Пошук

Ці сучаснаму чалавеку патрэбны рай? На фоне развіцця навукі і тэхнікі многія хрысціяне становяцца перад спакусай складанага выбару: якога раю я болей хацеў бы — зямнога ці таго, пра які амаль нічога ня ведаю?

«Што рабіць душы ў раі і навошта сам рай?» — з такім пытаннем звярнуліся да мяне шаноўныя чытачы. Каб не замучыць чытацкія колы выключна тэалагічнымі спекуляцыямі і не паўтараць усяго таго, што можна знайсці на дадзеную тэму ў Святым Пісанні (1 Кар 2, 9; Адкр 21, 2–4. 22, 5 і інш.) і Катэхізісе (ККК №1023–1029), пастараемся ў простых словах асэнсаваць фундаментальную хрысціянскую праўду пра Рай.    

Рай — гэта стан чалавека, які на момант смерці канчаткова і поўнасцю паяднаўся з Богам. Гэтае яднанне нельга разумець у сэнсе «растварыўся», «злучыліся ў адно цэлае» (тут памылка пантэізму, супярэчная хрысціянскаму паняццю «асоба»). Гаворка ідзе пра вечнае і ва ўсёй паўнаце гарманічнае жыццё ў любоўнай супольнасці асобаў (асобных «я») на няведомым нам (на зямлі) узроўні. Чаму невядомым? Бо мы маем досвед негарманічнага (зямнога, грэшнага) свету, і толькі ад вопыту негатыву (частковасці) можам спрабаваць уявіць, якім жа будзе пазітыў (поўная гармонія).

Вопыт адносінаў з Богам дае хрысціянам магчымасць пазнаць або нейкім чынам адчуць «прадчуванне» раю, але гэта толькі на зямным (няпоўным) узроўні. Напрыклад, у моман містычнага перажывання сустрэчы з Богам некаторыя святыя адчувалі, што калі Бог «павялічыць» інтэнсіўнасць гэтага досведу (Раю), то іх зямны арганізм не вытрымае і памрэ.

Таму ў Пісанні, асабліва ў Старым Запавеце, можна сустрэць гаворку пра тое, што чалавек не можа на зямлі поўнасцю сустрэцца з Богам, бо памрэ. Людзі часам разумелі такога роду выказванні негатыўна (маўляў, Бог занадта важны, каб з намі сустракацца).

Аднак вопыт хрысціянскіх містыкаў адкрывае пазітыўны сэнс спаткання: Бог сустракаецца з чалавекам настолькі, наколькі ён можа вытрымаць тут на зямлі. Але і гэтага вопыту дастаткова, каб пачаць рабіць высновы: калі толькі частковая (зямная) сустрэча з Богам так узносіць чалавека, што душа хоча «выскачыць» і паляцець за Ім, то што ж будзе, калі знкнуць зямныя перашкоды?

Падрабязна пра гэта можна пачытаць у містыкаў (св. Фаусціны, св. Тэрэзы Авільскай, св. Яна ад Крыжа і інш.). Іх перажыванні былі своеасаблівым «смакаваннем наперад» раю на зямлі.  Чаму рай — гэта больш стан, чым месца? Бо гаворка ідзе пра стан чалавека, спосаб існавання не залежны ад звыклай нам зямной катэгорыі (фізічнага) месца. Для стану раю не важна месца. Да таго ж, мы тут сутыкаемся з праблемай адпаведнасці нашых фізічных катэгорый уяўлення пра свет з тым, што будзе па-за ім (звышнатуральная рэчаіснасць).

Зноў жа толькі негатыўным шляхам (ад адваротнага) мы можам спрабаваць здагадвацца, як гэта быць у свеце іншых катэгорый вымярэння (калі ўвогуле можна гаварыць пра вымярэнні). Тым больш, што для стану невымернага (бязмежнага) Шчасця не маюць значэння «вымярэнні».  Чаму некаторыя хрысціяне скептычна ставяцца да раю або яго баяцца? Бо не могуць (не жадаюць) выйсці па-за свае абмежаваныя (зямныя) уяўленні. Тут дзейнічае прыкладна наступны «лагічны» ланцужок: 1) рай — гэта шчасце; 2) шчасце для мяне — гэта нешта зямное; 3) у раі няма «гэтага» зямнога; 4) у раі няма майго шчасця; 5) не хачу раю.

Праблема ў тым, што такі чалавек не дазваляе сабе (не можа) дапусціць таго, што існуюць станы шчасця ў мільёны разоў большыя, чым самыя ўзнёслыя станы зямнога (часовага) свету. І нават калі гэтая асоба дапускае існаванне такога стану шчасця, то практычна гэта мала што змяняе ў яе жыцці. Чаму? Бо цяжка жадаць таго, што не ведаеш. Намнога прасцей (прагматычней) максімальна задавальняцца зямнымі крыніцамі шчасця. Адсюль прэтэнзіі эгаіста да Бога: калі Ён такі добры, то няхай  дазволіць кожнаму з нас наталяцца зямным шчасцем настолькі, наколькі мы жадаем.

Лагічна і добра, калі б зямное нас цалкам задавальняла. Але гэта не так. Чалавеку хочацца больш і больш аж да бясконцасці і вечнасці. Больш таго, логіка эгаіста, які жадае бясконцага самазадавальнення, практычна аказваецца ўтопіяй і абсурдам. Такі «рай» у практыцы больш нагадваў бы пекла. Бо як тады правесці мяжу паміж ненасытнымі патрэбамі мільёнаў эгаістаў, дзе кожны б жадаў быць панам, а рабом — ніхто? Значыць, эгаістычнае разуменне раю няправільнае, бессэнсоўнае, нерэальнае. Таму людзі, якія баяцца або скептычна ставяцца да раю, на самой справе баяцца свайго ўяўлення пра яго, не жадаючы выйсці па-за шаблоны сваіх меркаванняў.

Рай, паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, мае, перадусім, хрысціянска-персанальны характар. Г.зн. рай мае сэнс толькі як гармонія ўз'яднання вызваленых ад граху асобаў: кожнага з нас з Богам праз ахвяру Хрыста. Таму жаданне раю ў сутнасці — гэта жаданне быць разам з любячым Богам. Дарога ў рай фактычна пачынаецца з адкрыцця — Кім для мяне з'яўляецца Бог і колькі Ён робіць, каб я не загінуў, але ўрэшце адкрыў Яго «шалёную» і далікатную Любоў, адказаў узаемнасцю, пажадаў жыць толькі ў гэтай Любові.

Неба — гэта камунія (яднанне) любячых асобаў. Тут адкрываецца і глыбінны сэнс Святой Камуніі (Эўхарыстыі). А кожнае эгаістычнае ўяўленне пра рай выглядае трагікамічна на фоне яго сапраўднага сэнсу. Таму карыкатурнымі будуць выглядаць кожныя спробы апісання раю ці пошуку яго месца. Святыя аўтары маглі гэты стан апісаць толькі з дапамогай метафар і алегорый. Бо як можна апісаць стан незямной Любові, пра якую чалавек можа толькі марыць?

Жадаць раю — гэта жадаць Жывога Бога, пазнання Яго Асобы, Яго «характару», Яго задумаў адносна ўзлюбленай чалавечай асобы, адкрыцца на Яго план збаўлення (адзіна правільны і эфектыўны), каб канчаткова з'яднацца ва ўсёй паўнаце асабістай Камуніі Любові. Дарога ў рай вядзе праз пазнанне Бога і закаханне ў Ім. Пакуль хрысціянін не пачне шукаць Бога, ён не будзе разумець і не будзе жадаць раю. Для тых жа, хто не хоча пазнаць і не хоча любіць, Бог пакідае адпаведную альтэрнатыву.

Кс. Андрэй Рылка
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа