неабходнасці ўпарадкавання іерархіі жыццёвых мэтаў чалавека. У адпаведнасці з хрысціянскім пунктам гледжання, вучоныя вызначылі тры катэгорыі мэтаў: бліжэйшую (што цяпер хачу зрабіць?), далейшую (чаго хачу дасягнуць у жыцці?) і канчатковую (выбар, што датычыць Вечнасці). Прыглядаючыся да жыцця сучасных хрысціянаў, можна падзяліць усіх гэтых вернікаў на тры катэгорыі паводле мэтаў, якія яны перад сабою ставяць.
Да першай катэгорыі будуць адносіцца тыя вернікі, для якіх Бог (і Касцёл) — гэта інструмент іх самасцвярджэння. Іх жыццёвыя мэты вызначаюцца эгацэнтрычным «хачу», «патрабую», «мне неабходна». Увесь свет нібыта павінен круціцца вакол такой асобы і ёй служыць. Права на існаванне мае толькі адна свабода, адна логіка, бачанне адзінаправільнага «я». Бог для такой асобы будзе або тым, хто яе ва ўсім падтрымлівае і апраўдвае, або тым, хто не варты асаблівай увагі. На вялікі жаль, такая жыццёвая пастава эгаіста раней ці пазней разбіваецца аб бязлітасную рэчаіснасць, якая зусім не зважае ні на яго асобу, ні на яго «грандыёзныя» планы. Ад рэчаіснасці, якая не ацаніла такога «генія», эгаіст уцякае ў свет мрояў (сваіх ці набытых на рынку шоу-бізнесу) або спрабуе зусім з ёю парваць. У крайнім выпадку веруючы эгаіст ва ўсім будзе абвінавачваць Пана Бога, які «не даў», «забраў», «дапусціў» і г. д. На схіле гадоў такі чалавек звычайна ператвараецца ў «хадзячае незадавальненне», бо ўсё павінна быць так, як хочацца яму, эгаісту. Смерць для такога чалавека — жахлівая катастрофа, Вечнасць — нешта непажаданае, што не паддаецца кантролю, запланавана не ім, а нейкім іншым эгаістам, а значыць — варожае, значыць — зло. І як бы такі чалавек не пераконваў сябе ў адваротным, пакуль ён не вызваліцца ад эгацэнтрызму — не зможа дасягнуць згоды і шчасця ні ў асабістым жыцці, ні ў адносінах з іншымі людзьмі, ні з Богам.
Другая катэгорыя — гэта людзі, якія кіруюцца не імгненнымі капрызамі, а далёкімі і вялікімі зямнымі планамі. Чалавек такога тыпу гатовы ахвяраваць свае жаданні, сілы, здароўе дзеля нейкай прыгожай мэты, якая, як яму здаецца, здзейсніцца ў будучыні. Менавіта дзеля гэтай жыццёвай мэты ён гатовы працаваць, нават мучыцца. У духоўна-маральным сэнсе такі чалавек гатовы выконваць усе прадпісанні і запаведзі, асаблівы акцэнт робячы на іх знешнім выглядзе. Бог у такой пабожнасці будзе не вызначальнікам, але толькі сябрам, братам, памочнікам (кімсьці збоку). На колькі б не была дадзеная асоба сумленнай і веруючай, яна сама вызначае мэты сваёй дзейнасці і жыцця. Глыбока закамуфляваная мэта, якая часта атаясамліваецца з мэтай канчатковай, мілай Богу, паказвае сваё бязбожнае аблічча падчас правалу. Дастаткова, каб абрынулася ці падалася нездзяйсняльнай мэта, пастаўленая такім чалавекам у сваім жыцці, ён узбунтуецца супраць Бога і свайго акружэння. Бунт — першы паказчык унутранай сутнасці такога верніка. Уся мараль, вера і духоўнасць захоўваецца такой асобай толькі таму, што яна месціцца ў шырокіх межах вызначаных ім мэтаў, паміж «цяпер» і «буду».
Апошняя катэгорыя хрысціянаў — гэта асобы, для якіх жыццёвая мэта — сам Пан Бог. Такія людзі разумеюць, што Бог — Аўтар чалавека. Ён задумвае кожную асобу ўнікальнай, стварае яе, імкнецца дапамагчы ёй рэалізавацца, каб з яе і разам з ёю самой выляпіць шэдэўр Боскага мастацтва для супольнага жыцця ў Вечнасці. Не дзіўна, што такія людзі будуць мець вострую патрэбу ў нястомным кантакце з Панам Богам. Гэта той узровень малітвы, які недаступны людзям першых дзвюх катэгорый, «заблакаваным» эгаізмам і пыхаю. Любоў да Бога напаўняе чалавека гэтай катэгорыі жаданнем Вечнасці. Больш за тое: такая асоба ўжо цяпер імкнецца жыць па прынцыпах Неба, бо ў яго перспектыве любая альтэрнатыва выглядае толькі бледным ценем. Для такога чалавека нявартым будзе ўсё, што стаіць паміж ім і Богам, што не вядзе да Неба. А Неба становіцца мэтай толькі таму, што там чакае любячы і любімы Айцец. Зямныя мэты і планы для такой асобы — гэта пошук і рэалізацыя закладзеных Богам талентаў, здольнасцяў, магчымасцяў, а адначасова адкрытасць на тое, каб Творца дапамог яму і іншым дарастаць да таго шэдэўра стварэння, які Ён хоча мець у Вечнасці. У знешнім жыцці такая асоба разглядае і падпарадкоўвае сваю дзейнасць перспектыве Неба, напрамую залежнай ад зямной рэчаіснасці. Фактычна ў матывацыі і падыходзе да справы ў такой асобы паволі сціраюцца штучныя межы паміж зямным і нябесным, матэрыяльным і духоўным. Выпрацоўваецца гарманічная іерархія мэтаў, спраў, дзеянняў. Зямная штодзённасць ператвараецца ў вігілію Вечнасці.
Гэтая катэгарызацыя (як і кожная спроба падаць нешта у выглядзе схемы) — вялікае спрашчэнне шматграннай рэчаіснасці, у якой нам даводзіцца жыць. Як бы не выглядала наша штодзённасць і планы, кожны з нас кіруецца ў жыцці нейкімі спадзяваннямі. І калі тыя мэты і спадзяванні маюць неакрэслены характар, гэта паказчык таго, што мы, можа, нават пражыўшы добры кавалак свайго жыцця, яшчэ не вызначыліся з мэтамі. Пан Бог адкрывае нам перспектыву, паказвае альтэрнатыву і пакідае выбар за намі. І калі хрысціянін становіцца перад праблемай выбару, то варта ўзгадаць, што ў сыноў Вечнасці, Божых дзяцей, няма дылемы паміж зямным і нябесным, а ёсць іерархія мэтаў — шлях святых, шлях да Вечнасці.